Áåëàðóñü . Ôàêòû

Заява Міністэрства замежных спраў Беларусі з нагоды 25-годдзя ўсталявання дыпламатычных адносін паміж Рэспублікай Беларусь і Злучанымі Штатамі Амерыкі (28 снежня 2016 г., г.Мінск)

Сёння спаўняецца 25 гадоў з дня ўсталявання дыпламатычных адносін паміж Рэспублікай Беларусь і Злучанымі Штатамі Амерыкі.

28 снежня 1991 года ў выніку абмену нотамі беларускі і амерыканскі бакі дамовіліся аб усталяванні дыпламатычных адносін на ўзроўні пасольстваў. У 1992 годзе ў Мінску і Вашынгтоне пачалі працаваць пасольствы дзвюх краін.

Злучаныя Штаты сталі другой краінай у свеце, якая, прызнаўшы суверэнітэт Рэспублікі Беларусь, прапанавала маладой беларускай дзяржаве наладзіць поўныя дыпламатычныя адносіны і абмяняцца пасламі.

За чвэрць стагоддзя адносіны паміж Беларуссю і ЗША прайшлі няпросты шлях сталення і развіцця. Іх гісторыя адзначана ўзлётамі і падзеннямі, супрацоўніцтвам і разладамі, узаемнымі спадзяваннямі і расчараваннямі. Паміж нашымі краінамі дагэтуль захоўваюцца нявырашаныя пытанні, шэраг з якіх мае для бакоў прынцыповы характар.

Між тым сімвалічна, што юбілей усталявання беларуска-амерыканскіх дыпламатычных адносін прыпадае на перыяд паступовай нармалізацыі двухбаковых адносін, аднаўлення даверу і вяртання бакоў да дыялогу па шырокім спектры пытанняў – ад эканомікі і інвестыцый да ваеннай сферы, культуры і захавання спадчыны, ад развіцця дэмакратычных інстытутаў да ўмацавання навукова-тэхнічнага ўзаемадзеяння.

Беларусь і ЗША аб’ядноўвае нашмат больш, чым раз’ядноўвае. Дыпламатычныя стасункі паміж нашымі краінамі налічваюць толькі 25 гадоў – аднак гістарычныя і культурныя повязі паміж нашымі народамі сягаюць у мінулае на стагоддзі. Памятаючы пра гэта, мы застаемся цвёрда ўпэўненымі ў тым, што праз падтрымку шчырых, добразычлівых і раўнапраўных адносін Беларусь і Злучаныя Штаты змогуць вывесці двухбаковае супрацоўніцтва на гладкі гасцінец устойлівага развіцця.

Нават у самыя складаныя часы нашы краіны супрацоўнічалі ў пытаннях, якія маюць вызначальнае значэнне для бяспекі і дабрабыту міжнароднай супольнасці. У 1991 годзе амерыканскі бок у сваёй прапанове беларускаму боку аб усталяванні дыпламатычных адносін адзначаў ролю нашай краіны ў працэсе раззбраення і нераспаўсюджвання ядзернай зброі і зараз паслядоўна падтрымлівае незалежнасць Беларусі. Сёння, як і 25 гадоў таму, Беларусь працягвае выступаць донарам міжнароднай бяспекі, беручы актыўны ўдзел у мірным урэгуляванні шматбаковых канфліктаў, якія, на жаль, не абмінулі і нашу частку свету.

З нагоды важнай для дыпламатычных стасункаў даты выказваем шчырае спадзяванне на тое, што распачаты працэс паступовага паляпшэння адносін паміж Беларуссю і Злучанымі Штатамі будзе не толькі садзейнічаць развіццю супрацоўніцтва паміж нашымі краінамі і вырашэнню складаных пытанняў двухбаковых адносін, але і стане фактарам нармалізацыі міжнароднай сітуацыі і ўмацавання рэгіянальнай бяспекі ва Усходняй Еўропе.

28 снежня 2016 г., г.Мінск