Памер шрыфта:

Выступленне Міністра замежных спраў Беларусі У.Макея на другім пасяджэнні Кансультатыўнага савета па справах беларусаў замежжа (5 верасня 2016 г., г.Мінск)

Добры дзень,

Паважаныя сябры,

Шаноўнае спадарства,

Мне вельмі прыемна зноў вітаць Вас у Міністэрстве замежных спраў Рэспублікі Беларусь на другім пасяджэнні Кансультатыўнага савета па справах беларусаў замежжа. Нават калі б вы і былі б супраць, то я ўсё роўна павінен быў выступіць, таму што я з’яўляюся Старшынёй гэтага савета.

Ведаеце, пасяджэнне нашага савета, нашай арганізацыі адбываецца ў вельмі складаны час. Вы бачыце, што адбываецца навокал: у нашым  рэгіёне, у Еўропе і наогул у свеце. Шэраг пагроз, шэраг выклікаў існуюць, у тым ліку і для нашай краіны, – гэта і праблема тэрарызму, гэта і праблема міграцыі, у тым ліку нелегальнай. Вы бачыце, што адбываецца і рост ваеннай актыўнасці ў шэрагу краін, якія зноў супрацьстаяць адзін аднаму. На жаль, гэтыя краіны з’яўляюцца нашымі суседзямі. 

Наступствы фінансавага эканамічнага крызісу негатыўна ўплываюць таксама і на нашу краіну. Наш Урад, безумоўна, спрабуе выпрацаваць тыя крокі, якія змаглі б не дапусціць пагаршэнне фінансава-эканамічнага становішча нашага народа і канкрэтнага чалавека.

Многія з вас былі ўдзельнікамі чарговага пятага Усебеларускага народнага сходу, які адбыўся некалькі месяцаў таму ў Беларусі, і на якім была прынята Праграма сацыяльна-эканамічнага развіцця нашай краіны.

Літаральна, менш чым праз тыдзень у нашай краіне адбудуцца чарговыя парламенцкія выбары. Гэта вельмі важная палітычная падзея для Беларусі. Я ўпэнены, што будзе сфарміраваны новы парламент, які зробіць усё дзеля таго, каб наша краіна і далей жыла, развівалася і працвітала.

Я кажу гэта не дзеля таго, каб запалохаць вас. Я кажу гэта, каб падкрэсліць, што ўсе мы жывём у вельмі складаны час. Наша агульная, як мне бачыцца, з вамі задача заключаецца ў тым, каб зрабіць усё магчымае дзеля таго, каб захаваць нашу краіну, каб яна захавала сваю самастойнасць, суверэнітэт і дзяржаўнась. Я асабіста лічу гэта самай галоўнай задачай. Я спадзяюся, што вы падзяляеце мой пункт погляду, таму што, напэўна, лёс нашай дзяржавы турбуе ўсіх нас. Мы павінны зрабіць усё дзеля таго, каб наша дзяржава захавалася, і не толькі захавалася, але і мацнела і працвітала.

На другім пасяджэнні Кансультатыўнага савета мы збіраемся абмеркаваць вынікі сумеснай работы за мінулы пасля першага пасяджэння год, вызначыць кірункі нашай работы ў 2016–2017 гадах і знайсці механізмы для ліквідацыі магчыма тых праблем, тых недапрацовак, якія яшчэ існуюць. 

Я лічу, што галоўным станоўчым вынікам работы Міністэрства замежных спраў за мінулы год стала прыняцце Урадам Рэспублікі Беларусь падпраграмы “Беларусы ў свеце” Дзяржаўнай праграмы “Культура Беларусі” на 2016–2020 гады. Дзякуючы гэтаму новаму механізму мы ўпершыню маем магчымасць аказваць фінансавую падтрымку правядзенню мерапрыемстваў арганізацыямі суайчыннікаў за мяжой, і ўжо аказваем яе. Так, напрыклад, забяспечана фінансаванне двух мерапрыемстваў у Аргенціне і Эстоніі, якія праводзіліся сумесна з беларускімі пасольствамі ў гэтых краінах.

Акрамя гэтага механізма падпраграма ўключае 22 групы мерапрыемстваў. Не буду марнаваць час, пераказваючы гэту праграму, я ўпэўнены, што ўсе прысутныя з ёй знаёмы.

Безумоўна, адразу хачу адзначыць, што хацелася б атрымаць больш, але, на жаль, мы зыходзім з тых магчымасцей, якія рэальна існуюць. Я лічу, што сітуацыя, у тым ліку і фінансава-эканамічная, будзе паляпшацца, і мы таксама будзем мець больш магчымасцей для таго, каб арганізаваць больш актыўнае супрацоўніцтва з беларусамі замежжа.

Знакавай падзеяй ва ўмацаванні нашага ўзаемадзеяння стаў удзел больш за трыццаць прадстаўнікоў беларускай дыяспары ў пятым Усебеларускім народным сходзе, які, як я ўжо адзначыў, адбыўся ў канцы чэрвеня гэтага года.

Станоўчай адзнакі заслугоўвае агульнае супрацоўніцтва ў 2015–2016 гадах беларускіх дзяржаўных устаноў з арганізацыямі беларусаў замежжа: захоўвалася практыка накіравання за мяжу беларускіх нацыянальных касцюмаў, музычных інструментаў, кніг і падручнікаў на беларускай мове, арганізацыя пазнавальных паездак беларускай моладзі ў Беларусь, удзел вучняў гімназіі імя Францыска Скарыны г.Вільнюса ў заключным этапе рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах “Беларуская мова” і “Беларуская літаратура”, правядзенне майстар-класаў для кіраўнікоў творчых калектываў беларускай дыяспары і іншыя мерапрыемствы. Таксама адзначу пашырэнне ўдзелу прадстаўнікоў замежжа ў Міжнароднай летняй школе беларусістыкі, якая была арганізавана Рэспубліканскім інстытутам вышэйшай школы 30 чэрвеня – 15 ліпеня гэтага года ў Мінску.

За мінулы год значна актывізавалася ўзаемадзеянне арганізацый беларусаў замежжа з беларускімі замежнымі ўстановамі. Так, у большасці краін, дзе знаходзяцца вялікія беларускія суполкі, практыкавалася сумеснае правядзенне мерапрыемстваў культурнай накіраванасці, прымеркаваных да памятных дат у гісторыі Беларусі, і прыцягненне фальклорных калектываў дыяспары да ўдзелу ў правядзенні Дзён культуры Беларусі ў замежных краінах, а таксама ва ўрачыстых мерапрыемствах, якія праводзяць нашы пасольствы. Паступова ўводзілася практыка арганізацыі сустрэч беларускіх дэлегацый, якія наведвалі замежныя краіны, з прадстаўнікамі мясцовых суполак беларусаў. Працягнута работа па ўшанаванні выдатных беларускіх гістарычных асоб праз усталяванне ў замежных краінах помнікаў і памятных дошак.

Цікавым прыкладам плённага ўзаемадзеяння па захаванні беларусамі замежжа беларускай культуры і мовы ва ўмовах далёкага замежжа з’яўляецца адкрыццё класа беларускай мовы і літаратуры ў школе амерыканскага горада Сакрамэнта, якое адбылося літаральна тры тыдні таму, 17 жніўня.

Аказалася, што там знаходзіцца даволі ўплывовая беларуская дыяспара, і ёсць энтузіасты, якія згадзіліся арганізаваць такія класы. Я лічу гэта вельмі пазітыўным знакам.

Мы ведаем, што большасць арганізацый беларусаў за мяжой маюць патрэбу ў фінансавай падтрымцы.

Згодна з нацыянальным заканадаўствам мы не маем магчымасці праводзіць, скажам так, прамое фінансаванне замежных грамадскіх устаноў. Але і гэта пытанне не з’яўляецца невырашальным. Так, дзякуючы сумеснай рабоце Пасольства Беларусі ў Літве і Згуртавання беларускіх грамадскіх арганізацый Літвы, вырашаны пытанні аб выдзяленні спонсарскай дапамогі з боку літоўскіх кампаній для Згуртавання на 2015 і 2016 гады, а таксама перадачы мэрыяй г.Клайпеды для арганізацыі “Крыніца” ў карыстанне на бязвыплатных умовах асобнага памяшкання ў г.Клайпедзе і выдзяленні спонсарскай дапамогі на рамонт гэтага памяшкання.

Пашырэнне і паглыбленне прамога супрацоўніцтва паміж гэтымі арганізацыямі, размешчанымі ў розных краінах, з’яўляецца вельмі значным механізмам паляпшэння становішча арганізацый беларусаў замежжа. На жаль гэты механізм зараз не ў поўнай ступені рэалізаваны, але мы будзем і далей працаваць у гэтым кірунку.

Мы разлічваем, што нашы суайчыннікі за мяжой будуць прасоўваць не толькі беларускую культуру, але і спрыяць пашырэнню гандлёва-эканамічных сувязей. У гэтым кантэксце прыемна адзначыць дапамогу, якую аказваюць некаторыя выхадцы з Беларусі ў арганізацыі паставак прадукцыі беларускай вытворчасці за мяжу.

У мэтах пашырэння ўдзелу беларусаў замежжа ў эканамічным жыцці Беларусі, а таксама ў развіцці гандлёва-эканамічных сувязей нашай краіны з краінамі знаходжання беларускай дыяспары ў бягучым годзе быў забяспечаны ўдзел прадстаўнікоў дыяспары ў 13-м Міжнародным Гомельскім эканамічным форуме і выставе-кірмашы “Вясна ў Гомелі”. Мы плануем працягваць і пашыраць практыку запрашэння беларускіх бізнесменаў з-за мяжы для ўдзелу ў разнастайных эканамічных форумах і кірмашах, якія праводзяцца ў краіне.

Для выніковай работы Кансультатыўнага савета неабходна наладзіць і падтрымліваць трывалую сувязь паміж арганізацыямі суайчыннікаў за мяжой і Беларуссю. Найбольш зручным механізмам такой сувязі, на маю думку, павінны стаць Вашы кантакты з дыпламатычнымі прадстаўніцтвамі Беларусі за мяжой. Мы маем даволі вялікую сетку замежных устаноў і праводзім пастаянную работу па яе аптымізацыі. Толькі ў бягучым годзе Рэспубліка Беларусь адчыніла два новыя пасольствы – у Іспаніі і Грузіі. Нашы дыпламаты маюць маё асабістае ўказанне аказваць неабходную падтрымку арганізацыям беларусаў як у кантактах з дзяржаўнымі ўстановамі Рэспублікі Беларусь, так і з установамі краін акрэдытацыі.

Лічу, што неабходна пашыраць не толькі інфармаванасць грамадства краін вашага знаходжання пра беларускую культуру, але, што не менш важна, і грамадства Рэспублікі Беларусь аб культурным жыцці беларусаў замежжа. Учора вы ў якасці гасцей наведалі Дзень беларускага пісьменства ў г.Рагачове. Запрашаю вас удзельнічаць у наступным Дне беларускага пісьменства ў г.Полацку. Упэўнены, што выступленне фальклорных калектываў беларусаў замежжа ў культурнай праграме гэтага мерапрыемства выклікае зацікаўленасць і прынясе значную карысць як самому мерапрыемству, так і паляпшэнню дасведчанасці жыхароў Беларусі аб стане і развіцці культурнага жыцця суайчыннікаў за мяжой.

У наступным годзе адбудзецца чарговы сёмы З’езд беларусаў свету, арганізатарам якога традыцыйна выступае грамадскае аб’яднанне “Бацькаўшчына”. Лічу, што падрыхтоўка і правядзенне гэтага мерапрыемства стане адным з галоўных кірункаў работы ў галіне ўзаемадзеяння з суайчыннікамі за мяжой у наступным годзе.

Я сустракаўся з кіраўнікамі гэтай арганізацыі. Мы дамовіліся сустрэцца яшчэ раз для таго, каб абмеркаваць канцэпцыю падрыхтоўкі і правядзення гэтага з’езда. Я лічу, што на гэтым З’ездзе павінны быць прыняты сапраўды важныя рашэнні, якія дазволяць актывізаваць дзейнасць беларусаў замежжа.

Хачу асобна спыніцца на слушнай прапанове члена Кансультатыўнага савета прафесара Мальдзіса аб стварэнні ў сталіцы Рэспублікі Беларусь “Беларускага дома”. Падобныя структуры паспяхова функцыянуюць у шмат якіх суседніх з Беларуссю краінах. Гэта прапанова яшчэ патрабуе ўдакладнення і дэталёвай прапрацоўкі, але на дадзены момант можна меркаваць, што ў такім будынку маглі б быць размешчаны музей беларускага замежжа, арганізацыі, якія займаюцца развіццём супрацоўніцтва як з беларусамі замежжа, так і з разнастайнымі таварыствамі сяброўства, арганізацыямі замежных студэнтаў, якія навучаліся ў Беларусі. Там маглі б быць размешчаны таксама залы для правядзення канцэртаў, літаратурна-мастацкіх сустрэч, з’ездаў, канферэнцый і іншыя ўстановы роднаснага кірунку дзейнасці. У сувязі з гэтым прашу вас і вашыя ўстановы, бізнесменаў беларускага паходжання разгледзець магчымасць фінансавага ўдзелу ў рэалізацыі такога праекта. Міністэрства замежных спраў падтрымлівае гэту прапанову, і мы зробім усё магчымае дзеля таго, каб рэалізаваць гэту вельмі цікавую і слушную ідэю.

Я вельмі коратка расказаў аб пэўных выніках нашай работы за мінулы год. Безумоўна, штосьці зроблена, але я лічу, што гэтага мала, мы толькі пачалі сваю работу. Мы павінны зрабіць яшчэ больш.

Я вельмі ўважліва вывучыў вынікі нашай работы за мінулы год. Паглядзеў, якія даручэнні нашага савета, прынятыя на мінулым пасяджэнні, выкананы. Вельмі многа даручэнняў застаецца яшчэ не выкананымі. Мы будзем працаваць над гэтым.

Я хацеў бы яшчэ раз падкрэсліць, што мы сабраліся тут дзеля таго, каб яшчэ раз уважліва абмеркаваць вашы прапановы адносна таго, дзе і як мы можам зрабіць яшчэ больш, каб спрыяць устойліваму развіццю нашай краіны. 

Я буду зацікаўлены выслухаць вашы прапановы, вашы думкі, вашы погляды. Я з цікавасцю чакаю нашых дыскусій.

Дзякуй за ўвагу.

Пачынаем нашу работу.

Дыпмісіі Беларусі за мяжой

Усе дыпмісіі Замежныя дыпмісіі ў Беларусі
Перайсці

Відэа МЗС

Aрхіў

Афіцыйныя інтэрнэт-рэсурсы