Памер шрыфта:

Далучэнне Беларусі да СГА

Рэспубліка Беларусь вядзе перамовы па далучэнні да СГА ўжо каля 30 гадоў, пачынаючы з 1993 года, калі была падана заява на далучэнне Беларусі да Генеральнага пагаднення па тарыфах і гандлі (ГАТТ). 

Перамовы па далучэнні да СГА вядуцца па 3 напрамках:

прывядзенне заканадаўства ў адпаведнасць з правіламі СГА;
доступ на рынак тавараў і паслуг;
дзяржаўная падтрымка сельскай гаспадаркі. 


Прывядзенне заканадаўства ў адпаведнасць з правіламі СГА

Далучэнне да СГА патрабуе ад краіны-кандыдата сур'ёзнай работы па прывядзенню заканадаўства ў адпаведнасць з правіламі арганізацыі. Вынікі гэтай працы ацэньваюцца ў ходзе пасяджэнняў Рабочай групы.

Рабочая група гэта спецыяльна створаны орган, у які ўваходзяць усе члены СГА, зацікаўленыя ў гандлі і інвестыцыйным супрацоўніцтве з Беларуссю. У склад Рабочай групы Беларусі ўваходзяць 49 членаў. Падчас пасяджэнняў Рабочай групы ацэньваюцца дасягнутыя поспехі ў рэфармаванні заканадаўства, задаюцца ўдакладняючыя пытанні адносна рэгулявання гандлёвага рэжыму, уносяцца прапановы па прыняцці абавязацельстваў і па далейшаму ходу перамоваў. Менавіта па выніках такіх пасяджэнняў прымаецца рашэнне аб пераходзе да чарговага этапу перамоваў. 

Этапы перамоў прадугледжаны працэдурай СГА па далучэнні і ўяўляюць сабой пэўную паслядоўнасць прыняцця перамоўных дакументаў: Мемарандум – Кантрольны спіс – Зводная справаздача – праект Даклада Рабочай групы

У 2016 годзе Беларусь значна актывізавала працу па далучэнні да СГА. Быў забяспечаны пераход ад Зводнай справаздачы да праекта Даклада Рабочай групы, і Беларусь выйшла на фінальную стадыю перамоваў аб далучэнні. У 2017 – 2019 гадах адбыліся 5 пасяджэнняў Рабочай групы, апошняе з якіх праведзена 11 ліпеня 2019г.

Даклад Рабочай групы – гэта комплексны дакумент, які змяшчае апісанне эканамічнай палітыкі Беларусі, якая ўплывае на гандаль, а таксама ўвесь ход перамоваў у рамках пасяджэнняў Рабочай групы. Акрамя гэтага, Даклад ўключае шэраг абавязацельстваў па правядзенні эканамічнай палітыкі ў адпаведнасці з правам СГА, якія Беларусь павінна будзе выконваць пасля далучэння.

Зацвярджэнне Дакладу стане, па сутнасці, фінальнай кропкай у перамовах па далучэнні Беларусі да СГА. 

— Доступ на рынак тавараў і паслуг

Беларусь вядзе перамовы з членамі СГА ў двухбаковым фармаце. Для далучэння да СГА Беларусі неабходна ўзгадніць умовы доступу на рынкі тавараў і паслуг з кожным зацікаўленым членам арганізацыі і падпісаць адпаведны пратакол. 

Нягледзячы на тое, што ключавыя пытанні вырашаюцца на вочных сустрэчах, большая частка двухбаковых перамоваў праходзіць у форме пісьмовага абмену прапановамі па ўмовах доступу на рынкі. Асноўнымі відамі перамоўных дакументаў з'яўляюцца тарыфны офер і прапанова па доступе на рынак паслуг.

Тарыфны офер – асноўны дакумент у перамовах па доступе на рынак тавараў. У ім адлюстроўваюцца актуальныя прапановы па ўзроўні звязвання тарыфаў, імпартныя тарыфныя квоты на асобныя віды тавараў і пералік прадастаўляемых першапачатковых перамоўных правоў.

Прапанова па ўзроўні звязвання тарыфаў уяўляе сабой тыя стаўкі, якія Беларусь не зможа перавысіць па той ці іншай лініі таварнай наменклатуры пасля далучэння да СГА.

Імпартныя квоты – гэта той аб'ём прадукцыі, які можна будзе ўвозіць у Беларусь па стаўках ніжэй звязаных (у межах абавязацельстваў у ЕАЭС).

Пасля стварэння ЕАЭС паўнамоцтвы па ўсталяванні тарыфных ставак знаходзяцца ў ЕЭК. У сувязі з гэтым у перамовах па ўзроўні звязвання тарыфаў Беларусь, з аднаго боку, практычна не валодае перамоўным рэзервам для задавальнення запытаў членаў СГА, а з другога боку мае важкі аргумент для захавання сучаснага ўзроўню тарыфнага захісту.

Першапачатковыя перамоўныя правы ўяўляюць сабой абавязацельствы Беларусі пры пераглядзе ўзроўню тарыфаў па той ці іншай групе тавараў у першую чаргу ўлічваць інтарэсы тых краін, якім такія правы прадастаўлены па адпаведнай групе тавараў.

Прапанова па доступе на рынак паслуг уяўляе сабой пералік умоў доступу замежных кампаній і фізічных асоб у розныя сектары паслуг Беларусі па чатырох відах пастаўкі: перамяшчэнню паслугі праз мяжу, спажыванню паслугі за мяжой, камерцыйнай прысутнасці пастаўшчыка паслуг у Беларусі і перамяшчэнню фізічных асоб праз мяжу для аказання паслуг.

У прапанове прапісваюцца абмежаванні па доступу на рынак і нацыянальным рэжыме, альбо іх адсутнасць.

Пасля падпісання ўсіх пратаколаў рыхтуецца кансалідаваны дакумент, у якім указваецца зводны пералік ўсіх умоў па доступе на рынкі. Такі пералік фарміруецца па прынцыпе найлепшага спрыяння – па кожнай тарыфнай лініі альбо паслузе бярэцца найбольш ліберальная прапанова з усіх падпісаных пратаколаў.

На гэты час завершаны двухбаковыя перамовы па доступе на рынкі з 22-мя членамі СГА. Апошнія пратаколы падпісаны з Швейцарыяй і Аўстраліяй. Неабходна завяршыць двухбаковыя перамовы яшчэ з сямю членамі СГА.

— Дзяржаўная падтрымка сельскай гаспадаркі

Для далучэння да СГА Беларусь таксама павінна зафіксаваць дазволены аб'ём дзяржаўнай падтрымкі сельскай гаспадаркі. Аднак ўзгадняць неабходна не ўвесь аб'ём магчымай падтрымкі, а толькі тую суму, якая можа быць выкарыстана ў рамках мер так званага жоўтага кошыку.

Меры дзяржаўнай падтрымкі сельскай гаспадаркі па правілах СГА падзяляюцца на тры кошыкі: зялены, жоўты і чырвоны.

Меры зялёнага кошыку цалкам дазволеныя і ўключаюць у сябе шырокі пералік інструментаў палітыкі (будаўніцтва інфраструктуры, навуковыя даследаванні, паслугі па маркетынгу і прасоўванні тавараў, барацьба з хваробамі жывёл і раслін і іншыя).

У жоўты кошык уваходзяць меры, якія аказваюць уплыў на гандаль, але не адносяцца да забароненых інструментаў (льготнае крэдытаванне, выплаты на закупку сыравіны і ўгнаенняў, цанавая падтрымка і іншыя). Менавіта максімальна дапушчальны аб'ём такой падтрымкі і ўзгадняецца пры далучэнні да СГА.

Меры чырвонага кошыку, куды ўваходзіць субсідзіраванне экспарту і праграмы імпартазамяшчэння, цалкам забароненыя, паколькі аказваюць яўны ўплыў на свабодны гандаль.

Перамовы па дзяржаўнай падтрымцы сельскай гаспадаркі праводзяцца ў фармаце спецыяльных пасяджэнняў і нефармальных кансультацый. 

У 2017 – 2020 гадах адбылося 3 спецыяльных пасяджэння па дзяржаўнай падтрымцы сельскай гаспадаркі і некалькі раўндаў нефармальных кансультацый.

Дыпмісіі Беларусі за мяжой

Усе дыпмісіі Замежныя дыпмісіі ў Беларусі
Перайсці

Відэа МЗС

Aрхіў

Афіцыйныя інтэрнэт-рэсурсы