Памер шрыфта:

Выступ намесніка Міністра замежных спраў Беларусі І.Сякрэты на cегменце высокага ўзроўню Канферэнцыі ААН па раззбраенні (23 лютага 2026 г., г.Жэнева)

 

Шаноўны спадар Старшыня, 

Канферэнцыя па раззбраенні, як і яе папярэднік – Камітэт па раззбраенні, з моманту свайго заснавання зрабіла вялікі ўнёсак у забеспячэнне міжнароднага міру, бяспекі і стабільнасці. 

На жаль, надзея, што новая сістэма міжнародных адносін перыяду пасля «халоднай вайны» будзе заснавана на ўзаемнай павазе і супрацоўніцтве, а не суперніцтве, спарадзіла ілжывае адчуванне самазаспакоенасці. Мір і бяспека сталі ўспрымацца як дадзенасць. Так званыя пераможцы ў «халоднай вайне» вырашылі адмовіцца ад прынцыпу роўнай і непадзельнай бяспекі, ігнараваць законныя заклапочанасці іншых краін у галіне бяспекі. 

Механізмы нераспаўсюджвання, кантролю над узбраеннямі і раззбраення, якія доўгі час служылі злучальнай тканінай архітэктуры міжнароднай і рэгіянальнай бяспекі, разбураюцца і прыходзяць у заняпад на нашых вачах, але гэты працэс быў пачаты задоўга да гэтага дня.

Шкадуем, што крыху больш за два тыдні таму спыніў існаванне расійска-амерыканскі дагавор аб стратэгічных наступальных узбраеннях. Спадзяемся, што небяспечны вакуум у сферы кантролю над ядзернымі ўзбраеннямі, які ўтварыўся ўпершыню з пачатку 70-х гадоў XX стагоддзя, будзе запоўнены новым шматбаковым дакументам. 

На фоне дэградацыі сістэмы міжнародных абавязацельстваў і прававых гарантый у галіне бяспекі, ігнаравання міжнароднага права свет зноў вярнуўся ў кропку, з якой выразна бачная ядзерная пагроза. 

Усё большую вагу набываюць запалохванне, дэзінфармацыя і дэгуманізацыя патэнцыйнага суперніка, прыярытэтнае развіццё ваенна-прамысловага комплексу.

Пад маркай міфічнай пагрозы з Усходу НАТА прымае беспрэцэдэнтныя меры дзеля павышэння ўзроўню ваенных расходаў сваіх членаў да 5 %. Сукупныя ваенныя выдаткі краін – членаў Альянса даўно перавалілі за трыльён долараў ЗША. Фактычна махавік еўрапейскага ВПК раскручаны да тэмпаў вайсковага часу. Навошта, калі, як заяўляюць нашыя заходнія суседзі, у іх няма намеру нападаць на Беларусь? Бо проста так ніхто не марнуе грошы на ракеты, міны і танкі! 

Нядаўні выхад нашых суседзяў з Канвенцыі аб забароне супрацьпяхотных мін робіць свой унёсак у разбурэнне сістэмы міжнароднага гуманітарнага права, эскалацыю ваенна-палітычнай напружанасці ў рэгіёне і лье ваду на млын збройных карпарацый. З кім яны будуць змагацца супрацьпяхотнымі мінамі? Атрымліваецца, што са сваімі ж грамадзянамі, якія жывуць на прымежных тэрыторыях. Думаю, у гэтай зале шмат ваенных экспертаў, прадстаўнікоў спецыяльных службаў, асоб, якія маюць дачыненне да спецыяльных службаў і ваенных ведамстваў, якім не трэба тлумачыць, у чым небяспека супрацьпяхотных мін і іх разбуральнага дзеяння, што звязана з адсутнасцю дакладных планаў і схем іх размяшчэння. У Беларусі як краіне, якая перажыла Другую сусветную вайну, да гэтага часу пры правядзенні будаўнічых работ выцягваюць неразарваныя боепрыпасы. І гэты небяспечны арсенал нашы суседзі, добраахвотна выйшаўшы з Канвенцыі аб забароне супрацьпяхотных мін, зараз нарошчваюць і будуць прымяняць. 

На тэрыторыі цэлага шэрагу еўрапейскіх краін працягвае знаходзіцца амерыканская тактычная ядзерная зброя. У Польшчы размешчаны комплексы супрацьракетнай абароны, тэхнічныя характарыстыкі якіх даюць магчымасць прымяняць крылатыя ракеты «Тамагаўк». Асобныя еўрапейскія краіны заяўляюць аб намеры разгарнуць амерыканскія ракеты сярэдняй і меншай далёкасці на сваёй тэрыторыі або закупіць адпаведныя сістэмы ўзбраенняў. 

Як такая краіна, як Беларусь, можа абараніць сябе ва ўмовах адсутнасці надзейных гарантый бяспекі і рэальных мер даверу? 

Мы не ўвязваемся ў бяздумную гонку ўзбраенняў, радыкальна павялічваючы ваенныя выдаткі. Нам ёсць куды выдаткоўваць грошы – на старых і дзяцей, на павышэнне эканамічнага дабрабыту нашых грамадзян.

Аднак у актуальнай сітуацыі мы былі вымушаны размясціць у сябе як элемент стрымлівання расійскую тактычную ядзерную зброю. У гэтых жа мэтах на тэрыторыі Беларусі быў размешчаны расійскі ракетны комплекс «Арэшнік». Падпісаны ў мінулым годзе Беларуссю і Расіяй Дагавор аб гарантыях бяспекі ў рамках Саюзнай дзяржавы прадугледжвае выкарыстанне для абароны любых відаў зброі, уключаючы ядзерную. Падкрэсліваю: выкарыстанне для абароны.

Наш адказ сувымерны нарастаючым выклікам і пагрозам нацыянальнай бяспецы і ўзроўню эскалацыі сітуацыі ў рэгіёне, носіць выключна абарончы характар і ажыццяўляецца ў строгай адпаведнасці з міжнародным правам, уключаючы Дагавор аб нераспаўсюджанні ядзернай зброі. 

Крытыкам нагадаю, што яшчэ ў 2019 годзе Беларусь выступіла з ініцыятывай аб распрацоўцы шматбаковай палітычнай дэкларацыі аб неразмяшчэнні ракет сярэдняй і меншай далёкасці пасля развалу Дагавора аб ліквідацыі ракет сярэдняй і меншай далёкасці. На жаль, нашую ініцыятыву не пачулі ці не захацелі пачуць і падтрымаць. 

Мы не шукаем канфрантацыі. Наадварот, мы робім усё магчымае для зніжэння ваенна-палітычнай напружанасці ў рэгіёне. Канкрэтны прыклад – наш падыход да сумесных беларуска-расійскіх вучэнняў «Захад-2025» у верасні мінулага года. Мы значна знізілі іх колькасны склад і перанеслі асноўныя манеўры ўглыб тэрыторыі Беларусі. Для назірання за вучэннямі ў якасці жэсту добрай волі былі запрошаны ўсе дзяржавы – удзельніцы АБСЕ. На жаль, многія краіны Захаду так і не прынялі ўдзел, хоць асобныя [заходнія] дзяржавы ў назіранні за вучэннямі былі прадстаўлены, у тым ліку ЗША.

Спадар Старшыня, 

Беларусь страціла ў Другой сусветнай вайне кожнага трэцяга жыхара. У генетычным кодзе кожнага беларуса – катэгарычнае непрыманне вайны, канфліктаў і гвалту. 

Пераадоленне міжнародных супярэчнасцей і крызісу даверу магчыма толькі шляхам дыпламатыі і дыялогу. Альтэрнатыў гэтаму няма і быць не можа. 

Менавіта таму Беларусь з'яўляецца паслядоўным прыхільнікам такога падыходу. 

Спадзяемся, што работа створанага на мінулым тыдні Савета міру будзе спрыяць як постканфліктнаму ўрэгуляванню на Блізкім Усходзе, так і назапашванню каштоўнага досведу для іншых гарачых кропак на нашай планеце. 

Мы вітаем нядаўнія дамоўленасці ЗША і Расіі аб аднаўленні дыялогу па лініі вайскоўцаў на высокім узроўні. Гэта важны сігнал, накіраваны на аднаўленне даверу і дээскалацыю напружанасці.

Мы разлічваем на працяг прафесійных дыскусій аб будучыні еўразійскай бяспекі падчас традыцыйнай IV Мінскай канферэнцыі, якую мы плануем правесці восенню гэтага года. Гэта наш важкі ўнёсак у пераадоленне канфрантацыі і пошук сумесных рашэнняў Еўропы і Азіі па фарміраванні роўнай і непадзельнай прасторы бяспекі. 

На завяршэнне хацеў бы таксама адзначыць тэму забароны распрацоўкі і вытворчасці новых відаў зброі масавага знішчэння і новых сістэм такой зброі, што з'яўляецца адным з беларускіх прыярытэтаў на раззбраенчых пляцоўках у 2026 годзе. Падчас 81-й сесіі Генеральнай Асамблеі ААН Беларусь плануе прадставіць традыцыйны праект рэзалюцыі «Забарона распрацоўкі і вытворчасці новых відаў зброі масавага знішчэння і новых сістэм такой зброі: даклад Канферэнцыі па раззбраенні».

Глабальны мір – гэта не дадзенасць і не опцыя, а жыццёвая неабходнасць. Да міру трэба імкнуцца праз адмову ад канфрантацыі і палітычных амбіцый, праз выпрацоўку эфектыўных і доўгатэрміновых рашэнняў у сферы міжнароднай бяспекі і раззбраення. Заклікаем усіх прытрымлівацца гэтага падыходу і ўсяляк яго падтрымліваем са свайго боку. 

Дзякуй за ўвагу.

Дыпмісіі Беларусі за мяжой

Усе дыпмісіі Замежныя дыпмісіі ў Беларусі
Перайсці

Відэа МЗС

Aрхіў

Афіцыйныя інтэрнэт-рэсурсы