Памер шрыфта:

Выступленне Міністра замежных спраў Рэспублікі Беларусь У.Макея на першым пасяджэнні Кансультатыўнага савета па справах беларусаў замежжа пры Міністэрстве замежных спраў Рэспублікі Беларусь (1 ліпеня 2015 г., г.Мінск)

Добрай раніцы, шаноўнае спадарства,

Паважаныя сябры,

Вельмі прыемна бачыць тут многа знаёмых твараў. Хтосьці, можа быць, не знаёмы, але я ўпэўнены, што падчас нашай будучай працы мы зблізімся і пазнаёмімся яшчэ цясней. Я ўпэўнены, што наша сумесная дзейнасць будзе паспяховай і выніковай.

Мне вельмі прыемна вітаць усіх вас сёння у Міністэрстве замежных спраў Рэспублікі Беларусь на першым пасяджэнні Кансультатыўнага савета па справах беларусаў замежжа.

Сёння мы пачынаем вельмі важны працэс. Гэты працэс павінен надаць больш сістэмны, сталы і выніковы характар у адносінах паміж Беларуссю і беларусамі, якія жывуць за яе межамі.

Хтосьці можа задаць пытанне – дзеля чаго гэта патрэбна?

Вядомы брытанскі філосаф Эдмунд Брук, які жыў на мяжы 18-га і 19-га стагоддзяў, калісьці сказаў, што “гісторыя – гэта пакт, які аб’ядноўвае ўжо памерлых, тых, якія жывуць, і яшчэ ненароджаных”.

І сёння, калі наша маладая незалежная дзяржава пачынае ўстойліва стаяць на нагах, калі яе пачалі заўважаць і паважаць у свеце, прыйшоў , напэўна, час па крупінках узнаўляць гісторыю беларускага народа.

І неад’емнай часткай гісторыі беларускага народа з’яўляецца гісторыя беларускага замежжа.

Што аб’ядноўвае тых, хто жыве ў Беларусі, і тых, хто па розных абставінах апынуўся далёка па-за межамі Бацькаўшчыны?

Мяркую, гэта – агульная зямля, культура, менталітэт, традыцыі, мова.

Сапраўды, мы ўсе маем дачыненне да той зямлі, якая завецца Рэспубліка Беларусь. Шмат хто з вас нарадзіўся тут, у кагосьці тут нарадзіліся бацькі, дзядулі і бабулі, іншыя продкі.

З волі лёсу шмат хто з вас апынуўся па-за межамі Бацькаўшчыны і стаў шчырым грамадзянінам іншых краін.

Але ёсць рэчы, якія назаўжды прывязалі вас, як прывяжуць вашых дзяцей і ўнукаў, да зямлі, з якой паходзяць вашы карані.

Я хацеў бы прывесці невялікі прыклад. У апошні час у нас развіваюцца добрыя стасункі і з Еўрапейскім саюзам, і са Злучанымі Штатамі Амерыкі. І многія амерыканцы, нават вядомыя, маюць свае карані ў Беларусі, і яны зараз вельмі зацікаўлены, каб знайсці тыя мясціны, дзе нарадзіліся іх продкі. Хтосьці знайшоў нават разбураны млын у Новай Мышы пад Баранавічамі і ён ганарыцца гэтым. Хтосьці адшукаў у Нацыянальным архіве нейкія рэчы, звязаныя з продкамі. І я лічу, што гэта вельмі добра, гэта сведчыць аб тым, што штосьці жыве ў душы кожнага чалавека, які мае дачыненне да нашай Бацькаўшчыны. Памятаеце, у Янкі Купалы ёсць радкі пра Бацькаўшчыну:

Яшчэ ў калысцы я навучыўся з песень сніць
Аб гэтых блізкіх мне, а цесных так мясцінах:
Што роднай нівы я мільённая часціна,
Што зоркі роднай у сэрцы мне іскрынка тліць.

Наўрад ці хто-небудзь скажа лепей пра тое, што кожны, хто нарадзіўся ў Беларусі, ці ў каго нарадзіліся продкі ў Беларусі, заўсёды будзе памятаць аб сваёй Бацькаўшчыне.

Таму адказ на пытанне, якое прагучала вышэй, я бачу вельмі простым – усе мы хочам, напэўна, зрабіць штосьці добрае, патрэбнае і карыснае для нашай зямлі, з якой пайшоў наш агульны род; і ўсе мы павінны дасягнуць таго, каб тыя, хто апынуўся па-за межамі сваёй Бацькаўшчыны, не адчувалі адарванасць ад сваёй зямлі.

Я лічу, што гэта высакародная мэта, якая павінна аб’яднаць нават людзей з рознымі поглядамі на жыццё.

Нельга сказаць, што нічога не рабілася дагэтуль. Я маю на ўвазе, ніхто не працаваў з беларуская дыяспарай. Рабілася. Але гэта было неяк разрознена.

Таму ўладай на пэўным этапе было вырашана аб’яднаць усё супрацоўніцтва з беларускай дыяспарай пад дахам Міністэрства замежных спраў.

Мы робім першыя крокі і, напэўна, мы не застрахаваны ад нейкіх памылак. Але мы шчырыя ў імкненні зрабіць штосьці карыснае і дзеля нашай зямлі, і дзеля нашых беларусаў замежжа.

Я не хацеў бы апярэджваць нашу дыскусію і зараз “закідваць” вас рознымі ідэямі і прапановамі.

Але пажадана пачуць ад вас вашы разважанні аб тым, што Радзіма магла б зрабіць для вас і які ўнёсак маглі б зрабіць беларусы замежжа для сваёй Бацькаўшчыны.

Пры гэтым я заклікаў бы ўсіх нас быць рэалістамі і не патрабаваць адразу і ўсё, і ў матэрыяльным выглядзе, скажам так.

Вы бачыце сітуацыю навокал, як гэта ўплывае на эканамічнае развіццё такіх невялікіх краін, як Беларусь. Тым больш, што Беларусь – экспартаарыентаваная краіна, мы амаль 60 адсоткаў рэчаў, вытворчасць якіх адбываецца ў Беларусі, павінны экспартаваць. Мы залежым ад знешніх рынкаў…

Мы абавязкова выправім гэта становішча. І развіццё нашай незалежнай дзяржавы не спыніцца.

Але відавочна тое, што ў Беларусі і беларускай дыяспары за мяжой ёсць шмат узаемных інтарэсаў і спадзяванняў. І мэта нашай дыскусіі на Кансультатыўным савеце, на мой погляд, – выявіць гэтыя спадзяванні і інтарэсы і рэалізаваць іх у будучым.

І яшчэ адна заўвага. Вы бачыце, што адбываецца ў свеце і ў нашым рэгіёне.

Нават славянін ідзе са зброяй у руках супраць другога славяніна. Прычыны розныя, і гэта не мэта нашай сённяшняй дыскусіі. Але, на жаль, вельмі часта рэальныя прычыны прыкрываюцца за навешваннем нейкіх ярлыкоў. Я думаю, што і на нашу з вамі працу хтосьці паспрабуе навесіць нейкія ярлыкі – што, маўляў, у Беларусі ізноў уздымае галаву нацыяналізм і гэтак далей…

Не трэба бачыць у гэтым нейкія нацыяналістычныя імкненні. Беларусы – памяркоўныя, талерантныя людзі, і мы не хочам варожасці ні з кім, а хочам жыць у спакоі і згодзе з усімі народамі і з усімі краінамі. Але пры гэтым мы хочам захаваць сваю самабытнасць. На гэтым будзе будавацца наша праца ў будучым. 

Я хацеў бы завяршыць сваю ўступную прамову і і пажадаць нам усім паспяховай працы ў Кансультатыўным савеце.

Дзякуй за ўвагу. Будзе вельмі цікава пачуць ад вас сапраўды вашы шчырыя меркаванні, шчырыя разважанні аб тым, што мы маглі б зрабіць і для нашай краіны, і для вас – для тых, хто апынуўся далёка па-за межамі нашай краіны.

Дзякуй вам яшчэ раз.

Дыпмісіі Беларусі за мяжой

Усе дыпмісіі Замежныя дыпмісіі ў Беларусі
Перайсці

Відэа МЗС

Aрхіў

Афіцыйныя інтэрнэт-рэсурсы