Памер шрыфта:

Інтэрв'ю Надзвычайнага і Паўнамоцнага Пасла Рэспублікі Беларусь у Казахстане Анатоля Нічкасава газеце «Звязда» (20 мая 2015 г.)

Казахстан — краіна, якая ў савецкія гады прыняла з усяго Саюза спачатку сотні тысяч рэпрэсаваных, потым — мільёны энтузіястаў, што ехалі на асваенне цаліны. Гэта адна з самых вялікіх краін свету па тэрыторыі, а калі меркаваць па паказчыках эканамічнага развіцця, то дзяржава можа стаць ледзьве не самым магутным гульцом палітычнай і эканамічнай арэны свайго рэгіёна. Стасункі нашай краіны з Казахстанам ужо набылі стратэгічны характар, а таваразварот стабільна павялічваецца. Пра нюансы супрацоўніцтва з гэтай краінай, менталітэт яе жыхароў і беларускую дыяспару карэспандэнту «Звязды» расказаў Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол нашай краіны ў Казахстане Анатоль Нічкасаў.

- Вы з’яўляецеся Паслом Беларусі ў Казахстане ўжо амаль два гады. Якімі былі вашы першыя ўражанні аб краіне і людзях? Якія мэты вы паставілі перад сабой у самым пачатку сваёй дыпламатычнай місіі і чаго ўдалося дасягнуць?

- Пунктам адліку новага этапу майго жыцця стала дата 10 верасня 2013 года, калі Прэзідэнт выступіў з наказам перад новапрыназначанымі пасламі нашай краіны. Ужо 17 верасня я прыляцеў у Астану, каб прыступіць да выканання пастаўленых перада мной і пасольствам задач.

Сонечнасць — мабыць, тая самая характарыстыка, якую можна прымяніць не толькі для апісання клімату ў Астане, але і для вызначэння характару людзей, якія жывуць у Казахстане. Добразычлівасць і ветлівасць людзей, з якімі мне давялося сустракацца ў тыя першыя дні і месяцы, расказалі мне і пра нацыянальныя рысы характару гэтага братняга народа, і пра тую павагу, якую адчуваюць казахстанцы да беларусаў.

Калі казаць пра мэты дыпламатычнай місіі, то самае галоўнае для нас, дыпламатаў, — пашырэнне эканамічнага складніка нашых адносін з замежнымі партнёрамі праз гандаль, інвестыцыі, экспарт. Кожны пасол павінен павялічыць тавазварот пэўнай краіны з Беларуссю.

Што да рэалізацыі гэтых мэт у Казахстане, то трэба адзначыць: дастаткова вялікі аб’ём працы мае доўгатэрміновы характар, і яе вынікі выявяцца ў найбліжэйшай перспектыве. Маецца на ўвазе, перш за ўсё, будаўніцтва буйных зборачных вытворчасцяў беларускай тэхнікі.

У той жа час атрымалася актывізаваць узаемадзеянне з Казахстанам на ўзроўні міністэрстваў і прамысловых прадпрыемстваў Беларусі, умацаваць станоўчую дынаміку ў гандлі, пачаць узвядзенне першай чаргі сумеснага індустрыяльна-тэхналагічнага парка, адкрыць і абсталяваць беларуска-казахстанскі цэнтр у Казахскім агратэхнічным універсітэце ў Астане…

- Як узаемадзеянне ў рамках ЕАЭС паўплывала на развіццё супрацоўніцтва паміж Беларуссю і Казахстанам? Ці з’явіліся новыя праекты, сумесныя праграмы?

- У апошнія гады ўдалося істотна змяніць архітэктуру двухбаковых гандлёва-эканамічных адносін Беларусі і Казахстана, выйсці на новыя напрамкі двухбаковага супрацоўніцтва, у тым ліку і ў інвестыцыйнай сферы.

На тэрыторыі Казахстана арганізавана 15 сумесных зборачных вытворчасцяў, ажыццяўляецца рэалізацыя праекта па стварэнні беларуска-казахстанскага Індустрыяльна-тэхналагічнага парка сельскагаспадарчай і камунальнай тэхнікі з фарміраваннем сумесных прадпрыемстваў па вытворчасці трактароў «МТЗ», прэс-падборшчыкаў «Бабруйскаграмаш», камунальнай тэхнікі на базе шасі «МАЗ», дарожна-будаўнічай тэхнікі «Амкадор» , сельскагаспадарчай тэхнікі ААТ «Лідсельмаш», збожжаўборачных камбайнаў ААТ «Гомсельмаш».

- За мінулы год таваразварот паміж Беларуссю і Казахстанам склаў, наколькі мне вядома, каля 1 млрд долараў. Аднак краіны маюць дастатковы патэнцыял для таго, каб павялічыць гэты паказчык удвая. За кошт чаго можа быць дасягнуты такі вынік?

- За 2014 год таваразварот з Казахстанам склаў прыкладна 1,2 млрд долараў і вырас у параўнанні з 2013 годам на 23 працэнты. Пры гэтым беларускі экспарт тавараў у Казахстан склаў 877 млн долараў. Калі да лічбаў экспарту тавараў дадаць экспарт паслуг, што аказваюцца нашымі прадпрыемствамі казахстанскім партнёрам, то агульны аб’ём экспарту ў Казахстан перавысіць1 млрд долараў. Гэта нядрэнны вынік у сучасных умовах.

Найбольш развітымі напрамкамі двухбаковага супрацоўніцтва ў гандлёва-эканамічнай сферы паміж Беларуссю і Казахстанам з’яўляюцца прамысловая кааперацыя, навукова-тэхнічнае супрацоўніцтва, двухбаковыя пастаўкі гатовых тавараў. Пачалася работа бакоў па наладжванні актыўнага супрацоўніцтва ў касмічнай сферы. Па гэтым напрамку сёлета ў сакавіку адбылося першае пасяджэнне казахстанска-беларускай рабочай групы па прапрацоўцы пытанняў супрацоўніцтва ў галіне космасу.

Перспектывы эканамічнага супрацоўніцтва паміж Казахстанам і Беларуссю мы бачым у рэалізацыі новых сумесных праектаў у галіне вытворчай кааперацыі. Па-першае, гэта стварэнне сумеснага прадпрыемства па зборцы збожжа- і кормаўборачных камбайнаў паміж ААТ «Гомсельмаш» і АТ «Аграмашхолдынг» у горадзе Кастанай на базе дзейнай зборачнай вытворчасці. Па-другое, завяршэнне працэсу рэфармавання і рэарганізацыі сумеснага прадпрыемства «КазБелАЗ» у Карагандзе. Па-трэцяе, перспектыўным напрамкам з’яўляецца забеспячэнне запуску зборкі беларускай тэхнікі на пляцоўцы беларуска-казахстанскага індустрыяльна-тэхналагічнага парка сельскагаспадарчай і камунальнай тэхнікі ў горадзе Какшетау.

Акрамя вышэйпералічанага, перспектыўнай бачыцца сумесная рэалізацыя некалькіх буйных транснацыянальных праектаў у такіх сферах, як космас, энергетыка, геолагаразведка, здабыча і перапрацоўка карысных выкапняў, гандлёва-лагістычная дзейнасць.

Перакананы, што патэнцыял для развіцця гандлёва-эканамічных адносін паміж Беларуссю і Казахстанам да канца не выкарыстаны, нягледзячы на тое, што за апошнія пяць гадоў узаемны таваразварот павялічыўся больш чым у 3 разы. На мой погляд, мы знаходзімся толькі ў пачатку вялікага шляху, паколькі перавагі інтэграцыі ствараюць усе перадумовы для павелічэння таваразвароту ў разы.

- Сусветная выстава «Энергія будучыні» пройдзе ў 2017 годзе ў Астане. Як горад рыхтуецца да гэтай падзеі? Як пасольства супрацоўнічае з арганізатарамі?

- Пачынаючы з 2014 г. у Астане на пляцоўцы 175 га разгарнулася ўзвядзенне выставачных павільёнаў, будаўніцтва аб’ектаў інфраструктуры (дарогі, сеткі, чыгуначны вакзал, аэрапорт з узлётна-пасадачнай паласой), жылля (камерцыйнае, сацыяльнае, арэнднае), сацыяльных аб’ектаў (дзіцячыя сады, школы). Прадугледжана будаўніцтва 26 аб’ектаў выставачнага комплексу, сярод якіх міжнародныя, карпаратыўныя і тэматычныя павільёны, жылыя комплексы, школы, дзіцячыя сады, гасцініцы, кангрэс-хол, канферэнцыя і прэс-цэнтр, Экспа-офіс, «Энэрджы хол», камерцыйныя і гандлёвыя зоны плошчай 140 тыс.м.кв., крыты горад, Экспа-плаза і мастацкі цэнтр. Будаўніцтва дадзеных аб’ектаў плануецца завяршыць у снежні 2016. Рэалізацыя такога маштабнага праекта ў якасці дзяржаўнага заказчыка ўскладзена на нацыянальную кампанію «Астана Экспа-2017». На падрыхтоўку і правядзенне спецыялізаванай выставы Казахстан плануе выдаткаваць з розных крыніц каля 3 млрд долараў ЗША.

Беларусь падтрымала выбар Рэспублікі Казахстан і пацвердзіла свой удзел у гэтым грандыёзным мерапрыемстве.

Пасольства дастаткова актыўна ўзаемадзейнічае з арганізатарамі. Напрыклад, у кастрычніку 2014 года пасольства прыняло ўдзел у першым сходзе міжнародных удзельнікаў спецыялізаванай выставы, арганізаваным пасля афіцыйнага рашэння аб правядзенні міжнароднай выставы «Экспа-2017» у Астане. Трэба адзначыць, што ў гэтым мерапрыемстве прыняло ўдзел кіраўніцтва Міжнароднага бюро выстаў, а таксама супрацоўнікі сакратарыята камісара Экспа і больш за 200 прадстаўнікоў з 86 краін.

- У Казахстане, як і ў нашай краіне, вялікая ўвага надаецца развіццю высокіх тэхналогій. А ці існуюць сумесныя двухбаковыя праекты ў гэтай сферы?

- Сёння рэалізуецца 26 сумесных казахстанска-беларускіх праектаў у рамках міждзяржаўнай мэтавай праграмы Еўразійскай эканамічнай супольнасці «Інавацыйныя біятэхналогіі».

Згодна з раней падпісаным пратаколам аб развіцці супрацоўніцтва паміж НАН Беларусі і Нацыянальным навукова-тэхналагічным холдынгам «Парасат», бакамі ў цяперашні час прапрацоўваюцца магчымасці рэалізацыі сумесных праектаў па такіх напрамках, як прамысловыя і будаўнічыя тэхналогіі, новыя матэрыялы, абсталяванне і новыя тэхналогіі для прамысловасці і жыллёва-камунальнай гаспадаркі, інфармацыйныя тэхналогіі, новыя тэхналогіі для аграпрамысловага комплексу, інавацыйныя тэхналогіі для медыцыны і фармакалогіі.

- Для многіх беларусаў Казахстан асацыюецца з асваеннем цаліны, куды ад’язджалі тысячы маладых людзей. А што сёння з цаліннымі землямі? Наколькі прыбытковая галіна сельскай гаспадаркі ў Казахстане?

- Рашэнне аб асваенні цалінных зямель было прынята вясной 1954 года. Планавалася асвоіць 13 млн гектараў зямель і атрымаць на іх ад 17 да 19 млн тон збожжа. Казахстанцы падтрымалі рашэнне аб засваенні цаліны і прадэманстравалі гасціннасць і інтэрнацыяналізм. На заклік партыі і камсамола далучыцца да шэрагаў цаліннікаў з усіх канцоў Савецкага Саюза у Казахстан пачалі сцякацца людзі. У першы час усе яны жылі ў стэпе ў намётавых гарадках, вагончыках, зямлянках…

Сельская гаспадарка з’яўляецца важным сектарам эканомікі сучаснага Казахстана. Летась пасяўныя плошчы Казахстана склалі 21,2 млн гектараў, у тым ліку пасяўныя плошчы збожжавых — больш за 15 млн гектараў. Па выніках чацвёртага квартала 2014 года рэнтабельнасць сельскагаспадарчай галіны Казахстана склала каля 8%.

- У Астане і Алматы шмат новых і дастаткова цікавых будынкаў — манумент Байтэрэк у Астане стаў адным з сімвалаў як самога горада, так і цэлай краіны. Што вы, як чалавек, які прысвяціў архітэктуры значную частку свайго жыцця, можаце сказаць аб архітэктурным іміджы гарадоў гэтай краіны?

- Аўтарам генплана забудовы Астаны стаў вядомы японскі архітэктар Кісе Куракава. План падчас рэалізацыі істотна змяніўся, што дазволіла дойлідам сумясціць сучасны дызайн і азіяцкі каларыт. Гэта надало гораду яго непаўторнае аблічча, па якім ён сапернічае з вядучымі сталіцамі свету.

Маё адчуванне Астаны — гэта архітэктурны «мікс», змяшэнне культур і стыляў, якое гістарычна склалася на ўсёй тэрыторыі Казахстана. Паўднёвая сталіца, Алматы, пастаянна мяняецца, яе дапаўняюць сучасныя архітэктурныя ансамблі. Архітэктура Казахстана ў цэлым уяўляе сабой своеасаблівы феномен. Геаграфічна знаходзячыся ў цэнтры Еўразійскага кантынента, Казахстан і народнасці, якія насяляюць яго, за сваю шматвекавую гісторыю неаднаразова аказваліся ўцягнутымі ў буйныя палітычныя, сацыяльныя і эканамічныя пераўтварэнні. Усё гэта ў канчатковым выніку сфарміравала аблічча гарадоў, аулаў і вёсак сучаснага Казахстана.

- У Казахстане існуе досыць вялікая і актыўная беларуская дыяспара. Як пасольства выстройвае свае адносіны з суайчыннікамі?

- Сёння ў Казахстане актыўна дзейнічаюць 13 беларускіх культурных цэнтраў. З усімі грамадскімі аб’яднаннямі беларусаў у Казахстане пасольства ўстанавіла цесныя кантакты. На пастаяннай аснове праводзяцца сустрэчы з кіраўнікамі і актывам беларускіх этнакультурных аб’яднанняў, падчас якіх праходзіць абмен думкамі па актуальных пытаннях дзейнасці беларускай дыяспары і перспектыўных напрамках супрацоўніцтва, а таксама праводзяцца розныя сумесныя мерапрыемствы і мерапрыемствы пад эгідай пасольства.

У 2014 годзе былі завершаны мерапрыемствы па вырабе і ўстаноўцы на тэрыторыі Спаскага мемарыяльнага комплексу ў Карагандзінскай вобласці «Карлаг» памятнага знака беларусам — ахвярам палітычных рэпрэсій XX стагоддзя. Мерапрыемствы былі ініцыяваныя пасольствам у 2011 годзе. Памятны знак устаноўлены ад імя ўрада Рэспублікі Беларусь пры садзейнічанні Ганаровага консула Беларусі ў Алматы Даулета Турлыханава, а таксама Беларускага фонду «Спадчына» Караганды і Карагандзінскай вобласці. Памятны знак быў выраблены па праекце беларускага скульптара С. Логвінава.

- У апошнія гады Казахстан пачаў актыўна развіваць сваю турыстычную сферу. На вашу думку, чым можа зацікавіць гэта краіна беларусаў? Што, у сваю чаргу, можа прыцягнуць казахстанскіх турыстаў у Беларусь?

- Развіццё беларуска-казахстанскага супрацоўніцтва ў сферы турызму — перспектыўны напрамак, які актыўна развіваецца. Тут у нас ёсць вялікі патэнцыял і шырокія перспектывы. І ў Беларусі, і ў Казахстане ёсць дзе адпачыць і што паглядзець. Асабліва хацелася б адзначыць у гэтай сферы такія напрамкі, як уязны турызм у мэтах аздараўлення і лячэння.

Мы адзначаем шчырую зацікаўленасць беларусаў зноў «адкрываць» для сябе Казахстан, а для казахстанцаў — Беларусь. Яскравым прыкладам гэтаму стала правядзенне ў маі мінулага года 78-га Чэмпіянату свету па хакеі, калі многія казахстанцы прыехалі да нас і былі прыемна здзіўлены хараством і гасціннасцю Беларусі.

Надзея Юшкевіч

Дыпмісіі Беларусі за мяжой

Усе дыпмісіі Замежныя дыпмісіі ў Беларусі
Перайсці

Відэа МЗС

Aрхіў

Афіцыйныя інтэрнэт-рэсурсы