Памер шрыфта:

Інтэрв'ю Надзвычайнага і Паўнамоцнага Пасла Рэспублікі Беларусь у Расійскай Федэрацыі І.Петрышэнкі часопісу «Беларусь» (май 2016)

Спадар Пасол, ці апраўдваюць форумы рэгіёнаў спадзяванні нашых аграрнікаў, прамыслоўцаў? Як Вы ацэнь­ваеце такі інтэнсіўны ўзровень міжрэгіянальнага ўзаемадзеяння?

Перафразую Экзюперы: “Калі інтэнсіўнасць кантактаў расце, значыць гэта каму-небудзь трэба”. Штогод дзясяткі расійскіх дэлегацый наведваюць Беларусь і наадварот. Адразу і не ўспомніш, кіраўніцтва якога расійскага рэгіёна яшчэ не пабывала ў нашай краіне. Такіх, напэўна, не засталося.  Прэзідэнт Беларусі не раз казаў: шмат у чым дзякуючы менавіта міжрэгіянальным сувязям удалося захаваць і нарасціць патэнцыял беларуска-расійскага міждзяржаўнага ўзаемадзеяння. Дарэчы, кіраўнікоў расійскіх рэгіёнаў Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка заўсёды прымае асабіста, калі яны наведваюць Беларусь. І гэта ўжо само па сабе кажа пра многае. Першы Форум рэгіёнаў, які адбыўся ў Мінску ў чэрвені 2014 года, быў прысвечаны развіццю аграпрамысловых комплексаў. На другім — у верасні 2015 года ў Сочы — разглядаліся пытанні прамысловай палітыкі Саюзнай дзяржавы, на трэцім — зноў у нашай сталіцы — плануецца абмеркаваць рэалізацыю сацыяльна-эканамічнай палітыкі.  Тое, што форумы апраўдваюць спадзяванні кіраўнікоў рэгіёнаў, прадпрыемстваў — сумненняў ніякіх: дзве сотні дагавораў на дзясяткі мільёнаў долараў па выніках сочынскага саміту летась. Але гэта, так сказаць, “імгненны” эфект. А важна таксама і тое, што адразу і не ацэніш у лічбах. Форумы — каталізатар развіцця прамых кантактаў паміж рэгіёнамі і бізнес-коламі краін, што вельмі важна падчас канкурэнцыі, якая расце на сусветных рынках. Сёння прамыя гандлёва-эканамічныя адносіны падтрымліваюцца Беларуссю практычна з усімі рэгіёнамі Расійскай Федэрацыі, у тым ліку больш як з 60-ю — на падставе прамых пагадненняў пра доўгатэрміновае супрацоўніцтва. Дарэчы, на форумах стала ўжо традыцыяй падпісваць новыя пагадненні і дагаворы пра супрацоўніцтва. Беларускія і расійскія гарады, вобласці, краі, раёны аб’ядноўвае каля двухсот дагавораў, пагадненняў, пратаколаў пра ўзаемадзеянне ў эканоміцы і навукова-тэхнічнай сферы, гандлі і культуры. Гэта дзейнічае, і вельмі эфектыўна.  Амаль у сарака суб’ектах Расіі створана каля 80-ці буйных сумесных зборачных вытворчасцяў. У Саюзнай дзяржаве функцыянуе звыш двухсот суб’ектаў тавараправоднай сеткі з беларускім статутным капіталам, з расійскім — больш за тры тысячы. Вытворчай кааперацыяй злучана звыш 8 тысяч беларускіх і расійскіх прадпрыемстваў, працуе больш як тысяча сумесных вытворчасцяў. Усё гэта працуе шмат у чым дзякуючы менавіта міжрэгіянальным сувязям. 

Ці апраўдваюцца спадзяванні?   

Так, магчыма, хацелася б большага тэмпу. Але галоўнае, што ёсць паступальны рух наперад. Нашы на­дзеі — у рэалізацыі канкрэтных агульных планаў далейшага развіцця Саюзнай дзяржавы, пашырэнні і ўмацаванні міжрэгіянальных сувязяў. 

Пытанне як дыпламату высокага рангу: у хуткім часе — 25 чэрвеня — Рэспубліка Беларусь і Расійская Федэрацыя адзначаць 24-годдзе ўсталявання дыпламатычных адносінаў у якасці суверэнных дзяржаў. 20 гадоў мы будуем Саюзную дзяржаву. Чым, сапраўды, можам ганарыцца, а што яшчэ не зроблена? Якімі аргументамі пераконваць беларусаў і расіян у неабходнасці далейшага развіцця нашай інтэграцыі? 

Лічу, што і для беларусаў, і для расіян не трэба шукаць дадатковых аргументаў для пераканання іх у неабходнасці нашай інтэграцыі. Сёння на любым сельскагаспадарчым, прамысловым прадпрыемстве, у любой беларускай ці расійскай сям’і, проста і даходліва, лепш за любога дыпламата, вам пералічаць усе “за”. І абавязкова падкрэсляць, што не ўсё вымяраецца ў тонах, дэкалітрах і кубаметрах. За 20 гадоў сумеснай работы створана агульная гуманітарная, сацыяльная і эканамічная прастора ад Брэста да Уладзівастока: без межаў і амаль без бюракратычных перашкод. На ўсім яе працягу беларусы і расіяне маюць роўныя правы ў сферах адукацыі, сацыяльнага забеспячэння, медыцыны, у пытаннях набыцця жылля, вядзення бізнесу. Думаю, не толькі ў Еўропе, ва ўсім свеце не знайсці прыкладу больш моцнай дружбы і шчыльнай інтэграцыі, чым паміж нашымі народамі і краінамі.

Але давайце паставім гэтае пытанне, якое ўжо стала некалькі стандартным, крыху інакш: а што было б, калі б не існавала Саюзнай дзяржавы? 

Упэўнены, пра роўныя правы не было б і гаворкі. Але была б мяжа з усімі вынікаючымі наступствамі: клопатам для грамадзян, якія яе перасякаюць. У гэтым сэнсе мы былі б замежнікамі адзін для аднаго. Нягледзячы на тое, што беларусы і расіяне лічаць сябе братамі. 

Не было б больш шчыльных эканамічных сувязяў. І Беларусь ніколі не была б для Расіі пятым па велічыні замежнагандлёвым партнёрам. І наўрад ці ў беларускім трактары, камбайне ці грузавіку палова сабекошту прыпадала б на расійскія камплектуючыя — гэта называецца прамысловая кааперацыя. Нашы тавары — беларускія і расійскія — абыходзіліся б адзін аднаму даражэй. Было б больш бар’ераў на шляху гандлю.

На заходнім напрамку Расіі давялося б ствараць магутную ваенную групоўку, а беларусам, адпаведна, у адзіночку вырашаць пытанне забеспячэння сваёй ваеннай бяспекі. Куды даражэй абыходзілася б ахова знешніх меж.

Хіба былі б такія аднадушнасць і падтрымка на важнейшых міжнародных пляцоўках — ААН, АБСЕ?.. 

Так што я лічу: шмат у чым спадзяванні нашых народаў апраўдаліся. Але пры гэтым трэба прама казаць: практычна на кожным напрамку супрацоўніцтва ёсць рэзервы, нявыкарыстаны патэнцыял. 

Возьмем эканоміку. Нам патрэбна адзіная прамысловая палітыка. Нам патрэбна больш шчыльная каардынацыя ў аграпраме, транспартнай сферы. Шмат гаворым пра выпуск навукаёмістай і высокатэхналагічнай прадукцыі. Чаму б не выходзіць на рынкі трэціх краін з сумесным прадуктам пад брэндам “Тавар Саюзнай дзяржавы”? Яшчэ застаюцца бар’еры на шляху свабоднага руху тавараў, доступу да дзяржзакупак, да дзярж­абаронзаказу.

Не ўсе пытанні да канца адрэгуляваны ў сістэме забеспячэння роўных правоў грамадзян. Канцэптуальныя — так, вырашаны. А штосьці засталося. Узяць тое ж пытанне прызнання медыцынскіх дакументаў, розных даведак ды іншае. 

Так што ёсць і над чым працаваць, і да чаго імкнуцца.

Тавараабарот паміж нашымі краінамі ў 2015 годзе прыкметна зменшыўся? Як Вы лічыце, актывізацыя міжрэгіянальнага супрацоўніцтва зможа калі-небудзь істотна паўплываць на змену сітуацыі да лепшага?

Мне чамусьці здаецца, што тыя, хто збіраецца на рэгіянальныя форумы, і прыедзе ў Мінск на трэці, у гэтым ніколькі не сумняваюцца. Але, калі зусім ужо сур’ёзна адказваць на пытанне, то трэба адзначыць, што і беларусам, і расіянам зразумела: аснова асноў нашых агульных праблем — у першую чаргу міжнародныя праблемы, у тым ліку санкцыйная палітыка і крызіс на нафтавым рынку. 

Сярод унутраных прычын скарачэння тавараабароту выдзеліў бы памяншэнне спажывецкага попыту — з-за росту рознічных цэн — і даходаў насельніцтва, пагаршэнне ўмоў крэдытавання з улікам павышаных рызык, а таксама курсавую розніцу, выкліканую ваганнямі валют. 

Што рабіць? Вызначыцца ў галоўным! Знайсці драйверы росту тавараабароту, якія заключаюцца ў выкарыстанні ўсіх пераваг інтэграцыі, як у рамках Саюзнай дзяржавы, так і міжрэгіянальнага супрацоўніцтва. Якія? Не ствараць адзін аднаму дадатковых праблем у выглядзе абмежаванняў на пастаўку тавараў. Праводзіць узгодненую прамысловую і аграпрамысловую палітыку. 

Імкнуцца да паглыблення рэгіянальных сувязяў з выхадам на канчатковы практычны вынік. Пашыраць вытворчую кааперацыю, ствараць новыя зборачныя вытворчасці, павялічваць узроўні лакалізацыі ўжо дзеючых.

Няпроста, згодны, але іншага не дадзена. 

Я шмат езджу па Расіі, часта бываю ў расійскіх рэгіёнах. У Маскве толькі за мінулы год і з пачатку гэтага адбылося каля 40 сустрэч з кіраўнікамі рэспублік, краёў і абласцей Расійскай Федэрацыі. З такой пастаноўкай пытання згодны ўсе мае візаві. Ад людзей у рэгіёнах залежыць вельмі многае ў наладжванні і развіцці прамых кантактаў паміж вытворцам і канчатковым спажыўцом прадукцыі. Разумеюць гэта і ў Беларусі.

Параўнальна невялікая Беларусь на працягу многіх гадоў з’яўляецца буйнейшым гандлёва-эканамічным партнёрам Расіі. Ці вытрымлівае сёння беларуская прадукцыя канкурэнцыю на расійскім рынку? І як цяпер тлумачыць паняцце “айчынны вытворца”: беларус для расіян — “айчынны” ці “замежны”? 

Я гаварыў, што нярэдка бываю ў рэгіёнах Расіі. І не хаваю, прыемна ба­чыць на расійскіх дарогах нашы МАЗы, у кар’ерах — БелАЗы, на палях — трактары “Беларус” і камбайны “Палессе”, на пасажырскіх маршрутах — аўтобусы і тралейбусы беларускай вытворчасці. Мяркуючы па ўсім, канкурэнцыю яны вытрымліваюць годна. Мы ствараем у расійскіх рэгіёнах гандлёвыя дамы, дылерскія цэнтры па продажы і сэрвісным абслугоўванні нашай тэхнікі. У расійскіх рэгіёнах попыт на нашу тэхніку стабільна высокі. З’явяцца сродкі — павялічацца закупкі. 

Пра нашы прадукты харчавання і гаварыць шмат не буду: яны карыстаюцца ў Расіі вялікай папулярнасцю, ёсць устойлівы попыт. Самае галоўнае — утрымаць высокую планку якасці і не забываць пра інфармацыйную падтрымку беларускага экспарту (чым нашы прадпрыемствы-экспарцёры займаюцца пакуль не вельмі актыўна, калі не сказаць больш жорстка).

Але вось вам задачка: калі ў сабекошце беларускага трактара да паловы (!) прыпадае на расійскія камплектуючыя (не лічачы металу, энергетычнага складніка), то ці можна яго таксама лічыць расійскім? Ці ўсё ж ён “чысты” беларус? Глыбокая прамысловая кааперацыя сур’ёзна ставіць пытанне пра тое, што такое айчынны тавар.

Дарэчы, палітыка санкцый і санкцыйных мер у адказ, якія Расія ўвяла ў адносінах да Еўропы, актуалізавала стварэнне паняцця “Тавар Саюзнай дзяржавы”, пра які я казаў вышэй. У такім разе, мабыць, было б прасцей пазбягаць нейкіх санкцыйных мер з боку трэціх бакоў. Да прыкладу, вы не раз чулі жарты пра беларускія крэветкі і вустрыцы. Але ж усё проста. Беларусь закупляе рыбу і морапрадукты, якія затым перапрацоўвае. І гэты перапрацаваны прадукт ужо з’яўляецца беларускім таварам па ўсіх правілах. Чаму не зрабіць яго агульным?

Практычна на ўсіх сустрэчах з прадстаўнікамі расійскіх рэгіёнаў Прэзідэнт Беларусі заклікае да ўзгодненай палітыкі і ў сферы прамысловай кааперацыі, стварэння прадпрыемстваў па сумесным выпуску тэхнікі. Не скажу, што справа — за малым. Скажу: справа таго вартая.

Сярод тэм трэцяга Форуму — гуманітарнае супрацоўніцтва. Адны з важных яго складнікаў — “народная дыпламатыя”, пабрацімскія, культурныя сувязі. На погляд кіраўніка беларускай дыпмісіі з Масквы, як развіваюцца яны?

Узровень гэтых сувязяў выключна высокі. Так што тут нічога асабліва не дадасі, не вынайдзеш. Дай Бог, каб і далей мы гэтую планку трымалі на такім годным узроўні. Для беларусаў і расіян паняцце “народная дыпламатыя” — гэта нешта большае, чым узаема­дзеянне грамадскіх інстытутаў, скажам, Беларусі ды Італіі, Расіі ды Францыі. Нашы народы ўспрымаюць яго не інакш як братэрскія, роднасныя адносіны. 

Сёння за мяжой пражываюць каля 3 мільёнаў ураджэнцаў Беларусі, у Расіі — больш за 520 тысяч беларусаў. У цэлым, па розных ацэнках, у Расійскай Федэрацыі каля 1,2 мільёна грамадзян, якія адносяць сябе да этнічных беларусаў. Гэта — буйнейшая беларуская дыяспара ў свеце. Зарэгістравана больш за 70 грамадскіх арганізацый беларусаў (зямляцтвы, культурна-асветніцкія таварыствы і цэнтры, нацыянальна-культурныя аб’яднанні), якія займаюцца наладжваннем сувязяў з этнічнай радзімай, захаваннем нацыянальных, культурных і духоўных традыцый. Сацыялагічныя даследаванні аднаго з найбуйнейшых незалежных аналітычных цэнтраў — Лявада-цэнтра — зафіксавалі летась “рэкордны за апошнія 10 гадоў паказчык адносінаў расіян да Беларусі як да найбольш блізкага сябра іх краіны” — каля 80 працэнтаў.

Цяпер што датычыцца пабрацімскіх сувязяў. Беларускія гарады пароднены больш як з трымастамі гарадамі амаль як з 40 краін. З гэтых пародненых гарадоў — каля 140 расійскія. Але час, сітуацыя ўносяць свае карэктывы і ў гэтыя сувязі. Галоўным, на маю думку, у развіцці адносінаў гарадоў-пабрацімаў, гарадоў-партнёраў сёння павінна стаць развіццё эканамічных, інвестыцыйных, інавацыйных і сацыяльных праектаў, якія рэалізуюцца ў рамках гэтага руху. Тут ёсць вялікі нерэалізаваны патэнцыял. 

Перспектыўныя таксама напрамкі супрацоўніцтва ў сферах адукацыі, культуры, турызму, аховы здароўя, маладзёжнай палітыкі, спорту. Такая работа на ўзроўні гарадоў павінна (і можа) садзейнічаць развіццю ўсяго комплексу адносінаў паміж нашымі краінамі, стаць каталізатарам далейшай рэгіянальнай інтэграцыі.

Пра культурныя сувязі таксама можна сказаць многае. Геаграфія і глыбіня кантактаў у гэтай сферы вельмі вялікія. Рэалізуецца маса сумесных творчых праектаў, право­дзяцца дзясяткі розных фестываляў мастацтваў, у тым ліку і шырока вядомых за межамі Саюзнай дзяржавы. Штогадовыя “Славянскі базар у Віцебску”, “Лiстапад” — у Мінску, “Славянскія тэатральныя сустрэчы” — у Гомелі. Летась — грандыёзны беларуска-расійскі фестываль у Растове-на-Доне “Моладзь — за Саюзную дзяржаву”. І многае-многае іншае. Напярэдадні трэцяга Форуму рэгіёнаў у Мінску пройдуць Дні Масквы з вельмі насычанай праграмай, у тым ліку культурнай. У чэрвені ў Маскве на пляцоўцы Дзелавога і культурнага комплексу Пасольства — Дні культуры Беларусі — “Беларускія сезоны”. Усяго і не пералічыць. Назаву яшчэ такую дату. Сёлета спаўняецца 25 гадоў Міжнароднаму фестывалю мастацтваў “Славянскі базар” у Віцебску. Упэўнены, юбілей і беларусы, і расіяне адзначаць з вялікім размахам. 

І ўсё ж, нягледзячы на вельмі паспяховую дзейнасць па развіцці культурных сувязяў на дзяржаўным узроўні, скажу пра наступнае. Хацелася б, каб у добрую справу ўмацавання супрацоўніцтва ў гэтай сферы больш шырока былі далучаны прыватныя асобы. Гэта значыць тыя, каго мы называем мецэнатамі. Сацыяльна адказны бізнес.

Яшчэ адна з надзвычай актуальных сёння тэм — напярэдадні 75-годдзя пачатку Вялікай Айчыннай вайны — захаванне нашай агульнай гістарычнай спадчыны і гістарычнай памяці, якія ў апошні час падвяргаюцца сур’ёзным нападкам. Што супрацьпаставіць спробам перапісаць гісторыю ва ўгоду палітычнай кан’юнктуры, як засцерагчы маладых людзей ад уплыву ідэй экстрэмізму, нацыяналізму?

Дзякуй за вельмі добрае і вельмі актуальнае пытанне. Сапраўды, кан’юктурнага стаўлення да мінулага, на жаль, у апошні час назіраем нямала. Я ганаруся тым, што ў маіх суайчыннікаў (у абсалютнай большасці) — добры імунітэт на гістарычную амнезію і не саромеюся казаць пра гэта. Мы, беларусы, маем вялікую каштоўнасць — мір і згоду ў нашым доме. Вядома, як дорага яны нам дасталіся. Гэты здабытак мы цэнім і старанна беражом. У Беларусі практычна не засталося абавязкаў ні перад загінулымі героямі, ні перад жывымі ветэранамі. Салдаты Перамогі — партызаны, падпольшчыкі, работнікі тылу — у цэнтры ўвагі не толькі ў святы. Клопатам дзяржавы яны акружаны ўвесь час, вырашаны іх побытавыя праблемы. І лозунг “Ніхто не забыты, нішто не забыта” мае для нас значэнне ўвесь час. З першых школьных урокаў выносяць вучні на вечную памяць веды пра “вогненныя” вёскі (Хатынь, Дальва… — 619 беларускіх вёсак, спаленых гітлераўцамі разам з жыхарамі), пра нялюдскія “фабрыкі смерці” — на тэрыторыі рэспублікі было каля 250 лагераў савецкіх ваеннапалонных, 350 месцаў зняволення грамадзянскага насельніцтва, 186 яўрэйскіх гета. 

У нас няма ніводнай вёсачкі, дзе б ні было хоць бы простага абеліска з чырвонай зоркай. Як і няма ніводнага забытага нават безыменнага пахавання. І гэта адзін з лепшых прыкладаў і ўрокаў гістарычнай памяці. Помнікаў, мемарыялаў, брацкіх магіл у Беларусі каля 9 тысяч. І пакажыце мне хоць адзін самы сціплы абеліск у Беларусі, які не быў бы дагледжаны! У якой краіне свету за апошнія гады быў адкрыты новы Дзяржаўны музей Вялікай Айчыннай вайны? Толькі — у Беларусі. І такі, аналагаў якому няма ў Еўропе. А Праспекты Жукава, Ракасоўскага, Праспект Пераможцаў у беларускай сталіцы ніхто і ніколі не перайменуе. І легендарная “трыццацьчацвёрка” як стаяла на п’едэстале за 100 метраў ад Адміністрацыі Прэзідэнта Беларусі па вуліцы Карла Маркса, так і будзе стаяць.

Можна шмат казаць на гэтую тэму. Але галоўнае: мы не перапісваем падручнікі і ўрокі гісторыі, а калі і дапаўняем, то толькі выверанымі фактамі. У гэтым залог таго, што ні экстрэмізм, ні нацыяналізм ніколі не пусцяць каранёў на нашай зямлі, і ў гэтым плане ў нас ёсць чаму павучыцца. 

Дыпмісіі Беларусі за мяжой

Усе дыпмісіі Замежныя дыпмісіі ў Беларусі
Перайсці

Відэа МЗС

Aрхіў

Афіцыйныя інтэрнэт-рэсурсы