Памер шрыфта:

Выступленне Міністра замежных спраў Беларусі У.Макея на адкрыцці выставы «Ад Лісабона праз Мінск да Уладзівастока» (21 снежня 2016 г., г.Мінск)

Вашы Экселенцыі,
Шаноўныя арганізатары і госці,
Дарагія сябры,

Мне вельмі прыемна вітаць Вас сёння на адкрыцці яскравага арт-праекта “Ад Лісабона праз Мінск да Уладзівастока”. Маштабнасць выставы, якая аб’яднала ў Мінску мастакоў з 28 краін, пацвярджае даўно вядомую ісціну аб універсальнасці мастацтва і яго згуртавальнай моцы. Гэты  праект, заснаваны на агульных каштоўнасцях і агульнай спадчыне еўрапейскай цывілізацыі, адначасова падкрэслівае разнастайнасць талентаў майстроў, што прадставілі свае палотны для выставы.

Сённяшняе мерапрыемства сведчыць, як многа мы можам зрабіць разам дзеля таго, каб вялікая Еўропа стала нашым агульным і ўтульным домам. Домам, у якім пануюць мір і прыгажосць, спакой і ўпэўненасць у шчаслівай будучыні нашых дзяцей.

Адметна, што гэты арт-праект пачаўся ў Мінску, які ў апошнія гады стаў месцам правядзення знакавых міжнародных форумаў і перамоваў, сімвалам дыялогу па шэрагу важных эканамічных і палітычных пытанняў. 

Наша выстава надае Мінскаму дыялогу новае вымярэнне     вымярэнне мастацтва. І гэта  вельмі  важна, бо мастацтва і творчасць, у  пэўным  сэнсе, з'яўляюцца рухавікамі развіцця асобы, сацыяльнай гармоніі і эканамічнага росту.

Мы ганарымся тым, што сёння ў гэтай зале, каб атрымаць асалоду ад сустрэчы з Прыгажосцю і засведчыць сваю падтрымку стварэнню агульнай культурнай прасторы без падзяляльных ліній і межаў, сабраліся шматлікія сябры мастацтва: дыпламаты і звычайныя грамадзяне, дзяржаўныя служачыя і прадстаўнікі творчых і дзелавых колаў.

У Беларусі завяршаецца Год культуры. Упэўнены, што выстава “Ад Лісабона праз Мінск да Уладзівастока” стане адметным унёскам беларускай дыпламатыі ў разнастайную палітру культурных падзей, якія адбываюцца ў нашай краіне.

Хачу шчыра падзякаваць усім, хто далучыўся да арганізацыі выставы. Асаблівыя словы падзякі –  мастакам з 9 еўрапейскіх краін, якія сёння знаходзяцца з  намі.
 
Гэта Цібо Д’ерык Вішэрс (Thibaut Dierickx-Visschers – Бельгія), Ханс Ульрых Уффрэхт (Hans-Ulrich Uffrecht – Германія), Джузэпе Аціні (Giuseppe Attini – Італія), Довіле Тамкутэ (Dovilė Tomkutė – Літва), Луіс Радрыгес (Luis Rodrigues – Партугалія), Карнэліу Васілеску (Corneliu Vasilescu — Румынія), Руслан Кутняк (Украіна), Ірына Шувалофф (Irina Schuvaloff — Фінляндыя), Зігрыд фон Гунтэн (Sygrid von Gunten — Швейцарыя).

Мне прыемна паведаміць, што важкі ўнёсак у арганізацыю выставы лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь Віктара Альшэўскага, першага намесніка Міністра фінансаў Рэспублікі Беларусь Максіма Ермаловіча і старшыні праўлення  Акцыянернага таварыства “Прыорбанк” Сяргея Касцючэнкі адзначаны узнагародай Міністэрства замежных спраў — Ганаровымі граматамі МЗС, якія я маю гонар ім сёння ўручыць.

Напярэдадні Новага 2017 года і Калядных святаў жадаю ўсім светлага святочнага настрою, мірнага неба, моцнага здароўя і дабрабыту вашым сем’ям.

Дыпмісіі Беларусі за мяжой

Усе дыпмісіі Замежныя дыпмісіі ў Беларусі
Перайсці

Відэа МЗС

Aрхіў

Афіцыйныя інтэрнэт-рэсурсы