Гандлёвыя рэжымы
Рэспубліка Беларусь у гандлёва-эканамічных адносінах з іншымі краінамі карыстаецца 3-ма відамі гандлёвых рэжымаў:
– Рэжым свабоднага гандлю / зона свабоднага гандлю
Рэжым свабоднага гандлю з'яўляецца адной з найбольш цесных формаў міжнароднай эканамічнай інтэграцыі. Рэалізацыя гэтага рэжыму ажыццяўляецца на дагаворнай аснове паміж дзяржавамі, якія маюць вельмі высокі ўзровень гандлёва-эканамічных і палітычных сувязей.
Рэжым свабоднага гандлю прадугледжвае адмену і непрымяненне ў далейшым тарыфных і колькасных абмежаванняў ва ўзаемным гандлі. Існуе магчымасць устанаўлення выключэнняў з рэжыму свабоднага гандлю па асабліва адчувальных таварах.
Рэспубліка Беларусь мае двухбаковыя пагадненні аб зоне свабоднага гандлю з Азербайджанам, Арменіяй, Казахстанам, Кыргызстанам, Малдовай, Расіяй, Сербіяй, Таджыкістанам, Туркменістанам, Узбекістанам, Украінай.
18 кастрычніка 2011 г. падпісаны Дагавор аб зоне свабоднага гандлю СНД, удзельнікамі якога з'яўляюцца Арменія, Беларусь, Казахстан, Кыргызстан, Малдова, Расія, Таджыкістан і Украіна. У асобным парадку да дамовы далучыўся Узбекістан.
Рэспубліка Беларусь з'яўляецца таксама ўдзельніцай Пагаднення аб стварэнні зоны свабоднага гандлю ад 15 красавіка 1994 г. (са зменамі ад 2 красавіка 1999 г.), падпісанага ў рамках СНД. Пагадненне працягвае прымяняцца ў адносінах з дзяржавамі-ўдзельніцамі, для якіх Дагавор аб зоне свабоднага гандлю ад 18 кастрычніка 2011 г. не набыў сілу, у прыватнасці з Азербайджанам.
Акрамя таго, Рэспубліка Беларусь і Грузія шляхам абмену нотамі паміж міністэрствамі замежных спраў Беларусі і Грузіі зафіксавалі згоду пасля выхаду Грузіі з СНД прымяняць ва ўзаемным гандлі Пагадненне аб стварэнні зоны свабоднага гандлю ад 15 красавіка 1994 г.
Паспяховасць еўразійскай эканамічнай інтэграцыі спрыяе росту цікавасці замежных дзяржаў да супрацоўніцтва з Беларуссю і ў цэлым з Еўразійскім эканамічным саюзам.
У адпаведнасці з артыкулам 35 Дагавора аб ЕАЭС ад 29 мая 2014 г. рэжым свабоднага гандлю з трэцім бокам устанаўліваецца на падставе міжнароднага дагавора Еўразійскага эканамічнага саюза з такім трэцім бокам.
29 мая 2015 г. пасля трохгадовых перамоў падпісана Пагадненне аб свабодным гандлі паміж ЕАЭС і яго дзяржавамі-членамі з аднаго боку і Сацыялістычнай Рэспублікай В'етнам з другога боку. Пагадненне набыло сілу 5 кастрычніка 2016 г. Гэты міжнародны дагавор прадугледжвае адмену альбо істотнае зніжэнне ўвазных пошлін на практычна ўсе ключавыя пазіцыі беларускага экспарту ў В'етнам.
25 кастрычніка 2019 г. набыло сілу Пагадненне аб гандлёва-эканамічным супрацоўніцтве паміж Еўразійскім эканамічным саюзам і яго дзяржавамі-членамі з аднаго боку і Кітайскай Народнай Рэспублікай з другога боку, а 27 кастрычніка 2019 г. – Часовае пагадненне, якое вядзе да стварэння зоны свабоднага гандлю паміж ЕАЭС і яго дзяржавамі-членамі з аднаго боку і Ісламскай Рэспублікай Іран з другога боку. Абодва пагадненні былі падпісаны 17 мая 2018 г. у рамках Астанінскага эканамічнага форуму.
У 2019 годзе дзяржавамі – членамі ЕАЭС завершаны перамовы па заключэнні пагадненняў аб свабодным гандлі з Сінгапурам і Сербіяй. Пагадненне аб свабодным гандлі паміж Еўразійскім эканамічным саюзам і яго дзяржавамі-членамі з аднаго боку і Рэспублікай Сербія з другога боку набыло сілу 10 ліпеня 2021 г. У дзяржавах – членах ЕАЭС вядзецца работа па ажыццяўленні ўнутрыдзяржаўных працэдур, неабходных для набыцця сілы Пагадненнем аб свабодным гандлі паміж Еўразійскім эканамічным саюзам і яго дзяржавамі-членамі з аднаго боку і Рэспублікай Сінгапур з другога боку.
25 снежня 2023 г. падпісана поўнафарматнае Пагадненне аб свабодным гандлі паміж Еўразійскім эканамічным саюзам і яго дзяржавамі-членамі з аднаго боку і Ісламскай Рэспублікай Іран з другога боку, якое набыло сілу 15 мая 2025 г., замяніўшы Часовае гандлёвае пагадненне.
27 чэрвеня 2025 г. у г.Мінску падпісаны Часовае гандлёвае пагадненне паміж Еўразійскім эканамічным саюзам і яго дзяржавамі-членамі з аднаго боку і Манголіяй з другога боку і Пагадненне аб эканамічным партнёрстве паміж Еўразійскім эканамічным саюзам і яго дзяржавамі-членамі з аднаго боку і Аб'яднанымі Арабскімі Эміратамі з другога боку, а 21 снежня 2025 г. – Пагадненне аб свабодным гандлі паміж Еўразійскім эканамічным саюзам і яго дзяржавамі-членамі з аднаго боку і Рэспублікай Інданезія з другога боку. У цяперашні час дзяржавамі – членамі ЕАЭС праводзяцца неабходныя працэдуры для набыцця гэтымі пагадненнямі сілы.
На розных этапах знаходзіцца работа па прэферэнцыйных гандлёвых пагадненнях ЕАЭС з Індыяй, Тунісам, Пакістанам і іншымі дзяржавамі.
– Рэжым найбольшага спрыяння (РНС)
Рэжым найбольшага спрыяння прадугледжвае ўстанаўленне ў міжнародных дагаворах і пагадненнях палажэнняў, пры якіх кожны з дагаворных бакоў абавязваецца даць іншаму боку не менш спрыяльныя ўмовы ў галіне эканамічных, гандлёвых і іншых адносін, якія яна дае або дасць у будучыні любой трэцяй дзяржаве. РНС устанаўліваецца на ўзаемнай аснове шляхам заключэння шмат- і двухбаковых міжнародных дагавораў.
У гандлі з краінамі, якім даецца РНС, прымяняюцца стаўкі, зацверджаныя Адзіным мытным тарыфам Еўразійскага эканамічнага саюза.
– Прэферэнцыйны рэжым (сістэма прэферэнцый)
Падрабязная інфармацыя размешчана ў раздзеле «Тарыфнае рэгуляванне».
Афіцыйныя інтэрнэт-рэсурсы
Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь
www.president.gov.byМіністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь
www.mininform.gov.byСавет Міністраў Рэспублікі Беларусь
www.government.gov.byСавет Рэспублікі
www.sovrep.gov.byПалата Прадстаўнікоў
www.house.gov.byПрававы форум Беларусі
www.forumpravo.byТэлеканал «Беларусь 24»
www.belarus24.byРадыёстанцыя «Беларусь»
www.radiobelarus.byБеларуская універсальная таварная біржа
www.butb.byНацыянальнае агенцтва па турызму
www.belarustourism.byНацыянальнае агенцтва інвестыцый і прыватызацыі
www.investinbelarus.byНацыянальны цэнтр заканадаўства і прававой інфармацыі
www.center.gov.byАфіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
www.belarus.by