Выступ Пастаяннага прадстаўніка Беларусі Л.Бельскай на Канферэнцыі па раззбраенні ААН (12 сакавіка 2026 г., г.Жэнева)
Шаноўны спадар Старшыня,
Шаноўныя калегі,
Спыненне гонкі ядзерных узбраенняў патрабуе сёння не проста палітычнай волі, але і цвярозага разумення таго, як змянілася міжнароднае асяроддзе.
Паслабленне стратэгічнай прадказальнасці становіцца важным фактарам новай ядзернай гонкі ўзбраенняў.
На працягу дзесяцігоддзяў міжнародная стабільнасць абапіралася на развітую інфраструктуру кантролю над узбраеннямі, мер даверу і верыфікацыі. Сёння гэтая інфраструктура ў значнай меры разбурана. Упершыню з пачатку 1970-х гадоў паміж дзвюма найбуйнейшымі ядзернымі дзяржавамі не засталося юрыдычна абавязальных абмежаванняў на стратэгічныя наступальныя ўзбраенні.
Праблема не толькі юрыдычная. Гэтыя рэжымы кантролю стваралі ў дзяржаў звычку да праверкі, апавяшчэнняў, інспекцый і прафесійнага дыялогу нават у перыяды рознагалоссяў. Без гэтага дзяржавы ацэньваюць ядзерныя магчымасці і намеры партнёраў, а таксама ўласныя рызыкі не праз узгодненыя працэдуры, а праз палітычныя сігналы і здагадкі, заснаваныя ў лепшым выпадку на аб'ектыўных ацэнках разведак, а ў горшым – на наўмысных правакацыях і фейках.
Дадатковую складанасць для ўтаймавання гонкі ядзерных узбраенняў сёння стварае якаснае змяненне характару самой ваеннай сілы. Гэта новыя віды ядзернай зброі, сістэмы падвойнага прызначэння, высокадакладныя няядзерныя сістэмы, ваенныя тэхналогіі шырокага профілю. Яны здольныя выклікаць стратэгічны эфект, супастаўны з ядзерным фактарам. Гіпергукавая зброя, штучны інтэлект і аўтаматызацыя скарачаюць час для асэнсавання сітуацыі, крытычнай пераправеркі фактаў і ўзважанага прыняцця рашэння чалавекам.
Сёння пытанні ядзернай бяспекі не проста востра пераплецены з праблемамі геапалітычнага суперніцтва і ідэалагічных рознагалоссяў – яны становяцца ўсё больш падпарадкаванымі ім. Інфармацыйнае асяроддзе ўзмацняе гэтыя эфекты, дазваляючы фарміраваць успрыманне крызісу хутчэй, чым спрацоўваюць механізмы верыфікацыі.
У выніку гонка ўзбраенняў у сучасных умовах развіваецца аб'ектыўна і непазбежна пад уздзеяннем дэфіцыту своечасовага адэкватнага разумення рэальнасці з-за разбурэння механізмаў праверкі і паскарэння ваенных тэхналогій.
Коратка згадаю некаторыя палітычныя аспекты, якія не могуць не выклікаць занепакоенасці.
Па-першае, гэта тэндэнцыя да расхіствання сістэмы кантролю, закладзенай у Дагаворы аб усёабдымнай забароне ядзерных выпрабаванняў.
Па-другое, небяспечнае маніпулятыўнае ўжыванне тэмы ваеннага і мірнага выкарыстання атамнай энергіі ў якасці нагоды ўзброенага ўмяшання ў справы суверэнных дзяржаў. Напады на ядзерныя аб'екты недапушчальныя.
Па-трэцяе, багаты на непрадказальныя рызыкі рост ядзерных амбіцый у некаторых дзяржаў у розных рэгіёнах свету, у тым ліку ў Еўропе.
І ўрэшце, небяспечная апантанасць мілітарызацыяй нашых асобных заходніх суседзяў. Гэтая праблема для нас асабліва адчувальная і актуальная. Беларусь размешчана паміж двума геапалітычнымі цэнтрамі сілы, калі хочаце – у цісках абвостранай дылемы бяспекі ў Еўропе і рызыкі патэнцыйнага прамога сутыкнення, а таксама ў непасрэднай блізкасці ад узброенага канфлікту на паўднёвым усходзе.
Ва ўмовах крызісу нарматыўных і інстытуцыйных асноў архітэктуры еўрапейскай бяспекі, эскалацыі ваенна-палітычнай напружанасці ў рэгіёне мая краіна вымушана прымаць дадатковыя меры па забеспячэнні нацыянальнай бяспекі, уключаючы размяшчэнне расійскай тактычнай ядзернай зброі.
Разглядаем гэта як важную гарантыю бяспекі ў рамках Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі ў выпадку знешняй агрэсіі, якая створыць крытычную пагрозу суверэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасці Беларусі. Зыходзім з таго, што гэта фактар стратэгічнага стрымлівання і гарантавання нацыянальнай бяспекі.
Думаю, што не толькі беларускае кіраўніцтва, але і ніводзін разважлівы палітык у Еўропе не хоча, каб тэрыторыя яго краіны ператварылася ў зону новага, тым больш ядзернага канфлікту.
Шаноўныя калегі,
Сёння, пэўна, ні ў кога няма чароўнага рэцэпту, як прадухіліць гонку ядзерных узбраенняў і трывала стаць на шлях ядзернага раззбраення. Аднак усе разумеюць неабходнасць сумесных намаганняў на гэтым напрамку.
Задача вядучых ядзерных дзяржаў і міжнароднай супольнасці ў цэлым – гэта не толькі абмеркаванне колькасных параметраў узбраенняў і падыходаў да іх скарачэння, але галоўнае – гэта пошук кропак судакранання насуперак рознагалоссям. Гэта аднаўленне стратэгічнай адказнасці і ўзаемадзеяння для максімальна аб'ектыўнай ацэнкі рызык і іх зніжэння.
Хацелася б верыць, што Канферэнцыя па раззбраенні зможа адыграць пазітыўную ролю ў гэтых працэсах.
Таксама надаем важнае значэнне маючай адбыцца Агляднай канферэнцыі Дагавора па нераспаўсюджанні ядзернай зброі, які застаецца асноватворным дакументам у сферы ядзернага раззбраення і нераспаўсюджвання.
Паўсталы вакуум супрацоўніцтва і даверу не павінен замацавацца як новая норма. Чым хутчэй ён будзе запоўнены новымі двухбаковымі і шматбаковымі дамоўленасцямі, здольнымі аднавіць мінімальны ўзровень прадказальнасці, логіку ўзаемаразумення і ўзаемнай адказнасці, тым далей будзе свет ад пагрозы ядзернай вайны.
Дзякую за ўвагу.
Афіцыйныя інтэрнэт-рэсурсы
Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь
www.president.gov.byСавет Міністраў Рэспублікі Беларусь
www.government.gov.byСавет Рэспублікі
www.sovrep.gov.byПалата Прадстаўнікоў
www.house.gov.byМіжнародны ІКТ-Форум ТІБО-2022
www.tibo.byПрававы форум Беларусі
www.forumpravo.byТэлеканал «Беларусь 24»
www.belarus24.byРадыёстанцыя «Беларусь»
www.radiobelarus.byБеларуская універсальная таварная біржа
www.butb.byНацыянальнае агенцтва па турызму
www.belarustourism.byНацыянальнае агенцтва інвестыцый і прыватызацыі
www.investinbelarus.byНацыянальны цэнтр заканадаўства і прававой інфармацыі
www.center.gov.byАфіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
www.belarus.by