Памер шрыфта:

Інтэрв'ю Надзвычайнага і Паўнамоцнага Пасла Рэспублікі Беларусь у Чэхіі Васілія Марковіча газеце «Звязда » (31 сакавіка 2015 г.)

З Чэхіяй нас звязваюць вельмі важныя для нас гістарычныя падзеі. У Празе ўбачыла свет першая друкаваная беларуская кніга. Пасля рэвалюцыі 1917 года там асела значная частка беларускай інтэлігенцыі… Пра тое, як выбудоўваюцца ўзаемаадносіны з гэтай краінай зараз, наша размова з Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Рэспублікі Беларусь у Чэшскай Рэспубліцы Васілём Марковічам.

- Васіль Міхайлавіч, якой ступені «размарожанасці» ўдалося дасягнуць у палітычных стасунках з афіцыйнай Прагай?
 
- У дачыненні да двухбаковых адносінаў з Чэшскай Рэспублікай інтэнсіўнасць палітычнага дыялогу шмат у чым залежыць ад пазіцыі Бруселя. Гэта цалкам вытлумачальна, бо Чэхія з’яўляецца членам Еўрапейскага саюза і вымушана выконваць агульныя падыходы ў рэалізацыі знешняй палітыкі ЕС.
 
Але магу сказаць, што мы аптымістычна ацэньваем развіццё двухбаковых адносінаў. Практычна штогод праводзім кансультацыі на ўзроўні намеснікаў міністраў замежных спраў і дырэктараў палітычных дэпартаментаў знешнепалітычных ведамстваў дзвюх краін. 12 сакавіка 2015 года адбыліся чарговыя кансультацыі на ўзроўні начальніка ўпраўлення Еўропы МЗС Беларусі Валерыя Курдзюкова і яго чэшскага калегі дырэктара дэпартамента краін Паўночнай і Усходняй Еўропы МЗС Чэхіі Радэка Пеха. У найбліжэйшай перспектыве плануецца сустрэча намеснікаў міністраў замежных спраў Беларусі і Чэхіі.
 
Падчас мерапрыемства былі абмеркаваны практычна ўсе пытанні двухбаковага і міжнароднага парадку дня, у тым ліку дастаткова вострыя і складаныя. Безумоўна, не па ўсіх напрамках нашы погляды супадаюць, аднак гэта толькі пацвярджае неабходнасць дыялогу і пошуку ўзаемапрымальных рашэнняў. Увогуле, праведзеныя кансультацыі былі станоўча ацэнены кіраўнікамі дэлегацый, што дазваляе гаварыць: мы знаходзімся на правільным шляху.
 
У мінулым годзе прыкметна актывізаваўся і беларуска-чэшскі парламенцкі дыялог. Чэхію з рабочым візітам наведала дэлегацыя Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь на чале з віцэ-спікерам Віктарам Гумінскім. У снежні 2014 года ў Палаце дэпутатаў чэшскага парламента была створана міжпарламенцкая група «Чэхія-Беларусь». Цяпер намі прапрацоўваецца магчымасць арганізацыі візіту ў Рэспубліку Беларусь дэлегацыі чэшскіх парламенцкіх колаў.
 
З задавальненнем хачу адзначыць аднаўленне рэгіянальнага супрацоўніцтва паміж нашымі краінамі. У верасні 2014 года, упершыню пасля доўгага перапынку, у Мінску быў падпісаны Мемарандум аб рэгіянальным супрацоўніцтве паміж Мінскай вобласцю і Краем Высачына. У стадыі прапрацоўкі знаходзяцца яшчэ некалькі аналагічных пагадненняў. Перакананы, што наладжванне рэгіянальных кантактаў носіць выключна прадметны і прагматычны характар і, магчыма, паслужыць свайго кшталту падмуркам для павышэння ўзроўню двухбаковага дыялогу.
 
- У якіх сферах беларуска-чэшскае супрацоўніцтва найбольш поспяховае?
 
 - У эканамічнай. У 2014 годзе зафіксаваны рэкордны паказчык экспарту ў гэтую краіну беларускіх тавараў. Аб’ём экспарту па ўсёй наменклатуры тавараў летась склаў 128,7 млн долараў ЗША (134,2% да аналагічнага ўзроўню папярэдняга года). Пры гэтым рост экспарту быў забяспечаны не пастаўкамі нафтапрадуктаў і ўгнаенняў.
 
Развіваецца інвестыцыйнае супрацоўніцтва дзвюх краін. У Беларусі зарэгістравана 123 прадпрыемствы з удзелам чэшскага капіталу (на 23 больш, чым у 2013 годзе), у тым ліку 76 сумесных і 47 замежных. З 2002 па 2013 год у Рэспубліку Беларусь з Чэшскай Рэспублікі паступіла інвестыцый у аб’ёме 377,9 млн долараў. За дзевяць месяцаў 2014 года агульны аб’ём інвестыцый з Чэхіі ў Беларусь склаў 44,5 млн долараў ЗША.
 
- Але гандлёвае сальда застаецца для нас адмоўным…
 
 - Адмоўнае сальда не з’яўляецца выключна негатыўным паказчыкам развіцця двухбаковых адносінаў. У значнай ступені яно фарміруецца за кошт рэалізацыі ў Беларусі праектаў па мадэрнізацыі прадпрыемстваў, у ходзе якіх з Чэхіі пастаўляецца шмат сучаснага абсталявання.
 
Адсутнасць да кастрычніка 2014 года свабодных страхавых лімітаў Чэшскага экспартнага страхавога таварыства «ЭГАП», змены ў сістэме фінансавання значных энергетычных праектаў у Рэспубліцы Беларусь і некаторыя іншыя абставіны зменшылі колькасць беларуска-чэшскіх сумесных праектаў у 2014 годзе, што, дарэчы, пазітыўна адбілася на памеры адмоўнага сальда.
 
Нам неабходна павялічваць і колькасць таварных пазіцый беларускага экспарту, і палепшыць іх якасць. Галоўнай перашкодай у гэтым з’яўляецца падабенства эканомік Чэхіі і Беларусі. І Чэхія, і Беларусь маюць адносна невялікія ўласныя рынкі, гэта, нават ва ўмовах членства абедзвюх краін у эканамічных саюзах, прыводзіць да таго, што падчас фарміравання гандлёвых стратэгій экспарцёры з Беларусі і Чэхіі больш увагі надаюць буйным гандлёвым партнёрам (Германіі, Расіі, Францыі і іншым). У выніку страчваюцца магчымасці для прасоўвання і замацавання беларускай прадукцыі ў Чэхіі, бо ў сучасных абставінах зацікавіць пакупніка без значных выдаткаў на рэкламу, стварэння ўласнай гандлёвай сеткі і сэрвіснага абслугоўвання немагчыма нават пры наяўнасці якаснага тавару.
 
Вельмі значнай перашкодай з’яўляецца і структура ўласнікаў чэшскіх гандлёвых сетак. Больш за 70% рознічнага гандлю Чэхіі кантралюецца транснацыянальнымі кампаніямі з цэнтрамі ў іншых краінах. Гэта акалічнасць патрабуе правядзення шматгадовых перамоў для прасоўвання на паліцы гандлёвых кропак у Чэхіі беларускіх тавараў. Невялікія беларускія кампаніі не маюць магчымасці весці такія перамовы. Аднак нават калі дамаўляюцца з чэшскімі гандлёвымі сеткамі, што належаць замежным кампаніям, беларуская статыстыка найчасцей улічвае гэтыя тавары, як экспарт не ў Чэхію, а ў дзяржавы, у якіх знаходзяцца транспартна-лагістычныя цэнтры такіх сетак (Польшча, Германія, Літва).
 
- Што ў справе дыверсіфікацыі экспарту і павелічэння яго аб’ёмаў могуць зрабіць дыпламаты?
 
 - Наша галоўная задача — прыцягваць увагу чэшскіх дзелавых колаў да Беларусі. Чэшскія прадпрымальнікі вельмі змястоўна падыходзяць да ўстанаўлення новых кантактаў. Яны аналізуюць інфармацыю з многіх крыніц, карыстаюцца парадамі банкаў, страхавых арганізацый, дзяржаўных устаноў. Вялікае значэнне на першапачатковым этапе маюць і рэкамендацыі пасольства.
 
Тым не менш, важную ролю адыгрывае і пазітыўны вопыт калег. Мы абавязкова запрашаем да ўдзелу ў семінарах, круглых сталах, форумах чэшскія кампаніі, якія маюць вопыт працы ў Рэспубліцы Беларусь. Праводзім значную інфармацыйную працу: распаўсюджваем інфармацыю аб парадку набыцця прадукцыі на біржавых таргах, камерцыйных прапановах беларускіх экспарцёраў, шукаем патэнцыйных партнёраў.
 
Арганізацыя візітаў у Рэспубліку Беларусь сведчыць пра тое, што ў значнай часткі чэхаў існуюць стэрэатыпы ў адносінах да Беларусі. Праца з рэгіёнамі дазволіла значна павысіць цікавасць да вядзення бізнесу з Беларуссю. Важным напрамкам падаецца і садзейнічанне беларускім прадпрыемствам ва ўдзеле ў міжнародных выставах на тэрыторыі Чэхіі. Пасольства ўсталявала добрыя кантакты з арганізатарамі такіх выстаў, што дапамагае ў арганізацыі экспазіцый.
 
Аднак, трэба адзначыць, што пасольства не можа замяніць маркетынгавыя службы ўсіх прадпрыемстваў Рэспублікі Беларусь. Больш за тое, актыўнае ўмяшанне дзяржаўных структур у гандлёвыя пытанні незразумела для чэшскіх партнёраў і выклікае пэўную насцярогу. Таму пасольства, акрамя інфармацыі аб заканадаўстве Чэхіі, стане рынку асобных тавараў, прадстаўляе беларускім экспарцёрам парады па асаблівасцях вядзення бізнесу ў Чэхіі .
 
- Наколькі для нас цікавы вопыт Чэхіі ў прыцягненні прамых замежных інвестыцый?
 
 - Практыка Чэхіі сведчыць, што трэба досыць асцярожна падыходзіць да замежных інвестыцый у такіх сферах, як рознічны гандаль, банкаўскі сектар і прамысловасць. Вялікая канцэнтрацыя замежнага капіталу можа прывесці да пераносу цэнтраў навуковых і тэхнічных распрацовак прадпрыемстваў у краіны паходжання інвестыцый, памяншэння выдаткаў на іх тэхнічнае пераабсталяванне, вывазу большай часткі прыбытку, цанавому ціску на вытворцаў з боку гандлёвых сетак і г.д. Пасольства вывучае чэшскі вопыт, аналізуе змяненні ў чэшскім заканадаўстве ў галіне інвестыцый. Зараз у Чэхіі абмяркоўваецца наступны пакет змяненняў у Закон аб інвестыцыйных ільготах, і найбольш слушныя ідэі пасольства прапанавала для вывучэння кампетэнтным установам Рэспублікі Беларусь.
 
- Якія сферы беларускай эканомікі найбольш цікавыя чэшскім інвестарам?
 
 - Будаўніцтва транспартнай інфраструктуры, машынабудаванне, энергетыка, хімічная прамысловасць, дрэваапрацоўка. Раней шмат праектаў у сферы будаўніцтва ажыццяўлялася чэшскімі кампаніямі праз прадстаўніцтвы ў нашай краіне. Зараз жа многія з іх стварылі ўласныя прадпрыемствы ў Беларусі ці збіраюцца зрабіць гэта ў хуткім часе. Напрыклад найбуйнейшая будаўнічая кампанія Чэхіі мае намер пашырыць дзейнасць свайго беларускага прадпрыемства з мэтай удзелу ў будаўніцтве дарог і мінскага метро. Не менш цікавым можа быць праект па сумесным будаўніцтве і далейшай эксплуатацыі гідраэлектрастанцый.
 
- Ці з’яўляецца старт ЕАЭС прывабным момантам для чэшскага бізнесу на нашай тэрыторыі?
 
 - Існаванне адзінай эканамічнай прасторы заўсёды ўлічваецца пры распрацоўцы бізнес-планаў. Шмат невялікіх кампаній не маюць значных фінансавых рэсурсаў, каб з нуля пачаць эфектыўна працаваць на вялікім рынку разам з вялікімі кампаніямі. Псіхалагічна для такіх кампаній пачатак працы на рынку Беларусі больш прывабны, а перспектыва паступовага безбар’ернага выхаду на ўвесь рынак ЕАЭС ужо ў якасці беларускай кампаніі з падтрымкай беларускай дзяржавы — даволі пераканаўчы фактар. Перспектыўным накірункам супрацоўніцтва ва ўмовах ЕАЭС можа стаць стварэнне транспартна-лагістычных цэнтраў у Беларусі, мадэрнізацыя транспартных калідораў.

- Што, акрамя бізнесу, цікавіць грамадзян Чэхіі ў Беларусі?
 
 - На жаль, вобраз нашай краіны не заўсёды аб’ектыўна фарміруецца і падаецца насельніцтву чэшскімі, ды і еўрапейскімі, сродкамі масавай інфармацыі. У нас ёсць свае праблемы, аднак назавіце мне краіну, якая іх не мае?
 
Я заўсёды прыводжу нашу прыказку — «лепш адзін раз убачыць, чым сто разоў пачуць». Прыемна заўважаць, як у станоўчы бок змяняецца стаўленне да Рэспублікі Беларусь у людзей, якія ўпершыню яе наведваюць. Безумоўна, мы не можам пахваліцца багаццем гістарычных будынкаў і помнікаў, аднак мы здзіўляем іншым, напрыклад гасціннасцю.
 
Яркім пацвярджэннем гэтага з’яўляецца чэмпіянат свету па хакеі ў Мінску, які наведалі больш за 10 тысяч чэшскіх заўзятараў. Ад многіх з іх у адрас пасольства прыходзілі лісты і фатаграфіі з цёплымі словамі. Асноўнай фразай названых пасланняў была «Беларусь, дзякуй за цудоўны чэмпіянат!».
 
Актыўнае ўзаемадзеянне паміж нашымі краінамі адбываецца ў культурнай сферы. Чэшскія калектывы практычна штогод з’яўляюцца ўдзельнікамі творчых фестываляў у гарадах Беларусі, у тым ліку выканаўцы з Чэхіі прымаюць удзел у фестывалі «Славянскі Базар». Беларускія дзіцячыя калектывы таксама з’яўляюцца прызёрамі многіх фестываляў, якія праводзяцца ў Чэшскай Рэспубліцы.
 
Працы юных беларускіх мастакоў штогод прымаюць удзел у Міжнароднай дзіцячай выставе малюнкаў «Lіdіce», устаноўлены сувязі паміж Чэшскай дзяржаўнай операй і Беларускім тэатрам оперы і балета, ідзе ўзаемадзеянне па лініі вышэйшых навучальных устаноў, нацыянальных бібліятэк і акадэмій навук дзвюх краін…
 
- Якіх найбольш яскравых падзей ва ўзаемаадносінах Беларусі і Чэхіі варта чакаць у найбліжэйшы час?
 
 - Акрамя згаданых сустрэч на міністэрскім узроўні, адбудзецца пасяджэнне змешанай міжурадавай камісіі, арганізацыя Бізнес-дня Рэспублікі Беларусь. Плануецца правесці шэраг урачыстых мерапрыемстваў, у тым ліку сумесна з калегамі з пасольстваў краін СНД, прысвечаных 70-годдзю Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне.
 
У 2016 годзе ў рамках фестывалю «Славянскі Базар» адбудзецца правядзенне Дзён Чэхіі. Асабліва важным будзе 2017 год — 500-годдзе выдання Бібліі Францыскам Скарынам. Мы, сумесна з чэшскімі калегамі, ужо пачалі папярэднюю прапрацоўку сумесных мерапрыемстваў, прысвечаных пазначанай даце. Гэтыя падзеі з’яўляюцца звёнамі гісторыі, якія звязваюць нашы краіны і дазваляюць супрацоўнічаць на карысць двух славянскіх народаў.
 
Вольга Мядзведзева

 

Дыпмісіі Беларусі за мяжой

Усе дыпмісіі Замежныя дыпмісіі ў Беларусі
Перайсці

Відэа МЗС

Aрхіў

Афіцыйныя інтэрнэт-рэсурсы