Памер шрыфта:

Прывітальнае слова Міністра замежных спраў Рэспублікі Беларусь У.Макея на ўрачыстай цырымоніі адкрыцця новага будынка Апостальскай Нунцыятуры ў г.Мінску і 25-годдзя з дня ўстанаўлення дыпламатычных адносін паміж Рэспублікай Беларусь і Святым Прастолам (4 кастрычніка 2017 г., г.Мінск)

Ваша Экселенцыя паважаны арцыбіскуп cпадар Бечу,

Ваша Экселенцыя спадар Апостальскі Нунцый,

Вашыя Экселенцыі кіраўнікі рэлігійных канфесій у Беларусі, кіраўнікі дыпламатычнага корпусу,

Шаноўнае спадарства!

Хацеў бы шчыра вітаць усіх удзельнікаў сённяшняга ўрачыстага мерапрыемства – адкрыцця новага будынка Апостальскай Нунцыятуры ў Рэспубліцы Беларусь.

У першую чаргу хацеў бы шчыра павіншаваць спадара Апостальскага Нунцыя і яго супрацоўнікаў з гэтай сапраўды важнай і знаменальнай падзеяй, таму што калектыў пад яго кіраўніцтвам будзе працаваць у гэтым выдатным будынку, у гэтых выдатных памяшканнях. Я спадзяюся, што гэта будзе вельмі плённая праца. 

За чвэрць стагоддзя наладжаны давяральны, адкрыты дыялог, спраўдзіўся абмен візітамі на розных узроўнях, і нам было вельмі яскрава паказана гэта ў прадстаўленым дакладзе.

Мы высока ацэньваем вынікі візіту Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у Ватыкан у маі мінулага года і яго сустрэчу з Папам Францыскам.

Сапраўды, як было тут адзначана, Беларусь разглядае Ватыкан як важнага партнёра, у тым ліку з пункту гледжання нашага ўзаемадзеяння з іншымі краінамі і рознымі міжнароднымі арганізацыямі.

Што нас збліжае? Нас збліжаюць практычна аднолькавыя падыходы да вырашэння тых пытанняў, якія сёння турбуюць увесь свет. А гэта пытанні захавання міру і бяспекі, гэта пытанні захавання сацыяльнай справядлівасці  і іншыя. І мы разам працуем і над захаваннем традыцыйных каштоўнасцей.

Усе добра ведаюць, што каталіцызм з’яўляецца адной з галоўных рэлігійных канфесій у Беларусі. На працягу стагоддзяў у Беларусі мірна суіснавалі і, я ўпэўнены, будуць суіснаваць і развівацца ўсе рэлігійныя канфесіі, фарміруючы тым самым своеасаблівы, адметны воблік, культурны вопыт нашай краіны. Мір і спакой у грамадстве – гэта, хачу шчыра прызнацца, прадмет нашага  гонару, але адначасова і важкі ўнёсак Беларусі ў захаванне міру і бяспекі ў свеце.

І мы ўдзячны Рымска-каталіцкай царкве за яе ўзважаны  падыход да захавання міжканфесійнай згоды ў Беларусі, за яе імкненне вырашаць магчымыя пытанні шляхам дыялогу, для якога характэрны ўзаемная павага і паразуменне.

Удзел у сягонняшнім урачыстым мерапрыемстве намесніка Дзяржаўнага сакратара Ватыкана сведчыць аб той увазе, якую надае Ватыкан развіццю адносін з Беларуссю, аб тым высокім узроўні нашых адносін.

Я ўпэўнены, што і наступная чвэрць стагоддзя а, магчыма і больш – наступнае стагоддзе – нашы адносіны будуць развівацца ва ўсіх сферах і ва ўсіх накірунках.

Хацеў бы шчыра павіншаваць усіх нас з гэтай падзеяй – адкрыццём новага будынка Апостальскай нунцыятуры, амбасады Святога Пасаду і пажадаць усім прысутным моцнага здароўя, шчасця, плёну і дабрабыту.

Хацеў бы пажадаць Апостальскаму Нунцыю і яго калектыву таксама плённай працы ў гэтых сценах, каб тут нараджаліся новыя стваральныя ідэі, якія надалей будуць спрыяць развіццю  Беларусі і Святога Пасаду.

Дзякуй за ўвагу!

Дыпмісіі Беларусі за мяжой

Усе дыпмісіі Замежныя дыпмісіі ў Беларусі
Перайсці

Відэа МЗС

Aрхіў

Афіцыйныя інтэрнэт-рэсурсы