Áåëàðóñü . Ôàêòû

Агляд вынікаў знешняй палітыкі Рэспублікі Беларусь і дзейнасці Міністэрства замежных спраў у 2014 годзе

Сітуацыя ў свеце ў 2014 годзе характарызавалася ростам крызісных з’яў у міжнародных адносінах і інтэнсіфікацыяй рэгіянальных канфліктаў.

Спробы вядучых сусветных цэнтраў сілы змяніць на сваю карысць існуючы баланс сіл на міжнароднай арэне, навязаць пэўныя мадэлі сацыяльна-эканамічнага развіцця сталі дадатковымі фактарамі нестабільнасці, якія вялі да страты ўзаемнага даверу ў міждзяржаўных адносінах, вяртання да элементаў блокавага супрацьстаяння, уключна з выкарыстаннем санкцыйнага інструментарыя. Назіралася далейшая эрозія міжнароднага права, якое ўсё часцей трактавалася з пазіцый знешнепалітычнай выгоды. Азначаныя працэсы суправаджаліся беспрэцэдэнтным інфармацыйным супрацьборствам.

На гэтым фоне асноўныя намаганні беларускай дыпламатыі былі сканцэнтраваны на эфектыўнай рэалізацыі вызначанай Кіраўніком дзяржавы шматвектарнай знешняй палітыкі, нарошчванні ўзаемавыгодных сувязяў з рознымі дзяржавамі свету пры безумоўным захаванні нацыянальных інтарэсаў, фармаванні ўмоў для стабільнага развіцця эканомікі і павышэння ўзроўню жыцця грамадзян.

Беларусь на сённяшні дзень прадстаўлена 67 замежнымі ўстановамі ў 56 дзяржавах свету. У 2014 годзе адкрыты пасольствы нашай краіны ў Аўстраліі, Катары, Манголіі, Пакістане, Эквадоры і Генеральнае консульства ў Мілане (Італія).

МЗС шчыльна каардынаваў сваю дзейнасць з галіновымі ведамствамі, усебакова садзейнічаў нацыянальным экспарцёрам, надаваў самую пільную ўвагу абароне законных правоў і інтарэсаў беларускіх грамадзян за мяжой.

Беларусь імкнулася ўнесці свой уклад у вырашэнне глабальных  і рэгіянальных праблем, традыцыйна актыўна ўдзельнічала ў дзейнасці ААН і іншых міжнародных арганізацый.

Цалкам ўсведамляючы небяспеку крызісу ва Украіне для ўсяго рэгіёну, Беларусь у межах сваіх магчымасцяў прадпрымала інтэнсіўныя намаганні з мэтай спрыяць яго ўрэгуляванню. Практычным вынікам гэтых высілкаў сталі Мінскія дамоўленасці, якія спрыялі дээскалацыі канфлікту і яго пераводу ў палітыка-дыпламатычнае рэчышча, якому, на думку беларускага боку, альтэрнатывы няма.

Вынікі, дасягнутыя ў 2014 годзе, спрыялі ўмацаванню пазіцый і аўтарытэту нашай краіны на міжнароднай арэне, пераасэнсаванню шэрагам замежных партнёраў ролі і месца Беларусі ў гарантаванні рэгіянальнай бяспекі і стабільнасці, развіцці інтэграцыйных працэсаў.

Умацоўвалася стратэгічнае беларуска-расійскае супрацоўніцтва. Сумесна з партнёрамі па Мытным саюзе і Адзінай эканамічнай прасторы – Расіяй і Казахстанам – прадпрымаліся сістэмныя намаганні для падрыхтоўкі Дагавора аб Еўразійскім эканамічным саюзе (ЕАЭС), яго рэальнага змястоўнага напаўнення.

Запуск з 1 студзеня 2015 г. ЕАЭС знамянуе выхад еўразійскай інтэграцыі на якасна новы ўзровень. Прынцыповым момантам далейшага развіцця гэтых працэсаў з’яўляецца павага суверэнітэту, раўнапраў’я, улік інтарэсаў усіх дагаворных бакоў.

Пазітыўны вынік прынеслі мэтанакіраваныя захады для актывізацыі прагматычнага ўзаемадзеяення з Еўрасаюзам, інтэнсіфікацыі дыялогу з ЗША.

На новы якасны ўзровень удалося вывесці беларуска-кітайскія адносіны.

Дасягнуты канкрэтныя вынікі ў пашырэнні беларускай дыпламатычнай прысутнасці ў розных рэгіёнах свету, замацаванні адносін з традыцыйнымі і развіцці кантактаў з перспектыўнымі партнёрамі і саюзнікамі Беларусі ў Азіі, Афрыцы і Лацінскай Амерыцы.

Забяспечаны падрыхтоўка і прыняцце Закона Рэспублікі Беларусь “Аб беларусах замежжа”, у якім вызначаны асноўныя прынцыпы, мэты і напрамкі дзяржаўнай палітыкі ў галіне адносін з беларусамі замежжа.

З прычыны адкрытасці беларускай эканомікі і яе шчыльных узаемасувязяў са знешнім светам сістэмныя крызісныя з’явы ў эканоміках асноўных гандлёвых партнёраў Беларусі, найперш – краін-суседак, сур’ёзна ўскладнялі прасоўванне нацыянальных эканамічных інтарэсаў, актуалізавалі праблематыку больш глыбокай дыверсіфікацыі знешняга гандлю для забеспячэння стабільнага развіцця народнагаспадарчага комплексу.

***

Шматгранныя саюзніцкія беларуска-расійскія адносіны актыўна развіваліся на ўсіх накірунках. Інтэнсіўныя кантакты на найвышэйшым і высокім узроўнях, розныя фарматы міжурадавага і міжгаліновага ўзаемадзеяння забяспечвалі змястоўнае напаўненне і выніковасць двухбаковага дыялогу, дазвалялі ў канструктыўным рэчышчы вырашаць праблемныя пытанні.

Расійская Федэрацыя захавала за сабой ролю найбуйнейшага гандлёвага партнёра Беларусі, на долю якога прыпадала да паловы ўсяго аб’ёму беларускага знешняга гандлю і больш за 42 працэнты экспарту. Беларусь, у сваю чаргу, увайшла ў пяцёрку асноўных гандлёвых партнёраў Расіі.

У рамках традыцыйна шчыльнай каардынацыі дзеянняў знешнепалітычных ведамстваў, накіраванай на ўмацаванне пазіцый нашых краін на міжнароднай арэне, эфектыўна рэалізоўвалася Праграма ўзгодненых дзеянняў у галіне знешняй палітыкі дзяржаў-удзельніц Дагавора аб стварэнні Саюзнай дзяржавы на 2014–2015 гг. Зацверджаны План рэалізацыі на міжнароднай арэне беларуска-расійскіх ініцыятыў, прысвечаных 70-годдзю Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне.

Дынамічна развіваліся рэгіянальныя сувязі. Арганізавана значная колькасць візітаў беларускіх дэлегацый у рэгіёны Расіі і расійскіх дэлегацый у Беларусь. Упершыню праведзены Форум рэгіёнаў Беларусі і Расіі, арганізаваны Дні Беларусі ў Сібіры.

Умацаванню ўсебаковага ўзаемадзеяння ў рамках Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі, што застаецца арыентырам для інтэграцыйных працэсаў на прасторы СНД, спрыяла рэалізацыя шматлікіх саюзных праграм і мерапрыемстваў.

***

Прыярытэтным напрамкам дзейнасці Міністэрства з’яўляўся інтэграцыйны напрамак, значнасць якога ў перспектыве будзе няўхільна расці. Падчас падрыхтоўкі да падпісання і ратыфікацыі Дагавора аб Еўразійскім эканамічным саюзе вырашаны найважнейшыя для краіны пытанні па пошлінах на нафтапрадукты, гарантаваных аб’ёмах паставак нафты, лібералізацыі рынка лекавых сродкаў і медыцынскіх вырабаў, транспартных паслуг.

Як краіна, што старшынствуе ў ЕАЭС у 2015 годзе, Беларусь будзе імкнуцца да стварэння эканамічнага саюза без выключэнняў і абмежаванняў, надання новага імпульсу працэсу “інтэграцыі інтэграцый”, які прадугледжвае наладжванне раўнапраўнага супрацоўніцтва паміж ЕАЭС і ЕС з выхадам у перспектыве на стварэнне агульнай эканамічнай прасторы.

Пазапланавае старшынства Рэспублікі Беларусь у СНД у 2014 годзе атрымала высокую ацэнку дзяржаў-удзельніц Садружнасці. У актыве беларускага боку – праведзеныя ў Мінску мерапрыемствы на найвышэйшым і высокім узроўнях, арганізаваны эканамічны форум “СНД і новыя фарматы ўзаемадзеяння”, ініцыятывы ў развіцці ўзаемадзеяння ў сферах інавацыйнай дзейнасці і тэхнічнага рэгулявання.

***

Традыцыйна насычаным быў парадак дня двухбаковых адносін з краінамі Садружнасці Незалежных Дзяржаў.
На фоне крызіснай сітуацыі ва Украіне Рэспубліка Беларусь сумесна з украінскімі калегамі імкнулася захаваць высокі ўзровень палітычнага дыялогу і гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва. Гэтаму спрыяла правядзенне на працягу года трох сустрэч Прэзідэнта Беларусі з кіраўніцтвам Украіны.

Традыцыйна шчыльнае двухбаковае ўзаемадзеянне ў розных сферах з Казахстанам арганічна дапаўняла супрацоўніцтва нашых краін у інтэграцыйных аб’яднаннях.

Сур’ёзны імпульс супрацоўніцтву з Малдовай надаў афіцыйны візіт Кіраўніка беларускай дзяржавы ў Кішынёў.

Працэс нарошчвання двухбаковага ўзаемадзеяння быў падмацаваны афіцыйнымі візітамі ў Беларусь прэзідэнтаў Таджыкістана і Туркменістана, міністраў замежных спраў Азербайджана і Арменіі. Праведзеныя сустрэчы і перагаворы пацвердзілі высокі ўзровень узаемаразумення, дазволілі вызначыць новыя напрамкі супрацоўніцтва ў эканамічнай сферы.

Якаснаму напаўненню і пашырэнню гандлёва-эканамічнага ўзаемадзеяння спрыялі пасяджэнні адпаведных міжурадавых камісій з Арменіяй, Казахстанам, Таджыкістанам, Туркменістанам.

Аб выніковасці эканамічнага ўзаемадзеяння сведчыць станоўчае гандлёвае сальда з краінамі СНД і Грузіяй (без уліку Расіі), якое склала больш за 3,5 млрд долараў.

***

2014 год прайшоў пад знакам актывізацыі кантактаў з Еўрапейскім саюзам (ЕС) і яго краінамі-членамі.

У рамках Мінскай сустрэчы кіраўнікоў дзяржаў Мытнага саюза, Украіны і прадстаўнікоў кіраўніцтва ЕС у жніўні адбылася сустрэча Прэзідэнта Республікі Беларусь А.Р.Лукашэнкі з намеснікам старшыні Еўракамісіі/Высокім прадстаўніком ЕС па замежных справах і палітыцы бяспекі К.Эштан.

Вяліся кансультацыі з Еўрасаюзам па пытаннях мадэрнізацыі для вызначэння найлепшай формы супрацоўніцтва паміж Урадам Беларусі і ЕС у гэтай сферы. Пачаліся перагаворы з Еўрапейскай камісіяй па заключэнні пагадненняў аб спрашчэнні візавых працэдур і аб рэадмісіі.

Беларусь працягвала прымаць актыўны ўдзел у мерапрыемствах шматбаковага трэка “Усходняга партнёрства” (УП), уключна з сустрэчамі міністэрскага ўзроўню. Беларускі бок вылучыў у рамках УП новую ініцыятыву па гарманізацыі лічбавых рынкаў краін ЕС і шасці краін-партнёраў УП.

Вынікова развівалася супрацоўніцтва з ЕС у сферы тэхнічнай дапамогі, у тым ліку па лініі індыкатыўнай праграмы дзеянняў ЕС для Беларусі і праграм трансгранічнага супрацоўніцтва ЕС “Літва-Латвія-Беларусь”, “Польшча-Украіна-Беларусь” і “Рэгіён Балтыйскага мора”.

Еўрасаюз заставаўся адным з асноўных гандлёвых і інвестыцыйных партнёраў нашай краіны. На долю краін ЕС прыпадала больш за чвэрць агульнага аб’ёму беларускага знешняга гандлю. Да ключавых гандлёва-эканамічных партнёраў Беларусі належаць Германія, Вялікабрытанія, Польшча, Італія, Нідэрланды, Літва, Латвія.

***

Двухбаковыя адносіны з краінамі Еўропы выбудоўваліся ў канструктыўным і прагматычным рэчышчы, характарызуючыся ростам дынамікі кантактаў.

Прыкметна падаўся наперад палітычны дыялог з Германіяй, “размарожаны” шэраг механізмаў міжведамаснага ўзаемадзеяння, пашыраны двухбаковы парадак дня. Актыўна выкарыстоўвалася прачыненаe “акно магчымасцяў” для замацавання станоўчых тэндэнцый супрацоўніцтва.

Дзякуючы пазітыўным зрухам у адносінах з Францыяй заснавана двухбаковая міжурадавая камісія па гандлёва-эканамічным супрацоўніцтве, актывізавана работа для стварэння яго дагаворна-прававой базы, пачата рэалізацыя шэрагу сумесных інвестыцыйных і вытворчых праектаў, сістэмны характар набыло супрацоўніцтва паміж дзяржаўнымі страхавымі агенцтвамі дзвюх краін.

Падтрыманню высокай дынамікі супрацоўніцтва з Сербіяй спрыяў візіт у Белград Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, падчас якога дасягнуты дамоўленасці аб пашырэнні двухбаковага ўзаемадзеяння ў прамысловай сферы, сельскай гаспадарцы, будаўніцтве, у галінах навукі, адукацыі, турызму.

Сур’ёзны імпульс атрымаў беларуска-турэцкі дыялог. Адбыліся візіты ў Турцыю Прэм’ер-міністра, Старшыні Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу і Міністра замежных спраў Рэспублікі Беларусь. Увайшлі ў сілу пагадненні аб узаемнай адмене віз і аб рэадмісіі.

Станоўчай дынамікай характарызавалася таксама і прагматычнае ўзаемадзеянне Беларусі з краінамі Балтыі, падмацаванае сур’ёзным эканамічным супрацоўніцтвам. У 2014 годзе арганізаваны візіты Прэм’ер-міністра і Міністра замежных спраў Літвы ў Беларусь, Міністра замежных спраў Беларусі ў Латвію і Літву.

Адзначалася пазітыўная дынаміка гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва і палітычнага дыялогу з краінамі Вышаградскай чацвёркі (Венгрыя, Польшча, Славакія, Чэхія).

Вялася актыўная дзейнасць для падрыхтоўкі нацыянальнай экспазіцыі Рэспублікі Беларусь на Сусветнай выставе “ЭКСПО-2015” у г.Мілане (Італія).

У 2014 годзе праведзена восем пасяджэнняў міжурадавых камісій па гандлёва-эканамічным супрацоўніцтве  – з Аўстрыяй, Балгарыяй, Венгрыяй, Германіяй, Чэхіяй, Польшчай, Славеніяй, а таксама кансультацыі паміж МЗС з 14 еўрапейскімі краінамі.

***

У адносінах са Злучанымі Штатамі Амерыкі працягваўся пошук магчымасцяў актывізацыі дыялогу па накірунках, якія ўяўляюць узаемны інтарэс, уключна з пытаннямі міжнароднай бяспекі, гандлёва-інвестыцыйнага ўзаемадзеяння, ядзернай бяспекі, барацьбы з гандлем людзьмі, абароны правоў інтэлектуальнай уласнасці.

Эфектыўна развівалася двухбаковае супрацоўніцтва ў гуманітарнай сферы, галінах аховы здароўя і спорту. Ажыццяўлялася ўзаемадзеянне па лініі праваахоўных органаў.

Узровень двухбаковага тавараабарачэння па выніках 2014 года перавысіў паўмільярда долараў.

Значнаю падзеяй стала правядзенне ў верасні ў г.Нью-Ёрку Беларускага інвестыцыйнага форуму, на які прыбыла беларуская ўрадавая дэлегацыя на чале з Прэм’ер-міністрам. З амерыканскага боку ў мерапрыемстве прынялі ўдзел звыш 100 кампаній, а таксама прадстаўнікі інвестыцыйных фондаў, навуковых колаў, федэральных і мясцовых органаў улады ЗША.

***

Працягнута актыўная работа для развіцця супрацоўніцтва з краінамі Афрыкі і Блізкага Усходу. Замацавана тэндэнцыя росту беларускага экспарту ў названыя краіны.

Візіт Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у Аб’яднаныя Арабскія Эміраты надаў новы імпульс супрацоўніцтву з ААЭ.

Нарошчванню ўзаемавыгодных сувязяў спрыяла правядзенне пасяджэнняў міжурадавых камітэтаў і камісій па гандлёва-эканамічным супрацоўніцтве з Егіптам, Кувейтам, ААЭ, Суданам.

Па выніках візітаў Міністра замежных спраў Беларусі ў Ірак рэалізуецца стратэгія комплекснага развіцця адносін.

Станоўчыя тэндэнцыі вызначыліся ў гандлёва-эканамічным узаемадзеянні з Сірыяй.

Інтэнсіўны дыялог высокага ўзроўню з Ізраілем стварыў добры грунт для пашырэння інвестыцыйнага супрацоўніцтва і кааперацыі ў высокатэхналагічных галінах.

У кантэксце працы па павышэнні ўзроўню ўзаемадзеяння з краінамі Афрыкі адбыліся візіты Міністра замежных спраў Беларусі  ў Нігерыю і ПАР, намесніка Мінсітра замежных спраў – у Кенію, Эфіопію і Судан, Прэм’ер-міністра і Міністра замежных спраў Мазамбіка – у Беларусь.

На той самы час захаванне нестабільнасці ў шэрагу ключавых з пункту погляду беларускіх інтарэсаў краін Афрыкі і Блізкага Усходу істотна абмяжоўвала магчымасці развіцця ўзаемавыгодных сувязяў.

***

З улікам высокіх тэмпаў эканамічнага развіцця дзяржаў Азіі і павелічэння іх вагі ў сусветнай палітыцы і эканоміцы ў фокусе ўвагі беларускай дыпламатыі заставалася забеспячэнне высокай дынамікі супрацоўніцтва з традыцыйнымі і новымі партнёрамі ў Азіяцка-Ціхаакіянскім рэгіёне, Паўднёвай і Паўднёва-Усходняй Азіі.

Гэтаму спрыялі выніковыя кантакты на найвышэйшым і высокім узроўнях з Бангладэш, В’етнамам, Індыяй, Інданэзіяй, Іранам, Камбоджай, Кітаем, Лаосам, якія замацавалі дамоўленасці аб рэалізацыі канкрэтных праектаў.

На новыя рубяжы выведзена супрацоўніцтва ў розных сферах з ключавым партнёрам Беларусі ў рэгіёне – Кітаем. Адбыўся афіцыйны візіт Прэм’ер-міністра Рэспублікі Беларусь у Пекін.

Актывізацыі ўзаемадзеяння з Аўстраліяй, Пакістанам, Манголіяй будзе садзейнічаць адкрыццё беларускіх дыппрадстаўніцтваў у названых краінах.

У рамках міжгаліновага ўзаемадзеяння Беларусь наведалі кіраўнікі розных ведамстваў з Індыі, Інданэзіі, Ірана, Кітая, Карэі, Шры-Ланкі, Японіі і іншых краін рэгіёна.

Праведзены кансультацыі паміж МЗС і пасяджэнні міжурадавых камісій па эканамічным супрацоўніцтве з В’етнамам, Іранам, Камбоджай, Кітаем, Лаосам, Манголіяй, Пакістанам, Шры-Ланкой, Японіяй.

Гандлёвае абарачэнне з краінамі Азіі склала каля 4 млрд долараў. Рэалізуюцца буйныя двухбаковыя крэдытна-інвестыцыйныя праекты. Працягваецца праца па стварэнні Кітайска-Беларускага індустрыяльнага парка. Адкрыты новыя суб’екты беларускай тавараправоднай сеткі ў Аўстраліі, В’етнаме і Інданэзіі.

***

У 2014 годзе працягвалася нарошчванне кантактаў і пашырэнне геаграфіі ўзаемадзеяння з краінамі Лацінскай Амерыкі.

Істотна актывізаваны дыялог з Аргенцінай. Далейшае развіццё атрымалі ўзаемавыгодныя адносіны з Бразіліяй. Беларусь павялічыла пастаўкі на бразільскі рынак калійных угнаенняў. Працягвалася дзейнасць па стварэнні ў гэтай краіне зборачных вытворчасцей беларускай тэхнікі.

Шырокамаштабнае супрацоўніцтва з Венесуэлай заставалася адным з прыярытэтных напрамкаў працы на лацінаамерыканскім вектары. Удалося захаваць аб’ёмы беларускага экспарту ў гэтую краіну, працягваць далейшую рэалізацыю буйных праектаў у галінах прамысловасці, будаўніцтва і сельскай гаспадаркі.

Атрымалі развіццё сумесныя праекты па разведцы і здабычы нафты і іншых карысных выкапняў на тэрыторыі Эквадора.

Актывізацыі ўзаемадзеяння з Балівіяй спрыяла правядзенне пасяджэння двухбаковай камісіі па гандлёва-эканамічным супрацоўніцтве.

Умацоўваўся палітычны дыялог з Кубай, выпрацоўваліся новыя формы стымулявання гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва. Падчас візіту Міністра замежных спраў Беларусі ў Гавану падпісана міжурадавае Пагадненне аб сустрэчным гандлі, якое прадугледжвае ўзаемныя пастаўкі беларускай тэхнікі і кубінскіх лекавых сродкаў.

***

У 2014 годзе Беларусь працягвала паслядоўна прасоўваць на пляцоўцы ААН і яе спецыялізаваных устаноў і арганізацый знешнепалітычныя ініцыятывы ў розных актуальных аспектах міжнароднага парадку дня.

Важным дасягненнем беларускай дыпламатыі ў сферы супрацьдзеяння гандлю людзьмі стала пашырэнне сумесных міжнародных намаганняў на новую сферу – прадухіленне гандлю чалавечымі органамі.

Падчас 23-й сесіі Камісіі ААН па прадухіленні злачыннасці і крымінальным правасуддзі з ініцыятывы Беларусі прынята рэзалюцыя “Папярэджанне незаконнага абарачэння органаў чалавека, уключна з гандлем людзьмі з мэтай выняцця органаў”.

На новы ўзровень выйшла беларуская ініцыятыва па абароне інстытута сям’і і прасоўванні традыцыйных сямейных каштоўнасцяў. У ААН праведзены тэматычныя мерапрыемствы па гэтай тэме.

Значныя намаганні канцэнтраваліся на актывізацыі міжнароднага супрацоўніцтва па чарнобыльскай тэматыцы і прасоўванні ідэі шматбаковага спрыяння развіццю краін з сярэднім узроўнем даходу.

Прэм’ер-міністр Рэспублікі Беларусь прыняў удзел у Саміце ААН па пытаннях клімату. У рамках мерапрыемства адбыліся сустрэчы кіраўніка беларускага ўраду з Генеральным сакратаром ААН і Адміністратарам ПРААН.

Няўхільна выконваючы свае міжнародныя абавязацельствы па гарантаванні ядзернай і радыяцыйнай бяспекі, наша краіна надала вычэрпную інфармацыю аб будаўніцтве Беларускай АЭС падчас найважнейшых міжнародных форумаў у гэтай сферы.

Станоўчай дынамікаю характарызаваліся кантакты з кіраўніцтвам міжнародных арганізацый, фондаў і праграм сістэмы ААН. У 2014 годзе адбыліся візіты ў Мінск Генеральнага дырэктара ЮНЕСКА І.Бокавай, Адміністратара ПРААН Х.Кларк, рэгіянальнага дырэктара ЮНІСЭФ М.-П.Пуар’е.

У лістападзе 2014 г. у Мінску ўпершыню праведзена рэгіянальная канферэнцыя ЮНІСЭФ “Умацаванне нацыянальных механізмаў у сферы абароны дзяцей ад пагардлівага і жорсткага абыходжання, насілля і эксплуатацыі” для краін Цэнтральнай, Усходняй Еўропы і Садружнасці Незалежных Дзяржаў.

***

Рэспубліка Беларусь у 2014 годзе працягвала лінію на развіццё канструктыўнага ўзаемадзеяння ў рамках Арганізацыі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе (АБСЕ).

Укладам нашай краіны ў антыкрызісныя намаганні АБСЕ ва Украіне стала наданне Беларуссю пляцоўкі для правядзення перагавораў кантактнай групы па Украіне і дасягненне ў Мінску дамоўленасцяў, якія спрыялі дээскалацыі сітуацыі.

Беларуская дэлегацыя на чале з Міністрам замежных спраў прыняла актыўны ўдзел у 21-й сустрэчы Савета міністраў замежных спраў АБСЕ ў г.Базэлі (Швейцарыя), па выніках якой адобраны шэраг дакументаў, якія адпавядаюць інтарэсам Беларусі, уключна з міністэрскімі дэкларацыямі аб далейшых захадах у рамках працэса “Хельсінкі плюс 40”, а таксама аб 70-годдзі завяршэння Другой сусветнай вайны.

Развівалася прагматычнае супрацоўніцтва з выканаўчымі структурамі АБСЕ па пытаннях свабоды СМІ і Спецыяльнага прадстаўніка дзеючага старшыні АБСЕ па гендэрных пытаннях.

У рамках рэалізацыі стратэгічнай лініі на пабудову канструктыўнага дыялогу і развіццё практычнага ўзаемадзеяння Беларусі з структурамі Савета Еўропы (СЕ) дасягнуты пазітыўныя вынікі ў галіне далучэння да прававых інструментаў і механізмаў СЕ. У прыватнасці, Рэспубліка Беларусь далучылася да Еўрапейскай канвенцыі па барацьбе з гандлем людзьмі.

У 2014 годзе працягвалася актыўнае ўзаемадзеянне з Цэнтральна-Еўрапейскай Ініцыятывай (ЦЕІ), якая захоўвае сваё значэнне ў якасці важнай пляцоўкі для субрэгіянальнага супрацоўніцтва. Дэлегацыя Рэспублікі Беларусь на чале з Міністрам замежных спраў прыняла ўдзел у штогадовай сустрэчы кіраўнікоў урадаў краін-удзельніц ЦЕІ 24 лістапада ў г.Вене (Аўстрыя).

У верасні ў г.Мінску на пляцоўцы Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта сумесна з аўстрыйскім старшынствам ЦЕІ і Сакратарыятам Арганізацыі праведзены семінар па магчымых перспектывах узаемадзеяння паміж ЦЕІ і “Усходнім партнёрствам”, у якім прыняла ўдзел намеснік Генеральнага сакратара ЦЕІ.

***

У кантэксце гарантавання нацыянальнай бяспекі працягваўся актыўны ўдзел Рэспублікі Беларусь у працы Арганізацыі Дагавора аб калектыўнай бяспецы (АДКБ). Вынікам канструктыўнага ўзаемадзеяння з партнёрамі па АДКБ стала павышэнне эфектыўнасці механізмаў супрацьдзеяння новым выклікам і пагрозам, удасканаленне прававога і фінансава-эканамічнага забеспячэння дзейнасці Арганізацыі. Адпаведныя рашэнні былі прыняты на дзвюх сустрэчах АДКБ на найвышэйшым узроўні ў 2014 годзе.

Важкім укладам Беларусі ў міжнародныя намаганні па падтрыманні і ўмацаванні міру і бяспекі стала адказнае выкананне нашаю краінай абавязацельстваў па нераспаўсюджанні зброі масавага знішчэння, кантролі за звычайнымі ўзбраеннямі, экспартным кантролі адносна спецыфічных тавараў, работ і паслуг, датрыманні санкцый Савета Бяспекі ААН.

Працягвалася канструктыўнае ўзаемадзеянне на шматбаковых і двухбаковых трэках па тэматыцы барацьбы з тэрарызмам. Сур’ёзная ўвага надавалася і такой параўнальна новай праблематыцы, як міжнародная інфармацыйная бяспека, а таксама бяспека ў касмічнай прасторы.

У 2014 годзе Генеральнай Асамблеяй ААН была прынята прапанаваная Беларуссю рэзалюцыя аб забароне распрацоўкі і вытворчасці новых відаў зброі масавага знішчэння.

Візіт Генеральнага дырэктара Арганізацыі па забароне хімічнай зброі (АЗХЗ) А.Узюмджу ў Мінск дазволіў вызначыць новыя захады для актывізацыі ўзаемавыгоднага супрацоўніцтва. Сярод найбольш перспектыўных напрамкаў – рэалізацыя ініцыятывы аб стварэнні ў Беларусі “Цэнтра перадавога вопыту АЗХЗ” у галіне абароны ад хімічнай зброі.

Пры актыўным дыпламатычным садзейнічанні завершана будаўніцтва ў Беларусі  завода па знішчэнні супрацьпяхотных мін тыпу ПФМ-1. Адпаведны праект, канчатковай мэтай якога з’яўляецца знішчэнне больш за 3,3 млн супрацьпяхотных мін часоў СССР, ажыццяўляецца пры фінансаванні Еўрапейскай камісіі.

***

Прыярытэтная ўвага надавалася каардынацыі дзейнасці па рэалізацыі Нацыянальнай праграмы развіцця экспарту Рэспублікі Беларусь на 2011–2015 гады.

У мінулым годзе знешнегандлёвымі партнёрамі Беларусі сталі 207 дзяржаў свету. У дзесяць краін беларуская прадукцыя пастаўлялася ўпершыню.

Асаблівая ўвага надавалася паслядоўнай абароне нацыянальных эканамічных інтарэсаў у рамках еўразійскай інтэграцыі, наладжванню механізмаў адзінага рынку ЕАЭС, паэтапнаму пазбаўленню ад наяўных выняткаў і абмежаванняў у гандлі таварамі і паслугамі.

Пералік заключаных базавых двухбаковых эканамічных дагавораў папоўнілі пагадненні аб абароне інвестыцый з Камбоджай і Іракам, аб гандлёва-эканамічным супрацоўніцтве з Камбоджай. Праведзены кансультацыі экспертаў па пытанні заключэння дагавораў аб свабодным гандлі з В’етнамам, Ізраілем і Новай Зеландыяй.

У 2014 годзе ўсталяваны дыпламатычныя адносіны з Дэмакратычнай Рэспублікай Усходні Тымор. Такім чынам, наша дзяржава падтрымлівае дыпламатычныя адносіны са 174 дзяржавамі свету, што складае больш за 90 працэнтаў ад агульнай колькасці дзяржаў-членаў ААН.

***

Наданне консульскай дапамогі, абарона законных правоў і інтарэсаў юрыдычных і фізічных асоб Рэспублікі Беларусь за мяжой заставаліся прыярытэтнымі напрамкамі дзейнасці знешнепалітычнага ведамства краіны.

У рамках лібералізацыі візавай палітыкі Рэспублікі Беларусь вялікая ўвага надавалася развіццю двухбаковай дагаворна-прававой базы ў галіне ўзаемных паездак грамадзян. Падпісаны міжурадавыя пагадненні па візавых пытаннях з Ізраілем, Камбоджай, Эквадорам, увайшлі ў сілу пагадненні з Балівіяй, Лаосам, Манголіяй, ААЭ, Турцыяй, Шры-Ланкой. На цяперашні час грамадзяне 17 дзяржаў могуць уязджаць у Рэспубліку Беларусь без віз.

З мэтай стымулявання дзелавых і міжасабовых кантактаў, павышэння турыстычнай прываблівасці краіны ўнесены змены ў Візавыя правілы Рэспублікі Беларусь, накіраваныя на спрашчэнне парадку выдачы ўязных віз замежным грамадзянам.

Праведзены кансультацыі паміж МЗС па консульскіх пытаннях з Азербайджанам, Арменіяй, Казахстанам, Латвіяй, Літвой, Польшчай, Расіяй, Славакіяй, Харватыяй, Чэхіяй, Эстоніяй, два раўнды кансультацый з Еўракамісіяй аб заключэнні пагадненняў аб спрашчэнні візавых фармальнасцей і рэадмісіі.

На высокім узроўні забяспечана вырашэнне консульскіх пытанняў, звязаных з прыбыццём і знаходжаннем у Беларусі ўдзельнікаў і гасцей Чэмпіянату свету па хакеі-2014.

Адным з найбольш ёмістых і інтэнсіўных участкаў дзейнасці консульскай службы з’яўлялася выдача віз: у 2014 годзе выдадзена 347 294 візы для 381 084 замежных грамадзян і асоб без грамадзянства.