Запыт на агрэман
У адпаведнасці з артыкуламі 4, 7 Венскай канвенцыі аб дыпламатычных зносінах 1961 года агрэман запытваецца для асобы, якую мяркуецца акрэдытаваць у якасці кіраўніка прадстаўніцтва, а таксама для ваенных, марскіх, авіяцыйных аташэ, іх намеснікаў і памочнікаў, афіцэраў пагранічнай службы і ведамства ўнутраных спраў замежнай дзяржавы ў Рэспубліцы Беларусь.
У адпаведнасці з артыкулам 12 Венскай канвенцыі аб консульскіх зносінах 1963 года экзекватура запытваецца для асобы, якую мяркуецца акрэдытаваць у якасці кіраўніка консульскай установы замежнай дзяржавы ў Рэспубліцы Беларусь.
Запыт на агрэман / экзекватуру павінен быць накіраваны ў Службу дзяржаўнага пратакола Міністэрства замежных спраў да афіцыйнага прыбыцця вышэйзгаданых асоб у Беларусь і павінен уключаць у сябе ноту адпаведнага дыпламатычнага прадстаўніцтва / консульскай установы ў Беларусі, а таксама біяграфічныя звесткі асобы (форма).
У тых выпадках, калі плануецца акрэдытацыя кіраўніка дыпламатычнага прадстаўніцтва альбо ваеннага, марскога, авіяцыйнага аташэ, іх намеснікаў і памочнікаў, афіцэраў пагранічнай службы і ведамства ўнутраных спраў па сумяшчальніцтве ў Рэспубліцы Беларусь з рэзідэнцыяй у іншай дзяржаве, як правіла, неабходна дачакацца выдачы агрэмана дзяржавай, у якой знаходзіцца рэзідэнцыя будучага кіраўніка прадстаўніцтва альбо супрацоўніка дыпламатычнага прадстаўніцтва, для прызначэння якога патрабуецца агрэман.
Служба дзяржаўнага пратакола паведамляе адпаведнай дзяржаве па дыпламатычных каналах аб выдачы агрэмана.