Памер шрыфта:

Беларусь і Злучаныя Штаты Амерыкі

Дыпламатычныя адносіны паміж Рэспублікай Беларусь і Злучанымі Штатамі Амерыкі былі ўстаноўленыя 28 снежня 1991 г. У 1992 годзе ў Вашынгтоне пачало працаваць Пасольства Беларусі ў ЗША.

У першыя гады існавання дыпламатычных адносін паміж Беларуссю і ЗША быў створаны падмурак супрацоўніцтва ў палітычнай, гандлёва-эканамічнай і гуманітарнай сферах. Прэзідэнт Беларусі наведваў ЗША ў 1995, 2000, 2005 і 2015 гадах, у тым ліку для ўдзелу ў сесіях Генеральнай Асамблеі ААН. У 1994 годзе Беларусь наведаў Прэзідэнт ЗША Біл Клінтан. 

У рамках візіту ў ЗША ў верасні 2015 года адбылася пратакольная сустрэча Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі з Прэзідэнтам ЗША Баракам Абамам. 

У ліпені 2017 года для ўдзелу ў сесіі Парламенцкай асамблеі АБСЕ Беларусь наведала дэлегацыя Кангрэса ЗША на чале з сенатарам Роджэрам Уікерам. У рамках візіту адбылася сустрэча членаў дэлегацыі з Кіраўніком беларускай дзяржавы.

У жніўні 2019 года адбыўся візіт у Беларусь саветніка Прэзідэнта ЗША па нацыянальнай бяспецы Джона Болтана, у рамках якога адбылася яго сустрэча з Прэзідэнтам Беларусі. 

На запрашэнне амерыканскага боку ў жніўні 2019 года ў Варшаве адбыліся кансультацыі сакратароў саветаў бяспекі Беларусі, Польшчы, ЗША і Украіны. 

1 лютага 2020 г. адбыўся візіт у Беларусь Дзяржаўнага сакратара ЗША Майкла Пампеа. У рамках візіту адбыліся яго сустрэчы з Прэзідэнтам і Міністрам замежных спраў Беларусі. Дзяржсакратар ЗША наведаў Парк высокіх тэхналогій.

У адносінах Беларусі з ЗША да жніўня 2020 года працягваўся працэс нармалізацыі. Паступальна аднаўлялася атмасфера ўзаемнага даверу. Павышаліся ўзровень і інтэнсіўнасць двухбаковых кантактаў. Бакі дасягнулі дамоўленасці адносна аднаўлення паўнавартаснай дыпламатычнай прысутнасці на ўзроўні паслоў. Развіваўся дыялог па пытаннях міжнароднай бяспекі, правоў чалавека, барацьбы з гандлем людзьмі, арганізаванай злачыннасцю, міжнародным тэрарызмам, незаконным абаротам наркотыкаў. 

Неканструктыўная рэакцыя ЗША на прэзідэнцкія выбары ў Беларусі, якія прайшлі ў жніўні 2020 года, абумовіла пагаршэнне беларуска-амерыканскіх адносін у пачатку 2020-х гадоў, беспрэцэдэнтнае ўзмацненне жорсткасці антыбеларускіх санкцый і рыторыкі з боку ЗША. Беларусь была вымушаная прыняць шэраг контрмер, уключаючы санкцыі ў адказ. 

У 2025 годзе, з вяртаннем у Белы дом адміністрацыі Дональда Трампа, намеціліся пэўныя зрухі ў беларуска-амерыканскіх адносінах. У рамках двухбаковага дыялогу высокага ўзроўню Беларусь і ЗША пайшлі на сустрэчныя крокі, у выніку якіх былі знятыя санкцыі ЗША ў дачыненні да Нацыянальнай авіякампаніі «Белавія», прадпрыемстваў калійнай галіны Беларусі, Міністэрства фінансаў і Банка развіцця Рэспублікі Беларусь, ААТ «Беларускі банк развіцця і рэканструкцыі Белінвестбанк», ТАА «Белінвест-Інжынірынг» і ЗАТ «Белбізнеслізінг».

Падтрыманне паўнавартасных і разнапланавых двухбаковых адносін з ЗША з'яўляецца важным напрамкам знешняй палітыкі Беларусі. Беларускі бок выступае за развіццё ўзаемадзеяння з ЗША на прынцыпах раўнапраўя, узаемнай павагі і ўліку інтарэсаў бакоў.


⇒ Беларусь у сістэме міжнародных адносін

Дыпмісіі Беларусі за мяжой

Усе дыпмісіі Замежныя дыпмісіі ў Беларусі
Перайсці

Відэа МЗС

Aрхіў

Афіцыйныя інтэрнэт-рэсурсы