Памер шрыфта:

Iнтэрв'ю Надзвычайнага і Паўнамоцнага Пасла Рэспублікі Беларусь у Карэі Наталлі Жылевіч газеце “Звязда” (4 верасня 2014 г.)

Наталля Іванаўна, складана працаваць у мясцінах, дзе сонца ўзыходзіць, калі на радзіме яшчэ толькі кладуцца спаць?

— Да розніцы ў часе прывыкаеш хутка. Ужо праз некалькі дзён звыкла падлічваеш, у які час зручней звязацца з калегамі ў Мінску.

Нягледзячы на значную геаграфічную аддаленасць, Беларусь і Карэя, на мой погляд, маюць шмат агульнага ў культуры і гісторыі, што прадвызначае нашу падобнасць. Знаходзячыся ў Карэі, не адчуеш сябе чужым.

З карэйскімі партнёрамі, як і ўсюды, добра працаваць, калі ёсць узаемная зацікаўленасць. Дарэчы, з моманту ўсталявання дыпламатычных адносін паміж Рэспублікай Беларусь і Рэспублікай Карэя ў 1992 годзе мы дасягнулі добрага ўзроўню ўзаемадзеяння. Паміж нашымі краінамі падпісаны асноўныя міжурадавыя дагаворы ў сферы эканомікі, навукі і тэхналогій, абароны інвестыцый, культуры. Практычнае супрацоўніцтва нашых ведамстваў грунтуецца на трох дзясятках міжведамасных дагавораў у самых розных абласцях — ад СМІ, адукацыі, фізічнай культуры і спорту да ліквідацыі наступстваў надзвычайных сітуацый. Дзейнічае двухбаковы Сумесны камітэт па эканамічным, гандлёвым і тэхнічным супрацоўніцтве. Ужо 7 гадоў працуе Пасольства Рэспублікі Карэя ў Мінску, пачало працу прадстаўніцтва Карэйскага агенцтва садзейнічання гандлю і інвестыцыям у Беларусі.
 
— Як часта вы прыязджаеце ў Беларусь?

— Як правіла, дома бываю адзін раз у год, калі праводзяцца нарады і семінары з удзелам кіраўнікоў замежных устаноў Беларусі.

Сучасныя сродкі сувязі дазваляюць падтрымліваць пастаянны кантакт як з калегамі па працы, так з роднымі і блізкімі. У Карэі сёння лепшыя ў свеце сродкі камунікацыі, якія дапамагаюць нам працаваць.

 — Аб чым больш за ўсё сумуеце за 7 тысяч кіламетраў ад дому?


— Сумую больш за ўсё па галоўным мужчыну майго жыцця — маім чатырохгадовым унуку…

 — Якое галоўнае адрозненне Сеула ад іншых гарадоў свету?


— Калі прыязджаеш у Сеул, першае, што кідаецца ў вочы, — гэта арганічны сплаў традыцыйнай архітэктуры і самых новых тэхналогій.

А ў астатнім гэта адзін з самых сучасных гарадоў свету, дзе бурліць жыццё — таксама, як і ў Мінску. Асабліва адзначу высокую арганізацыю паўсядзённага жыцця шматмільённага мегаполіса. Дакладна і непрыкметна працуюць камунальныя службы. Нягледзячы на высокую шчыльнасць насельніцтва ў Сеуле, дыскамфорту ад знаходжання ў ім не адчуваеш. На дарогах горада велізарная колькасць аўтамабіляў, але працяглых затораў няма, што сведчыць пра эфектыўнасць сістэмы кіравання транспартнымі патокамі, ужо даўно ўведзенай у Сеу­е. І тут у нас добрая перспектыва для сумеснай працы.

З задавальненнем падкрэслю, што паміж Мінскам і Сеулам існуе дагавор аб супрацоўніцтве дзвюх сталіц. Мінгарвыканкам падтрымлівае стабільныя кантакты з сеульскай мэрыяй, у тым ліку і ў частцы абмену вопытам арганізацыі жыцця сталіцы.

 — У чым самае істотнае адрозненне менталітэту карэйцаў?


— Наўрадці змагу адказаць на гэтае пытанне адназначна. Даўно ўжо пераканалася ў тым, што людзі ўсюды падобныя адно да аднаго. Іх хвалююць і турбуюць аднолькавыя праблемы. Яны цэняць адны і тыя ж рэчы: сям’ю, дзяцей, здароўе, мір, стабільнасць. Гэта ж магу сказаць і пра карэйцаў.

Мабыць, вылучае іх толькі адно. Не стамляюся дзівіцца іх выхаванасці, ветлівасці, зацятасці, працавітасці. Мае карэйскія знаёмыя часта жартуюць: маўляў, вы, еўрапейцы, працуеце з дзевяці раніцы да пяці вечара, а мы, карэйцы, з пяці раніцы да дзевяці вечара. Гэта так і ёсць. Суседняя будоўля пачынае шумець ужо на досвітку. А карэйскіх службоўцаў пры неабходнасці заўсёды знаходзім на працоўным месцы і пасля афіцыйнага заканчэння працоўнага дня.

Толькі дзякуючы працы і зацятасці ўсёй нацыі Карэя пры жыцці аднаго пакалення з беднай аграрнай краіны ператварылася ў адну з самых багатых індустрыяльных дзяржаў свету і ўвайшла ў «вялікую дваццатку» найбольш развітых эканомік планеты. Заўважу пры гэтым, што карэйскі парламент далёка не з першага разу прыняў закон, які не дазваляе карэйцам працаваць больш за 52 гадзіны ў тыдзень.

І тут мы, па сутнасці, таксама падобныя. Беларусы ўмеюць і любяць добра працаваць. Карэйцы, якія пабывалі ў нас, з захапленнем распавядаюць пра тое, што яны ўбачылі. А гэта ўсё створана працавітымі беларускімі рукамі.

 — Як часта на тым краі кантынента прыходзіцца тлумачыць, дзе знаходзіцца Беларусь?


— Бывае, што тлумачу, але мне не раз давозілася гэта рабіць і ў еўрапейскіх краінах. Гэта залежыць не столькі ад ведання геаграфіі, колькі ад агульнай культуры.

Многае ў нашай краіне для карэйцаў аказваецца нечаканым. Самае вялікае ўражанне на наведвальнікаў выстаў, у якіх удзельнічае наша пасольства, робіць плакат са здымкам легкавога аўтамабіля на фоне шматтоннага «БелАЗа». Мне асабліва падабаюцца шчырае здзіўленне на тварах і пытанні, якія пры гэтым задаюць: «Гэта шматпавярховы дом на колах?» А пасля нашага тлумачэння — абавязковае фота на памяць побач з выявай «БелАЗа».

У цэлым жа дзякуючы супрацоўніцтву са сродкамі масавай інфармацыі дзвюх краін наш цяперашні ўзровень узаемадзеяння ўжо перасягнуў «планку» агульнага сюжэта пра тое, дзе знаходзіцца Беларусь. Размова ідзе пра больш канкрэтныя пытанні двухбаковага супрацоўніцтва.

Мы імкнёмся максімальна выкарыстоўваць усе формы зносін з карэйскімі грамадзянамі, у тым ліку і праз сацыяльныя сеткі. Інтэрнэт-адрас пасольства добра вядомы, і на нашым сайце заўсёды шмат наведвальнікаў — праз Twіtter, Facebook, Youtube. Асаблівай папулярнасцю карыстаюцца відэа­віншаванні на карэйскай мове, якія рыхтуюць беларускія дзеці для нашых карэйскіх сяброў у сувязі з мясцовымі святамі. Дзякуючы таленту і абаянню нашых маленькіх артыстаў кола сяброў Беларусі прыкметна павялічылася.

— Што пішуць карэйскія СМІ пра Беларусь?

— З асаблівым задавальненнем і гонарам кажу вялікае дзякуй і нізка кланяюся беларускім спартсменам, якія з’яўляюц­ца галоўнымі беларускімі «зоркамі» карэйскіх СМІ. Толькі адна Дар’я Домрачава падчас сваёй фенаменальнай перамогі ў Сочы за тры дні сабрала звыш ста публікацый у друкаваных СМІ Карэі і на рэсурсах інтэрнэт-выданняў. У Карэі, дарэчы, з павагай ставяцца да дасягненняў у спорце і цэняць цяжкую працу спартсменаў.

Пасля наведвання нашай краіны здымачнай групай карэйскага нацыянальнага тэлеканала EBS і дэманстрацыі падрыхтаванага ёю чатырохсерыйнага фільма пра Беларусь у сацыяльных сетках Карэі зараз можна прачытаць пра тое, што беларускія дзяўчаты самыя прыгожыя ў свеце.

Аднак асаблівы гонар у мяне выклікалі каментарыі карэйскіх журналістаў пасля таго, як найбуйнейшая карэйская кампанія «SK Hynіx», якая працуе ў сферы інфарматызацыі, набыла частку актываў беларускай кампаніі «Softeq». Карэйская эканамічная прэса тады падкрэслівала, што за кошт набыцця «беларускага інтэлекту» карэйская кампанія «істотна павялічыла свой патэнцыял».

 — Раскажыце пра ўдзел Пасольства Беларусі ў самай буйной у Карэі міжнароднай турыстычнай выставе «KOTFA 2014».


— Наша экспазіцыя карысталася поспе­ам сярод наведвальнікаў. Самае галоўнае, што беларуская турыстычная кампанія «Топтур», якая ўдзельнічала ў выставе, устанавіла прамыя кантакты з зацікаўленымі карэйскімі турыстычнымі арганізацыямі.

Удзел у падобных выставах — звычайная практыка працы пасольства. Так мы пашыраем геаграфію экспарту нацыянальных турыстычных паслуг.

«KOTFA» праводзіцца штогод. Сёлета нашаму ўдзелу ў ёй папярэднічала карпатлівая падрыхтоўчая праца пасольства сумесна з Міністэрствам спорту і турызму Беларусі, Замкавым комплексам «Мір» і кампаніяй «Топ-тур».

 — Беларусь жа яшчэ рэгулярна ўдзельнічае ў Сеульскім фестывалі дружбы…


— Гэта самае папулярнае ў Карэі культурнае свята з удзелам замежных калектываў. Яно называецца «Прывітанне, Сеул». Сапраўды, карэйцам і гасцям фестывалю вельмі спадабаўся ансамбль «Купалінка» і палюбіўся смак беларускіх дранікаў. Выступленні беларускіх артыстаў не раз называлі найбольш яркімі.

 — У якой сферы стасункі з Сеулам развіваюцца найбольш паспяхова?


— Асноўныя кірункі развіцця двухбаковых адносін сканцэнтраваны там, дзе нашы краіны могуць эфектыўна дапаўняць адна адну, рэалізаваць патэнцыял узаемнай зацікаўленасці.

Я ўжо казала пра кіраванне транспартна-лагістычнымі патокамі, транспартнымі сістэмамі. Яшчэ адна вельмі перспектыўная сфера для супрацоўніцтва — электронны ўрад, у развіцці якога Карэя з’яўляецца сусветным лідарам. Карэйская бізнес- супольнасць бачыць у нашай краіне нядрэнныя інвестыцыйныя перспектывы, чаму асабліва спрыяюць інтэграцыйныя працэсы.

Аснову нашага экспарту ў Карэю складаюць калійныя ўгнаенні, шкловалакно, вугляродныя матэрыялы. Асаблівае месца займае і паўправадніковая прадукцыя ААТ «Інтэграл». Беларускія мікрасхемы пастаўляюцца для выкарыстання ў розных электронных прыладах, якія вырабляе шырокі спектр паўднёвакарэйскіх кампаній, уключаючы найбольш вядомыя ў свеце брэнды.

Улічваючы тое, што Карэя з’яўляецца сусветным лідарам у сферы інфарматызацыі, мы актыўна развіваем супрацоўніцтва ў вобласці інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій. Тут мы прапрацоўваем інвестыцыйныя праекты з буйным бізнесам Карэі.

Добра развіваецца супрацоўніцтва па лініі навукі і тэхналогій. Чакаем вынікаў першых беларуска-карэйскіх праектаў у сферы прыкладных даследаванняў, зацверджаных Сумесным камітэтам па эканамічным, гандлёвым і тэхнічным супрацоўніцтве.

Упэўнена, што беларускі інтэлект у спалучэнні з карэйскім вопытам камерцыялізацыі навуковых распрацовак прынясе плён абедзвюм краінам. У Мінску функцыянуе Беларуска-карэйскі цэнтр па супрацоўніцтве ў вобласці адукацыі, навукі і тэхналогій. Штогод да 100 карэйскіх студэнтаў праходзяць стажыроўкі ў беларускіх універсітэтах.

Дыпмісіі Беларусі за мяжой

Усе дыпмісіі Замежныя дыпмісіі ў Беларусі
Перайсці

Відэа МЗС

Aрхіў

Афіцыйныя інтэрнэт-рэсурсы