Памер шрыфта:

Аб уключэнні беларускага элемента нематэрыяльнай культурнай спадчыны «Саломапляценне Беларусі: мастацтва, рамяство, уменні» ў Спіс ЮНЕСКА

01 снежня 2022 г.

 

1 снежня 2022 г. Міжурадавы камітэт па ахове нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА (Камітэт ЮНЕСКА) падчас 17-й сесіі (г.Рабат, Марока) прыняў рашэнне аб уключэнні «Саломапляцення Беларусі» ў Рэпрэзентатыўны спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны.

Беларускае рамяство саломапляцення – гэта комплекс ведаў, навыкаў і мастацкіх прыёмаў апрацоўкі саломы, а таксама ўяўленняў аб духоўнай каштоўнасці і сімвалізме гэтага матэрыялу і вырабаў. Гісторыя саломапляцення налічвае некалькі стагоддзяў. Спачатку гэта было выключна сялянскае рамяство, але пазней ім сталі займацца і гараджане. З саломы вырабляюць рознае начынне, галаўныя ўборы, цацкі і аксэсуары. Пластычнасць і мастацкі патэнцыял саломы гарманічна і па-майстэрску раскрываюцца ў лепшых узорах народнага мастацтва. Сучаснае мастацтва саломапляцення ў Беларусі заснавана на народных традыцыях і пастаянна ўзбагачаецца творчымі дасягненнямі асобных майстроў. Яны ўмела выкарыстоўваюць выразны, дэкаратыўны і пластычны патэнцыял саломкі, традыцыйныя веды і навыкі, якія ўвесь час узбагачаюць новымі мастацкімі метадамі і прыёмамі.

 

 

Уключэнне гэтага рамяства ў Рэпрэзентатыўны спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны чалавецтва з'явілася вынікам сумеснай работы суполак майстроў саломапляцення, экспертаў і спецыялістаў па ахове нематэрыяльнай культурнай спадчыны, Нацыянальнай камісіі Рэспублікі Беларусь па справах ЮНЕСКА, Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, Міністэрства замежных спраў Рэспублікі.

З уключэннем "Саломапляцення Беларусі" спісы нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА налічваюць пяць беларускіх элементаў. Раней уключаны святочны калядны абрад "Калядныя цары" ў вёсцы Семежава (Капыльскі раён, Мінская вобласць), 2009 г., "Урачыстасць у гонар шанавання Іконы Маці Божай Будслаўскай (Будслаўскі фэст)" у вёсцы Будслаў (Мядзельскі раён, Мінская вобласць), 2009 г., "Юр'еўскі карагод" у вёсцы Пагост (Жыткавіцкі раён, Гомельская вобласць), 2019 г., Культура бортніцтва, 2020 г.

версія для друку

Відэа МЗС

Aрхіў

Афіцыйныя інтэрнэт-рэсурсы