Памер шрыфта:

Аб міжнародным форуме «Актуальныя праблемы міжнароднага крымінальнага супрацоўніцтва і правасуддзя»

22 мая 2025 г.

 

22 мая 2025 г. у Венскім міжнародным цэнтры (Аўстрыя) на палях 34-й сесіі Камісіі ААН па папярэджанні злачыннасці і крымінальным правасуддзі прайшоў тэматычны форум «Актуальныя праблемы міжнароднага крымінальнага супрацоўніцтва і правасуддзя».

Ініцыятарам форуму стала Беларусь. Ён быў арганізаваны ў партнёрстве з Венесуэлай, Іранам, Нікарагуа і Расіяй.

У мерапрыемстве прынялі ўдзел кіраўнікі і прадстаўнікі дыпламатычных місій, акрэдытаваных пры аддзяленні ААН у Вене, кіраўнікі і ўдзельнікі нацыянальных дэлегацый на сесіі Камісіі, прадстаўнікі міжнародных і няўрадавых арганізацый.

З прывітальным словам да ўдзельнікаў сустрэчы звярнуўся Пастаянны прадстаўнік Беларусі пры міжнародных арганізацыях у Вене Андрэй Дапкюнас. «У нашым усё больш падзеленым свеце прыхільнікі аднаго з пунктаў гледжання на жаданае палітычнае аблічча свету дэ-факта ўводзяць новы крытэрый прымальнасці для міжнароднага крымінальнага супрацоўніцтва і правасуддзя. Гэты крытэрый – палітычная прывабнасць, з чым мы не згодныя», – падкрэсліў Пасол.

З дакладамі падчас дыскусіі выступілі кіраўнікі і прадстаўнікі праваахоўных і юрыдычных ведамстваў і інстытутаў Венесуэлы, Кітая, Расіі, супрацоўнікі Упраўлення ААН па наркотыках і злачыннасці.

Удзельнікі тэматычнага брыфінгу ўсебакова разгледзелі праблемы развіцця міжнароднага супрацоўніцтва ў крымінальнай сферы. Адзначылі беспрэцэдэнтную палітызацыю двухбаковага і шматбаковага ўзаемадзеяння ў галіне ўзаемнай прававой дапамогі і садзейнічання праваахоўным органам, экстрадыцыі і іншых аспектаў барацьбы з транснацыянальнай арганізаванай злачыннасцю. Выступоўцы звярнулі ўвагу на павелічэнне выпадкаў адмовы ў аказанні дапамогі ў крымінальных справах з палітычных меркаванняў, нават калі гаворка ідзе пра звычайныя гвалтоўныя злачынствы.

Удзельнікі форуму падкрэслілі неабходнасць папярэджання палітызацыі міжнароднага антыкрымінальнага супрацоўніцтва, уключаючы экстрадыцыю і ўзаемную прававую дапамогу, і дзейнасці профільных міжнародных арганізацый.

Асаблівую ўвагу ўдзельнікаў форуму прыцягнула выступленне спецыяльнага дакладчыка ААН Алены Доўгань на тэму негатыўнага ўздзеяння аднабаковых прымусовых мер на ажыццяўленне правоў чалавека, паколькі аднабаковыя прымусовыя меры з'яўляюцца адной з асноўных перашкод для эфектыўнага міжнароднага супрацоўніцтва ў крымінальных справах і ў барацьбе з транснацыянальнай злачыннасцю.

Па выніках форуму ўдзельнікі падрыхтавалі кароткае рэзюмэ праведзенай дыскусіі з рэкамендацыямі па ўмацаванні міжнароднага супрацоўніцтва ў барацьбе са злачыннасцю.

версія для друку

Відэа МЗС

Aрхіў

Афіцыйныя інтэрнэт-рэсурсы