Памер шрыфта:

Знешняя палітыка Беларусі

Пасля абвяшчэння незалежнасці Рэспубліка Беларусь выйшла на міжнародную арэну не толькі ў якасці новай суверэннай дзяржавы, якая ўзнікла ў выніку распада СССР, але і як еўрапейская краіна, якая мае глыбокія гістарычныя традыцыі дзяржаўнасці.

Узнікшыя на тэрыторыі цяперашняй Беларусі Полацкае, Тураўcкае, Пінскае і іншыя княствы (IХ-ХIV стст.), Вялікае княства Літоўскае, Рускае і Жамойцкае (сярэдзіна ХIII-ХVIII стст.) былі актыўнымі ўдзельнікамі міжнародных адносін. Многія прадстаўнікі беларускіх зямель знаходзіліся на дыпламатычнай службе такіх дзяржаў, як Рэч Паспалітая і Расійская імперыя.

Важныя вехі ў гісторыі беларускай дыпламатыі адносяцца да эпохі Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі (1919-1991 гг.), якая ўвайшла ў лік дзяржаў-заснавальніц Арганізацыі Аб’яднаных Нацый.

Прыняцце Вярхоўным Саветам БССР 27 ліпеня 1990 г. Дэкларацыі аб дзяржаўным суверэнітэце Беларусі, наданне ёй 25 жніўня 1991 г. статусу канстытуцыйнага закона азнаменавала пачатак якасна новага этапу ў развіцці краіны. Рэалізаваўшы сваё права на самавызначэнне, Рэспубліка Беларусь, якая атрымала гэтую афіцыйную назву ў адпаведнасці з рашэннем Вярхоўнага Савета БССР ад 19 верасня 1991 г., прыступіла да правядзення самастойнай знешняй палітыкі.

Фарміраваць свой міжнародны курс Беларусі давялося ў няпростых умовах кардынальных геапалітычных, эканамічных, грамадскіх і іншых трасфармацый у свеце, якія характарызаваліся высокай інтэнсіўнасцю і дынамічнасцю.

Нягледзячы на аб'ектыўныя складанасці, Рэспубліка Беларусь пасля атрымання незалежнасці здолела выбудаваць адносіны са знешнім светам, не паступіўшыся сваімі нацыянальнымі інтарэсамі. Гэта дазволіла нашай краіне ўпэўнена і эфектыўна прасоўваць і адстойваць свае знешнепалітычныя мэты і прыярытэты.

Сёння Беларусь – гэта суверэнная еўрапейская дзяржава, якая праводзіць самастойную, міралюбівую знешнюю палітыку, актыўна развівае супрацоўніцтва са стратэгічнымі саюзнікамі і замежнымі партнёрамі ў розных частках зямнога шара, з'яўляецца адным з ініцыятараў і актыўным удзельнікам рэгіянальных інтэграцыйных структур і праектаў, уносіць істотны ўклад ва ўмацаванне міжнароднай бяспекі і стабільнасці.

Асноўныя прынцыпы, мэты і задачы знешняй палітыкі Рэспублікі Беларусь заканадаўча замацаваныя ў Законе "Аб зацвярджэнні Асноўных напрамкаў унутранай і знешняй палітыкі Рэспублікі Беларусь" ад 14 лістапада 2005 г. № 60-З. Больш падрабязна можна азнаёміцца тут.

Усяго Беларусь мае свае дыпламатычныя прадстаўніцтвы ў 58 дзяржавах. З улікам акрэдытацыі паслоў па сумяшчальніцтве краіна прадстаўлена ў 114 дзяржавах.

У мэтах павышэння эфектыўнасці, зыходзячы з неабходнасці вырашэння канкрэтных задач на знешнепалітычным і знешнеэканамічным трэках, сетка беларускіх замежных устаноў увесь час мадэрнізуецца і на сённяшні дзень налічвае 69 дыпмісій, у тым ліку: 58 пасольстваў, 2 пастаянныя прадстаўніцтвы, 8 генеральных консульстваў і 1 консульства.

Прытрымліваючыся адзіных падыходаў да развіцця адносін з усімі замежнымі партнёрамі, Беларусь у той жа час, як і любая іншая дзяржава, канцэнтруе свае знешнепалітычныя намаганні на шэрагу найбольш важных і перспектыўных вектараў. Больш падрабязна з прыярытэтнымі напрамкамі знешняй палітыкі Беларусі можна азнаёміцца тут.

Дыпмісіі Беларусі за мяжой

Усе дыпмісіі Замежныя дыпмісіі ў Беларусі
Перайсці

Відэа МЗС

Aрхіў

Афіцыйныя інтэрнэт-рэсурсы