Адказ прэс-сакратара МЗС Беларусі Р.Варанкова на пытанне агенцтва «БелТА» наконт планаў Латвіі па будаўніцтве новай АЭС
02 красавіка 2025 г.
Як МЗС Беларусі можа пракаментаваць планы Латвіі па будаўніцтве АЭС, у тым ліку, як заяўляецца, у супрацоўніцтве з Эстоніяй ці Літвой?
Мяркую, тут у наяўнасці чарговы прыклад, мякка кажучы, непаслядоўнай і недальнабачнай палітыкі нашых прыбалтыйскіх суседзяў. Мы ж добра памятаем, як зусім нядаўна, у 2009 годзе, быў спынены другі і апошні блок Ігналінскай АЭС у Літве – па рашэнні, прынятым, каб дагадзіць ЕС і пад яго ціскам. Тым часам разліковы кошт работ па закрыцці станцыі перавысіць 3 млрд еўра.
Здаецца, яшчэ ўчора ўся Еўропа салідарна была гатовая вывесці з эксплуатацыі атамныя электрастанцыі і не будаваць новых рэактараў. Разлічвалі пражыць на энергіі ветру і танным амерыканскім сланцавым газе. Але рэальнасць аказалася больш суровай. Энергіі ветру недастаткова для забеспячэння базавых патрэбаў, а за сланцавы газ амерыканцы недвухсэнсоўна прапанавалі Еўропе заключыць кабальнае гандлёвае пагадненне. Ды і газ з-за акіяна, як выявілася, зусім не танны з улікам транспарціроўкі ў звадкаваным выглядзе праз акіян і рэгазіфікацыі.
Паглядзіце, якую гібрыдную вайну разгарнуў Вільнюс супраць Беларусі! Сочыць за кожнай цаглінай на будоўлі, кожным планавым адключэннем на беларускай АЭС у Астраўцы. З самага пачатку яны заклікалі міжнародную супольнасць прымусіць Беларусь адмовіцца ад планаў будаўніцтва АЭС. Не давалі нам жыцця ў міжнародных арганізацыях, блакіравалі нас па ўсіх напрамках. Урад Літвы ў найбліжэйшыя 4 гады мае намер дамагацца таго, каб пытанне БелАЭС заставалася на палітычным парадку дня Еўрасаюза. Надалі нашай станцыі статус пастаяннай пагрозы. Запалохалі сваё насельніцтва, пастаянна раздаюць ёд і прыдумляюць планы эвакуацыі.
І на гэтым фоне, як бачым, у тых жа краінах Прыбалтыкі актыўна вядуцца размовы пра тое, што атамная энергетыка эканамічна мэтазгодная і экалагічна бяспечная.
А мы ж прапаноўвалі ім у энергазабеспячэнні свае паслугі, не адключалі іх ад электракола БРЭЛЛ, прапаноўвалі сумесна пабудаваць АЭС у Беларусі, эксплуатаваць яе і карыстацца таннай электраэнергіяй. Але прыбалтыйскія палітыканы ўбачылі ў гэтым пагрозу для сваіх краін.
Цяпер жа яны будуць пераконваць сваіх падаткаплацельшчыкаў у тым, што танней за мільярды еўра будаваць і абслугоўваць станцыі малой магутнасці ў сябе, мець праблемы са спажываннем усяго аб'ёму электраэнергіі, што выпрацоўваецца. Яе кошт пры такім раскладзе не будзе нізкім нават пры ўмове раздачы на прыбалтыйскія рэспублікі – бо там ужо даўно няма буйных спажыўцоў накшталт сталеплавільных, ліцейных вытворчасцей або цэментных заводаў. Гэта значыць, гэтыя выдаткі ў любым выпадку праз тарыфы, падаткі зноў лягуць на радавых грамадзян, маламаёмных і гэтак далей.
У любым выпадку разлічваем, што латвійскі бок будзе строга выконваць міжнародна-прававыя патрабаванні, у тым ліку па Канвенцыі Эспа, якая прадугледжвае публічныя абмеркаванні патэнцыяльна небяспечных праектаў унутры краіны і ў сумежных краінах.