Памер шрыфта:

Харчовая і сельскагаспадарчая арганізацыя ААН

Харчовая і сельскагаспадарчая арганізацыя Аб'яднаных Нацый (ФАО) уваходзіць у сістэму ААН і займаецца пытаннямі міжнароднай харчовай бяспекі і сельскагаспадарчага развіцця. Арганізацыя была заснавана на канферэнцыі ў Квебеку 16 кастрычніка 1945 г. з мэтай дамагчыся доўгачасовага вырашэння праблем голаду і галечы.

У цяперашні час у склад ФАО ўваходзіць 194 дзяржавы, уключаючы Рэспубліку Беларусь. У сістэме ААН ФАО з'яўляецца значнай міжурадавай арганізацыяй па рэалізацыі рашэнняў, якія прымаюцца міжнароднай супольнасцю ў галіне прадуктаў харчавання і сельскай гаспадаркі, а таксама іншых галін аграпрамысловага комплексу, уключаючы рашэнні па ўстойліваму развіццю, ахове навакольнага асяроддзя, развіццю сусветнага гандлю. ФАО збірае, аналізуе, інтэрпрэтуе і распаўсюджвае інфармацыю, што датычыцца харчавання і сельскай гаспадаркі. У функцыі Арганізацыі таксама ўваходзіць аказанне тэхнічнай дапамогі краінам. 

Рэспубліка Беларусь уступіла ў ФАО ў лістападзе 2005 года.

У рамках ФАО Беларусь актыўна ўдзельнічае ў распрацоўцы і прыняцці рашэнняў па актуальных міжнародных праблемах у сельскагаспадарчай і прамысловай галінах, а таксама ў пытаннях павышэння эфектыўнасці работы ФАО. Наша краіна атрымала доступ да абагульняемай ФАО інфармацыі пра сучасны перадавы вопыт у сельскай гаспадарцы. Беларуская сельскагаспадарчая бібліятэка з’яўляецца бібліятэкай – дэпазітарыем ФАО.

Нацыянальныя інтарэсы Рэспублікі Беларусь абараняюцца ў межах форумаў ФАО і паседжанняў яе працоўных органаў. Інструментарый ФАО шырока выкарыстоўваецца для прэзентацыі патэнцыялу Беларусі ў сельскагаспадарчай, лясной галінах і ў сферы па ахове прыроды, а таксама для ўмацавання аўтарытэту нашай краіны на міжнароднай арэне.

Наданне ў 2007 годзе рускай мове статусу афіцыйнай мовы дазволіла ФАО актывізаваць удзел беларускіх прадстаўнікоў у мерапрыемствах Арганізацыі і адтрымаць больш шырокі доступ да інфармацыі, якая публікуецца ФАО.

У Рэспубліцы Беларусь працуе Нацыянальны карэспандэнт ФАО, прызначаны Нацыянальныя каардынатары ФАО ў Беларусі па гендэрных пытаннях, у галіне кіравання генетычнымі рэсурсамі жывёл і раслін, Дэпазітарнай бібліятэкі ФАО ў Беларусі, па праектах ФАО «AgroWeb Беларусь», «AGRIS у Беларусі», «Сетка па аграмаркетынгу», «AGLINET у Беларусі».

У маi 2013 года заключана Пагадненне паміж Рэспублікай Беларусь і Харчовай і сельскагаспадарчай арганізацыяй Аб’яднаных Нацый аб тэхнічнай дапамозе ФАО.

У рамках візіту ў Рэспубліку Беларусь намесніка Генеральнага дырэктара ФАО – Рэгіянальнага прадстаўніка па Еўропе і Цэнтральнай Азіі Рахманіна У.А. 23 верасня 2014 г. адбылося падпісанне першай праграмы супрацоўніцтва ФАО і Рэспублікі Беларусь на 2014-2016 гады.

У верасні 2017 г. у Мінску падпісана другая праграма супрацоўніцтва на 2017-2020 гады паміж Рэспублікай Беларусь і ФАО. 

Узгоднены наступныя прыярытэтныя галіны і вынікі тэхнічнай дапамогі на 4-х гадовы перыяд:

— Развіццё ланцужкоў вытворчасці аграхарчовых тавараў і доступу да міжнародных рынкаў;

— Устойлівае выкарыстанне прыродных рэсурсаў, уключаючы лясную гаспадарку, змену клімату;

— Устойлівая сельская гаспадарка і развіццё сельскіх рэгіёнаў.

Рэспубліка Беларусь далучылася да Міжнароднай канвенцыі аб абароне раслін (ФАО з'яўляецца яе дэпазітарыем). Мэта Канвенцыі – забяспечыць каардынацыю паміж дзяржавамі ў фітасанітарнай галіне, развіваць супрацоўніцтва па пытаннях аховы сельскагаспадарчых структур і барацьбы са шкоднікамі, ажыццяўляць гарманізацыю нацыянальных нарматыўных дакументаў у галіне абароны раслін.

Беларусь далучылася таксама да камісіі Кодэкс Аліментарыус, якая была створана ФАО і Сусветнай арганізацыяй аховы здароўя ў 1963 годзе для выпрацоўкі міжнародных стандартаў якасці розных відаў прадукцыі сельскай гаспадаркі.

12 лістапада 2013 года ў рэчышчы ўзгодненых падыходаў падпісаны Мемарандум аб узаемаразуменні паміж Еўразійскай эканамічнай камісіяй і ФАО, які быў актуалізаваны ў жніўні 2019 года.

Дыпмісіі Беларусі за мяжой

Усе дыпмісіі Замежныя дыпмісіі ў Беларусі
Перайсці

Відэа МЗС

Aрхіў

Афіцыйныя інтэрнэт-рэсурсы