Інтэрв'ю Надзвычайнага і Паўнамоцнага Пасла Рэспублікі Беларусь у Пакістане Андрэя Ермаловіча Беларускаму тэлеграфнаму агенцтву (7 жніўня 2015 г.)
Літаральна нядаўна стужкі навін беларускіх СМІ стракаталі загалоўкамі аб першым у гісторыі двухбаковых адносін афіцыйным візіце Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі ў Пакістан, які адбыўся 28-29 мая гэтага года. І вось наша краіна ўжо рыхтуецца прыняць у сябе прэм'ер-міністра Наваза Шарыфа, які наведае Беларусь з афіцыйным візітам у адказ 10-12 жніўня. Відавочна, што такая дынаміка кантактаў на вышэйшым узроўні ўзнікла не на пустым месцы. Значыць, як мінімум ёсць узаемны інтарэс, а на парадку дня цэлы пералік перспектыўных планаў па развіцці супрацоўніцтва. Па сутнасці, гэта ажыццяўленне стратэгіі Беларусі па ўмацаванні адносін з краінамі так званай далёкай дугі, тым больш што Пакістан з'яўляецца адной з ключавых дзяржаў Паўднёва-Усходняй Азіі з насельніцтвам амаль 200 мільёнаў чалавек. Аб магчымасцях і планах па развіцці беларуска-пакістанскага ўзаемадзеяння ў інтэрв'ю БЕЛТА расказаў Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Беларусі ў Пакістане Андрэй Ермаловіч.
- Што ўдалося зрабіць на беларуска-пакістанскім напрамку з моманту адкрыцця пасольства Беларусі ў Ісламабадзе ў лістападзе 2014 года?
- Гаворачы коратка, нам удалося шляхам штодзённай карпатлівай работы за кароткі час дакладна фармалізаваць і паставіць на магістральныя рэйкі развіцця ледзь толькі абазначаныя намеры Мінска і Ісламабада рухацца насустрач адзін аднаму.
У структуры нашых знешнепалітычных інтарэсаў Пакістан арганічна займае пэўную нішу. Ядзерная дзяржава з амаль 200-мільённым насельніцтвам, гераічнай гісторыяй, амбіцыйнымі планамі па актывізацыі ўнутранага эканамічнага патэнцыялу, багатымі чалавечымі рэсурсамі, Пакістан незаслужанага доўга знаходзіўся ў «рэжыме чакання» для Мінска.
З іншага боку, стратэгічна выгадна размешчаная ў цэнтры Еўропы, актыўна ўключаная ў эканамічныя працэсы на постсавецкай і еўрапейскай прасторах Беларусь незаслужана доўга заставалася за рамкамі «прамога дзеяння» Ісламабада.
На беларуска-пакістанскім напрамку ўжо адбыліся істотныя карэкціроўкі курсаў з абодвух бакоў, і мяркую, што нас чакаюць добрыя вынікі.
Адзін раўнд палітычных кансультацый на ўзроўні знешнепалітычных ведамстваў, пасяджэнні эканамічнай і навукова-тэхнічнай камісій, пасяджэнне рабочай групы па сельскай гаспадарцы, два дзелавыя і інвестыцыйныя форумы, першае пасяджэнне беларуска-пакістанскага дзелавога савета, нарэшце, абмен візітамі на вышэйшым узроўні з выхадам на падпісанне больш як 30 двухбаковых дакументаў — вось чым насычана было поле двухбаковых адносін за апошнія дванаццаць месяцаў.
Гэты этап экстэнсіўнага росту неабходна было прайсці. І мы прайшлі яго за беспрэцэдэнтна кароткі час.
Пры гэтым трэба добра разумець, што «разгайдаўшы» гэту лодку, мы павінны будзем эфектыўна падтрымліваць нададзеную дынаміку на належным узроўні і ўвесь час павялічваць абароты. Спатрэбіцца шмат намаганняў, тонкага менеджменту і нестандартных рашэнняў для таго, каб напоўніць канкрэтным зместам тую форму, якая была створана.
- Па якіх напрамках будуць развівацца беларуска-пакістанскія адносіны ў бліжэйшай і больш аддаленай перспектыве?
- Створаная за год двухбаковая дагаворна-прававая база дае магчымасць рабіць гэта па ўсіх без выключэння напрамках — палітыка, эканоміка, навука, адукацыя, культура. Асноўныя прынцыпы палітычнага дыялогу замацаваны ў Ісламабадскай дэкларацыі беларуска-пакістанскага партнёрства, падпісанай 29 мая 2015 года, і будуць развіты ў Дагаворы аб дружбе і супрацоўніцтве паміж Рэспублікай Беларусь і Ісламскай Рэспублікай Пакістан, які будзе падпісаны ў Мінску ў час маючага адбыцца візіту. Дасягнуты кансэнсус у поглядах на двухбаковыя палітычныя адносіны і на міжнародную праблематыку дае магчымасць актыўна развівацца па іншых жыццёва важных напрамках.
- У сувязі з гэтым якія перспектывы гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва паміж Беларуссю і Пакістанам?
- Тут альтэрнатывы быць не можа — актыўны гандаль з паступовым выхадам на інвестыцыйны і кааперацыйны трэнды з двухбаковым рухам.
Неабходна актыўна эксплуатаваць існуючую эканамічную формулу беларуска-пакістанскіх адносін, якая заключаецца ва ўзаемнай дапаўняльнасці нашых эканомік. Беларусь традыцыйна імпартуе з Пакістана тэкстыльную прадукцыю, рыс, агародніну і фрукты. Брэндавы і якасны прадукт, гордасць Пакістана — манга — запатрабаваны на нашым рынку. У сваю чаргу Пакістан закупляе ў нас трактары, шыны, нафтахімічную прадукцыю. Таму важна паставіць на сістэмную аснову ўжо існуючую формулу ўзаемадзеяння, значна павялічыць аб'ём узаемнага гандлю і ўзбагаціць яго за кошт дыверсіфікацыі.
У плане чыстага гандлю для нас на пакістанскім рынку ёсць пэўныя перспектывы па лініі велікагрузных кар'ерных самазвалаў, дарожна-будаўнічай, камунальнай і сельскагаспадарчай тэхнікі, прадукцыі нафтахімічнага комплексу. Правядзём сур'ёзную работу па магчымым узаемадзеянні ў сферы газа- і нафтаздабычы, удзелу беларускіх праектных і будаўнічых арганізацый у інфраструктурных праектах у Пакістане.
Беларускія трактары прадаюцца ў Пакістан на працягу дзесяцігоддзяў, наш нацыянальны брэнд у Пакістане не патрабуе спецыфічнай рэкламнай прапрацоўкі, паколькі зафіксаваны на ўзроўні падсвядомасці пакістанскага абывацеля. На маё здзіўленне, слова «Беларусь» у Пакістане трывала асацыіравана менавіта з трактарам, а потым ужо — з краінай. Выдатны прыклад эфектыўнасці эканамічнай дыпламатыі. У трактарнай тэматыцы для нас галоўнае — не зменшыць тэмпы, а іх істотна нарасціць.
Але акрамя чыстага гандлю трэба карпатліва нарошчваць кааперацыйны кампанент. Для гэтага мы ў маі бягучага года двухбаковымі пагадненнямі зафіксавалі стварэнне дзвюх камісій — па прамысловай і сельскагаспадарчай кааперацыі. Менавіта ў фарсіраваным развіцці супрацоўніцтва па гэтых напрамках будзе заключацца сакрэт сур'ёзнага эканамічнага выніку ў бліжэйшыя два-тры гады.
У Пакістане шмат багатых людзей, гатовых падзяліцца вопытам, тэхналогіямі і капіталам з Беларуссю. Прыкладна такая ж карціна назіраецца і ў Беларусі з яе багатым прамысловым, сельскагаспадарчым і навукова-інтэлектуальным патэнцыялам. Галоўная задача тут — стварыць эфектыўную перагаворную пляцоўку для прадпрыемстваў абедзвюх краін. І мы такую пляцоўку створым.
- А чаго трэба чакаць ад развіцця беларуска-пакістанскіх адносін у гуманітарнай сферы?
- Улічваючы патэнцыял Беларусі і Пакістана ў галіне навукі і тэхналогій, адукацыі і культуры — перспектывы шматабяцальныя. У гэтым годзе адбыўся абмен дэлегацыямі па лініі нацыянальных акадэмій навук. Падпісаны шэраг пагадненняў у сферы навукова-тэхнічнага супрацоўніцтва. Асноўны інтарэс тут — сельскагаспадарчае машынабудаванне, геадэзія, біятэхналогіі і іншыя напрамкі.
Па лініі міністэрстваў адукацыі адбыўся актыўны перагаворны працэс у маі і ліпені 2015 года на ўзроўні кіраўнікоў ведамстваў. Мы хацелі б задзейнічаць магутны патэнцыял пакістанскага камітэта па вышэйшай адукацыі, структуры з гадавым бюджэтам $700 млн, для сістэмнай арганізацыі вучобы ў беларускіх ВНУ і прафесійна-тэхнічных вучылішчах грамадзян з Пакістана па розных спецыяльнасцях.
У сферы культуры і інфармацыі падпісаны пагадненні, што даюць выхад на сістэмнае ўзаемадзеянне. Дастаткова згадаць толькі дамоўленасць аб адкрыцці на базе Нацыянальнай бібліятэкі Пакістана Беларускага культурна-інфармацыйнага цэнтра. Гэты праект будзе рэалізаваны ў самай бліжэйшай будучыні.
Афіцыйныя інтэрнэт-рэсурсы
Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь
www.president.gov.byСавет Міністраў Рэспублікі Беларусь
www.government.gov.byСавет Рэспублікі
www.sovrep.gov.byПалата Прадстаўнікоў
www.house.gov.byМіністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь
www.mininform.gov.byТэлеканал «Беларусь 24»
www.belarus24.byРадыёстанцыя «Беларусь»
www.radiobelarus.byПрававы форум Беларусі
www.forumpravo.byБеларуская універсальная таварная біржа
www.butb.byНацыянальнае агенцтва па турызму
www.belarustourism.byНацыянальнае агенцтва інвестыцый і прыватызацыі
www.investinbelarus.byНацыянальны цэнтр заканадаўства і прававой інфармацыі
www.center.gov.byАфіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
www.belarus.by