Памер шрыфта:

Арганізацыя па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе

Арганізацыя па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе (АБСЕ) з’яўляецца буйнейшай рэгіянальнай арганізацыяй, у склад якой уваходзяць 57 дзяржаў Еўропы, Цэнтральнай Азіі і Паўночнай Амерыкі.

Рэспубліка Беларусь з'яўляецца дзяржавай-удзельніцай АБСЕ з 30 студзеня 1992 г. Пачынаючы з 1992 года ў г.Вене (Аўстрыя) дзейнічае Пастаяннае прадстаўніцтва Рэспублікі Беларусь пры АБСЕ.

Беларусь актыўна ўдзельнічае ў дзейнасці асноўных і дапаможных органаў АБСЕ – Пастаяннага савета (ПС) і яго камітэтаў, Форуму па супрацоўніцтве ў сферы бяспекі (ФСГБ), а таксама Сумеснай кансультатыўнай групы (СКГ) і Кансультатыўнай камісіі па адкрытым небе (ККАН) – перагаворных органаў па Дагаворы аб звычайных узброеных сілах у Еўропе і Дагаворы па адкрытым небе, адпаведна. Са студзеня па красавік 2020 года Беларусь старшынствавала ў ККАН; з красавіка па жнівень 2022 года Беларусь старшынствавала ў ФСГБ.

У рамках АБСЕ Беларусь падтрымлівае дзейнасць па супрацьдзеянні комплексным транснацыянальным выклікам і пагрозам, уключаючы барацьбу з усімі формамі гандлю людзьмі. Знакавым мерапрыемствам у гэтым кантэксце стала міжнародная канферэнцыя «Прадухіленне і барацьба з тэрарызмам у лічбавую эпоху», праведзеная ў г.Мінску (9–10 кастрычніка 2018 г.) пад эгідай АБСЕ.

Беларусь паслядоўна выступае за павышэнне патэнцыялу АБСЕ ў сферы ўрэгулявання канфліктаў, аднаўленне даверу ў рэгіёне АБСЕ. Адзін з нашых несумнеўных прыярытэтаў – найхутчэйшае вырашэнне канфлікту ў і вакол Украіны. У гэтых мэтах Беларусь аказвала неабходнае садзейнічанне, у тым ліку, у 2014-2021 гг., шляхам прадастаўлення пляцоўкі для правядзення пасяджэнняў Трохбаковай кантактнай групы па Украіне, падтрымкі дзейнасці Спецыяльнай маніторынгавай місіі АБСЕ ва Украіне.

Сярод прыярытэтаў Беларусі ў рамках АБСЕ – нарошчванне намаганняў па супрацьдзеянні нецярпімасці, дыскрымінацыі, барацьбе з праявамі ксенафобіі і неанацызму; прасоўванне эканамічнай узаемазвязанасці на прасторы АБСЕ, садзейнічанне ўзаемазвязанасці ў развіцці лічбавых эканомік і грамадств, развіццё чалавечага капіталу. Першапачаткова важным бачыцца прасоўванне на пляцоўцы АБСЕ тэматыкі з найбольшым аб'яднаўчым патэнцыялам і міжмерным ахопам.

Дэлегацыя Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь прымае ўдзел у працы Парламенцкай асамблеі (ПА) АБСЕ. Па ініцыятыве Беларусі прыняты рэзалюцыі Асамблеі па тэматыцы барацьбы з гандлем людзьмі, новых і аднаўляльных крыніц энергіі, “зялёнай” эканомікі, прасоўвання сацыяльна-эканамічных правоў, рэагавання на з'яўленне новых псіхаактыўных рэчываў, лічбавай эканомікі ў рэгіёне АБСЕ, стратэгічнага прагназавання ў галінах навукі, тэхналогій і інавацый для ўстойлівага развіцця.

У ліпені 2017 г. штогадовая сесія ПА АБСЕ ўпершыню прайшла ў г.Мінску. Мерапрыемства адкрыў Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь. 

У красавіку 2019 г. у г.Мінску адбылася міжнародная канферэнцыя Групы падтрымкі Шаўковага шляху ПА АБСЕ “Адзін пояс, адзін шлях: паглыбленне супрацоўніцтва дзеля ўстойлівага развіцця і росквіту”, арганізаваная па ініцыятыве Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь. Па выніках канферэнцыі была прынята Мінская дэкларацыя.

Падчас апошняга пасяджэння Савета міністраў замежных спраў дзяржаў - удзельніц АБСЕ (30 лістапада - 1 снежня 2023 г., г.Скоп'е, Паўночная Македонія) Беларусь падтрымала Расію ў прасоўванні сумеснай заявы групы краін-членаў АДКБ “Аб бягучай сітуацыі на прасторы АБСЕ ў сферы бяспекі», у якім заяўлена аб важнасці захавання АБСЕ як рэгіянальнага форуму, які дзейнічае на аснове прынцыпаў кансенсусу і суверэннай роўнасці дзяржаў, і аб неабходнасці павышэння эфектыўнасці дзейнасці арганізацыі.

Дыпмісіі Беларусі за мяжой

Усе дыпмісіі Замежныя дыпмісіі ў Беларусі
Перайсці

Відэа МЗС

Aрхіў

Афіцыйныя інтэрнэт-рэсурсы