Памер шрыфта:

Агульная інфармацыя аб знешнім гандлю: напрамкі, задачы, вынікі за актуальны перыяд

Рэспубліка Беларусь ажыццяўляе шматвектарную знешнеэканамічную палітыку і актыўна ўдзельнічае ў міжнародных інтэграцыйных працэсах. Беларусь з'яўляецца экспартна-арыентаванай дзяржавай з добра развітым вытворчым сектарам і сельскай гаспадаркай. Каля 60% вырабленай прадукцыі экспартуецца.

У 2019 годзе знешнегандлёвы абарот Беларусі дасягнуў 72,3 млрд.дол.ЗША, што на 41% больш, чым у 2016 годзе. Экспарт тавараў склаўся на ўзроўні 32,9 млрд. дол.ЗША і  вырас на 40% у адносінах да 2016 года. У студзені-лістападзе 2020 года знешнегандлёвы абарот Рэспублікі Беларусь склаў 55,2 млрд. дол. ЗША, экспарт тавараў – 26,1 млрд. дол.

Таварная структура беларускага экспарту ўключае ў сябе больш за 1000 таварных пазіцый. Важнейшымі экспартнымі пазіцыямі з'яўляюцца нафта і прадукты нафтаперапрацоўкі, калійныя і азотныя ўгнаенні, металапрадукцыя, грузавыя і легкавыя аўтамабілі, трактары, шыны, малочная і мясная прадукцыя, мэбля.

Аснову імпарту складаюць энергарэсурсы (нафта і прыродны газ), сыравіна, матэрыялы і камплектуючые (металы і вырабы з іх, сыравіна для хімічнай вытворчасці, часткі машын), тэхналагічнае абсталяванне.

Беларусь падтрымлівае гандлёвыя адносіны з больш чым 200 краінамі свету.

Асноўным гандлёвым партнёрам Беларусі з'яўляецца Расія, на яе долю ў 2020 годзе прыходзілася 45,4% беларускага экспарту і каля 50,1% імпарту.

Еўрапейскі саюз – другі па велічыні гандлёвы партнёр, на долю якога у 2020 годзе прыпадала 18,3% беларускага экспарту і амаль пятая частка імпарту. Ключавыя краіны-імпарцёры беларускай прадукцыі ў ЕС: Германія, Польшча, Літва, Нідэрланды, Латвія, Бельгія, Венгрыя, Чэхія, Славакія, Францыя, Эстонія.

У рэгіянальным разрэзе экспарт размеркаваўся наступным чынам: ЕАЭС (48,4%), ЕС (18,3%), іншыя краіны 33,3%.

Нягледзячы на зніжэнне эканамічнай актыўнасці ў сувязі з пандэміяй удалося нарасціць беларускі экспарт у дзевяць краін ЕС на суму 132,4 млн. дол. (у тым ліку ў Данію на 88,6 млн. дол., Румынію на 21,6 млн. дол., Францыю на 6 млн. дол., Аўстрыю на 4 млн. дол.), Кітай – на 55 млн. дол., а таксама ў 60 іншых краін свету на агульную суму 377 млн. дол.

Паступова пашыраецца прысутнасць беларускіх вытворцаў на рынках краін Азіі, Афрыкі, Амерыкі і Акіяніі. Сумесна з партнёрамі па ЕАЭС ажыццяўляецца работа па пашырэнню доступу на рынкі краін «далёкай дугі» шляхам заключэння пагадненняў аб свабодным гандлі.

У 2020 годзе беларускі экспарт тавараў ажыццяўляўся ў 10 новых краін, у тым ліку ў Джыбуці, Паўднёвы Судан, Багамы, Бурундзі, Экватарыяльную Гвінею.

Беларусь умацоўвае свае пазіцыі на сусветным рынку паслуг. У 2019 годзе Беларусь экспартавала паслуг на суму 9,7 млрд. дол., што на 40% перавышае ўзровень 2016 года. У студзені-лістападзе 2020 года Беларусь экспартавала паслуг на суму 7,8 млрд. дол.

42% агульнага аб'ёму экспарту займаюць транспартныя паслугі, 28% - камп'ютэрныя. Істотную долю складаюць таксама іншыя дзелавыя і будаўнічыя паслугі.

Асноўнымі гандлёвымі партнёрамі Беларусі ў сферы паслуг з'яўляюцца: Расія (32% ад аб'ёму экспарту), краіны ЕС (31%) і ЗША (11%).
 

Дыпмісіі Беларусі за мяжой

Усе дыпмісіі Замежныя дыпмісіі ў Беларусі
Перайсці

Відэа МЗС

Aрхіў

Афіцыйныя інтэрнэт-рэсурсы