Памер шрыфта:

Інтэрв'ю намесніка Міністра замежных спраў Беларусі І.Сякрэты нямецкай газеце Berliner Zeitung (9 мая 2026 г.)

 

Стаўленне да памяці пра Другую сусветную вайну ў нашай краіне ўсё часцей становіцца прадметам палітычных спрэчак. Ігар Сякрэта, намеснік Міністра замежных спраў Беларусі, у інтэрв'ю газеце Berliner Zeitung выказвае сур'ёзныя папрокі на адрас Германіі. Гаворка вядзецца не толькі пра дыпламатычныя традыцыі, але і пра інтэрпрэтацыі гісторыі, прызнанне пакут і будучыню адносін паміж Германіяй і Беларуссю.

Ігар Віктаравіч, беларускіх дыпламатаў у Германіі ўсё часцей не дапускаюць да ўдзелу ў афіцыйных памятных мерапрыемствах, звязаных з  вызваленнем ад фашызму. Якія наступствы мае гэты раскол для нашага агульнага разумення гэтай гістарычнай перамогі?

9 мая ў нашай краіне адзначаецца Дзень Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. У той вайне мы страцілі практычна трэць насельніцтва – каля 3 млн чалавек. Гэта быў генацыд, развязаны супраць нашага народа гітлераўскай Германіяй і яе памагатымі. Калі б нашыя бацькі і дзяды не выстаялі ў той вайне, не было б і нас – беларусаў, якія жывуць цяпер.

Спробы германскіх улад і кіраўніцтва мемарыяльных комплексаў вось ужо некалькі гадоў запар не дапусціць беларускіх дыпламатаў да ўдзелу ў памятных мерапрыемствах, звязаных з вызваленнем ад фашызму, выклікаюць у нас глыбокае неразуменне і абурэнне. Гэта ганьба. Нам адмаўляюць ва ўскладанні кветак да мемарыяла вызваліцелям, нашым дзядам і прадзедам, якія паклалі свае жыцці ў барацьбе з карычневай чумой – фашызмам! Але пры гэтым не бачаць ніякай праблемы ў тым, каб укладваць мільярды ў нарошчванне ўзбраенняў і размяшчэнне войскаў ля нашых меж. Дзе ж пакаянне?

Ці маглі б Вы патлумачыць?

Нам гавораць аб імкненні пазбегнуць, маўляў, палітычнай інструменталізацыі памяці. Але ж сам германскі бок якраз і займаецца гэтым, штучна ўвязваючы памяць аб Другой сусветнай вайне з актуальнай сітуацыяй і выкарыстоўваючы гісторыю, каб дагадзіць мімалётным палітычным амбіцыям.

Гэтыя дыскрымінацыйныя падыходы абсалютна непрымальныя. Дзеянні германскага боку вельмі балюча ўспрымаюцца ў беларускім грамадстве і наносяць непапраўную шкоду шматгадовым агульным намаганням па прымірэнні паміж нашымі народамі. Нам не патрэбныя ні запрашэнні, ні дазволы, каб годна ўшанаваць памяць мільёнаў нявінна загінулых вязняў нямецкіх канцлагераў – дзяцей, старых і жанчын, над якімі праводзілі бесчалавечныя доследы, палілі ў пячах, душылі газам. І тых, хто аддаў свае жыцці за іх вызваленне. Мы рабілі гэта раней і будзем рабіць заўсёды – з усёй павагай да законаў краіны знаходжання.

Якія памылкі зараз робіць Германія?

Падыход германскіх улад у корані няверны і небяспечны для будучыні Беларусі і перш за ўсё для Германіі і ўсёй Еўропы. Менавіта замоўчванне памяці і скажэнне гісторыі і вядуць да гераізацыі нацызму і спроб вяртання да самых неймаверных метадаў устанаўлення панавання. Сёння як ніколі актуальныя ініцыятывы і практычныя крокі, накіраваныя на аднаўленне даверу. Глыбока перакананы, што памяць аб трагедыі Другой сусветнай вайны павінна аб'ядноўваць, а не раз'ядноўваць нас з немцамі.

Так лічым не толькі мы. Пра гэта сведчаць шматлікія звароты ў нашае Пасольства ў Берліне, у якіх нямецкія грамадзяне выказвалі шчырую падтрымку беларускаму боку. Аб гэтым, дарэчы, пісала вашая газета 19 красавіка мінулага года. Мы ўдзячныя ўсім немцам, якіх не пакінула абыякавымі нязграбная спроба палітыкаў разарваць нашую агульную памяць.

Якое значэнне для сучаснай палітыкі і грамадства ў Беларусі мае перамога над нацызмам?

Для нас захаванне гістарычнай памяці аб гераічным мінулым нашага народа і ўсіх народаў былога Савецкага Саюза – цэнтральная задача дзяржавы. Мы разглядаем гэтую спадчыну як неад'емную частку нашай нацыянальнай ідэі, як аснову, што цэментуе нашае грамадства. Бо базіс нашай незалежнасці і суверэнітэту, захавання нацыянальнай ідэі і народа быў закладзены менавіта тады, калі нашыя гераічныя продкі не далі ажыццявіцца планам па стварэнні «жыццёвай прасторы» для нямецкай нацыі і знішчэнні большасці беларускага насельніцтва.

Памяць аб трагедыі вайны ляжыць у аснове нашай міралюбівай знешняй палітыкі і стваральнай унутранай палітыкі, накіраванай на эвалюцыйнае развіццё дзяржавы. У абноўленай Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь дакладна прапісана: «Дзяржава забяспечвае захаванне гістарычнай праўды і памяці аб гераічным подзвігу беларускага народа». Памяць і патрыятызм з'яўляюцца абавязкам кожнага грамадзяніна.

Нават у краінах Балтыі і ва Украіне, дзе ўладныя колы робяць усё магчымае для ліквідацыі «савецкіх» наратываў, дзе цынічна знішчаюцца воінскія пахаванні і помнікі героям, – і там мільёны людзей захоўваюць памяць аб вайне і подзвігу тых, хто выратаваў свет ад фашызму. У рэшце рэшт, значная частка літоўцаў, латышоў, эстонцаў і ўкраінцаў не падтрымала ў 1941 годзе ідэі нацыянал-сацыялізму. Вельмі многія прадстаўнікі гэтых нацыянальнасцей змагаліся з фашызмам на франтах Вялікай Айчыннай вайны і ў тыле, падтрымлівалі партызанскі рух і падполле. Аднак сённяшняя дзяржаўная ідэалогія ў гэтых краінах усё больш абапіраецца на нашчадкаў ветэранаў СС, якія ўсхваляюць сваіх продкаў як «вызваліцеляў ад камунізму».

У германскай культуры памяці ахвяры Савецкага Саюза часта ўспрымаюцца як нейкі «адзіны блок». Якія спецыфічныя аспекты – напрыклад лёс тысяч знішчаных вёсак – застаюцца без належнай увагі?

Мы не дзелім ахвяр і герояў па нацыянальнасцях; перамога была здабыта агульнымі намаганнямі ўсіх народаў СССР і краін антыгітлераўскай кааліцыі. Тым не менш, мы не забудземся пра тыя нягоды, якія давялося перажыць беларускаму народу.

Нацысты і іх памагатыя праводзілі на нашай зямлі мэтанакіраваную палітыку знішчэння мірнага насельніцтва: масавыя забойствы, карныя акцыі і медыцынскія эксперыменты над жанчынамі і дзецьмі. Сотні тысяч маладых людзей былі сагнаны ў рабства, у тым ліку 15-гадовая сястра маёй бабулі, якая цудам засталася жывая. Культурныя каштоўнасці сістэматычна рабаваліся і вывозіліся.

Беларуская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка пацярпела ад акупацыі як ні адна іншая частка Савецкага Саюза. На акупаванай тэрыторыі дзейнічала 578 лагераў смерці і больш за 70 гета. Толькі ў лагеры смерці Трасцянец загінула больш за паўмільёна чалавек, у тым ліку і яўрэі, якіх спецыяльна прывозілі з Германіі, Аўстрыі, Чэхіі. Ахвярамі Халакосту сталі больш за 800 тысяч беларускіх яўрэяў. Жыхары іншых нацыянальнасцей з вялікай рызыкай для жыцця ратавалі яўрэяў ад немінучай гібелі – больш за 700 такіх грамадзян за мужнасць уганараваны званнем «Праведнік народаў свету».

Паводле ўдакладненых звестак, амаль 13 тысяч населеных пунктаў былі цалкам або часткова спалены. З іх не менш як 290 згарэлі разам з усімі жыхарамі і не адрадзіліся – сімвалам такіх вёсак з'яўляецца Хатынь непадалёк ад Мінска. На месцы спаленай вёскі створаны ўнікальны мемарыяльны комплекс, дзе павінен абавязкова пабываць кожны немец.

Іншыя месцы жаху – Чырвоны Бераг, дзе ў дзяцей адбіралі кроў для нямецкіх салдат, або Азарычы, дзе за 10 дзён на ўчастку балота памерлі ад тыфу і знясілення каля 20 тысяч чалавек. Па ацэнках экспертаў, калі б не вайна і акупацыя, сёння ў Беларусі пражывала б не менш за 18 млн чалавек замест 9 млн. Толькі ўдумайцеся ў гэтыя маштабы. Мы ўдзячныя тым немцам, якія шануюць памяць разам з намі. Толькі так мы можам супрацьстаяць спробам рэвізіі і забыцця старонак гісторыі.

У Беларусі зараз вядзецца актыўнае расследаванне справы аб генацыдзе беларускага народа. Чаго Мінск чакае ад гэтай юрыдычнай рэвізіі і як Вы ацэніце ўзаемадзеянне з органамі юстыцыі Германіі?

Для нас злачынствы, учыненыя нацыстамі, не маюць тэрміна даўнасці; гэтая тэма не закрытая і прысудамі Нюрнбергскага трыбунала. Нават больш за 80 гадоў пасля заканчэння вайны мы не валодаем усёй паўнатой карціны і не ведаем многіх імёнаў ахвяр і злачынцаў. Таму Генеральная пракуратура ўжо цягам пяці гадоў актыўна расследуе крымінальную справу аб генацыдзе. Падчас расследаванняў былі атрыманы новыя сведчанні відавочцаў, выяўлены раней невядомыя месцы масавых пахаванняў і знішчаныя вёскі.

Прыняўшы ў 2021 годзе Закон «Аб недапушчэнні рэабілітацыі нацызму», а ў 2022 годзе – Закон «Аб генацыдзе беларускага народа», мы стварылі прававую аснову для таго, каб упершыню ў такім маштабе расследаваць факты генацыду мірнага насельніцтва: маштабы знішчэння аказаліся нашмат большымі, чым пра гэта гаварылася.

Маглі б Вы ўдакладніць?

Дагэтуль вынесена шэсць абвінаваўчых прысудаў і накіравана амаль 140 хадайніцтваў аб аказанні прававой дапамогі ў 33 дзяржавы. На вялікі жаль, ня ўсе краіны ахвотна супрацоўнічаюць, спасылаючыся на нейкія палітычныя перашкоды. Тое, што сёння нацысцкія калабарацыяністы часам нават ушаноўваюцца ў замежных парламентах – як паказвае выпадак з украінскім ветэранам СС Яраславам Гунько ў 2023 годзе, якому ў парламенце Канады ў прысутнасці Уладзіміра Зяленскага апладзіравалі стоячы, – жахлівы сігнал. Падобныя падзеі з'яўляюцца абразай ахвяр фашызму.

У рамках расследавання мы кропкава ўзаемадзейнічаем з германскімі калегамі і ўдзячныя за прадастаўленыя звесткі. Але нашая праца яшчэ далёкая ад завяршэння. Мы з заклапочанасцю назіраем, як у шэрагу краін Захаду, у тым ліку ў Германіі, падымае галаву рэваншызм. Стаўленне да памяці ахвяр не павінна станавіцца заложнікам палітычнай кан'юнктуры. Гэта робіць нашае расследаванне не проста юрыдычным, а цывілізацыйным праектам па захаванні ісціны.

У нямецкіх школах пра вайну часта расказваюць абстрактна, у Беларусі яна адыгрывае важную ролю ў фарміраванні нацыянальнай ідэнтычнасці. Ці не рызыкуем мы тым, што праз гэтыя розныя пункты гледжання маладое пакаленне на Усходзе і Захадзе больш не зможа знайсці агульную мову?

Ад нас залежыць, ці будуць будучыя пакаленні жыць у згодзе альбо аддаляцца адзін ад аднаго. Рэцэпт паразумення просты – трэба для пачатку адмовіцца ад адвольнага закрыцця межаў і штучнага згортвання кантактаў паміж маладымі людзьмі. Цяперашняя палітыка санкцый і абмежаванняў – гэта поўная супрацьлегласць таму, што неабходна для агульнай будучыні.

У той час як Еўропа ўзводзіць новую «жалезную заслону», Беларусь ідзе супрацьлеглым шляхам: нашая краіна ўвяла бязвізавы рэжым для грамадзян 38 еўрапейскіх краін, уключаючы Германію. Немцы могуць сёння наведваць нас без візы, ці прыязджаюць яны на аўтамабілі, на аўтобусе, ці самалётам праз трэція краіны, бо прамыя авіязносіны заблакаваныя праз санкцыі ЕС.

Аднак адносіны ўсё ж не такія простыя...

З боку Берліна і Бруселя мы не бачым ніякай узаемнасці. Наадварот: ЕС сістэматычна ўскладняе ўезд нашых грамадзян. Той, хто сёння падае ў Менску дакументы на візу ў Германію, трапляе ў бюракратычны тупік. Тэрмін чакання ў пасольстве цяпер перавышае адзін год.

Аддаленне адбываецца тады, калі насуперак фактам гісторыя інтэрпрэтуецца дзеля палітычнай кан'юнктуры. Паказальны прыклад – у канцы сакавіка ў Музеі Берлін-Карлсхорст прайшла канферэнцыя «Чужая памяць – нашая ўласная адказнасць. Савецкія мемарыялы і нямецкая культура памяці». Эксперты за зачыненымі дзвярыма абмяркоўвалі «пераасэнсаванне» савецкіх ваенных мемарыялаў. Прадстаўнікоў Беларусі і Расіі на мерапрыемства не запрасілі на падставе яго «канфідэнцыйнасці». Размова пра нашыя мемарыялы без нас, відавочна, не спрыяе ўмацаванню ўзаемнага даверу.

Крытыкі папікаюць урад у Мінску ў тым, што ён выкарыстоўвае падзеі 1945 года ў якасці «маральнага шчыта» для сваёй сённяшняй палітыкі. Дзе, на Вашую думку, праходзіць мяжа паміж ушанаваннем памяці і палітычнай інструменталізацыяй?

Пакінем гэтыя ўпікі на сумленні іх аўтараў. Памятаць сваё мінулае, сваіх герояў і тое, што яны зрабілі для беларускага і іншых народаў, – не значыць палітызаваць ці інструменталізаваць гісторыю. Куды больш небяспечна забываць гісторыю або спрабаваць перапісаць яе нанова ва ўгоду нейкім кан'юнктурным памкненням.

Мы паслядоўна адстойваем захаванне гістарычнай праўды. Мы выступаем супраць спроб перагляду вынікаў Другой сусветнай вайны – на карысць пераможаных. Мы рашуча адкідаем імкненне псеўдагісторыкаў і палітыканаў ураўнаваць ахвяр і катаў, вызваліцеляў і агрэсараў. Дзе тут палітызацыя?

Як бы Вы ахарактарызавалі цяперашні стан германа-беларускіх адносін у цэлым?

Беларуска-германскія адносіны знаходзяцца на беспрэцэдэнтна нізкім узроўні. Палітычны дыялог замарожаны з ініцыятывы германскага боку; дзелавыя сувязі знаходзяцца пад пагрозай прымянення санкцыйных мер. Да таго ж Германія спыніла ўсе кантакты ў адукацыйнай, навуковай, культурнай і іншых далёкіх ад палітыкі сферах.

Такі стан спраў – не наш выбар. Гэта вынік аднабаковых дэструктыўных крокаў Берліна і Бруселя, свядомы курс на канфрантацыю ў спалучэнні з навязваннем нам сумнеўных «каштоўнасцей» і ўмяшаннем ва ўнутраныя справы суверэннай дзяржавы.

Сёння мы стаім на руінах таго, што дзесяцігоддзямі выбудоўвалася дыпламатамі, бізнесменамі і структурамі грамадзянскай супольнасці. Сённяшняе ўзаемадзеянне з падачы Берліна носіць вельмі абмежаваны характар; яно ніяк не адпавядае патэнцыялу дзвюх дзяржаў і інтарэсам іх грамадзян.

Адмова Бруселя і Берліна ад дыялогу з Мінскам не набліжае іх да дасягнення ўласных мэт. Наадварот, з кожным годам яна наносіць усё большую шкоду, непазбежна аддаляючы нашы краіны і народы адзін ад аднаго.

Актуальны прыклад: дыпламатычная місія Германіі ў Мінску на сваёй інтэрнет-старонцы настойліва рэкамендуе грамадзянам краіны не наведваць Беларусь. У такіх выпадках каментары залішнія. Але тыя, хто прывык сам рабіць высновы і адэкватна ацэньвае актуальную сітуацыю, усё ж прыязджаюць.

Мы назіраем «камунікатыўны ледніковы перыяд». Чаму сёння нямецкая грамадскасць ведае пра Беларусь менш, чым падчас халоднай вайны?

Вы маеце рацыю: за выключэннем тых, хто пабываў у нашай краіне, немцы няшмат ведаюць пра сапраўдны стан рэчаў у нашай краіне. У нямецкіх СМІ пераважаюць шаблоны і прадузятыя ацэнкі «экспертаў», якія наўрад ці ведаюць нашу краіну ці даўно яе пакінулі. Складваецца ўражанне, што такія недакладнасці дапускаюцца свядома, каб культываваць вобраз ворага. Падумайце – дзеля чаго?

Калі Вы апошнім разам сустракалі ў буйных СМІ Германіі пазіцыю афіцыйнага прадстаўніка Беларусі? У апошнія гады такога практычна не здаралася. Пры гэтым мы адкрытыя для дыялогу. Спадзяемся, што Berliner Zeitung стане прыкладам для іншых медыя, якія адважацца паказаць праўду пра Беларусь – гэткую terra incognita ў цэнтры Еўропы.

Няўжо паміж Германіяй і Беларуссю больш не засталося ніякіх сувязей, хаця б на ўзроўні грамадскіх ініцыятыў?

Нягледзячы на ​​абмежавальную санкцыйную палітыку ЕС, прамыя кантакты паміж людзьмі застаюцца трывалай асновай. Актывісты ў абедзвюх краінах падтрымліваюць сувязі па лініі пабрацімскага руху і ў гуманітарнай сферы. Больш за 20 пар беларускіх і германскіх гарадоў звязаныя партнёрскімі адносінамі. Мы не забываемся, што тысячы немцаў бралі ўдзел у аказанні дапамогі пасля аварыі ў Чарнобылі. Гэтыя чалавечыя сувязі захоўваюцца, а канструктыўны дыялог адпавядае інтарэсам нашых народаў.

Мы выкарыстоўваем усе сродкі, каб наўпрост звярнуцца да нямецкай грамадскасці і альтэрнатыўных СМІ. Я перакананы, што ў рэшце рэшт у еўрапейскіх сталіцах пераважаць здаровы сэнс і добрасуседства.

З улікам гістарычнай адказнасці Германіі: якія дыпламатычныя крокі Вы б хацелі ўбачыць з боку Берліна, каб вывесці адносіны з цяперашняга тупіку блакады і ізаляцыі?

Скажам шчыра, Беларусі, як краіне, якая больш за ўсіх пацярпела ад нацысцкай акупацыі ў гады Вялікай Айчыннай вайны, прыйшлося доўга чакаць афіцыйных выбачэнняў ад Германіі. Вялікае значэнне меў візіт у Мінск у 2018 годзе Федэральнага прэзідэнта ФРГ Франка-Вальтэра Штайнмаера для ўдзелу ў адкрыцці мемарыяльнага комплексу «Трасцянец». Мы ацанілі гэты гістарычны крок; я браў удзел у падрыхтоўцы гэтага мерапрыемства, займаўся суправаджэннем удзельнікаў.

Але гэта сімвалізм. Патрэбныя канкрэтныя меры, якія пацвердзяць гэтую гістарычную калі не адказнасць, дык хаця б памяць. А гістарычны абавязак перад беларускім народам вызначае, што менавіта Германія мусіць больш укладвацца ў вяртанне адносін у нармальнае рэчышча! Толькі сумеснымі намаганнямі мы зможам знайсці выхад з тупіку, у якім аказаліся беларуска-германскія адносіны праз санкцыйную палітыку. Важна не дапусціць далейшага размежавання нашых народаў. Досвед Другой сусветнай вайны дыктуе неабходнасць зрабіць усё для таго, каб будучым пакаленням не давялося перажыць новага супрацьстаяння. Нам бы хацелася, каб нямецкая дыпламатыя адыграла ролю кансалідацыі, а не канфрантацыі ў аднаўленні адносін. А пакуль яе не відаць ад слова «зусім».

Беларусь адкрытая для аднаўлення ўзаемапаважлівага дыялога з Германіяй, які дазволіў бы нам пачаць развязванне праблемных вузлоў не толькі ў двухбаковых адносінах, але і з Еўрапейскім саюзам у цэлым. Гістарычная адказнасць Германіі перад Беларуссю накладвае на Берлін асаблівыя абавязацельствы.

Нагадаю, 3 кастрычніка 2025 года Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка павіншаваў народ Германіі з Днём германскага адзінства: «Аб'яднанне Германіі ў 1990 годзе стала адной з найважнейшых падзей у гісторыі сучаснай Еўропы. Нягледзячы на ​​трагічныя наступствы Другой сусветнай вайны, беларусы і немцы знайшлі шляхі да прымірэння. Той вопыт запатрабаваны і сёння; яго вынікі трэба захоўваць. Неабходна мудра рабіць крокі насустрач адзін аднаму. Прапануем здымаць бар'еры дзеля ўзнаўлення адносін. Гэта будзе няпроста, але цалкам адпавядае сапраўдным інтарэсам нашых краін і народаў».

Давайце паставімся да гэтых слоў з усёй сур'ёзнасцю.

Інтэрв'ю правяла журналіст Ева Пелі.

Дыпмісіі Беларусі за мяжой

Усе дыпмісіі Замежныя дыпмісіі ў Беларусі
Перайсці

Відэа МЗС

Aрхіў

Афіцыйныя інтэрнэт-рэсурсы