Памер шрыфта:

Інтэрв'ю Надзвычайнага і Паўнамоцнага Пасла Рэспублікі Беларусь у Сербіі Уладзіміра Чушава газеце «Звязда» (6 чэрвеня 2015 г.)

Госць «Звязды» — Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Рэспублікі Беларусь у Сербіі Уладзімір Чушаў. Гутарка з ім супала з маючым адбыцца візітам у Беларусь Старшыні Народнай скупшчыны Сербіі Маі Гойкавіч.

— У найбліжэйшы час запланаваны візіт кіраўніка парламента Сербіі ў Беларусь. Што, на Ваш погляд, сербскі бок чакае ад гэтага візіту?

— Візіт Маі Гойкавіч, Старшыні Народнай Скупшчыны Сербіі, як называецца сербскі парламент, з’явіцца лагічным працягам двухбаковага дыялогу на вышэйшым і высокім узроўнях. У 2013-2014 гадах адбыліся афіцыйныя візіты кіраўнікоў дзяржаў і міністраў замежных спраў нашых краін.

Надышоў час і для сустрэч старшыняў парламентаў, што будзе азначаць павышэнне ўзроўню ўжо існуючага міжпарламенцкага дыялогу.

Хачу адзначыць, што гэта першы ў гісторыі беларуска-сербскіх адносін візіт на ўзроўні спікера парламента.

Думаю, што сербскі бок, як і беларускі, чакае ад гэтага візіту важнага імпульсу для актывізацыі і далейшага развіцця кантактаў і ўзаемадзеяння дэпутатаў Беларусі і Сербіі для павышэння эфектыўнасці супрацоўніцтва вышэйшых заканадаўчых органаў. Абмен досведам заканатворчасці будзе садзейнічаць павышэнню якасці законаў, якія прымаюцца, а вопыт міжнародных сувязяў у розных інтэграцыйных утварэннях паслужыць лепшаму паразуменню паміж народнымі выбраннікамі нашых дружалюбных краін.

— Беларусь апошнім часам зрабіла мноства дастаткова эфектыўных крокаў па пашырэнні кантактаў з Еўропай. Якое месца Сербіі ў гэтых працэсах?

— Сербія з’яўляецца кандыдатам у члены Еўрасаюза, і яе натуральным жаданнем з’яўляецца хутчэйшае ўступленне ў гэтае міждзяржаўнае ўтварэнне. Становішча Сербіі як кандыдата дастаткова ўразлівае. Яна залежыць не толькі ад пазіцыі Еўракамісіі і іншых інстытутаў ЕС, але і ад меркавання асобных дзяржаў-членаў Еўрасаюза.

Бялград прыняў на сябе шэраг абавязацельстваў, у тым ліку ўзгадняць сваю знешнюю палітыку з ЕС. Аднак Сербія хоць і вымушана далучылася да аднабаковых абмежавальных мер Еўрасаюза ў дачыненні да Беларусі, але на практыцы робіць выключэнні з гэтых абмежаванняў. Прэзідэнт Сербіі Таміслаў Нікаліч шчыра стараецца падтрымліваць і пашыраць кантакты з нашай краінай, у сакавіку 2013 года ён нанёс афіцыйны візіт у Беларусь і прыняў з візітам у адказ кіраўніка беларускай дзяржавы ў Бялградзе ў чэрвені мінулага года.

У кантактах з прадстаўнікамі Еўрасаюза нашы сербскія сябры выступаюць за развіццё ўзаемавыгадных адносін з Беларуссю. Гэтую лінію Сербія праводзіць і на пляцоўцы АБСЕ, дзе старшынюе сёлета. Па парламенцкай лініі Сербія з’яўляецца назіральнікам у АДКБ. Спадзяюся, што візіт спадарыні Маі Гойкавіч паслужыць прыкладам і сігналам да развіцця супрацоўніцтва з Беларуссю іншым еўрапейскім парламентам і дэпутатам.

— У Беларусі і Сербіі багатыя гістарычныя, культурныя стасункі. Мы пра гэта ўжо размаўлялі ў адным з вашых інтэрв’ю «Звяздзе»… Што сёння складае прыярытэт у адносінах з Сербіяй?

— Безумоўна, прыярытэт складаюць гандаль, вытворчая кааперацыя, інвестыцыйнае супрацоўніцтва. За апошнія 5 гадоў беларускі экспарт у Сербію вырас у 4,5 раза, таксама павялічыўся і таваразварот, што сведчыць аб збалансаванасці і двухбаковага гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва, якое носіць, такім чынам, узаемавыгадны характар.

У беларускім экспарце Сербія перамясцілася з 45-га на 25-е месца па выніках мінулага года, што пераканаўча сведчыць аб праведзенай бакамі працы.

Тут задзейнічаны такія інструменты, як міжурадавая беларуска-сербская камісія па гандлёва-эканамічным супрацоўніцтве, 8-е пасяджэнне якой праведзена ў лютым г.г. у Бялградзе, дзелавы савет гандлёва-прамысловых палат, працоўныя групы па транспарце і сельскай гаспадарцы, а таксама міжурадавая змяшаная камісія па навукова-тэхнічным супрацоўніцтве.

Сербскія інвестары і прадпрымальнікі рэалізуюць у Беларусі шэраг інвестыцыйных праектаў, у сталіцы гэта «Маяк Мінска» і «Мінск-Мір». Беларускі інвестар праяўляе цікавасць да праекта ў Сербіі з прадпрыемствам па выпуску аўтакампанентаў «Петар Драпшын».

Бязвізавы рэжым і рэжым свабоднага гандлю паміж нашымі краінамі, безумоўна, спрыяюць дасягненню станоўчых вынікаў супрацоўніцтва.

— Напрыклад, у адносінах Беларусі з Кітаем, а раней — з Расіяй, вялікую ролю адыгрывае міжрэгіянальнае супрацоўніцтва. Ці робіцца штосьці ў гэтым плане ў стасунках Беларусі і Сербіі?

— Вядома, трэба ўлічваць, што Сербія — невялікая краіна з насельніцтвам каля 7 мільёнаў чалавек (не лічачы аўтаномнага края Косава і Мятохіі), яе рэгіёны не могуць параўнацца з расійскімі або кітайскімі па маштабе і патэнцыялу супрацоўніцтва. Акрамя гэтага, Сербія — унітарная краіна, і сербскія раёны і гарады не маюць столькі паўнамоцтваў, колькі яны маюць у федэратыўных дзяржавах. Акрамя гэтага, у сербскага боку нярэдка прысутнічае і некаторая адчувальнасць да развіцця міжрэгіянальнага супрацоўніцтва, звязаная з болем ад аддзялення Косава і Мятохіі, супраць якога Сербія змагаецца, у тым ліку пры падтрымцы Беларусі і іншых краіны СНД, Еўропы і свету.

Між тым у апошнія гады ўдалося актывізаваць супрацоўніцтва паміж цэлым шэрагам рэгіёнаў Беларусі і Сербіі. Наладжаны і развіваюцца кантакты ў фармаце партнёрскіх і пабрацімскіх сувязяў паміж гарадамі Мінск і Бялград, Магілёў і Крагуевац, Гомель і Новы Сад, Гродна і Кралёва, Барысаў і Пажарэвац, Заслаўе і Топала, Баранавічы і Чачак, паміж Нясвіжскім раёнам і абшчынай Земун. Падпісаны дагавор паміж Мінскім аддзяленнем БелГПП і ГПП Ваяводзіны.

Гарады-партнёры абменьваюцца дэлегацыямі дзелавых колаў і адміністрацый, арганізуюць выступленні творчых калектываў. Узаемадзейнічаюць гандлёва-прамысловыя палаты.

Думаю, лагічным крокам наперад было б фарміраванне ў будучыні Асацыяцыі пародненых і партнёрскіх гарадоў Беларусі і Сербіі.

На перспектыву прапрацоўваецца магчымасць падпісання пагадненняў аб супрацоўніцтве паміж Віцебскам і Нішам, Брэстам і Субоціцай, Бабруйскам і Крушэўцам, Полацкам і Срэмскай Мітравіцай, Маладзечнам і Вальевам, Салігорскам і Ягодзінай, Жлобінам і Смядзеравам, Мазыром і Вршоцам, а таксама Гомельскай вобласцю і Аўтаномным краем Ваяводзіна.

Акрамя таго, хачу адзначыць, што нацыянальныя акадэміі навук і 8 універсітэтаў дзвюх краін звязаны зараз пагадненнямі аб супрацоўніцтве.

Важным вынікам дзейнасці пасольства стала таксама тое, што пачалі працу ганаровыя консулы Рэспублікі Беларусь у г. Бялградзе (Драгамір Карыч), Аўтаномным краі Ваяводзіна (Драгалюб Швоня), Шумадзійскім рэгіёне (Зоран Вулавіч).

— А якія культуралагічныя праекты ў планах беларускага пасольства ў Сербіі?

— У найбліжэйшых планах пасольства — арганізацыя сумесна з сербскімі партнёрамі з Усеславянскага літаратурнага саюза мерапрыемства, прысвечанага беларускай паэзіі з акцэнтам на кнігу «Анталогія беларускай паэзіі» на сербскай мове, складзеную прафесарам БДУ Іванам Чаротай, які з’яўляецца членам Сербскай акадэміі навук і мастацтваў.

Дарэчы, па ініцыятыве пасольства Усеславянскі літаратурны саюз падпісаў дагавор аб супрацоўніцтве з Саюзам пісьменнікаў Беларусі. Беларускія мастакі штогод удзельнічаюць традыцыйных пленэрах у Сербіі. Пры падтрымцы пасольства рыхтуецца да падпісання дагавор аб супрацоўніцтве нацыянальных інфармагенцтваў — БелТА і ТАНЮГ, розныя каналы беларускага тэлебачання — частыя госці ў Сербіі, а сербы ўжо сталі традыцыйнымі ўдзельнікамі мінскіх медыяфорумаў, фестываляў «Славянскі базар», «Лістапад», «Сожскі карагод».

На восень намечана экспазіцыя ў Сербіі беларускай фотавыставы, прысвечанай нашаму ўдзелу ў Першай сусветнай вайне. У нас яшчэ пакуль мала ведаюць і пішуць пра гэту вайну, мабыць, у сувязі з некаторымі балючымі ўспамінамі аб тым, як яна скончылася, — аднятай перамогай, крахам Расійскай імперыі, Брэсцкім мірам са стратай часткі тэрыторый. Сербы, наадварот, ганарацца Першай сусветнай вайной, па пераможных выніках якой было створана Каралеўства Югаславія, праводзяць шмат памятных мерапрыемстваў з нагоды 100-годдзя з пачатку вайны. Думаю, што выстава «Беларусь у Першай сусветнай вайне» прыцягне ўвагу сербскай грамадскасці.

У планах пасольства — арганізаваць сумесна з Нацыянальнай бібліятэкай Сербіі акцыю «100 кніг Беларусі для Сербіі». Магчыма, мы яе прымяркуем да штогадовай найбуйнейшай на Балканах Міжнароднай кніжнай выставы-кірмашу ў Бялградзе ў кастрычніку, якая сёлета будзе юбілейнай — 60-й. Упэўнены, што Беларусь будзе годна на ёй прадстаўлена.

Акрамя іншага, прапрацоўваем пытанні ўдзелу нашых прадстаўнікоў у 55-м Міжнародным фестывалі трубачоў у Гучы, а таксама беларускага калектыву ў 46-м Міжнародным дзіцячым фестывалі «Радасць Еўропы» ў Бялградзе.

Прыемна адзначыць, што сумеснымі намаганнямі пакладзены пачатак супрацоўніцтву акадэмій МУС і ваенных акадэмій Беларусі і Сербіі.

У год 70-годдзя Вялікай Перамогі пасольствам праведзена некалькі юбілейных мерапрыемстваў, а таксама з выкарыстаннем спіса Міністэрства абароны Беларусі ідэнтыфікаваны пахаванні ў Бялградзе трох савецкіх воінаў — выхадцаў з Беларусі, якія па-геройску загінулі пры вызваленні Югаславіі. Хацеў бы скарыстацца выпадкам і звярнуцца са старонак газеты з просьбай адгукнуцца да сваякоў радавога Цімафеева Васіля Апалонавіча, ураджэнца г. Віцебска; лейтэнанта Асіпоўскага Аляксандра Міхайлавіча, ураджэнца г. Орша; старшага лейтэнанта Саламахі Дзмітрыя Ільіча, ураджэнца Баярскага сельсавета Полацкага раёна (на мемарыяле пазначана званне капітана). Заўважу, што сваякі палеглага ў баі за вызваленне Бялграда беларуса капітана А.П. Дуброўскага ўжо двойчы наведвалі Сербію.

Я вельмі ўдзячны газеце і выдавецкаму дому «Звязда» за пастаянны інтарэс да будняў беларускай дыпламатыі, а таксама да Сербіі. Спадзяюся, што і надалей ваша аўтарытэтнае выданне будзе публікаваць матэрыялы пра гэту славянскую і праваслаўную краіну, з якой у нас ёсць шмат агульнага, і пра пашырэнне ў ёй беларускай прысутнасці.

Дыпмісіі Беларусі за мяжой

Усе дыпмісіі Замежныя дыпмісіі ў Беларусі
Перайсці

Відэа МЗС

Aрхіў

Афіцыйныя інтэрнэт-рэсурсы