Памер шрыфта:

Еўразійскі эканамічны саюз

Еўразійскі эканамічны саюз (ЕАЭС) з'яўляецца міжнароднай арганізацыяй рэгіянальнай эканамічнай інтэграцыі, якая валодае міжнароднай правасуб’ектнасцю. 

Дагавор аб Еўразійскім эканамічным саюзе быў падпісаны прэзідэнтамі Рэспублікі Беларусь, Рэспублікі Казахстан і Расійскай Федэрацыі 29 мая 2014 г. у г.Астане. Дагавор набыў моц 1 студзеня 2015 г. 

Саюз адкрыты для ўступлення любой дзяржавы, якая падзяляе яго мэты і прынцыпы, на ўмовах, узгодненых дзяржавамі-членамі. 2 студзеня 2015 г. членам Саюза стала Рэспубліка Арменія, 12 жніўня 2015 г. – Кыргызская Рэспубліка. 

Таксама прадугледжана магчымасць атрымання статусу дзяржавы-назіральніка пры Саюзе. 14 мая 2018 г. статус дзяржавы-назіральніка ў ЕАЭС прадастаўлены Рэспубліцы Малдова.

У Дагаворы аб ЕАЭС вызначаны кампетэнцыя, парадак фарміравання і працы органаў Саюза, якімі з’яўляюцца Вышэйшы Еўразійскі эканамічны савет (ВЕЭС), Еўразійскі міжурадавы савет, Еўразійская эканамічная камісія (пастаянна дзеючы рэгулюючы орган Саюза) і Суд ЕАЭС. Замацаваны прынцыпы прыняцця ўсіх значных рашэнняў кансэнсусам і роўнай прадстаўленасці бакоў у кіраўніцтве пастаянна дзеючых структур.

У ЕАЭС у асноўным сфармаваны адзіныя палітыкі ў сферы знешнегандлёвага рэгулявання, тэхнічнага рэгулявання, захавання адзіных правілаў канкурэнцыі на трансгранічных рынках; 1 студзеня 2018 г. уступіў у сілу Мытны кодэкс ЕАЭС; пачаў дзейнічаць адзіны рынак лекаў і медыцынскіх вырабаў; у значнай колькасці сектараў лібералізаваны ўзаемны гандаль паслугамі.

Рашэннямі ВЕЭС ад 6 снежня 2018 г. зацверджаны Праграма стварэння агульных рынкаў нафты i нафтапрадуктаў і Праграма стварэння агульнага рынка газа ЕАЭС. 1 кастрычніка 2019 г. Вышэйшым саветам зацверджана Канцэпцыя фарміравання агульнага фінансавага рынку ЕАЭС. 

На ўзроўнi кiраўнiкоў дзяржаў зацверджаны Асноўныя напрамкi рэалiзацыi лiчбавай палітыкі ЕАЭС да 2025 года. 

Таксама да 2025 года прадугледжваецца сфарміраваць адзіныя палітыкі ў галіне прамысловасці, сельскай гаспадаркі, энергетыкі, транспарту і інш. 

20 снежня 2019 г. падпісана Пагадненне аб пенсійным забеспячэнні працуючых дзяржаў-членаў ЕАЭС. Пагадненне накіравана на забеспячэнне грамадзянам дзяржаў-членаў ЕАЭС магчымасці фармаваць пенсійныя правы за перыяды працы ў дзяржавах-членах ЕАЭС і рэалізоўваць іх у далейшым, жывучы на тэрыторыі любой дзяржавы-члена ЕАЭС.

Саюз надзелены правам ажыццяўляць у рамках сваёй кампетэнцыі міжнародную дзейнасць, накіраваную на вырашэнне задач, якія стаяць перад Саюзам. 

З 1 кастрычніка 2016 г. рэалізуецца Пагадненне аб свабодным гандлі паміж ЕАЭС і В'етнамам. У 2018 годзе падпісаны Пагадненне аб гандлёва-эканамічным супрацоўніцтве ЕАЭС з Кітаем і Часовае пагадненне, якое вядзе да стварэння зоны свабоднага гандлю Саюза з Іранам (набылі моц у 2019 годзе). 1 кастрычніка 2019 г. былі падпісаныя першыя дамовы з пакета ўсеабдымнай гандлёвай здзелкі паміж краінамі ЕАЭС і Сінгапурам; 25 кастрычніка 2019 г. – пагадненне аб свабодным гандлі з Сербіяй. Вядуцца перамовы па стварэнні зон свабоднага гандлю Саюза з Егіптам, Ізраілем і Індыяй.

У цэлым больш за 50 краін праявілі зацікаўленасць да супрацоўніцтва з ЕАЭС у тым ці іншым фармаце.

У 2020 годзе Рэспубліка Беларусь старшынствуе ў органах ЕАЭС.

 


Больш падрабязна аб прыярытэтах беларускага старшынства тут

Дыпмісіі Беларусі за мяжой

Усе дыпмісіі Замежныя дыпмісіі ў Беларусі
Перайсці

Відэа МЗС

Aрхіў

Афіцыйныя інтэрнэт-рэсурсы