Памер шрыфта:

Інтэрв’ю начальніка галоўнага ўпраўлення шматбаковай дыпламатыі Міністэрства замежных спраў Беларусі, адказнага сакратара Нацыянальнай камісіі па справах ЮНЕСКА Юрыя Амбразевіча газеце “Звязда” (3 лютага 2015 г.)

Спадчына нацыянальная становіцца спадчынай сусветнай

Ці верагодна далейшае пашырэнне Спісу сусветнай спадчыны?

Мінулы год быў юбілейным для супрацоўніцтва нашай краіны з ЮНЕСКА – адзначалася 60-годдзе членства Беларусі ў гэтай арганізацыі. Пра тое, як сёння развіваецца ўзаемадзеянне з ЮНЕС­КА, якія нашы прыродныя і архітэктурныя славутасці маюць рэальныя шанцы ў хуткім часе папоўніць Спіс сусветнай спадчыны і ці ёсць нейкія зрухі ў пошуках крыжа Еўфрасінні Полацкай, нам расказаў Юрый АМБРАЗЕВІЧ, начальнік галоўнага ўпраўлення шматбаковай дыпламатыі Міністэрства замежных спраў, адказны сакратар Нацыянальнай камісіі па справах ЮНЕСКА.

– У папярэднім спісе сусветнай культурнай і прыроднай спадчыны нашай краіны налічваецца 10 нацыянальных аб’ек­таў. Што перашкаджае іх уключэнню ў асноўны спіс? Які з аб’ектаў можа ўвайсці туды ў бліжэйшыя гады?

– Працэдура ўключэння нацыянальнага аб’екта ў Спіс сусветнай спадчыны ЮНЕСКА прадугледжвае, што ён павінен не менш за год знаходзіцца ў папярэднім спісе. Нацыянальная частка ў ім, якая дагэтуль уключала 10 аб’ектаў, не пераглядалася з 2004 года і, у адпаведнасці з правіламі ЮНЕСКА, цяпер аднаўляецца. Міністэрства культуры нашай краіны сумесна з іншымі зацікаўленымі бакамі займаецца гэтым. Новы папярэдні спіс будзе ўключаць пяць аб’ектаў. Гэа нам дазволіць сфакусіраваць нашы намаганні на падрыхтоўцы якасных наменацыйных заяў і іх прасоўванні ў Спіс сусветнай спадчыны. Два з іх — «Матэрыяльнае ўвасабленне духоўнай спадчыны святой Еўфрасінні Полацкай» і «Аўгустоўскі канал — твор чалавека і прыроды» — сумесна з Рэспублікай Польшча плануецца ўнесці ў асноўны спіс на працягу 2015-2016 гадоў.

Пытанне ўнясення аб’ектаў у спіс — працэс доўгі і комплексны. Па-першае, неабходна падрыхтаваць на нацыянальным узроўні намінацыйнае дасье з улікам кансультацый экспертаў ЮНЕСКА, па-другое, кожная краіна мае права штогод уносіць толькі адну заяву. Трэба таксама ўлічваць сённяшнія жорсткія тэндэнцыі ў ЮНЕСКА наконт далейшага пашырэння спіса. Лічыцца, што спіс, які сёння ўключае 1007 сусветных аб’ектаў, вельмі «раздуты» і яго паступова трэба «закрываць». Гэтыя падыходы значна ўскладняюць працэс прасоўвання нашага дасье.

– Наколькі мне вядома, некаторым аб’ектам з папярэдняга спіса, у прыватнасці, Барыса­глебскай царкве, патрабуецца рэстаўрацыя – калі яна будзе праведзена і праведзена так, каб будынак не страціў сваёй аўтэнтычнасці і гісторыка-культурнай каштоўнасці, то ёсць рэальныя шанцы на ўключэнне яго ў Спіс аб’ектаў сусветнай спадчыны. Аднак такіх майстроў і тэхналогій у нашай краіне няма. Якія намаганні прыкладаюць беларускія дыпламаты, каб прыцягнуць у нашу краіну патрэбных прафесіяналаў або хаця б экспертаў з адпаведнай камісіі ЮНЕСКА для кансультацыі?

– Пры разглядзе ўсіх гэтых пытанняў неабходна аб’яднаць намаганні ўсіх зацікаўленых — заканадаўцаў, экспертаў, рэстаўратараў і дыпламатаў.

Безумоўна, стан аб’екта мае значэнне пры падрыхтоўцы дасье. Але прыняцце рашэння адносна рэстаўрацыі аб’ектаў, якія адносяцца да гісторыка-культурнай спадчыны, заўсёды выклікае шмат пытанняў. Праблема ў неабходнасці высокапрафесійных спецыялістаў, фінансавых сродкаў, а таксама заканадаўчых умовах, бо сапраўды, рэстаўрацыя будынка не павінна прывесці да страты ім сваёй аўтэнтычнасці і каштоўнасці. Тут нам вельмі дапамагаюць міжнародныя эксперты. Хацеў бы згадаць міжнародны навукова-практычны семінар «Інтэграцыйны падыход у кіраванні аб’ектамі сусветнай спадчыны», які адбыўся ў нашай краіне восенню гэтага года. У ім прынялі ўдзел спецыялісты з Арменіі, Азербайджана, Літвы, Расіі, Украіны і іншых краін. Удзельнікі семінара не толькі абмеркавалі няпростыя пытанні, звязаныя з захаваннем і рэстаўрацыяй аб’ектаў гісторыка-культурнай спадчыны, але і наведалі беларускі аб’ект сусветнай спадчыны – Нясвіж. Вынікі семінара былі накіраваны ў Цэнтр сусветнай спадчыны ЮНЕСКА. Такім чынам мы ўзаемадзейнічаем з ЮНЕСКА ў рэгіянальным вымярэнні.

– Якую ролю ўвогуле адыгрываюць дыпламатычныя кантакты ў тым, каб аб’ект быў уключаны ў Спіс сусветнай спадчыны?

– Калі ідзе гаворка пра ЮНЕСКА, перш за ўсё мы павінны вызначыць ролю Нацыянальнай камісіі па справах ЮНЕСКА, якая каардынуе супрацоўніцтва нашай краіны з гэтай арганізацыяй. У камісію на чале з міністрам замежных спраў Уладзімірам Макеем уваходзяць прадстаўнікі розных дзяржаўных органаў і грамадскіх аб’яднанняў. Год таму мы змянілі структуру нацкамісіі, стварылі пяць тэматычных камітэтаў у яе рамках: па пытаннях культуры, адукацыі, інфармацыі, навукі і прыродазнаўчай адукацыі, моладзі і дзейнасці клубаў ЮНЕСКА. Гэта дазволіла пашырыць наша супрацоўніцтва з арганізацыяй.

Прыняцце рашэнняў пра ўключэнне аб’ектаў у Спіс сусветнай матэрыяльнай і нематэрыяльнай спадчыны заўсёды прымаецца на падставе меркаванняў зацікаўленых прафесіяналаў — членаў нацкамісіі, якія прапрацоўваюць усе пытанні з мясцовымі ўладамі і ўзаемадзейнічаюць непасрэдна з носьбітамі беларускіх абрадаў.

Дыпламатычныя кантакты асабліва неабходны для прасоўвання дасье на пляцоўцы ЮНЕСКА. Нашы дыпламаты ажыццяўляюць пастаянныя кантакты з Цэнтрам сусветнай спадчыны і кансультацыі з экспертамі, каардынуюць працэс.

– Легендарны крыж Еўфрасінні Полацкай не знойдзены дагэтуль. У 40-я гады, якраз пасля знікнення крыжа, сакратар ЦК КПБ Панамарэнка не раз казаў пра тое, што крыж не страчаны, а знаходзіцца ў распараджэнні кіраўніцтва Савецкага Саюза. Пазней, у 90-я гады, ААН паспрабавала шукаць крыж у Злучаных Штатах. Але ўжо шмат гадоў пра тое, ці шукаюць яшчэ крыж зараз, нічога не чуваць. Што было зроблена нашымі дыпламатамі, каб калі не вярнуць, то хаця б даведацца пра месцазнаходжанне беларускай рэліквіі?

– Страта легендарнага крыжа Еўфрасінні Полацкай — адна з сумных старонак гісторыі нашай краіны. Дагэтуль невядома, дзе і ў якім стане знаходзіцца крыж. На жаль, у розныя перыяды існавання нашай дзяржавы шмат нацыянальных каштоўнасцяў было вывезена за межы краіны. МЗС прымае актыўны ўдзел праз сетку сваіх дыпустаноў за мяжой у пошуку страчаных каштоўнасцяў. У 2009 годзе была створана камісія пры Савеце Міністраў Рэспублікі Беларусь па выяўленні, вяртанні, сумесным выкарыстанні і ўвядзенні ў навуковы і культурны ўжытак нацыянальных культурных каштоўнасцяў, якія апынуліся за межамі Беларусі. Гэтая камісія на чале з намеснікамі міністраў замежных спраў і культуры збіраецца не менш аднаго разу на год і на падставе інфармацыі, у тым ліку нашых прадстаўніцтваў за мяжой, разглядае пытанне вяртання каштоўнасцяў Рэспублікі Беларусь. Ёсць канкрэтныя вынікі. На жаль, мы не можам гэтага сказаць пра крыж Еўфрасінні Полацкай, які з’яўляецца своеасаблівым сімвалам нашай дзяржаўнасці. Але праца працягваецца, будзем спадзявацца, што і гэты рэлікт будзе знойдзены і прывезены на радзіму.

– 250-годдзе з дня нараджэння палітычнага дзеяча, дыпламата і кампазітара Міхала Клеафаса Агінскага будзе святкавацца сёлета, яно і ўключана ў каляндар памятных дат ЮНЕСКА. Відаць, цэнтральным месцам правядзення розных памятных мерапрыемстваў будзе сядзіба Агінскіх у Залессі. Ці плануецца па лініі МЗС запрашэнне гасцей з ЮНЕСКА?

– Плануецца шмат мерапрыемстваў з нагоды 250-годдзя нараджэння Міхаіла Клеафаса Агінскага. Безумоўна, сядзіба Агінскіх у Залессі з’яўляецца знакавым месцам для святкавання гэтай знамянальнай даты ў нашай краіне. Але гэтым мы не будзем абмяжоўвацца. Жыццё і творчасць гэтай выдатнай асобы былі звязаны з многімі краінамі, таму мы працуем над падрыхтоўкай сумесных з Польшчай і Літвой прыгожых праектаў па святкаванні юбілейнай даты. Гаворка ідзе пра выставы, канцэрты і іншыя падзеі і ў штаб-кватэры ЮНЕСКА ў Парыжы, а таксама ў Беларусі, Літве, Польшчы. Такія мерапрыемствы заўсёды збіраюць замежных гасцей, і гэтая гадавіна – не выключэнне.

– Якую ролю адыграе наша прысутнасць у календары памятных дат ЮНЕСКА за гэты год у тым, каб пра нашу краіну, нашых славутых дзеячаў і нашы цікавыя гістарычныя мясціны даведаліся жыхары розных краін свету?

– Каляндар памятных дат ЮНЕСКА — вельмі эфектыўная праграма арганізацыі, якая знаёміць сусветнае грамадства са славутымі дзеячамі і цікавымі гістарычнымі фактамі Беларусі. Удзел Беларусі ў гэтай праграме ўжо дазволіў распаўсюдзіць інфармацыю пра вядомых гістарычных асоб нашай краіны. Сярод іх Францыск Скарына, Ігнацій Дамейка, Напалеон Орда, Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч, Іван Хруцкі, Іосіф Гашкевіч. Таксама дзякуючы календару мы распаўсюдзілі інфармацыю пра нашы знакавыя даты: 600-годдзе Белавежскай пушчы, 1150-годдзе Полацка.

Мы працуем над тым, каб кожны год каляндар ЮНЕСКА ўключаў памятныя для Беларусі гадавіны. Гэта будзе максімальна спрыяць распаўсюджванню ў арганізацыі, якая сёння налічвае 195 актыўных членаў, інфармацыі аб нашай краіне. На 2016–2017 гады мы ўнеслі ў ЮНЕСКА прапановы з нагоды 150-годдзя з дня нараджэння Льва Бакста і 500-годдзя выдання першай кнігі Францыскам Скарынай.

Гутарыла Надзея ЮШКЕВІЧ.

Дыпмісіі Беларусі за мяжой

Усе дыпмісіі Замежныя дыпмісіі ў Беларусі
Перайсці

Відэа МЗС

Aрхіў

Афіцыйныя інтэрнэт-рэсурсы