Памер шрыфта:

Аб сустрэчы намесніка Міністра замежных спраў Беларусі А.Дапкюнаса з Паслом Латвіі

12 лістапада 2019 г.

12-11-2019

12 лістапада 2019 г. адбылася сустрэча намесніка Міністра замежных спраў Рэспублікі Беларусь Андрэя Дапкюнаса з Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Латвійскай Рэспублікі Эйнарсам Семанісам.

Намеснік Міністра і Пасол абмяняліся думкамі аб актуальным стане беларуска-латвійскіх адносін, адзначылі паслядоўнасць развіцця і высокую інтэнсіўнасць міждзяржаўнага дыялогу, добрыя кантакты паміж профільнымі ведамствамі дзвюх краін, абмеркавалі планы прапрацоўкі далейшых міждзяржаўных кантактаў на высокім і найвышэйшым узроўнях.

А.Дапкюнас і Э.Семаніс адзначылі, што гістарычна цесныя сувязі і традыцыі супрацоўніцтва, сучасны характар і танальнасць двухбаковых адносін паміж Беларуссю і Латвіяй напаўняюць практычным сэнсам ідэю добрасуседства.

Адной з тэм сустрэчы стала абмеркаванне магчымасцей паглыблення ўзаемадзеяння і ўзаемнай падтрымкі дзвюх краін у шматбаковых міжнародных арганізацыях і ў двухбаковых кантактах, у тым ліку па пытаннях лічбавых тэхналогій, клімату, устойлівага развіцця, барацьбы з гандлем людзьмі, забеспячэння бяспекі ядзернай энергетыкі.

Падчас размовы суразмоўцы падрабязна абмеркавалі шырокае кола пытанняў, звязаных з маштабнай сумеснай працай Беларусі і Латвіі па арганізацыі ў 2021 г. Чэмпіянату свету па хакеі з шайбай.

Да даведкі: Рашэнне аб правядзенні Чэмпіянату свету па хакеі з шайбай у 2021 г. у сталіцах Беларусі і Латвіі – Мінску і Рызе – было прынята Міжнароднай федэрацыяй хакею ў мае 2017 г. Чэмпіянат пройдзе з 7 па 23 мая 2021 г. Гэта першы ў гісторыі сусветных хакейных спаборніцтв чэмпіянат, які праводзіцца сумесна краінай-членам Еўрасаюза і краінай, якая не ўваходзіць у ЕС. Акрамя адборачных сустрэч у Мінску пройдуць асноўныя фінальныя матчы турніру. Аргкамітэты абедзвюх краін па падрыхтоўцы да Чэмпіянату свету ўзначальваюць кіраўнікі ўрадаў.

Беларускі і латвійскі дыпламаты сышліся ў думцы аб пажаданасці стварэння максімальна спрыяльных умоў для перасоўвання хакейных заўзятараў і турыстаў падчас чэмпіянату, у тым ліку ў кантэксце візавага рэжыму, парадку пераходу памежных пунктаў, транспартных магчымасцей і інш. Намеснік Міністра і Пасол абмеркавалі мэтазгоднасць магчымых двухбаковых кантактаў па лініі аргкамітэтаў дзвюх краін, у т.л. на ўзроўні іх кіраўнікоў, а таксама іншыя арганізацыйныя захады, якія могуць паспрыяць таму, каб зрабіць будучы Чэмпіянат узорам дабразычлівага і адказнага ўзаемадзеяння дзвюх суседніх краін дзеля ўмацавання ідэялаў спорту і міру.

русская версия   English version

версія для друку

Відэа МЗС

Aрхіў

Афіцыйныя інтэрнэт-рэсурсы