Памер шрыфта:

Беларусь і краіны Лацінскай Амерыкі

Нарошчванне супрацоўніцтва з краінамі Лацінскай Амерыкі і Карыбскага басейна, а таксама буйнейшымі інтэграцыйнымі аб'яднаннямі гэтага рэгіёну адпавядае доўгатэрміновай мэце забеспячэння збалансаванай знешняй палітыкі Беларусі.

Лацінская Амерыка цікавіць нашую краіну як важная платформа інтэграцыі ў сусветныя гандлёва-гаспадарчыя сувязі. Эканомікі Беларусі і галоўных краін гэтага рэгіёну структурна дапаўняюць адна адну.

Разуменне неабходнасці ўмацавання справядлівага светапарадку і дасягнення мэт устойлівага развіцця выступае фактарам, які садзейнічае збліжэнню пазіцый Беларусі з шэрагам лацінаамерыканскіх дзяржаў. З аднымі краінамі рэгіёну адносіны ўжо дасягнулі ўзроўню стратэгічнага партнёрства, тым часам як з іншымі адбываецца паступальнае пашырэнне ўзаемадзеяння ў палітычнай, гандлёва-эканамічнай, адукацыйнай, навукова-тэхнічнай і іншых сферах.

Беларусь падтрымлівае дыпламатычныя адносіны з усімі 33 дзяржавамі Лацінскай Амерыкі і Карыбскага басейна. Беларускія пасольствы дзейнічаюць у Аргенціне, Бразіліі, Венесуэле, Калумбіі і на Кубе. Большасць кіраўнікоў беларускіх дыпламатычных місій, акрамя краін свайго пастаяннага знаходжання, акрэдытаваны па сумяшчальніцтве ў суседніх краінах. Дзякуючы гэтаму Беларусь афіцыйна прадстаўлена ў краінах Лацінскай Амерыкі і Карыбскага басейна з найбольшымі аб'ёмамі эканомікі.

Адным з вядучых гандлёвых партнёраў Беларусі ў лацінаамерыканскім рэгіёне з'яўляецца Бразілія. Паглыбленне разнапланавага ўзаемадзеяння з гэтай краінай адпавядае нашым стратэгічным інтарэсам. Асноўны ўпор пры гэтым робіцца на далейшае пашырэнне супрацоўніцтва ў гандлёва-эканамічнай, навукова-тэхнічнай, гуманітарнай і шэрагу іншых сфер.

У рамках бразільскага старшынства ў БРІКС у 2025 годзе краіну з візітамі наведалі Міністр замежных спраў і першы намеснік Міністра замежных спраў Беларусі.

Даўнім надзейным партнёрам Беларусі ў рэгіёне з'яўляецца Куба. Высокі ўзровень двухбаковага супрацоўніцтва ва ўсіх сферах, узаемная падтрымка на міжнародных пляцоўках з'яўляюцца традыцыйнымі элементамі беларуска-кубінскіх адносін. Асаблівы характар двухбаковага партнёрства быў пацверджаны ў рамках чарговага раунда кансультацый паміж знешнепалітычнымі ведамствамі ў маі 2026 года і 12-га пасяджэння Беларуска-Кубінскай сумеснай камісіі па гандлёва-эканамічным супрацоўніцтве ў маі 2025 года, а таксама падчас узаемных візітаў кіраўніцтва дзяржаўных органаў і дзелавых колаў дзвюх краін. У чэрвені 2025 года адбыўся афіцыйны візіт Прэзідэнта Кубы ў Беларусь.

Важнае месца ў лацінаамерыканскім парадку дня Беларусі займаюць адносіны з Венесуэлай. Праводзяцца ўзаемныя візіты на ўрадавым узроўні, падтрымліваецца актыўны дыялог па лініі знешнепалітычных ведамстваў і сектаральных міністэрстваў. У 2025 годзе – першай палове 2026 года праведзены два раўнды беларуска-венесуэльскіх палітычных кансультацый, арганізавана серыя візітаў кіраўніцтва профільных ведамстваў, прадстаўнікоў банкаўскага сектара, дзелавых колаў. Ёсць значны патэнцыял для ўмацавання двухбаковага супрацоўніцтва ў шэрагу галін, уключаючы прамысловую кааперацыю, сельскую гаспадарку і харчаванне, будаўніцтва.

Актыўна развіваецца ўзаемадзеянне з Нікарагуа. У маі 2025 года праведзена 4-е пасяджэнне Беларуска-Нікарагуанскай сумеснай камісіі па гандлёва-эканамічным супрацоўніцтве, на якім прадпрыемствы і ведамствы дзвюх краін правялі канструктыўныя прамыя перамовы і вызначылі перспектыўныя кропкі росту узаемавыгаднай кааперацыі ў гандлёва-эканамічнай, навуковай, адукацыйнай і культурнай сферах. 

Пашыраюцца канструктыўныя кантакты з Калумбіяй, у тым ліку па лініі дзелавых колаў. Актыўнае развіццё набылі міжпарламенцкія сувязі. Важным крокам стала падпісанне ў красавіку 2025 года міжурадавага пагаднення з Калумбіяй аб узаемнай адмене віз для кароткатэрміновых паездак па агульнаграмадзянскіх пашпартах, якое набыло сілу 19 снежня 2025 г. Дзякуючы ёмістаму ўнутранаму рынку, гэтая краіна разглядаецца ў якасці перспектыўнага накірунку для экспарту беларускіх тавараў і паслуг.

Двухбаковае ўзаемадзеянне з Аргенцінай уключае ў сябе работу па шэрагу напрамкаў. У рамках супрацоўніцтва ў аграпрамысловай сферы ў Аргенціне рэалізуюцца сумесныя ініцыятывы ў вобласці сельскагаспадарчага машынабудавання, у тым ліку на рэгіянальным узроўні.

Падтрымліваецца канструктыўнае супрацоўніцтва з Дамініканскай Рэспублікай, Мексікай, Парагваем, Перу, Уругваем, Эквадорам і шэрагам другіх лацінаамерыканскіх дзяржаў. Нашыя краіны падзяляюць прагматычныя падыходы да развіцця эканамічных адносін.

У рабоце па ўмацаванні супрацоўніцтва з краінамі Лацінскай Амерыкі актыўна выкарыстоўваецца патэнцыял беларускага дыпламатычнага прадстаўніцтва ў Маскве, дзе знаходзяцца пасольствы большасці краін гэтага рэгіёна. У 2026 годзе Міністэрствам замежных спраў Беларусі сумесна з Нацыянальным цэнтрам падтрымкі экспарту, беларускімі дзяржаўнымі органамі і дзелавымі коламі ў мэтах прасоўвання беларускіх эканамічных інтарэсаў у краінах Лацінскай Амерыкі быў праведзены чарговы пяты Беларуска-Лацінаамерыканскі форум

Сёння асноўныя знешнепалітычныя намаганні Беларусі ў Лацінскай Амерыцы сканцэнтраваны на замацаванні палітычнага дыялогу з прыярытэтнымі партнёрамі, а таксама на наладжванні плённых гандлёва-эканамічных сувязяў з іншымі краінамі рэгіёна.


⇒ Беларусь у сістэме міжнародных адносін

Дыпмісіі Беларусі за мяжой

Усе дыпмісіі Замежныя дыпмісіі ў Беларусі
Перайсці

Відэа МЗС

Aрхіў

Афіцыйныя інтэрнэт-рэсурсы