Памер шрыфта:

Аб удзеле Міністра замежных спраў Беларусь М.Рыжанкова ў тыдні высокага ўзроўню 79-ай сесіі Генеральнай Асамблеі ААН (другі дзень)

27 верасня 2024 г.

 

27 верасня 2024 г. у рамках 79-й сесіі ГА ААН Міністр замежных спраў Рэспублікі Беларусь Максім Рыжанкоў прыняў удзел у шостай міністэрскай сустрэчы краін-членаў Групы сяброў у абарону Статута ААН, дзе агучыў пазіцыю Беларусі адносна неабходнасці аднаўлення шырокага міжнароднага дыялогу па пытаннях аднаўлення глабальнай бяспекі, а таксама недапушчальнасці прымянення аднабаковых прымусовых мер у парушэнне Статута ААН.

У рамках сустрэчы ўдзельнікамі таксама абмеркаваны апошнія падзеі ў Сектары Газа і ў рэгіёне Блізкага Усходу ў цэлым, канфлікт ва Украіне, розныя міратворчыя ініцыятывы і іх перспектывы.

Па выніках мерапрыемства прынята палітычная дэкларацыя, якая будзе апублікавана ў якасці афіцыйнага дакумента 79-й сесіі ГА ААН.

Да даведкі: Група сяброў уяўляе сабой нефармальнае аб'яднанне дзяржаў-аднадумцаў, створанае па ініцыятыве Венесуэлы ў ліпені 2021 года. У Групу ўваходзяць Алжыр, Беларусь, Балівія, Венесуэла, Зімбабвэ, Іран, Кітай, КНДР, Куба, Лаос, Малі, Нікарагуа, Палестына, Расія, Сэнт-Вінсэнт і Грэнадзіны, Сірыя, Экватарыяльная Гвінея і Эрытрэя. Мэтамі Групы з'яўляюцца супрацьстаянне аднабаковым прымусовым мерам, абарона суверэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасці краін-удзельніц у адпаведнасці з прынцыпамі міжнароднага права, прасоўванне сумесных ініцыятыў, накіраваных на абарону і ўмацаванне аўтарытэту палажэнняў Статута ААН.

Першая міністэрская сустрэча Групы сяброў адбылася 23 верасня 2021 г. на палях 76-й сесіі ГА ААН у г.Нью-Ёрку, ЗША. Другая міністэрская сустрэча прайшла 12 кастрычніка 2021 г. на палях мерапрыемства па святкаванні 60-годдзя Руху недалучэння ў г.Бялградзе, Сербія. Трэцяя міністэрская сустрэча адбылася 22 верасня 2022 г. падчас тыдня высокага ўзроўню 77-й сесіі ГА ААН у Нью-Йорку, ЗША. Чацвёртая міністэрская сустрэча прайшла 22 верасня 2023 г. падчас тыдня высокага ўзроўню 78-й сесіі ГА ААН у Нью-Йорку, ЗША. Пятая міністэрская сустрэча адбылася 18 студзеня 2024 г. на палях 19-га Саміта кіраўнікоў дзяржаў і кіраўнікоў урадаў краін-членаў Руху недалучэння ў Кампале, Уганда. Па выніках сустрэч былі прыняты палітычныя дэкларацыі.

Далей Максім Рыжанкоў прыняў удзел у міністэрскай сустрэчы Групы сяброў Альянсу цывілізацый ААН, якая прайшла пад старшынствам намесніка Генсакратара ААН/Высокага прадстаўніка па Альянсе цывілізацый, былога Міністра замежных спраў Іспаніі Мігеля Марацінаса.

Да даведкі:  Альянс цывілізацый - міжнародная арганізацыя, заснаваная ў 2005 годзе па ініцыятыве Генеральнага сакратара ААН Кофі Анана пры падтрымцы ўрадаў Іспаніі і Турцыі ў мэтах наладжвання міжнацыянальнага, міжкультурнага і міжрэлігійнага дыялога. У склад Групы сяброў АЦ уваходзяць 160 членаў (130 дзяржаў-членаў ААН, Палестына і 29 міжнародных арганізацый).

Дзейнасць Альянсу цывілізацый ажыццяўляецца па пяці напрамках: адукацыя, моладзь, СМІ, міграцыя, гендэрная роўнасць.

М.Рыжанкоў з намеснікам Генеральнага сакратара,
Высокім прадстаўніком Альянсу цывілізацый ААН М.А.Марацінасам

У сваім выступленні Міністр адзначыў, што Беларусь - дом для 156 нацыянальнасцей і 25 канфесій, і пры гэтым у беларускім грамадстве ніколі не было рознагалоссяў на падставе расавай, нацыянальнай і рэлігійнай варожасці. Таму што адна з яго асноў - павага ўсіх нацыянальнасцяў, рэлігій і моў без якой-небудзь дыскрымінацыі.

Максім Рыжанкоў выказаў падтрымку намаганням Альянсу па ўцягванні ў працэс прыняцця рашэнняў прадстаўнікоў моладзі, якая павінна адыгрываць стваральную ролю і дапаўняць урады пры фарміраванні нацыянальнай палітыкі будучыні.

Кіраўнік знешнепалітычнага ведамства звярнуў увагу на тое, што Беларусь разглядае міграцыю як з'яву, здольную ўнесці пазітыўны ўклад у развіццё любога грамадства праз культуру, веды, звычаі і традыцыі, адзначыўшы пры гэтым усё больш палітызаваны характар гэтай тэмы і заклікаўшы да вырашэння любых спрэчных пытанняў шляхам дыялогу.

Адзначыўшы важную ролю СМІ ў асветы і садзейнічанні ўстойліваму прагрэсу, Міністр заклікаў Альянс цывілізацый актывізаваць барацьбу з мовай варожасці і дэзінфармацыяй.

Работа беларускай дэлегацыі прадоўжылася перамовамі з Міністрам замежных спраў Кубы Бруна Радрыгесам Парыльяй. Абмеркавалі элементы дарожнай карты двухбаковага супрацоўніцтва і міжнародны парадак дня, уключаючы ўкраінскі канфлікт. Зверылі графік перспектыўных кантактаў на розных узроўнях. Закранулі тэматыку БРІКС і ўзаемадзеянне ў міжнародных арганізацыях. Падкрэслена супадзенне пазіцый Беларусі і Кубы па абсалютнай большасці міжнародных пытанняў і адзначана недапушчальнасць і незаконнасць выкарыстання аднабаковых прымусовых мер у міждзяржаўных адносінах, якія негатыўна ўплываюць на ўстойлівае развіццё асобных краін і цэлых рэгіёнаў.


Сустрэча з Міністрам замежных спраў Сірыі Басам Саббагам была прысвечана праектам па аднаўленню інфраструктуры і эканомікі Сірыі, развіццю міжпарламенцкага ўзаемадзеяння, сітуацыі ў рэгіёне Блізкага Усходу і ў сусветнай геапалітыцы ў цэлым. Асобна абмеркавалі працяг аздараўлення ў Беларусі пацярпелых ад узброенага канфлікту сірыйскіх дзяцей. Басам Саббаг адзначыў, што ў рамках гэтай праграмы аздаравілася ўжо 1500 дзяцей і выказаў словы глыбокай удзячнасці Прэзідэнту Беларусі за гэту ініцыятыву.


З кіраўніком МЗС Венесуэлы Іванам Хілем Пінта сканцэнтраваліся на ходзе рэалізацыі дамоўленасцей па выніках візіту Прэм'ер-міністра Беларусі ў Каракас, шляхах развіцця прамысловай кааперацыі. Закранулі тэматыку БРІКС. Асобна спыніліся на тэме сумеснага супрацьдзеяння структураваным спробам асобных краін аказваць агрэсіўны ціск і ўмешвацца ва ўнутраныя справы незалежных дзяржаў.


На палях Генасамблеі таксама адбылася размова Максіма Рыжанкова з Міністрам замежных спраў Зімбабвэ Фрэдэрыкам Шавай. Галоўнай тэмай стала абмеркаванне перспектыў выкарыстання напрацаванага беларуска-зімбабвійскага патэнцыялу для папулярызацыі і развіцця супрацоўніцтва з іншымі краінамі афрыканскага кантынента. Субяседнік таксама выказаў удзячнасць беларускаму боку за накіраванне гуманітарнай дапамогі паўночным раёнам Зімбабвэ ў мэтах пераадолення наступстваў небывалай засухі.

версія для друку

Відэа МЗС

Aрхіў

Афіцыйныя інтэрнэт-рэсурсы