Памер шрыфта:

Сусветная арганізацыя інтэлектуальнай уласнасці

Сусветная арганізацыя інтэлектуальнай уласнасці з'яўляецца спецыялізаванай установай Арганізацыі Аб'яднаных Нацый, якая займаецца пытаннямі палітыкі, умацавання супрацоўніцтва, прадастаўлення паслуг і інфармацыі ў галіне інтэлектуальнай уласнасці. САІУ ўтворана на дыпламатычнай канферэнцыі ў 1893 годзе. У цяперашні час членамі Сусветнай арганізацыі інтэлектуальнай уласнасці з'яўляюцца 193 дзяржавы. Генеральны дырэктар – Дарэн Танг (Сінгапур).

Кіраўнічымі органамі САІУ з'яўляюцца: Генеральная Асамблея САІУ, Канферэнцыя САІУ, Каардынацыйны камітэт САІУ. Арганізацыя выконвае адміністрацыйныя функцыі па дваццаці шасці міжнародных дагаворах (сямнаццаці – у галіне прамысловай уласнасці, васьмі – у галіне аўтарскага права, а таксама канвенцыі аб заснаванні САІУ).

САІУ аказвае садзейнічанне распрацоўцы мерапрыемстваў, разлічаных на паляпшэнне аховы інтэлектуальнай уласнасці ва ўсім свеце і гарманізацыю нацыянальных заканадаўстваў у гэтай галіне, распрацоўцы міжнародных законаў і нормаў у галіне інтэлектуальнай уласнасці. САІУ выконвае адміністрацыйныя функцыі Парыжскага і Бернскага саюзаў, аказвае тэхніка-юрыдычную дапамогу ў галіне інтэлектуальнай уласнасці. Арганізацыя забяспечвае збор і распаўсюджванне інфармацыі, правядзенне даследаванняў і публікацыю іх вынікаў, забяспечвае дзейнасць службаў, якія палягчаюць міжнародную ахову інтэлектуальнай уласнасці.

Рэспубліка Беларусь стала членам САІУ 26 красавіка 1970 года. Беларусь з'яўляецца ўдзельніцай 18 шматбаковых міжнародных дагавораў у галіне інтэлектуальнай уласнасці, якія функцыянуюць пад эгідай САІУ.

 Асноўнымі напрамкамі супрацоўніцтва Беларусі і САІУ з'яўляюцца:

— удасканаленне нацыянальнага заканадаўства ў галіне інтэлектуальнай уласнасці з улікам вопыту, набытага іншымі краінамі, і міжнародных тэндэнцый гарманізацыі;

— узмацненне ролі інтэлектуальнай уласнасці ў галінах навуковай, тэхнічнай і эканамічнай дзейнасці, што ажыццяўляецца на тэрыторыі Беларусі, у тым ліку праз далучэнне Беларусі да шматбаковых канвенцый САІУ;

— удасканаленне правапрымяняльнай дзейнасці ў Беларусі ў мэтах папярэджання, выяўлення і спынення правапарушэнняў у галіне інтэлектуальнай уласнасці;

— умацаванне тэхнічнай базы і павышэнне навукова-тэхнічнага патэнцыялу супрацоўнікаў Нацыянальнага цэнтра інтэлектуальнай уласнасці.

3 — 5 чэрвеня 2019 г. адбыўся афіцыйны візіт у Беларусь Генеральнага дырэктара САІУ Ф.Гары, падчас якога быў падпісаны новы Мемарандум аб узаемаразуменні паміж Урадам Рэспублікі Беларусь і САІУ.

1 кастрычніка 2019 г. падпісаны Мемарандум аб узаемаразуменні паміж НЦІУ Беларусі і САІУ па працэдуры альтэрнатыўнага вырашэння спрэчак у сферы інтэлектуальнай уласнасці

10 кастрычніка 2016 г. у ходзе 56-й серыі пасяджэнняў Асамблей Сусветнай арганізацыі інтэлектуальнай уласнасці з САІУ падпісана Пагадненне аб стварэнні Цэнтраў падтрымкі тэхналогій і інавацый. Першы Цэнтр быў створаны на базе Рэспубліканскай навукова-тэхнічнай бібліятэкі.

19 красавіка 2021 г. у рамках рабочага візіту ў Швейцарскую Канфедэрацыю Міністр замежных спраў Рэспублікі Беларусь У.Макей перадаў Генеральнаму дырэктару Сусветнай арганізацыі інтэлектуальнай уласнасці Д.Тангу інструмент аб далучэнні да Гаагскага пагаднення аб міжнароднай рэгістрацыі прамысловых узораў.

САІУ аказвае беларускаму боку тэхнічную дапамогу па павышэнню кваліфікацыі экспертаў у сферы інтэлектуальнай уласнасці, у тым ліку з дапамогай правядзення тэматычных семінараў і круглых сталоў.

Дыпмісіі Беларусі за мяжой

Усе дыпмісіі Замежныя дыпмісіі ў Беларусі
Перайсці

Відэа МЗС

Aрхіў

Афіцыйныя інтэрнэт-рэсурсы