Памер шрыфта:

Аб сустрэчах намесніка Міністра замежных спраў Беларусі А.Дапкюнаса ў штаб-кватэры ААН у Нью-Ёрку

30 студзеня 2018 г.

30-01-2018

29 студзеня 2018 г. у штаб-кватэры ААН  у Нью-Ёрку адкрылася 56-я сесія Камісіі ААН сацыяльнага развіцця (КСР), у якой прымае ўдзел беларуская дэлегацыя на чале з намеснікам Міністра замежных спраў Андрэям Дапкюнасам.

Для даведкі: Камісія ААН сацыяльнага развіцця займаецца пытаннямі скарачэння беднасці, сацыяльнай няроўнасці, а таксама прасоўваннем міжнароднай палітыкі па будаванні сацыяльнай справядлівасці ў дачыненні да найбольш уразлівых слаёў насельніцтва (маламаёмныя, жанчыны, дзеці, асобы з абмежаванымі магчымасцямі, моладзь, пажылыя). Беларусь выбрана ў склад КСР на 2016-2020 гады. 56-я сесія КСР працягне работу да 7 лютага.

Падчас візіту ў штаб-кватэру ААН намеснік кіраўніка знешнепалітычнага ведамства Беларусі А.Дапкюнас сустрэўся з першым намеснікам Генеральнага сакратара ААН Амінай Махамед.

Сустрэча адбылася ў рамках падрыхтоўкі візіту А.Махамед у Беларусь для ўдзелу ў рэгіянальным форуме каардынатараў па мэтам устойлівага развіцця (МУР), які пройдзе ў Мінску 21-22 лютага 2018 г. Суразмоўцы пагадзіліся, што маючы адбыцца форум дазволіць удзельнікам рэгіёну Еўропы і СНД лепш зразумець агульныя праблемы на шляху рэалізацыі МУР і ўнясе важны ўклад у глабальныя намаганні па выкананні Парадку дня ў галіне ўстойлівага развіцця да 2030 года.

Першы намеснік Генеральнага сакратара высока ацаніла дзейнасць Беларусі па дасягненні МУР, асабліва адзначыла ўключэнне ўсіх зацікаўленых бакоў у гэтую працу. А.Махамед запэўніла ў актыўнай падтрымцы з боку ААН гэтага працэсу.

Акрамя таго, бакі закранулі тэму краін з сярэднім узроўнем даходу ў кантэксце важнасці гэтых краін для выканання Парадку-2030.

А.Дапкюнас таксама правёў сустрэчу з намеснікам Генеральнага сакратара ААН па пытаннях барацьбы з тэрарызмам Уладзімірам Варанковым.

Бакі памяняліся думкамі аб бягучай сітуацыі і новых выкліках у галіне барацьбы з тэрарызмам. Беларускі дыпламат праінфармаваў У.Варанкова аб беларускіх ініцыятывах па барацьбе з тэрарызмам у рамках міжнародных арганізацый, запрасіў яго да ўдзелу ў запланаваным у кастрычніку 2018 г. у Беларусі мерапрыемстве па лініі АБСЕ адносна барацьбы з кібертэрарызмам.

У.Варанкоў паведаміў аб працэсе фарміравання контртэрарыстычнага ўпраўлення ААН, а таксама аб бліжэйшых планах, уключаючы правядзенне першага ў гісторыі ААН саміту кіраўнікоў контртэрарыстычных органаў дзяржаў-сябраў ААН у чэрвені 2018 г.

Для даведкі: Новае контртэрарыстычнае ўпраўленне (КТУ) было створана ў структуры сакратарыята ААН у 2017 годзе, што стала адным з элементаў ініцыяванай Генеральным сакратаром ААН А.Гутэрышам рэформы сакратарыята ААН. Намеснік Генеральнага сакратара У.Варанкоў кіруе КТУ, а таксама выступае ў якасці старшыні контртэрарыстычнай мэтавай групы і выканаўчага дырэктара контртэрарыстычнага цэнтра ААН.

У.Варанкоў даў высокую адзнаку намаганням Беларусі ў галіне барацьбы з тэрарызмам, а таксама выказаў гатоўнасць да далейшага ўзаемадзеяння, у тым ліку правядзення сумесных мерапрыемстваў у галіне барацьбы з тэрарызмам у кіберпрасторы.

русская версия      English version

версія для друку

Відэа МЗС

Aрхіў

Афіцыйныя інтэрнэт-рэсурсы