Інтэрв'ю Надзвычайнага і Паўнамоцнага Пасла Рэспублікі Беларусь у Малдове Сяргея Чычука Беларускаму тэлеграфнаму агенцтву (15 ліпеня 2015 г.)
У Беларусі 16-17 ліпеня чакаюць з афіцыйным візітам Прэзідэнта Малдовы Мікалая Цімофці. Разам з афіцыйнай малдаўскай дэлегацыяй на беларускую зямлю прыедуць і прадстаўнікі дзелавых колаў. Абмеркаванню перспектыўных напрамкаў развіцця ўзаемадзеяння прысвечаны шаснаццатае пасяджэнне Міжурадавай беларуска-малдаўскай камісіі па гандлёва-эканамічным супрацоўніцтве і бізнес-форум. Напярэдадні перагавораў на вышэйшым узроўні аб чаканнях ад візіту ў інтэрв'ю карэспандэнту БЕЛТА расказаў Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Беларусі ў Малдове Сяргей Чычук.
- Як бы Вы ахарактарызавалі ўзаемаадносіны Беларусі і Малдовы на цяперашнім этапе, што звязвае нашы краіны?
- Нягледзячы на адсутнасць агульных граніц паміж Беларуссю і Малдовай, нашы двухбаковыя адносіны вызначаюцца трывалым і актыўным характарам і маюць даўнюю гісторыю. У Беларусі да гэтага часу помняць, што малдаўская дружына прыйшла на дапамогу нашым продкам у вялікай Грунвальдскай бітве супраць Тэўтонскага ордэна ў 1410 годзе. Тысячы беларусаў былі пахаваны ў малдаўскай зямлі ў Першую сусветную вайну. І ў Другой сусветнай вайне нашы дзяды стаялі плячо ў плячо ў барацьбе супраць фашысцкіх захопнікаў.
У час СССР кантакты і абмены паміж нашымі народамі набылі рэгулярны характар ва ўсіх сферах: ад прамысловасці і сельскай гаспадаркі да навукі, культуры, міжасобасных сувязей.
Пасля дасягнення незалежнасці Беларусь і Малдова прадаўжалі няўхільна пашыраць і ўмацоўваць узаемадзеянне. Візіт Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі ў Малдову ў верасні 2014 года прыкметна ўмацаваў двухбаковы палітычны дыялог, надаў адчувальны імпульс гандлёва-эканамічнаму супрацоўніцтву. У пэўным сэнсе гэты візіт меў больш шырокае канцэптуальнае значэнне: кіраўнікі дзяржаў Беларусі і Малдовы, адна з якіх з'яўляецца ўдзельніцай еўразійскага, а другая — еўрапейскага інтэграцыйных працэсаў, заявілі аб намеры супрацоўнічаць на карысць народаў дзвюх краін. Гэта практычны крок у рэалізацыі ідэі Прэзідэнта Беларусі аб «інтэграцыі інтэграцый» ад Атлантыкі да Уладзівастока. Фактычна заклік адмовіцца ад проціпастаўлення двух інтэграцыйных працэсаў на еўрапейскім кантыненце.
Упэўнены, што афіцыйны візіт у адказ Прэзідэнта Малдовы Мікалая Цімофці ў Беларусь будзе садзейнічаць умацаванню існуючых пазітыўных тэндэнцый.
- Крызісныя працэсы ў сусветнай эканоміцы і розныя рэгіянальныя фактары, безумоўна, уплываюць на ўзровень і магчымасці гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва. Як на гэтым фоне развіваюцца двухбаковыя эканамічныя кантакты?
- Гандлёва-эканамічнае супрацоўніцтва Беларусі і Малдовы развіваецца даволі інтэнсіўна. Уявіце сабе: краіна з насельніцтвам 3,6 млн чалавек з'яўляецца 4-м у СНД гандлёва-эканамічным партнёрам Беларусі (пасля Расіі, Украіны і Казахстана) і 14-м сярод краін свету. Толькі за апошнія пяць гадоў тавараабарот вырас больш як на 65 працэнтаў і перасягнуў $400 млн.
Беларусь для Малдовы — буйнейшы спажывец вінаробнай і плодаагародніннай прадукцыі: больш за 40 працэнтаў экспарту малдаўскіх вінных заводаў і амаль чвэрць экспартуемых фруктаў і агародніны былі накіраваны ў Беларусь у мінулым годзе.
Важна, што мы не проста гандлюем, пастаўляючы ў Малдову трактары, тралейбусы, грузавыя аўтамабілі, бытавую тэхніку, нафтапрадукты і іншыя тавары. Актыўна развіваецца кааперацыйнае супрацоўніцтва: у Кішынёве арганізаваны сумесныя вытворчасці беларускіх тралейбусаў і трактароў. Вядзецца прапрацоўка зборкі аўтобусаў МАЗ у Малдове і сумеснай вытворчасці пеністых і ціхіх він у Беларусі.
Так, сёння на ўсходзе Еўропы склалася складаная сітуацыя, якая стварыла сур'ёзныя эканамічныя цяжкасці для ўсіх краін рэгіёна. Як пасол у Малдове скажу, што краіна перажывае не лепшы час. У студзені-маі бягучага года малдаўскі экспарт скараціўся на 16,2 працэнта, імпарт — на 22 працэнты, імпарт з краін СНД — на 25,6 працэнта.
- Як у гэтых умовах рухацца далей, у чым вы бачыце патэнцыяльныя кропкі росту? І ў цэлым, якой практычнай аддачы варта чакаць ад візіту?
- У такіх умовах пошук новых шляхоў і ўдасканаленне традыцыйных форм супрацоўніцтва — адзін з дзейсных спосабаў вырашэння праблемы. Менавіта ў гэтым духу ў Мінску праводзіцца 16-е пасяджэнне Беларуска-малдаўскай міжурадавай камісіі па гандлёва-эканамічным супрацоўніцтве. Сярод разглядаемых напрамкаў сумеснай работы — паглыбленне вытворчай кааперацыі, сумесны ўдзел у праектах мадэрнізацыі транспарту і дарожнай інфраструктуры, будаўніцтва малочнатаварных ферм, узаемныя пастаўкі новых відаў прадукцыі.
Ужо дасягнута дамоўленасць аб пастаўцы ў Кішынёў 20 дадатковых машынакамплектаў тралейбусаў «Белкамунмаш» для зборкі ў 2015 годзе. Падрыхтаваны да падпісання кантракт паміж СП «Белюкс» і СП ГД «Керамін — Кішынёў» на пастаўку ў Малдову мэблі для ванных пакояў. Падрыхтаваны двухбаковыя дакументы паміж Мінпрамам Беларусі і Мінэканомікі Малдовы, а таксама горадам Кішынёвам аб супрацоўніцтве па арганізацыі зборкі аўтобусаў МАЗ у сталіцы Малдовы.
Як бачыце, планы маштабныя, сур'ёзныя. І з абодвух бакоў ёсць цвёрдая рашучасць сумесна дабіцца іх рэалізацыі. Гэтыя і іншыя пытанні будуць дэталёва разгледжаны ў час беларуска-малдаўскага бізнес-форуму.
- У развіцці супрацоўніцтва з замежнымі краінамі Беларусь традыцыйна надае вялікае значэнне міжрэгіянальнаму ўзаемадзеяню. Як вядзецца гэта работа ў прымяненні да Малдовы?
- Сапраўды, значная роля ў пашырэнні і паглыбленні міжнародных сувязей Беларусі адводзіцца міжрэгіянальнаму супрацоўніцтву. Хачу адзначыць, што ўзаемадзеянне паміж рэгіёнамі Беларусі і Малдовы грунтуецца на саліднай дагаворна-прававой базе. Паміж гарадамі і раёнамі нашых краін ужо заключана больш за 20 пагадненняў аб супрацоўніцтве. На рэгулярнай аснове праводзіцца абмен дэлегацыямі паміж рэгіёнамі Беларусі і Малдовы. Бакі ўдзельнічаюць у выстаўках і фестывалях на тэрыторыі адзін аднаго. Асаблівай папулярнасцю карыстаецца выстаўка «Гомельская вясна».
Апошнія гады выклікае задавальненне актыўная работа Аўтаномнага тэрытарыяльнага ўтварэння Гагаузія па ўмацаванні супрацоўніцтва з рэгіёнамі Беларусі. У развіццё пагаднення аб супрацоўніцтве паміж Магілёўскай вобласцю і Гагаузіяй рэгіёны падрыхтавалі план дзеянняў на 2015-2017 гады. Падпісваецца таксама пагадненне аб супрацоўніцтве паміж Мінскім аблвыканкамам і Адміністрацыяй Гагаузскай аўтаноміі.
Мы будзем усяляк падтрымліваць такую актыўнасць з боку іншых рэгіёнаў Беларусі і Малдовы. Дарэчы, цяпер у Малдове знаходзіцца дэлегацыя Быхаўскага райвыканкама Гомельскай вобласці. Таму інтарэс з абодвух бакоў ёсць, трэба толькі дабівацца канкрэтнай работы і практычнай аддачы ад рэгіянальнага ўзаемадзеяння.
- Добрыя адносіны паміж народамі — гэта не толькі палітыка і гандаль. У немалой ступені гэтаму садзейнічаюць і моцныя сувязі ў сферы культуры
- Прыемна адзначыць, што адно з вераснёўскіх рашэнняў прэзідэнтаў Беларусі і Малдовы аб развіцці культурнага супрацоўніцтва ўжо атрымала рэальнае ўвасабленне. Міністэрствы культуры дзвюх краін дасягнулі пагаднення аб правядзенні Дзён культуры Беларусі ў Малдове ў канцы верасня — пачатку кастрычніка бягучага года. У маі-чэрвені 2016 года Дні культуры Малдовы будуць праведзены ў Беларусі.
Сярод грамадзян Малдовы ёсць немалы інтарэс да Беларусі, яе культуры, гісторыі. Гэтымі днямі ў нашым пасольстве ў Кішынёве прайшла сустрэча з дырэктарам гагаузскага нацыянальнага драматычнага тэатра — размова ішла аб супрацоўніцтве, аб кантактах.
Нацыянальная бібліятэка Беларусі перадала камплект кніг для бібліятэкі Цэнтра беларускай культуры імя Янкі Купалы ў Кішынёве. Міністэрства інфармацыі Беларусі таксама накіравала кнігі і матэрыялы для беларускага Цэнтра. Цікавасць ёсць, і мы будзем усяляк развіваць гэты напрамак.
Афіцыйныя інтэрнэт-рэсурсы
Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь
www.president.gov.byСавет Міністраў Рэспублікі Беларусь
www.government.gov.byСавет Рэспублікі
www.sovrep.gov.byПалата Прадстаўнікоў
www.house.gov.byМіністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь
www.mininform.gov.byТэлеканал «Беларусь 24»
www.belarus24.byРадыёстанцыя «Беларусь»
www.radiobelarus.byПрававы форум Беларусі
www.forumpravo.byБеларуская універсальная таварная біржа
www.butb.byНацыянальнае агенцтва па турызму
www.belarustourism.byНацыянальнае агенцтва інвестыцый і прыватызацыі
www.investinbelarus.byНацыянальны цэнтр заканадаўства і прававой інфармацыі
www.center.gov.byАфіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
www.belarus.by