Áåëàðóñü . Ôàêòû

Агляд вынікаў знешняй палітыкі Рэспублікі Беларусь і дзейнасці Міністэрства замежных спраў у 2017 годзе

Міжнароднае становішча ў 2017 годзе характарызавалася павышанай нестабільнасцю, спалучэннем цэнтрабежных і цэнтраімклівых тэндэнцый, эканамічнымі дысбалансамі, негатоўнасцю сусветных гульцоў паступацца ўласнымі нацыянальнымі інтарэсамі дзеля агульнай карысці.

Пры захаваннi актуальнасці такіх пагроз, як галеча, голад, эпідэміі, растучая бездань паміж беднымі і багатымі, узмацненне жорсткасці канкурэнцыі за энергетычныя, сыравінныя, харчовыя, водныя рэсурсы, інавацыі і кваліфікаваныя кадры ў пераліку сучасных выклікаў чалавецтву дамінавалі пагрозы бяспецы.

Выяўленай тэндэнцыяй стала разбалансіроўка сістэмы стрымак і супрацьваг паміж супернічаючымi дзяржавамi і групамі дзяржаў, «распаўзанне» рэгіянальных канфліктаў, ўцягванне ў іх новых удзельнікаў. Наркатрафік, гандаль людзьмі, кіберзлачыннасць, радыкалізм і тэрарызм трансфармаваліся ў трансгранічныя пагрозы міжнароднага маштабу. 

Відавочны крызіс даверу ў Еўрапейскім рэгіёне, у шырокай еўразійскай прасторы і ў глабальным маштабе паказаў, што попыт на канструктыўны дыялог і выпрацоўку кампрамісаў па-ранейшаму перавышае прапанову.

У гэтых няпростых умовах Рэспубліка Беларусь у 2017 годзе прадэманстравала ўстойлівасць да неспрыяльных знешніх фактараў і здольнасць да актыўнага супрацьдзеяння і змякчэння іх уздзеяння.

Як і раней, намаганні беларускай дыпламатыі былі накіраваны на правядзенне збалансаванай шматвектарнай знешняй палітыкі ў рэчышчы ўстановак Прэзідэнта, усебаковую абарону нацыянальных інтарэсаў, умацаванне рэгіянальнай бяспекі і стабільнасці.

Ва ўмовах недаверу паміж Расіяй і Захадам Беларусь, з аднаго боку, захавала прыхільнасць да стратэгічнага партнёрства з Расійскай Федэрацыяй, першачарговую арыентацыю на інтэграцыю ў рамках Еўразійскага эканамічнага саюза, традыцыйнае ўзаемадзеянне з членамі Арганізацыі Дагавора аб калектыўнай бяспецы, Садружнасці Незалежных Дзяржаў. 

З іншага боку, Беларусь прадоўжыла выбудоўваць канструктыўныя прагматычныя адносіны з Еўрапейскім саюзам, Злучанымі Штатамі Амерыкі і іншымі заходнімі дзяржавамі.

Новае напаўненне атрымаў стратэгічны кітайскі вектар беларускай знешняй палітыкі. Беларусь адной з першых у свеце далучылася да рэалізацыі канцэпцыі «Эканамічнага поясу Шаўковага шляху» па шэрагу перспектыўных напрамкаў.

Для дыверсіфікацыі знешнепалітычных сувязяў прадоўжылася фарміраванне новых геапалітычных апор у рэгіёнах «далёкай дугі» – Азіі, Блізкага Усходу, Афрыкі, Лацінскай Амерыкі.

Беларусь змагла заняць ўласную нішу ў сучасным знешнепалітычным і знешнеэканамічным кантэксце, прадэманстраваўшы здольнасць быць самастойным рэгіянальным гульцом, які генеруе канструктыўныя падыходы да вырашэння актуальных праблем сучаснасці. Буйныя знешнепалітычныя ініцыятывы Кіраўніка беларускай дзяржавы А.Р.Лукашэнка – прасоўванне ідэй сумяшчальнасці ў Еўропе, партнёрства інтэграцый, абнаўлення агульнаеўрапейскага дыялогу па ўмацаванні мер даверу, бяспекі і супрацоўніцтва – сталі лагічным выразам аб'ядноўваючага парадку дня, які Мінск прапануе іншым членам сусветнай супольнасці. 

У 2017 годзе Рэспубліка Беларусь годна рэалізавала адказную місію – сваё першае старшынства ў рэгіянальнай еўрапейскай арганізацыі за межамі постсавецкай прасторы – Цэнтральна-Еўрапейскай Ініцыятыве. Ключавы пасыл старшынства – прасоўванне сумяшчальнасці ў Вялікай Еўропе – развіццё інфраструктурных сувязяў паміж краінамі ў сферах транспарту і энергетыкі, лічбавых камунікацый, стварэнне ўзаемадапаўняльных механізмаў супрацоўніцтва паміж інтэграцыйнымі працэсамі, у якія ўцягнуты ўдзельнікі ЦЕІ, умацаванне кантактаў з суседнімі рэгіёнамі – знайшоў пазітыўны водгук у партнёраў, паколькі адпавядае агульным інтарэсам развіцця ўстойлівых сувязяў паміж краінамі Цэнтральнай, Заходняй і Усходняй Еўропы. Значным вынікам старшынства ў ЦЕІ стала больш поўнае ўключэнне Беларусі ў еўрапейскія інтэграцыйныя працэсы.

Статус Мінска як аднаго з важных аб'ядноўваючых месцаў Еўропы пацвердзіла ўпершыню праведзеная ў Беларусі 26-я штогадовая сесія Парламенцкай асамблеі Арганізацыі па бяспецы і супрацоўніцтву ў Еўропе (5-9 ліпеня), у ходзе якой Прэзідэнт А.Р.Лукашэнка прапанаваў пачаць у рамках АБСЕ дыскусію аб магчымасці запуску перамоўнага працэсу, накіраванага на пераадоленне існуючых супярэчнасцяў паміж дзяржавамі на агульнай прасторы ў Еўра-Атлантыцы і Еўразіі, на фарміраванне новых канструктыўных адносін у рэгіёне АБСЕ (т.зв. «новы Хельсінкскі працэс»).

Беларуская ідэя неканфрантацыйнага супрацоўніцтва розных інтэграцыйных мадэляў, сумеснага пошуку аптымальных шляхоў аб'ядноўваючага росту і ўстойлівага развіцця, скаардынаванага супрацьдзеяння глабальным пагрозам заваёўвае ўсё больш прыхільнікаў – дзяржаў і арганізацый.

Беларускі бок працягнуў намаганні па аказанні садзейнічання ўрэгуляванню крызісу ў сумежнай Украіне, забяспечваючы ўсе неабходныя ўмовы для правядзення рэгулярных пасяджэнняў Трохбаковай кантактнай групы і тэматычных рабочых груп у яе складзе. У 2017 годзе было арганізавана 26 такіх сустрэч.

На працягу года Мінск тройчы прымаў дарадцаў па знешняй палітыцы кіраўнікоў дзяржаў «нармандскай чацвёркі» для правядзення рабочых кансультацый па пытанні ўрэгулявання сітуацыі на ўсходзе Украіны. З гэтай жа мэтай у Мінску была арганізавана рабочая сустрэча расійскай і амерыканскай дэлегацый на чале з памочнікам прэзідэнта Расіі У.Сурковым і спецыяльным прадстаўніком Дзярждэпартамента ЗША па Украіне К.Волкерам.

2017 год прайшоў пад знакам святкавання 25-годдзя ўсталявання  Беларуссю дыпламатычных адносін з большасцю краін-партнёраў. Гэта дазволіла правесці інвентарызацыю ўзаемадзеяння з імі і інтэнсіфікаваць дыялог па шэрагу перспектыўных напрамкаў.

Захавалася тэндэнцыя росту інтэнсіўнасці міжнародных кантактаў на вышэйшым і высокім узроўнях. У 2017 годзе адбыліся 74 візіты Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, Прэм'ер-міністра, Міністра замежных спраў за мяжу і афіцыйных дэлегацый замежных дзяржаў аналагічнага ўзроўню ў Беларусь.

На знешнеэканамічным напрамку асноўныя намаганні былі накіраваны на пашырэнне сувязяў з традыцыйнымі партнёрамі і засваенне новых рынкаў, дыверсіфікацыю экспарту з выхадам у перспектыве на яго больш збалансаванае размеркаванне па ключавых напрамках ЕАЭС-ЕС- «далёкая дуга» ў мэтах зніжэння ўразлівасці нацыянальнай эканомікі ад стрэсавых сітуацый.

Эканамічная дыпламатыя знаходзілася ў цэнтры семінара для кіраўнікоў замежных устаноў Рэспублікі Беларусь 10-14 ліпеня, галоўным элементам якога стала нарада ў Прэзідэнта па прыярытэтах знешняй палітыкі на сучасным этапе.

Пытанні эканамічнага ўзаемадзеяння разглядаліся і ў ходзе першай Канферэнцыі ганаровых консулаў Рэспублікі Беларусь 3-6 кастрычніка.

Меры па стварэнню спрыяльных умоў вядзення бізнесу, якія прымала Беларусь, дазволілі ёй трэці год запар заняць высокую 30-ю пазыцыю па паказчыку «Міжнародны гандаль» ў рэйтынгу Сусветнага банка «Вядзенне бізнесу 2018».

Мінулы год адзначыўся прыкметным ростам цікавасці да Беларусі, яе ўнутранай і знешняй палітыкі з боку найбуйнейшых еўрапейскіх, амерыканскіх і расейскіх «фабрык думкі», незалежных экспертаў. Яны сталі актыўнымі ўдзельнікамі канферэнцый, «круглых сталоў», у тым ліку якія праводзяцца на базе няўрадавай экспертна-дыскусійнай пляцоўкі «Мінскі дыялог».

У 2017 годзе сетка дыпламатычных і консульскіх устаноў прадстаўляла інтарэсы Рэспублікі Беларусь у 58 дзяржавах (з улікам акрэдытацыі паслоў па сумяшчальніцтву – у 117). Сёння ў Беларусі ажыццяўляюць сваю дзейнасць 48 пасольстваў, 4 аддзяленні пасольстваў, 3 гандлёвыя прадстаўніцтвы, 40 консульскіх устаноў замежных дзяржаў, 17 прадстаўніцтваў міжнародных арганізацый. Па сумяшчальніцтву з Масквы, Вільнюса, Варшавы і Кіева акрэдытавана 91 замежнае дыппрадстаўніцтва.

1. 2017 год – год 25-годдзя ўсталявання дыпламатычных адносін паміж Рэспублікай Беларусь і Расійскай Федэрацыяй – быў адзначаны інтэнсіўнымі кантактамі на вышэйшым і высокім узроўнях, зладжаным міжпарламенцкім і міжурадавым супрацоўніцтвам. Адносіны захоўвалі ўсёабдымны характар.

Расія заставалася асноўным гандлёвым і інвестыцыйным партнёрам Беларусі. На яе долю прыпадае больш за палову ўсяго аб'ёму беларускага знешняга гандлю. Беларусь, у сваю чаргу, уваходзіць у «пяцёрку» асноўных гандлёвых партнёраў Расіі.

Бакі працягнулі выпрацоўку сумесных мер па далейшаму зняццю перашкод ва ўзаемным гандлі, лібералізацыі ўмоў эканамічнай дзейнасці суб'ектаў гаспадарання. Гэтыя падыходы знайшлі адлюстраванне ў Прыярытэтных напрамках і першачарговых задачах далейшага развіцця Саюзнай дзяржавы на 2018-2022 гады.

Знешнепалітычныя ведамствы Беларусі і Расіі традыцыйна цесна каардынавалі свае дзеянні, што спрыяла ўмацаванню пазіцый дзвюх краін на міжнароднай арэне. Асноўныя напрамкі гэтага партнёрства замацаваны ў чарговай Праграме ўзгодненых дзеянняў у галіне знешняй палітыкі дзяржаў-удзельніц Дагавора аб стварэнні Саюзнай дзяржавы на 2018-2019 гады. У рамках рэалізаванай аналагічнай Праграмы на 2016-2017 гады праведзена больш за 20 кансультацый па розных напрамках узаемадзеяння.

Актыўна развівалася міжрэгіянальнае супрацоўніцтва. На працягу года Беларусь наведалі больш за 80 дэлегацый расійскіх рэгіёнаў, у тым ліку 11 – на чале з губернатарамі. 29-30 чэрвеня ў Маскве з удзелам прэзідэнтаў Беларусі і Расіі праведзены маштабны IV Форум рэгіёнаў, прысвечаны пашырэнню супрацоўніцтва ў сферы высокіх тэхналогій і інавацый.

2. 2017 год у цэлым быў для еўразійскай эканамічнай інтэграцыі прыкметна больш паспяховым, чым 2016 год. 

У рамках ЕАЭС Беларусь працягнула лінію на пабудову трывалага эканамічнага саюзу на аснове практычнай рэалізацыі Дамовы аб ЕАЭС ад 29 мая 2014 г. i павагі інтарэсаў усіх дзяржаў-членаў інтэграцыйнага аб'яднання.

З улікам падыходаў і прапаноў Беларусі завершана работа па Дагаворы аб Мытным кодэксе Еўразійскага эканамічнага саюзу. Дагавор уступіў у сілу 1 студзеня 2018 г. Мытны кодэкс ЕАЭС – прагрэсіўны дакумент, які ўлічвае сучасныя нормы міжнароднай практыкі, – дазволіць паскорыць і спрасціць экспартна-імпартныя аперацыі паміж гаспадарчымі суб'ектамі краін Саюзу, павысіць інвестыцыйную прывабнасць і транзітны патэнцыял Беларусі.

У 2017 годзе беларускім бокам прыняты інтэнсіўныя намаганні па ўзгадненні Праграмы фарміравання агульных рынкаў нафты і нафтапрадуктаў ЕАЭС і Праграмы фарміравання агульнага рынку газу ЕАЭС. Па стане на снежань 2017 г. няўзгодненымі засталіся адзінкавыя палажэнні, якія тым не менш носяць прынцыповы характар. Дасягнута дамоўленасць вярнуцца да абмеркавання гэтых пытанняў ў пачатку 2018 года.

У партнёраў па Саюзе знайшоў падтрымку падыход Беларусі адносна ліквідацыі ўнутраных бар'ераў ва ўзаемным гандлі шляхам стварэння «дарожных карт», якія будуць фармавацца на двухгадовы перыяд і ўключаць найбольш адчувальныя абмежаванні. На пасяджэнні Еўразійскага міжурадавага савета ў Ерэване 25 кастрычніка зацверджаны План мерапрыемстваў («дарожная карта») па ліквідацыі выключэнняў і абмежаванняў на ўнутраным рынку ЕАЭС на 2018-2019 гады.

Зацверджаны Асноўныя напрамкі рэалізацыі лічбавага парадку дня Еўразійскага эканамічнага саюза да 2025 года, Парадак прапрацоўкі ініцыятыў у рамках рэалізацыі лічбавага парадку дня ЕАЭС. У прыярытэце будзе разгляд ініцыятыў, звязаных з развіццём лічбавага нагляду і лічбавага гандлю, фарміраваннем лічбавых транспартных калідораў. Зацверджаны план мерапрыемстваў па рэалізацыі Асноўных напрамкаў і этапаў рэалізацыі скаардынаванай (узгодненай) транспартнай палітыкі дзяржаў ЕАЭС на 2018-2020 гады.

Працягнута праца па міжнароднаму пазіцыянаванню ЕАЭС. Падчас шматлікіх міжнародных форумаў у 2017 годзе Беларусь паслядоўна прасоўвала ініцыятыву партнёрства інтэграцый, дамагаючыся ўсталявання ўстойлівых механізмаў дыялогу і супрацоўніцтва ЕАЭС з ЕС, Кітаем, краінамі ШАС, іншымі дзяржавамі і рэгіянальнымі інтэграцыйнымі аб'яднаннямі.

У Садружнасці Незалежных Дзяржаў у 2017 годзе прыярытэтная ўвага надавалася далейшай рэалізацыі рашэння Савета кіраўнікоў дзяржаў аб адаптацыі СНД да сучасных рэалій.

У эканамічным плане сярод прыярытэтаў Рэспублікі Беларусь у 2017 годзе заставаліся пытанні, якія тычацца далейшай ліквідацыі існуючых гандлёвых бар'ераў у рамках рэалізацыі Дамовы аб зоне свабоднага гандлю, фарміравання адзінага рынку дзяржаўных закупак, працягу працы над стварэннем зоны свабоднага гандлю паслугамі. Мінск садзейнічаў напаўненню парадку дня Садружнасці канкрэтнымі пытаннямі, здольнымі прынесці сінэргетычны эфект для развіцця нацыянальных эканомік дзяржаў-удзельніц.

У 2017 годзе праведзены пасяджэнне Савета кіраўнікоў дзяржаў СНД (11 кастрычніка, Сочы), нефармальны саміт СНД на ўзроўні кіраўнікоў дзяржаў (26 снежня, Масква), два пасяджэнні Савета кіраўнікоў урадаў СНД (6 мая, Казань; 3 лістапада, Ташкент), два пасяджэнні Савета міністраў замежных спраў СНД (7 красавіка, Ташкент; 10 кастрычніка, Сочы) і чатыры пасяджэнні Эканамічнага савета СНД (17 сакавіка, 16 чэрвеня, 15 верасня і 15 снежня, Масква), а таксама шэраг мерапрыемстваў па лініі МПА СНД з удзелам кіраўніцтва Савета Рэспублікі і Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь.

3. Адносіны з дзяржавамі СНД і Грузіяй характарызаваліся традыцыйнай інтэнсіўнасцю і высокім узроўнем кантактаў. 

Прыкметна актывізаваўся палітычны дыялог з Украінай. Абмен афіцыйнымі візітамі на вышэйшым узроўні (26 красавіка і 20-21 ліпеня) забяспечыў падтрыманне канструктыўнага характару адносін, паступовае развіццё гандлёва-эканамічнага партнёрства і міжрэгіянальнага супрацоўніцтва. Прымаючы пад увагу складаную сітуацыю на ўсходзе Украіны, Беларусь аказала гуманітарную дапамогу насельніцтву, якое знаходзіцца па абодва бакі размежавальнай лініі.

Узаемадзеянне з Казахстанам было насычана кантактамі паміж кіраўнікамі дзяржаў, урадаў і парламентаў. Падпісаны ў ходзе афіцыйнага візіту Н.Назарбаева ў Рэспубліку Беларусь (29 лістапада) міждзяржаўны Дагавор аб сацыяльна-эканамічным супрацоўніцтве да 2026 года накіраваны на рэалізацыю якасна новага этапу ў двухбаковых адносінах, які прадугледжвае ўзаемнае пранікненне капіталаў з упорам на інавацыі і высокія тэхналогіі.

8-9 чэрвеня ў рамках саміту ШАС Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь А.Р.Лукашэнка прыняў удзел ва ўрачыстай цырымоніі адкрыцця Міжнароднай спецыялізаванай выставы «ЭКСПА-2017» у Астане. У рамках «ЭКСПА-2017» праведзены шматгаліновая выстава «Made in Belarus. Astana» і Беларуска-Казахстанскі дзелавы форум, у адкрыцці якіх прыняў удзел Прэм'ер-міністр Рэспублікі Беларусь Кабякоў А.У.

Прадуктыўна развівалася беларуска-туркменскае супрацоўніцтва. У ходзе афіцыйнага візіту Кіраўніка беларускай дзяржавы ў Туркменістан (29-31 сакавіка) дадзены старт працы Гарлыкскага горна-абагачальнага камбіната – найбуйнейшага праекта, рэалізаванага Беларуссю за мяжой.

Падтрыманню высокай дынамікі беларуска-малдаўскага дыялогу спрыялі візіты ў Беларусь прэзідэнта (12-14 ліпеня) і прэм'ер-міністра (6-7 чэрвеня) Рэспублікі Малдова, іх двухбаковыя сустрэчы з Кіраўніком беларускай дзяржавы ў рамках міжнародных мерапрыемстваў.

Нарошчванне беларуска-грузінскага ўзаемадзеяння было падмацавана афіцыйнымі візітамі ў Беларусь прэзідэнта (1-2 сакавіка), спікера парламента (20-22 лістапада), кіраўніка знешнепалітычнага ведамства Грузіі (4-5 верасня), правядзеннем першых у гісторыі Дзён культуры Беларусі ў Грузіі (15-17 лістапада).

Прыкметна павысілася дынаміка беларуска-узбекскага партнёрства. Актыўны дыялог на вышэйшым і высокім узроўнях спрыяў пашырэнню спектра супрацоўніцтва, рэалізацыі праектаў у галіне прамысловай кааперацыі. Прынятае кіраўніцтвам Узбекістана рашэнне аб адкрыцці пасольства ў Мінску пацвердзіла зацікаўленасць у наладжванні поўнафарматнага двухбаковага супрацоўніцтва.

Важнымі крокамі ў развіцці беларуска-таджыкскіх адносін сталі правядзенне візіту ў Беларусь Прэзідэнта Э.Рахмона (1 снежня) і адкрыццё ў Таджыкістане першай зборачнай вытворчасці беларускай тэхнікі.

У канструктыўным рэчышчы развівалася беларуска-азербайджанскае партнёрства. На інтэграцыйных пляцоўках ажыццяўляўся прадуктыўны дыялог на высокім узроўні з Арменіяй і Кыргызстанам.

На працягу года праведзены восем пасяджэнняў міжурадавых камісій з краінамі рэгіёну, з іх пяць – з удзелам намеснікаў Прэм'ер-міністра Рэспублікі Беларусь.

4. Больш структураваным і эканамічна насычаным ў 2017 годзе стаў дыялог з Еўрапейскім саюзам

Завяршаецца ўзгадненне прыярытэтаў партнёрства Беларусь-ЕС, якія стануць «дарожнай картай» супрацоўніцтва на 2018-2020 гады ў чатырох галiнах: умацаванне сістэмы дзяржаўнага кіравання; эканамічнае развіццё і рынкавыя магчымасці; транспартныя камунікацыі, энергетыка, экалогія і клімат; кантакты паміж людзьмі. Для рэалізацыі праектаў у згаданых сферах у бліжэйшыя тры гады ЕС толькі па лініі краінавай праграмы тэхдапамогі плануе выдзеліць Беларусі ад 112 да 136 млн. еўра ў выглядзе грантаў.

Падпісаўшы і ратыфікаваўшы пагадненні аб фінансаванні праграм трансмежавага супрацоўніцтва ЕС «Польшча-Беларусь-Україна» і «Латвія-Літва-Беларусь», наша краіна таксама атрымала на конкурснай аснове доступ да грантавых сродкаў ЕС у памеры 282,7 млн. еўра да 2020 года.

Заключэнне рамачнага пагаднення з Еўрапейскім інвестыцыйным банкам дасць магчымасць значна нарасціць прыток у Беларусь заходніх капіталаўкладанняў. У 2018 годзе банк прыступіць да фінансавання ўзгодненых праектаў развіцця інфраструктуры, энергаэфектыўнасці і падтрымкі бізнесу ў нашай краіне.

Чакаецца, што з 2018 года Беларусь разам з іншымі краінамі-суседзямі ЕС зможа скарыстацца сродкамі новага Еўрапейскага фонду ўстойлівага развіцця, які павінен стымуляваць прыток у эканоміку гэтых краін да 44 мiльярдаў еўра інвестыцый.

У адладжаным і спарадкаваным ключы працягвалася работа сумесных механізмаў супрацоўніцтва: Каардынацыйнай групы «Беларусь-ЕС» (пасяджэнні 3-4 красавіка ў Мінску, 19-20 снежня ў Бруселі), галіновых дыялогаў у галіне эканомікі і фінансаў, гандлю, мытні і аховы навакольнага асяроддзя. 24 лістапада паміж Беларуссю і Еўрасаюзам падпісана дамоўленасць высокага ўзроўню аб пашырэнні на нашу краіну трансеўрапейскай транспартнай сеткі ЕС, што стане перадумовай для прыцягнення сродкаў Еўрасаюзу ў транспартную сістэму Беларусі. Працягваецца дыялог з ЕС па правах чалавека, перамовы аб заключэнні пагадненняў аб спрашчэнні візавых працэдур і аб рэадмісіі.

Традыцыяй становіцца правядзенне сумесных з Еўрапейскім саюзам буйных эканамічных мерапрыемстваў. Чарговы Беларуска-еўрапейскі эканамічны форум арганізаваны нашай краінай ва ўзаемадзеянні з Еўрапейскай камісіяй 27 кастрычніка ў Люксембургу.

Паступальна развіваюцца палітычныя кантакты. Міністр замежных спраў Макей У.У. прыняў удзел у штогадовай сустрэчы кіраўнікоў знешнепалітычных ведамстваў краін-удзельніц «Усходняга партнёрства» (19 чэрвеня) і саміце «УП» у Брусэлі (24 лістапада). У выніковай дэкларацыі саміта адлюстраваны асноўныя падыходы Беларусі адносна надання «Усходняму партнёрству» прагматычнага, непалітызаванага і неканфрантацыйнага характару, развіцця ў рамках «УП» прыкладных формаў супрацоўніцтва паміж ЕС і яго суседзямі.

5. У 2017 годзе актывізаваліся двухбаковыя адносіны з краінамі Еўропы. Устойлівымі тэндэнцыямі сталі: далейшы рост узроўню і частаты афіцыйных візітаў, узмацненне давернага і канструктыўнага характару перамоў; пашырэнне кола арганізацый-партнёраў і тэматычнага ахопу ўзаемадзеяння, укараненне новых фарматаў супрацоўніцтва; развіццё міжпарламенцкіх кантактаў; паляпшэнне змястоўнага напаўнення кантактаў у розных сферах; рост цікавасці прадстаўнікоў дзелавых колаў да магчымасцяў выхаду на рынак Беларусі і інвеставання ў беларускую эканоміку. Назіраліся пазітыўныя тэндэнцыі ў гандлі з большасцю краін Еўропы, уключаючы прыкметны рост беларускага экспарту.

Была працягнута праца па ўдасканаленні дагаворна-прававой базы ў розных галінах. Падпісаны шэраг міжурадавых і міжведамасных пагадненняў з Вялікабрытаніяй, Венгрыяй, Іспаніяй, Італіяй, Латвіяй, Літвой, Сербіяй, Славакіяй, Славеніяй, Турцыяй.

Асаблівай інтэнсіўнасцю адрозніваліся кантакты з Сербіяй (адбыліся візіты ў Мінск прэзідэнта (17-18 мая), старшыні ўрада (26-27 студзеня), міністра абароны Сербіі (19-21 мая), у Бялград – міністра антыманапольнага рэгулявання і гандлю (18-19 красавіка і 22-23 чэрвеня), праведзена чарговае пасяджэнне міжурадавай камісіі па эканамічным супрацоўніцтве (18-19 красавіка), устаноўлены пабрацімскія сувязі паміж трыма парамі гарадоў) і з Турцыяй (адбылася сустрэча прэзідэнтаў дзвюх краін у Пекіне ў рамках форуму «Адзін пояс і адзін шлях» (15 мая), візіты Старшыні Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь у Турцыю (6-8 жніўня), міністраў лясной гаспадаркі і водных рэсурсаў (27-28 ліпеня), развіцця (17-18 кастрычніка), навукі, прамысловасці і тэхналогій (13-16 снежня), прадстаўнікоў кіраўніцтва міністэрстваў замежных спраў, эканомікі, культуры і турызму Турцыі ў Беларусь, праведзены двухбаковыя інавацыйны (14 снежня) і дзелавы (28 ліпеня) форумы, Дні культуры Турэцкай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь).

Ажыццяўлялася супрацоўніцтва з:

Венгрыяй (праведзена сустрэча кіраўнікоў урадаў ў Будапешце (27 лістапада), адбылося два візіты Міністра замежных спраў Венгрыі ў Беларусь (22 чэрвеня і 11-12 снежня); 

Славакіяй (адбыліся абмен візітамі прэм'ер-міністраў (25 красавіка – рабочы візіт старшыні ўрада Славакіі Р.Фiцо ў Віцебскую вобласць Беларусі і 27-28 красавіка – афіцыйны візіт Прэм'ер-міністра Беларусі Кабякова А.В. у Славакію і Беларуска-Славацкi бізнес-форум), а таксама візіты ў Беларусь віцэ-прэм'ера – міністра ўнутраных спраў (29-30 чэрвеня), міністраў замежных і еўрапейскіх спраў (21-22 чэрвеня), аховы здароўя Славакіі (14-15 лістапада), старшыні Камітэта па атамным наглядзе (2-4 жніўня), праведзены Беларуска-Славацкi інавацыйны форум (24 мая);

Бельгіяй (адбыліся першы ў гісторыі двухбаковых адносін візіт віцэ-прэм'ера, міністра замежных і еўрапейскіх спраў Бельгіі ў Беларусь (14-15 сакавіка), візіт у Мінск парламенцкай дэлегацыі Бельгіі, адкрыты прамы авіярэйс «Мінск-Брусэль»);

Германіяй (рэалізаваны першы пасля 1995 года двухбаковы візіт у Беларусь Віцэ-канцлера, федэральнага міністра замежных спраў ФРГ (17 лістапада), шэраг візітаў высокапастаўленых прадстаўнікоў МЗС Германіі і дэпутатаў Бундэстагу, адноўлена работа Беларуска-Германскага няўрадавага савета дзелавога супрацоўніцтва, праведзены некалькі буйных эканамічных мерапрыемстваў у ФРГ);

Іспаніяй (адбыўся рабочы візіт Міністра замежных спраў Беларусі ў Іспанію (13-15 чэрвеня), праведзена першае пасяджэнне Сумеснай беларуска-іспанскай камісіі па эканамічным і прамысловым супрацоўніцтву (18 кастрычніка), у Мінску адкрыты Іспанскi візавы цэнтр);

Чэхіяй (адбыўся зваротны афіцыйны візіт Міністра замежных спраў Беларусі ў Чэхію (15-16 чэрвеня), да якога быў прымеркаваны шэраг мерапрыемстваў у Празе з нагоды 500-годдзя беларускага кнігадрукавання);

Італіяй (праведзена першае пасяджэнне рабочай групы ў сферы міжнародных усынаўленняў, адбыліся двухбаковыя эканамічныя форумы 24 сакавіка ў Мінску і 3 траўня ў Мілане);

Славеніяй (рэалізаваны візіт Міністра замежных спраў Беларусі, 23-25 ліпеня);

Вялікабрытаніяй (адбыўся першы візіт у Беларусь дзяржаўнага міністра па справах Еўропы і Амерыкі МЗС Вялікабрытаніі, 25-26 верасня);

Румыніяй (адбыўся візіт у Мінск міністра замежных спраў Румыніі, 9-10 лістапада);

Партугаліяй (праведзеныя першыя ў гісторыі двухбаковых адносін кансультацыі паміж МЗС на ўзроўні намеснікаў міністраў, адкрыта ганаровае консульства Партугаліі ў Беларусі).

Фінляндыяй (12-13 красавіка адбыўся першы ў гісторыі двухбаковых адносін візіт у Беларусь міністра знешняга гандлю і развіцця Фінляндыі, 13 верасня прайшоў візіт у Фінляндыю міністра ўнутраных спраў Беларусі; 19 верасня ў рамках 72-й сесіі Генасамблеі ААН праведзена сустрэча кіраўнікоў знешнепалітычных ведамстваў).

Традыцыйна насычаным было ўзаемадзеянне з Аўстрыяй (адбыліся візіты ў Беларусь кіраўніка МЗС Аўстрыі (5 ліпеня), дэлегацыі дзелавых колаў федэральнай зямлі Карынтыя) і Ватыканам (4 кастрычніка прайшоў візіт у Беларусь намесніка Дзяржаўнага сакратара Святога Пасаду па агульных пытаннях для ўдзелу ў адкрыцці новага будынка Апостальскай Нунцыятуры).

Намецілася актывізацыя дыялогу са Швейцарыяй з акцэнтам на міжпарламенцкае і эканамічнае супрацоўніцтва (у Федэральным сходзе Швейцарыі ўпершыню ў гісторыі двухбаковых адносін створана група дружбы з Беларуссю; праведзена другое пасяджэнне Беларуска-Швейцарскага дзелавога савета) і Францыяй (адбыўся візіт у Беларусь парламенцкай дэлегацыі на чале з новым старшынёй групы дружбы «Францыя-Беларусь» у Нацыянальнай асамблеі Францыі, праведзены першыя пасяджэння двухбаковых рабочых груп па турызме і ахове навакольнага асяроддзя).

Захаванне агрэсіўнай рыторыкі Літвы па пытаннi Беларускай АЭС заставалася асноўным стрымліваючым фактарам у развіцці двухбаковага палітычнага дыялогу. Тым не менш, нягледзячы на «замарозку» афіцыйных кантактаў, двухбаковы гандаль і інвестыцыйнае супрацоўніцтва з Літвой дэманстравалі пазітыўную дынаміку.

У адносінах з Латвіяй на якасна новы ўзровень выйшаў міжпарламенцкі дыялог. Адбыліся візіты старшыні Дзяржаўнага пагранічнага камітэта ў Латвію (6 красавіка, 13 кастрычніка), міністраў замежных спраў (18-20 ліпеня), абароны (4-6 снежня), навакольнага асяроддзя і рэгіянальнага развіцця (19-21 красавіка), кіраўніка Дзяржаўнай палiцыi (2-5 сакавіка), старшыні Рыжскай думы (19 студзеня) у Мінск; на рэгулярнай аснове праходзяць пасяджэнні двухбаковых камісій.

Паспяхова развіваліся адносіны з Польшчай. Чарговы візіт у Беларусь віцэ-спікера Сейма Польшчы Р.Цярлецкага (30 жніўня-1 верасня) пацвердзіў узаемную зацікаўленасць ва ўмацаванні міжпарламенцкіх сувязяў. Пашырэнню міжведамасных кантактаў спрыялі візіты ў Польшчу міністра транспарту і камунікацый А.Сівака (21-22 снежня), старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях А.Шумiлiна ў Польшчу, наведванне Беларусі старшынёй Інстытута нацыянальнай памяці Я.Шарэкам (20 лістапада).

Істотнае значэнне для актывізацыі кантактаў з Эстоніяй мела старшынства гэтай краіны ў Савеце ЕC у другім паўгоддзі 2017 года. Адбыўся візіт у Эстонію шэрагу беларускіх дэлегацый, у тым ліку на чале з першым намеснікам Прэм'ер-міністра (5-6 кастрычніка), візіт у Мінск эстонскай парламенцкай дэлегацыі на чале з кіраўніком групы дружбы з Рэспублікай Беларусь (26-27 красавіка). Двойчы Эстонію наведаў намеснік міністра замежных спраў (7-8 верасня, 25-27 кастрычніка).

Назіраліся далейшыя зрухі ў адносінах з Нідэрландамі (у Мінску адкрыта аддзяленне Пасольства Нідэрландаў, адбыўся візіт генеральнага сакратара МЗС Нідэрландаў у Беларусь), Швецыяй (адбылося адкрыццё Пасольства Беларусі ў Каралеўстве Швецыя, праведзены візіт намесніка Міністра замежных спраў у Стакгольм 15-16 лістапада).

Праведзены 14 візітаў у Рэспубліку Беларусь кіраўнікоў знешнепалітычных ведамстваў еўрапейскіх краін і іх намеснікаў. Адбыліся кансультацыі паміж МЗС з 19 краінамі Еўропы, пасяджэннi эканамічных міжурадавых камісій і рабочых груп па гандлі і інвестыцыях з Латвіяй, Сербіяй, Польшчай, Турцыяй, Іспаніяй, Чэхіяй, Славакіяй, Венгрыяй, Балгарыяй.

6. Адносіны з ЗША характарызуюцца далейшым паступовым развіццём. Бакі працягнулі ўзаемадзеянне ў сферах узаемнай зацікаўленасці: гандлёва-эканамічнай, гуманітарнай, барацьбы з міжнароднай арганізаванай злачыннасцю, прафесійных абменаў. Інтэнсіфікавана узаемадзеянне па лініі экспертнай супольнасці.

Для ўдзелу ў сесіі ПА АБСЕ Мінск наведала дэлегацыя членаў Кангрэса ЗША (5-8 ліпеня). У рамках візіту адбылася сустрэча членаў дэлегацыі з Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь.

У штаце Фларыда арганізавана Нацыянальная экспазіцыя Беларусі на выставе высокіх тэхналогій «eMerge Americas» (12-13 чэрвеня).

24-28 красавіка ў ЗША праведзены першы ў гісторыі двухбаковых адносін беларуска-амерыканскі форум малога і сярэдняга бізнесу, арганізаваны сумесна з Рэспубліканскай канфедэрацыяй прадпрымальніцтва.

Адбыліся візіты беларускіх дэлегацый дзелавых колаў у штаты Арканзас, Нью-Ёрк, Аклахома, Паўночная Дакота.

Паспяхова развівалася супрацоўніцтва па пытаннях прадухілення незаконнага транзіту ядзерных і радыёактыўных матэрыялаў, барацьбы са злачынствамі ў галiне высокіх тэхналогій.

Прадоўжыўся пачаты ў 2015 годзе дыялог па правах чалавека.

У 2017 годзе дынамічна развіваліся адносіны з Канадай.

Атава цалкам адмяніла гандлёвыя абмежаванні на ўзаемадзеянне з Беларуссю.

Актывізуюцца дыпламатычныя, міжведамасныя і дзелавыя кантакты. Упершыню ў гісторыі двухбаковых адносін у лютым ажыццёўлены візіт у Канаду на ўзроўні намесніка Міністра замежных спраў. Дэлегацыя Канады прыняла ўдзел у сесіі ПА АБСЕ ў Мінску. «На палях» мерапрыемства адбылася сустрэча канадскіх парламентарыяў з беларускімі калегамі. 7 снежня «на палях» СМЗС АБСЕ ў Вене прайшла сустрэча Міністра замежных спраў Беларусі з міністрам замежных спраў Канады К.Фрыланд.

У рамках развіцця міжрэгіянальнага супрацоўніцтва арганізаваны візіты беларускіх бізнес-дэлегацый, праведзены мерапрыемствы па Беларусі ў эканамічных цэнтрах і правінцыях Канады, уключаючы Антарыё, Брытанскую Калумбію, Манітобу і Саскачэван.

7. Важным напрамкам шматвектарнага знешнепалітычнага курсу Беларусі, пашырэння беларускіх інтарэсаў у рэгіёнах «далёкай дугі» стала развіццё супрацоўніцтва з дзяржавамі Азіі.

У рамках 25-й гадавіны ўсталявання дыпламатычных адносін паміж Беларуссю і КНР рэалізаваны комплекс сумесных мерапрыемстваў палітычнага і культурна-гуманітарнага характару.

Удзел Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у Міжнародным форуме «Адзін пояс і адзін шлях» у КНР 15 мая узмацніў пазіцыі Беларусі як актыўнага ўдзельніка будаўніцтва канцэпцыі «Поясу і шляху», якая набыла глабальны характар. Вынікам дамоўленасцяў на вышэйшым узроўні стала прасоўванне галоўнага сумеснага праекта – індустрыяльнага парку «Вялікі камень».

2018 год абвешчаны Годам турызму Беларусі ў Кітаі. Рэалізацыя адпаведных мерапрыемстваў прадугледжвае істотнае павелічэнне аб'ёмаў экспарту паслуг за кошт прыцягнення турыстаў з КНР.

Знакавай падзеяй стала правядзенне Дзён культуры Беларусі ў КНР 26-31 мая і адкрыццё Цэнтра культуры Беларусі ў Пекіне 30 мая.

Плённыя кантакты на вышэйшым і высокім узроўнях, якія адбыліся ў 2017 годзе з В'етнамам, спрыялі выхаду двухбаковых сувязяў на стратэгічны ўзровень.

Дзяржаўны візіт Прэзідэнта В'етнама Ч.Д.Куанга ў Мінск 26-28 чэрвеня дазволіў замацаваць дамоўленасці па рэалізацыі значных сумесных эканамічных праектаў.

Сур'ёзны імпульс нададзены беларуска-індыйскаму супрацоўніцтву. Візіт Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у Індыю 11-13 верасня заклаў аснову для паступальнага вывядзення беларуска-індыйскіх адносін на стратэгічны ўзровень. 

Беларусь і Індыя дамовіліся ўзаемадзейнічаць у рамках развіцця міжнароднага транспартнага калідора «Поўнач-Поўдзень».

Захоўвалася пазітыўная дынаміка развіцця шматпланавых беларуска-пакістанскіх адносін. 2017 год стаў прарыўным для міжпарламенцкага супрацоўніцтва. 1-4 лютага Беларусь з першым у гісторыі афіцыйным візітам наведаў старшыня Сената парламента Пакістана М.Р.Рабанi. 10-13 красавіка Старшыня Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Андрэйчанка У.П. нанёс візіт у Ісламабад.

Паступова развівалася супрацоўніцтва Беларусі і Ірана. Падтрымліваецца высокі ўзровень палітычных кантактаў на ўзроўні кіраўніцтва парламентаў і ўрадаў дзвюх краін: адбыліся два візіты Старшыні Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі Мясніковіча М.У. у Тэгеран (6-8 лютага і 5-6 жніўня), яго сустрэчы з вышэйшым кіраўніцтвам краіны, а таксама сустрэча Прэм'ер-міністра Беларусі Кабякова А.У. з першым Віцэ-прэзідэнтам Ірана Э.Джахангiры «на палях» пасяджэння Савета кіраўнікоў урадаў ШАС у Сочы.

Адкрыты новы этап развіцця дыялогу з Афганістанам. Першы ў гісторыі двухбаковых адносін візіт у нашу краіну кіраўніка выканаўчай улады Афганістана А.Абдулы 15-17 жніўня дазволіў вызначыць прыярытэтныя напрамкі актывізацыі супрацоўніцтва, у тым лiку экспарт у Афганістан перадавых беларускіх тэхналогій, машын і абсталявання, прадуктаў харчавання, будаўнічых матэрыялаў, адукацыйных паслуг.

На пашырэнне прысутнасці Беларусі ў рэгіёне Паўднёвай Азіі накіравана развіццё супрацоўніцтва з Бангладэш. 19 красавіка адбыўся візіт у Беларусь дзяржаўнага міністра замежных спраў Бангладэш М.Ш.Алама.

Актывізацыі беларуска-інданэзійскіх адносін спрыяла правядзенне 17 кастрычніка ў Джакарце 6-га пасяджэння міжурадавай сумеснай камісіі па пытаннях гандлёвага, эканамічнага і тэхнічнага супрацоўніцтва.

У 2017 годзе намецілася актывізацыя адносін з Сінгапурам. Візіт у Сінгапур 11-15 лістапада дэлегацыі на чале з першым намеснікам Прэм'ер-міністра Мацюшэўскім В.С., арганізаваны ў яго рамках інвестыцыйны форум «Беларусь запрашае Азію» сталі важнымі этапамі актывізацыі дыялогу на высокім узроўні, развіцця фінансава-інвестыцыйных і гандлёва-эканамічных адносін з азіяцкімі краінамі.

Захоўвалася пазітыўная танальнасць адносін Беларусі і Аўстраліі. 17 мая ў Мінску праведзены палітычныя кансультацыі. Аўстралія падтрымала кандыдатуру Беларусі на выбарах у Выканаўчы савет  ЮНЕСКА.

Дынамічна развіваліся двухбаковы палітычны дыялог і эканамічнае супрацоўніцтва з Манголіяй. Актуальныя пытанні двухбаковага парадку дня прадметна разгледжаны ў ходзе сустрэчы Кіраўніка беларускай дзяржавы з прэм'ер-міністрам Манголіі ў рамках Міжнароднага форуму «Адзін пояс і адзін шлях» у Пекіне 15 траўня.

Правядзенне ў Рэспубліцы Карэя 15 мая беларускага інвестыцыйнага і эканамічнага форуму, арганізацыя візіту дэлегацыі прадстаўнікоў галіновых міністэрстваў і шэрагу найбуйнейшых прадпрыемстваў на чале з намеснікам Прэм'ер-міністра Сямашкам У.І. у маі надалі імпульс развіццю двухбаковых адносін.

Пазітыўную дынаміку захоўвала развіццё міжрэгіянальнага супрацоўніцтва з Японіяй. У рамках святкавання 25-годдзя ўсталявання  дыпламатычных адносін паміж дзвюма краінамі праведзены шэраг мерапрыемстваў культурнага характару.

Удзел Кіраўніка беларускай дзяржавы А.Р.Лукашэнкi ў саміце Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва ў Астане 8-9 чэрвеня дазволіў прадставіць бачанне Беларуссю шляхоў развіцця партнёрства ў рамках Арганізацыі, правесці шэраг сустрэч з лідэрамі краін-удзельніц, абмеркаваць актуальныя пытанні двухбаковага ўзаемадзеяння і міжнароднай праблематыкі.

Удзел Прэм'ер-міністра Кабякова А.У. ў Будапешцкім саміце кіраўнікоў урадаў краін Цэнтральнай і Усходняй Еўропы і Кітая

27 лістапада пацвердзіў статус Беларусі як важнага ўдзельніка фармату «16+1», значнага еўрапейскага звяна «Эканамічнага поясу Шаўковага шляху».

8. Нягледзячы на складаную рэгіянальную абстаноўку і захаванне фактараў нестабільнасці ў краінах, якія развіваюцца, перш за ўсё, крызісаў у Сірыі, Емене, Іраку, Лівіі, працягнулася выбудоўванне супрацоўніцтва Беларусі з краінамі Блізкага Усходу.

Асваенне рынкаў гэтага рэгіёну, прыцягненне інвестыцый з арабскіх манархіяў Персідскага заліву, нарошчванне тэхналагічнага і іншых формаў супрацоўніцтва рэалізуюцца на аснове высокага даверу на ўзроўні кіраўнікоў дзяржаў, які быў пацверджаны у ходзе праведзенага ў кастрычніку-лістападзе візіту Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у ААЭ. Высокі ўзровень кантактаў паміж кіраўніцтвам Беларусі і ААЭ спрыяў актывізацыі эканамічнага і гуманітарнага супрацоўніцтва: у 2017 годзе праведзена 15 ўзаемных візітаў на ўзроўні кіраўніцтва розных міністэрстваў і ведамстваў дзвюх краін.

Спрыяльны фон узаемадзеянню з Сірыяй створаны дзякуючы далейшай рэалізацыі ў гэтай краіне беларускіх гуманітарных праектаў, накіраваных на дастаўку грузаў тым, хто жыве у нястачы, арганізацыю адпачынку і аздараўлення сірыйскіх дзяцей у Беларусі.

9. У 2017 годзе беларускі экспарт у Афрыку павялічыўся больш чым у два разы.

15-17 студзеня праведзены візіт Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у Егіпет і Судан. Па яго выніках дасягнуты дамоўленасці, рэалізацыя якіх дазваляе паўнавартасна асвойваць рынак Паўночнай Афрыкі.

Атрымалася сфармаваць стратэгічныя падыходы па замацаванню на Поўдні Афрыкі. Найбольш актыўна развівалася супрацоўніцтва з Анголай, якая стала найбуйнейшым рынкам збыту беларускіх тавараў на Афрыканскім кантыненце. 25-28 чэрвеня адбыўся візіт у Беларусь міністра замежных зносінаў Анголы, 19-23 лістапада – візіт у Анголу беларускай дэлегацыі на чале з міністрам прамысловасці Воўкам В.М.

Паслядоўная праца з Зімбабвэ дазволіла дасягнуць рэкордных паказчыкаў беларускага экспарту ў гэтую краіну за кошт паставак кар'ернай і дарожна-будаўнічай тэхнікі.

6-7 чэрвеня ў Мінску прайшоў першы Беларуска-Афрыканскі форум з удзелам каля сотні прадстаўнікоў краін Афрыкі, у тым ліку  уплывовых палітыкаў і бізнесменаў. Па выніках падпісана Рамачнае пагадненне аб адкрыцці Банкам развіцця Рэспублікі Беларусь крэдытнай лініі на суму да 150 млн. долараў ЗША Афрыканскаму экспартна-імпартнаму банку. Лінія прызначана для фінансавання экспартных паставак беларускіх тавараў, работ, паслуг у краіны Афрыканскага кантынента.

У кастрычніку ў Парыжы Пасольствам Беларусі пры падтрымцы французскіх кампаній «SOSEA» і «PODIA» арганізаваны беларуска- афрыканскі бізнес-форум, у якім прынялі ўдзел каля сотні прадпрымальнікаў з Беларусі, Францыі, Бельгіі і ўсіх субрэгіёнаў Афрыкі.

10. У 2017 годзе працягнулася прасоўванне інтарэсаў Беларусі ў краінах Лацінскай Амерыкі. Развіццю палітычнага дыялогу, пашырэнню гандлёва-эканамічнага і іншых відаў супрацоўніцтва спрыяла правядзенне шэрагу значных мерапрыемстваў, у тым ліку на вышэйшым і высокім узроўнях.

У рамках афіцыйнага візіту ў Мінск 5 кастрычніка прэзідэнта Венесуэлы Н.Мадуры кіраўнікi беларускай і венесуэльскай дзяржаў абвясцілі курс на «перазагрузку» адносінаў і пацвердзілі стратэгічны характар партнёрства. 27-28 лістапада праведзена VII-е пасяджэнне Беларуска-Венесуэльскай сумеснай камісіі па гандлёва-эканамічным супрацоўніцтве, падпісана Праграма «Дарожная карта двухбаковага супрацоўніцтва Рэспублікі Беларусь і Баліварыянскай Рэспублікі Венесуэла на сярэднетэрміновую і доўгатэрміновую перспектывы».

Стратэгічны ўзровень адносін з Кубай пацверджаны падчас арганізаванай 19 кастрычніка пратакольнай сустрэчы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь з былым паслом Кубы ў Беларусі Х.Суарэсам Альварэс з нагоды завяршэння яго дыпламатычнай місіі. Правядзенне 4-5 ліпеня ў Гаване двухбаковых кансультацый па палітычных і гандлёва-эканамічных пытаннях на ўзроўні намеснікаў міністраў замежных спраў, арганізацыя першай у гісторыі адносін Нацыянальнай экспазіцыі Рэспублікі Беларусь у рамках 35-га Міжнароднага гаванскага кірмашу «FIHAV 2017» (30 кастрычніка — 3 лістапада) прадэманстравалі імкненне бакоў да ўмацавання палітычнага і эканамічнага дыялогу.

Мінулы год адзначыўся інтэнсіфікацыяй супрацоўніцтва з Бразіліяй: 7 ліпеня ў Бразіліа прайшлі двухбаковыя кансультацыі па гандлёва-эканамічных пытаннях, 19 кастрычніка ў Мiнску – па палітычных пытаннях. Вынікам ўзаемадзеяння з бразільскімі партнёрамі стала правядзенне 27-29 лістапада рабочага візіту намесніка Прэм'ер-міністра Рэспублікі Беларусь Калініна А.М. ў Бразілію, падчас якога праведзены сустрэчы з кіраўнікамі ключавых бразільскіх міністэрстваў і першае пасяджэнне Беларуска-Бразільскай сумеснай камісіі па эканамічным супрацоўніцтве.

Прадоўжана практыка правядзення рабочых візітаў у Лацінскую Амерыку на ўзроўні кіраўніцтва Міністэрства замежных спраў. 27 сакавіка ў Буэнас-Айрэсе (Аргенціна) адбыўся чарговы раўнд беларуска-аргенцінскіх кансультацый на ўзроўні намеснікаў міністраў замежных спраў. 30 сакавіка праведзены першы ў гісторыі рабочы візіт у Парагвай на ўзроўні намесніка кіраўніка беларускага знешнепалітычнага ведамства.

11. Ключавой падзеяй года на шматбаковым трэку стаў актыўны ўдзел дэлегацыі Рэспублікі Беларусь на чале з Міністрам замежных спраў у 72-й сесіі Генеральнай Асамблеі ААН.

Развіваючы свае знешнепалітычныя ініцыятывы, Беларусь працягнула кансалідаваць міжнародную супольнасць у барацьбе з гандлем людзьмі. Па ініцыятыве нашай краіны ў рамках ААН прыняты дзве рэзалюцыі, якія атрымалі шырокую падтрымку дзяржаў-членаў Арганізацыі: у Генасамблеі – «Паляпшэнне каардынацыі намаганняў па барацьбе з гандлем людзьмі», у Камісіі ААН па прадухіленні злачыннасці і крымінальным правасуддзі – «Ажыццяўленне Глабальнага плана дзеянняў ААН у барацьбе з гандлем людзьмі».

Практычным укладам нашай краіны ў працу Першага камітэта стала прыняццe пры падтрымцы абсалютнай большасці галасоў беларускай рэзалюцыі «Забарона распрацоўкі і вытворчасці новых відаў зброі масавага знішчэння і новых сістэм такой зброі: даклад Канферэнцыі па раззбраенні».

На сесіі Камісіі ААН па наркатычных сродках (сакавік, Вена) па ініцыятыве Беларусі прынята рэзалюцыя «Прасоўванне праграм і стратэгій, якія закранаюць школу, сям'ю і грамадства, у справе прадухілення спажывання наркотыкаў сярод дзяцей і падлеткаў».

Значнае месца традыцыйна займала праца з беларускай дыяспарай за мяжой. У 2017 годзе ў Мінску прайшлі сёмы з'езд беларусаў свету і трэцяе пасяджэнне Кансультатыўнага савета пры МЗС па справах беларусаў замежжа. Працягнута комплексная работа па падтрымцы арганізацый беларускай дыяспары ў рамках рэалізацыі падпраграмы «Беларусы замежжа».

Беларусь пашырыла прадстаўленасць у аўтарытэтных міжнародных арганізацыях і органах сістэмы ААН. Наша краіна пры беспрэцэдэнтна шырокай падтрымцы абрана ў Выканаўчы савет ЮНЕСКА, Выканаўчы савет ЮНІСЕФ, Эканамічны і Сацыяльны Савет, Камісію сацыяльнага развіцця, Камітэт па праграме і каардынацыі, а таксама стала віцэ-старшынёй Выканаўчага камітэта Еўрапейскай эканамічнай камісіі ААН.

На працягу года Беларусь дэманстравала цвёрдую прыхільнасць выкананню міжнародных абавязацельстваў у галіне правоў чалавека. Паводле ацэнак Вярхоўнага камісара ААН па правах чалавека, Беларусь увайшла ў лік 33 краін, якія не маюць запазычанасці па прадстаўленню перыядычных дакладаў у дагаворныя органы па правах чалавека. У красавіку Беларусь накіравала свой даклад у Камітэт ААН па правах чалавека, а ў лістападзе на высокім прафесійным узроўні абараніла даклад у Камітэце ААН па ліквідацыі расавай дыскрымінацыі.

З улікам заснавання ў 2017 годзе інстытута Нацыянальнага каардынатара па дасягненню Мэтаў устойлівага развіцця і прызначэння на гэту пасаду Намесніка Старшыні Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Шчоткінай М.А. актывізавалася ўзаемадзеянне нашай краіны з міжнароднымі партнёрамі па пытаннях выканання Парадку дня ў галіне ўстойлівага развіцця на перыяд да 2030 года. У ходзе Палітычнага форуму ААН высокага ўзроўню па ўстойлівым развіцці (ліпень, Нью-Ёрк) Беларусь прадставіла першы нацыянальны даклад па дасягненню Мэтаў устойлівага развіцця і выступіла з ідэяй наладжвання супрацоўніцтва паміж нацыянальнымі інстытутамі і механізмамі, адказнымі за іх дасягненне.

На якасна новы ўзровень выйшла работа Беларусі ў рамках ЮНІДА. Пастаянны прадстаўнік Беларусі пры міжнародных арганізацыях у Вене Купчына А.М. абрана старшынёй 17-й сесіі Генеральнай канферэнцыі ЮНІДА – гэта першы выпадак абрання прадстаўніка Беларусі на пасаду кіраўніка сесіі галоўнага палітычнага органа універсальнай міжнароднай арганізацыі сістэмы ААН. Важным вынікам работы Генканферэнцыі ЮНІДА стала прыняццe ініцыяванай нашай краінай рэзалюцыі па ўстойліваму прамысловаму развіццю ў краінах з сярэднім узроўнем даходу.

Дынамічна развівалася ўзаемадзеянне з МАГАТЭ. Беларусь завяршыла членства ў Савеце кіраўнікоў Агенцтва, арганізавала прысвечаную БелАЭС выставу ў ходзе штогадовай сесіі Генеральнай канферэнцыі МАГАТЭ, паспяхова прайшла працэдуру абароны нацыянальнага дакладу ў ходзе нарады бакоў Канвенцыі аб ядзернай бяспецы (27 сакавіка – 7 красавіка, Вена). Праведзена важная ацэначная місія МАГАТЭ у сферы ядзернай бяспекі – па ацэнцы пляцоўкі Беларускай АЭС з улікам знешніх падзей.

Працягвалася сістэмная праца па падтрыманні канструктыўнага, адпавядаючага інтарэсам Беларусі ўзаемадзеяння з Арганізацыяй па бяспецы і супрацоўніцтвe ў Еўропе, яе выканаўчымі структурамі і інстытутамі, аўстрыйскім старшыняваннем АБСЕ.

Знакавай падзеяй стала паспяховае правядзенне ў Мінску 26-й сесіі Парламенцкай асамблеі АБСЕ (5-9 ліпеня) – адной з ключавых падзей для ўсёй Арганізацыі ў 2017 годзе. Ухваленая па выніках мерапрыемства Мінская дэкларацыя ўключыла ў сябе 3 рэзалюцыі агульных камітэтаў і 13 тэматычных рэзалюцый, ініцыяваных парламенцкімі дэлегацыямі. Па ініцыятыве Беларусі прынята рэзалюцыя «Распрацоўка своечасовых і эфектыўных заканадаўчых, нарматыўных, адміністрацыйных мер рэагавання на з'яўленне новых псіхаактыўных рэчываў».

Праведзены візіты ў Беларусь Дзеючага старшыні АБСЕ, Федэральнага міністра па пытаннях Еўропы, інтэграцыі і замежных спраў Аўстрыі С.Курца (5 ліпеня), Старшыні ПА АБСЕ К.Мутанен і Генеральнага сакратара ПА АБСЕ Р.Мантэлы (двойчы, 15-17 сакавіка і 5-9 ліпеня).

Працягнута праца па развіцці прамога супрацоўніцтва Беларусі з выканаўчымі структурамі АБСЕ па рэалізацыі сумесных праектаў міжнароднай тэхдапамогі па ўсіх «кошыках» бяспекі.

Актыўнае праектнае ўзаемадзеянне ажыццяўлялася з Саветам Еўропы, у тым ліку ў рамках Плана дзеянняў СЕ для Беларусі на 2016-2017 гады.

Працягнута праца па далучэнні нашай краіны да прававых інструментаў і механізмаў СЕ. 10 лістапада 2017 г. Рэспублiка Беларусь ратыфікавала Дадатковы пратакол да Канвенцыі супраць прымянення допінгу.

Назіралася пазітыўная дынаміка дыялогу Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь і Парламенцкай асамблеі Савета Еўропы. 27 чэрвеня 2017 г. ПАСЕ прыняла даклад «Сітуацыя ў Беларусі». У дакуменце адлюстравана неабходнасць «працягваць сваю дзейнасць і падтрыманне кантактаў высокага ўзроўню з беларускімі ўладамі», рэгулярнага запрашэння парламентарыяў Беларусі на пасяджэнні Камісіі ПАСЕ па палітычных пытаннях і дэмакратыі.

У рамках праграмы беларускага старшынявання ў Цэнтральна-Еўрапейскай Ініцыятыве арганізаваны і праведзены сустрэчы кіраўнікоў урадаў краін-удзельніц ЦЕІ (12 снежня, Мінск), міністраў замежных спраў краін ЦЕІ (22 чэрвеня, Мінск), нефармальная сустрэча міністраў замежных спраў «на палях» Генасамблеі ААН (21 верасня, Нью-Ёрк), міністэрскія сустрэчы па навуцы і тэхналогіях (26 кастрычніка, Мінск) і па сумяшчальнасці (9 чэрвеня, Мінск), сесія Парламенцкай Асамблеі ЦЕІ     (28 лістапада, Мінск), сустрэча кіраўнікоў гандлёва-прамысловых палат ЦЕІ і суседніх з Беларуссю краін (9 чэрвеня, Мінск), бізнес-форум ЦЕІ па тэматыцы энергаэфектыўнасці (4 снежня, Мінск), два міжнародныях семінары: па тэматыцы спалучэння розных інтэграцыйных працэсаў (1 лістапада, Мінск), а таксама супрацоўніцтва Беларусі з Еўрасаюзам у рамках «Усходняга партнёрства», рэгіянальны аспект (11 снежня, Мінск). Забяспечана правядзенне 6-ці пасяджэнняў Камітэта нацыянальных каардынатараў ЦЕІ.

Старшынством Беларусі ў ЦЕІ сумесна з Дзеючым аўстрыйскім старшыняваннем у АБСЕ пры ўдзеле МАМ і Міжнароднага цэнтра па распрацоўцы палітыкі ў галіне міграцыі ініцыявана і праведзена дыскусія высокага ўзроўню па пытаннях міграцыі (9 чэрвеня, Вена).

У Беларусі ўпершыню адбылася серыя мерапрыемстваў еўрапейскага рэгіянальнага маштабу пры высокім узроўні прадстаўніцтва краін-членаў ЦЕІ, якія адначасова ўваходзяць у розныя еўрапейскія рэгіянальныя аб'яднанні – Еўрасаюз, ЕАЭС, СНД, Савет рэгіянальнага супрацоўніцтва (балканскія краіны).

Старшынство ў АДКБ спрыяла ўмацаванню бяспекі беларускай дзяржавы. Пад старшыняваннем Прэзідэнта А.Р.Лукашэнкі ў юбілейным для АДКБ 2017 годзе праведзены дзве сустрэчы на вышэйшым узроўні, прыняты шэраг рашэнняў па прыярытэтных для нашай краіны накірунках забеспячэння нацыянальнай бяспекі з дапамогай сумеснага комплекснага рэагавання на сучасныя выклікі і пагрозы.

Вынікі прайшоўшай у Мінску ў лістападзе сесіі Савета калектыўнай бяспекі АДКБ сведчаць пра агульнасць поглядаў членаў Арганізацыі на светаўладкаванне, гатоўнасць сумесна адстойваць агульныя інтарэсы, фарміраваць спрыяльныя знешнія ўмовы функцыянавання ўваходзячых у АДКБ дзяржаў.

12. Ключавая роля ў працы МЗС традыцыйна адводзілася «эканамічнай дыпламатыі».

Дзякуючы зладжаным намаганням МЗС, міністэрстваў і прадпрыемстваў экспарт за дзесяць месяцаў 2017 года склаў 23,7 млрд. долараў ЗША, што на 22,6% больш, чым за аналагічны перыяд 2016 года. У вартасным выражэнні рост экспарту склаў 4,4 млрд. долараў ЗША, у тым ліку за кошт прадукцыі машынабудавання і іншых тавараў з высокім дададзеным коштам.

У 2017 годзе МЗС ініцыяваў і каардынаваў працу па правядзенні пасяджэнняў Міжведамаснага савета па знешнегандлёвай палітыцы. У іх ходзе прааналізаваны розныя аспекты развіцця тавараправоднай сеткі экспарцёраў, зніжэння знешняй дэбіторскай запазычанасці, павышэння якасці прадукцыі, іншыя пытанні.

Створаным пры МЗС для забеспячэння прамога дыялогу з прадпрыемствамі Саветам экспарцёраў разгледжаны дзясяткі прапаноў суб'ектаў гаспадарання.

МЗС сумесна з ІРУП «Нацыянальны цэнтр маркетынгу і кан'юнктуры цэн» правялі маштабную працу па стварэнні новай версіі тэматычнага партала для экспарцёраў Export.by. У пачатку 2017 года якасна абноўлены партал быў уведзены ў эксплуатацыю. На снежань 2017 г. на партале зарэгістравана 4 589 беларускіх і 229 замежных прадпрыемстваў. Беларускія экспарцёры прадставілі звесткі аб 13 730 таварах і паслугах. У англійскай версіі партала размешчана інфармацыя пра 4 697 беларускія тавары і паслугі.

Удзел Беларусі ў Міжнароднай спецыялізаванай выставе ЭКСПА-2017 у Астане (10 чэрвеня — 10 верасня) меў істотнае значэнне з пункту гледжання паспяховага прасоўвання на замежныя рынкі энергетычных і энергазберагальных тэхналогій, энергаэфектыўнай прадукцыі, прыцягнення замежных інвестыцый.

На Генасамблеі Міжнароднага бюро выстаў у Парыжы (лістапад) Беларусь ўпершыню аднагалосна абрана ў склад выканкама гэтага органа (уваходзяць 12 дзяржаў).

У 2017 годзе пры падтрымцы МЗС адбылося больш за 200 міжнародных мерапрыемстваў, накіраваных на развіццё супрацоўніцтва ў інвестыцыйнай сферы і прэзентацыю эканамічнага патэнцыялу Беларусі.

Вялікая ўвага надавалася ўдасканаленню і спрашчэнню ўмоў вядзення знешнеэканамічнай дзейнасці.

У мэтах стварэння роўных умоў з суб'ектамі гаспадарання дзяржаў-членаў ЕАЭС пры рэалізацыі прымянення нулявых ставак увазных мытных пошлін АМТ ЕАЭС МЗС распрацавана Пастанова Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 19 кастрычніка 2017 г. №792 «Аб пацверджанні мэтавага прызначэння ўвазного тавару».

Працягнута актыўная праца па далучэнні Беларусі да СГА на шмат- і двухбаковым трэках.

Пры каардынацыі МЗС падрыхтаваны беспрэцэдэнтны па сваім аб'ёме пакет перагаворных дакументаў, уключаючы Зводную справаздачу, праект Даклада Рабочай групы, матэрыялы па дзяржпадтрымцы сельскай гаспадаркі, натыфікацыю па прамысловых субсідыях, натыфікацыю па дзяржаўных гандлёвых прадпрыемствах, абноўлены План нарматворчых работ і тэматычныя апытальнікі.

Зводная справаздача ў 2017 годзе трансфармавана спачатку ў элементы праекта Даклада Рабочай групы, а затым непасрэдна ў праект Даклада, што азнаменавала пераход да заключнай стадыі перамоўнага працэсу. Першая рэдакцыя праекта Даклада распаўсюджана сярод членаў СГА ў ліпені.

У студзені і верасні ў Жэневе МЗС забяспечана правядзенне 8-га і 9-га пасяджэнняў Рабочай групы СГА па далучэнні Беларусі. У верасні ў штаб-кватэры СГА пры ўдзеле МЗС арганізавана спецыяльнае пасяджэнне па дзяржаўнай падтрымцы сельскай гаспадаркі. Мерапрыемствы прайшлі ў афіцыйным фармаце ўпершыню з 2005 года і суправаджаліся поўнамаштабнымі раўндамі перамоў з членамі СГА.

31 кастрычніка – 3 лістапада МЗС арганізаваны візіт у Мінск дэлегацыі Сакратарыята СГА на чале са старшынёй Рабочай групы СГА па далучэнню Беларусі – пастаянным прадстаўніком Турцыі пры СГА К.Маденоглу. Сустрэчы, што адбыліся пад час візіту з Прэм'ер-міністрам, Першым намеснікам Прэм'ер-міністра, міністрам замежных спраў Рэспублікі Беларусь і шэрагам намеснікаў міністраў, ахарактарызаваны Сакратарыятам СГА як «пацвярджаючыя поўную падтрымку Урадам Рэспублікі Беларусі працэсу далучэння да СГА».

У 2017 годзе падпісаны шэсць пратаколаў аб завяршэнні двухбаковых перамоў па доступе на рынкі тавараў і паслуг: з Рэспублікай Карэя (10 красавіка), Японіяй (27 красавіка), Рэспублікай Эквадор   (12 верасня), Каралеўствам Нарвегія (5 снежня), Рэспублікай Гватэмала (12 снежня), Рэспублікай Эль-Сальвадор (12 снежня).

У снежні беларуская дэлегацыя прыняла ўдзел у 11-й Міністэрскай канферэнцыі СГА у Буэнас-Айрэсе – галоўнай падзеі арганізацыі, якая праводзіцца раз у два гады.

13. У 2017 годзе падпісана 140 міжнародных дагаворных і іншых міжнародна-прававых дакументаў: 123 двухбаковых, уключаючы двухбаковыя дамовы з міжнароднымі арганізацыямі, і 17 шматбаковых – 4 міжнародных дамовы ў рамках ЕАЭС, 2 міжнародных дамовы ў межах АДКБ, 10 міжнародных дагавораў у рамках СНД, а таксама Канвенцыя аб міжнародным парадку спагнання аліментаў на дзяцей і іншых форм утрымання сям'і, распрацаваная ў рамках Гаагскай канферэнцыі па міжнародным прыватным праве.

Дынамічна фарміравалася дагаворна-прававая база супрацоўніцтва з дзяржавамі СНД і Грузіяй (заключаны 37 міжнародных дагавораў і іншых дакументаў), дзяржавамі Азіі і Афрыкі, уключаючы Блізкі Усход (заключаны 51 міжнародны дагавор і іншых дакументаў), а таксама з дзяржавамі ЕС (22 міжнародныя дагаворы і іншых дакументаў).  З дзяржавамі Лацінскай Амерыкі заключаны 5 міжнародных дакументаў.

На якасна новы ўзровень выведзена супрацоўніцтва Беларусі з Міжнародным Камітэтам Чырвонага Крыжа ў выніку арганізацыі і правядзення першага ў гісторыі візіту прэзідэнта МКЧК у Беларусь, падпісання Пагаднення аб статусе, прывілеях і імунітэтах МКЧК у Рэспубліцы Беларусь, запланаванага адкрыцця прадстаўніцтва МКЧК у Мінску.

З падпісаннем у верасні Пратакола аб унясенні змяненняў у Пагадненне аб статусе Эканамічнага Суда Садружнасці Незалежных Дзяржаў ад 6 ліпеня 1992 г. завершаны бягучы этап рэфармавання Эканамічнага Суда СНД і яго адаптацыі да сучасных рэалій і патрэбаў дзяржаў-удзельніц СНД.

14. Працягвалася актыўная работа па развіцці двухбаковай дагаворна-прававой базы па візавай тэматыцы.

Уступіла ў сілу Пагадненне з Аргенцінай аб адмене віз. Завершана ратыфікацыя пратакола да пагаднення аб адмене віз з ААЭ.

Ажыццяўлялася работа па выкананні ўнутрыдзяржаўных працэдур, неабходных для ўступлення ў сілу пагадненняў з Чылі, Босніяй і Герцагавінай, Ганконгам.

Праведзены ўнутрыдзяржаўныя працэдуры, неабходныя для заключэння пагадненняў з Кувейтам, Бахрэйнам і Парагваем аб адмене віз для ўладальнікаў дыпламатычных і службовых пашпартоў.

Працягнута праца над праектамі міжнародных дагавароў, якія рэгулююць бязвізавыя паездкі па дыпламатычных, службовых або афіцыйных пашпартах, з Алжырам, Індыяй, Пакістанам, Суданам, Філіпінамі, Эфіопіяй, Калумбіяй, Мазамбікам, Мексікай, па агульнаграмадзянскіх пашпартах – з Кітаем, Гандурасам, Сэйшэламі, Сэнт-Кітс і Нэвіс, Босніяй і Герцагавінай, Калумбіяй.

Ініцыявана заключэнне пагадненняў з Рэспублікай Карэя, Японіяй, Сінгапурам, Малайзіяй, Аманам, Перу, Уругваем.

Вядзецца праца па ўнясенні змяненняў і дапаўненняў у пагадненні аб узаемных бязвізавых паездках з Украінай і Ізраілем.

Працягнута праца па заключэнні Пагаднення з ЕС аб спрашчэнні візавых фармальнасцей.

Праведзена тры раўнды перамоў па заключэнні Пагаднення з Расіяй аб узаемным прызнанні віз і па іншых пытаннях, звязаных з уездам замежных грамадзян і асоб без грамадзянства на тэрыторыі дзяржаў-удзельніц Дамовы аб стварэнні Саюзнай дзяржавы.

Праведзены кансультацыі паміж МЗС па консульскіх пытаннях з Італіяй, Харватыяй, Сербіяй, Венгрыяй, Чэхіяй, Ізраілем, ААЭ, Украінай, Расіяй, Літвой, Балгарыяй.

З 12 лютага 2017 г. уступіў у сілу Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь аб усталяванні бязвізавага парадку ўезду і выезду замежных грамадзян 80 дзяржаў праз пункт пропуску «Нацыянальны аэрапорт Мінск». На 1 снежня 2017 г. бязвізавым рэжымам скарысталіся больш 72,5 тыс. замежных грамадзян.

Падрыхтаваны і прыняты Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 18 мая 2017 г. № 173 «Аб устанаўленні бязвізавага парадку ўезду і выезду грамадзян Кітайскай Народнай Рэспублікі» (прадугледжвае бязвізавы парадак уезду і знаходжання тэрмінам да 30 дзён грамадзян КНР па пашпартах для афіцыйных паездак).

Традыцыйна вялікая ўвага надавалася ў 2017 годзе абароне законных правоў і інтарэсаў юрыдычных і фізічных асоб Рэспублікі Беларусь за мяжой, розгляду зваротаў грамадзян, аказанні дапамогі асобам, якія трапілі ў экстрэмальныя сітуацыі. Прававая дапамога надавалася асобам, затрыманым праваахоўнымі органамі замежных дзяржаў, якiя адбываюць пакаранне ў пенітэнцыярных установах за мяжой, аказвалася садзейнічанне сваякам памерлых за мяжой у транспарціроўцы целаў на радзіму для пахавання, эвакуацыі грамадзян з зон узброеных канфліктаў. У беларускія замежныя ўстановы за аказаннем рознай прававой дапамогі ў 2017 годзе звярнулася больш за 2,5 тыс. нашых грамадзян.

15. Эфектыўнае інфармацыйнае забеспячэнне ўнутры- і знешнепалітычных мерапрыемстваў, знакавых ініцыятыў кіраўніцтва беларускай дзяржавы заставалася адной з прыярытэтных задач МЗС.

У 2017 годзе для работы ў Беларусі пастаянную акрэдытацыю атрымалі больш за 300 замежных журналістаў (рост на 20%), часовую – звыш 1100.

Праведзены кансультацыі паміж МЗС па інфармацыйных пытаннях з Бельгіяй, Казахстанам, Кітаем, Расіяй, са структурамі Еўракамісіі.

Арганізавана восем прэс-тураў у Беларусь замежных журналістаў, у тым ліку з Латвіі, КНР і Расіі.

Вырасла актыўнасць МЗС у сацыяльных сетках. Колькасць падпісчыкаў на акаўнты ў Twitter павялічылася на чвэрць і склала 20 тыс., у Facebook – удвая. Пасродкам акаўнта МЗС у сеткі Periscope пачата трансляцыя мерапрыемстваў для прэсы ў рэжыме рэальнага часу. Сумесна з арганізацыямі сістэмы ААН праведзены шэраг інфармацыйных акцый у сацыяльных сетках, накіраваных на прыцягненне ўвагі грамадскасці да актуальных пытанняў міжнароднага развіцця.

 русская версия      English version