Áåëàðóñü . Ôàêòû

Інтэрв'ю Надзвычайнага і Паўнамоцнага Пасла Рэспублікі Беларусь у Злучаным Каралеўстве Вялікабрытаніі І Паўночнай Ірландыі Сяргея Алейніка газеце «Звязда» (21 верасня 2016 г.)

Сёння эканоміка Вялікабрытаніі — дзясятая па аб'ёме ВУП у свеце. Краіна ажыццяўляе каля 10% сусветнага экспарту паслуг. Менавіта ў Злучаным Каралеўстве знаходзіцца шэраг самых вялікіх транснацыянальных кампаній. Прытым гэтая краіна традыцыйна з'яўляецца адным з галоўных спажыўцоў беларускай прадукцыі. Што з айчынных тавараў карыстаецца найбольшай папулярнасцю ў жыхароў туманнага Альбіёна і чым яшчэ Беларусь можа зацікавіць замежных партнёраў? Пра гэта расказвае Пасол Беларусі Сяргей Алейнік.

Вялікабрытанія — адна з краін-лідараў па імпарце беларускай прадукцыі ў Еўрапейскім саюзе. Чым Беларусь прываблівае замежных пакупнікоў?

Вялікабрытанія сапраўды ў 2015 годзе заняла другое месца ў аб'ёме беларускага экспарту і трэцяе ў тавараабароце сярод усіх краін — гандлёвых партнёраў Беларусі з Еўрасаюза. Нягледзячы на тое, што беларускі экспарт у значнай меры складаўся за кошт нафты і нафтапрадуктаў, шэраг беларускіх тавараў даволі значны. Беларусь пастаўляе ў Вялікабрытанію шырокі спектр як спажывецкіх тавараў (прадукты харчавання, тэкстыльныя вырабы, аптычныя прылады, мэбля, шыны), так і тавараў прамысловага прызначэння (трактары і дарожная тэхніка, рухавікі, трансфарматары, шкловалакно і інш.).

Гандлюем мы і прадукцыяй нашых «прамысловых гігантаў». Напрыклад, наладжаны рэгулярныя пастаўкі беларускай арматуры на аб'екты, якія будуюцца ў Вялікабрытаніі. Дзякуючы сваім высокім спажывецкім якасцям наша металапрадукцыя выкарыстана пры будаўніцтве такіх знакавых інфраструктурных аб'ектаў, як стадыён «Уэмблі», новы пяты тэрмінал аэрапорта «Хітроў», Алімпійская вёска ў Лондане і іншых сусветна вядомых архітэктурных збудаванняў.

Адна з галоўных задач нядаўна прынятай Нацыянальнай праграмы падтрымкі і развіцця экспарту на 2016—2020 гады — дыверсіфікацыя экспарту. Згодна з ёй, траціна экспартных паставак павінна даводзіцца на рынак ЕС. Што тычыцца Вялікабрытаніі, якія гэтыя паказчыкі цяпер і за кошт чаго іх можна павялічыць?

Летась беларускі экспарт у Вялікабрытанію дасягнуў амаль трох мільярдаў долараў, што складае трэцюю частку агульнага экспарту Беларусі ў краіны ЕС. У першай палове 2016 года аб'ём нашага экспарту ў Злучанае Каралеўства, на жаль, часова зменшыўся і склаў каля 600 мільёнаў долараў. Але ж зноў за кошт аб'ёмаў паставак нафты і нафтапрадуктаў на еўрапейскія рынкі пастаўкі па асноўных іншых накірунках захоўваюцца на папярэднім узроўні.

Мы бачым сур'ёзны патэнцыял для нарошчвання паставак беларускай металапрадукцыі, тэкстылю, прадукцыі дрэваапрацоўкі. Напрыклад, у маі гэтага года Лондан наведала дэлегацыя Беларускага металургічнага завода, падчас візіту якой дасягнуты дамоўленасці аб пашырэнні паставак прадукцыі ў Вялікабрытанію ў 2017 годзе.

Цяпер таксама працуем над маштабным праектам па абсталяванні курортнай зоны ў Карнуоле драўлянымі дамкамі з мэбляй, вырабленымі на прадпрыемстве «Гомельдрэў». Мы працягваем перамовы аб пастаўках беларускага адзення з буйнымі гандлёвымі прадпрыемствамі Брытаніі, нават са славутым «Маркс энд Спэнсар», адзін з заснавальнікаў якога, дарэчы, паходзіў з Беларусі.

Якую долю ў структуры беларускага экспарту ў Вялікабрытанію займаюць інавацыйныя і высокатэхналагічныя тавары, паслугі?

Доля іх даволі значная. Беларускія вадкакрышталічныя маніторы, апаратура сувязі, геадэзічныя прыборы, оптыка, вылічальныя машыны, нават гадзіннікі — цэлы шэраг іншых высокатэхналагічных і інавацыйных тавараў традыцыйна карыстаецца попытам у Вялікабрытаніі.

Што тычыцца паслуг, то на гэтым кірунку мы таксама маем пэўны поспех. Вялікабрытанія з'яўляецца трэцім па аб'ёме партнёрам беларускага Парка высокіх тэхналогій — каля 30 яго беларускіх кампаній-рэзідэнтаў распрацоўваюць ІТ-прадукты для брытанскіх кампаній. Напрыклад, беларускія фірмы ажыццяўлялі распрацоўку праграмных прадуктаў для такіх буйных кліентаў, як БіПі (Брыціш Петролеум), Брыціш Тэлекам, Баркліз, Лонданскай фондавай біржы і іншых кампаній Злучанага Каралеўства. Па выніках 2015 года экспарт у Вялікабрытанію ІТ-паслуг склаў 74,9 мільёна долараў, а іх доля ў агульным аб'ёме экспарту паслуг — 37,2%. У першым паўгоддзі 2016 года экспарт беларускіх камп'ютарных паслуг у Вялікабрытанію склаў 32,2 мільёна долараў (118,4% да адпаведнага перыяду 2015 года). Гэтыя лічбы толькі пацвярджаюць мае словы.

Якія крокі плануе здзейсніць пасольства для далейшага развіцця беларускага экспарту?

Перш за ўсё, мы заўсёды заклікаем нашы прадпрыемствы да больш актыўнага ўдзелу ў выстаўках і кірмашах, якія ў Брытаніі праходзяць амаль кожны дзень. Гэта, на наш погляд, самы кароткі шлях да непасрэдных партнёраў. Прывяду просты прыклад: у чэрвені гэтага года мы арганізавалі візіт дэлегацыі канцэрна «Беллегпрам» у Лондан для ўдзелу ў міжнароднай спецыялізаванай тэкстыльнай выстаўцы «Фэшн ЭсВіПі». У складзе дэлегацыі былі прадстаўлены такія беларускія прадпрыемствы, як «Світанак», «Аршанскі льнокамбінат». Падчас візіту ў Лондан делегацыя не толькі ўсталявала шмат новых і дзейных кантактаў сярод прадстаўнікоў мясцовай тэкстыльнай індустрыі, але і пачала прадметную гутарку з шэрагам гандлёвых кампаній, сярод якіх, напрыклад, «Аркадыя Груп» — самы буйны рытэйлер моднай вопраткі Злучанага Каралеўства, у якога больш за 500 магазінаў у 35 краінах свету.

Па-другое, мы імкнёмся да стварэння сумесных прадпрыемстваў на тэрыторыі Беларусі, якія здолелі б, абапіраючыся на замежны, у тым ліку брытанскі, капітал і тэхналогіі, выйсці на экспарт тавараў не толькі ў Злучанае Каралеўства, але і ў іншыя краіны. У гэтым сэнсе нам вельмі дапамагае Еўрапейскі банк рэканструкцыі і развіцця. ЕБРР, дарэчы, 7 верасня гэтага года зацвердзіў новую Стратэгію для Беларусі на 2016—2019 гады, якая дазволіць пашырыць дзейнасць банка ў нашай краіне, у тым ліку за кошт садзейнічання прыватызацыі дзяржаўных экспартаарыентаваных прадпрыемстваў у мэтах іх далейшага паспяховага развіцця.

І па-трэцяе, нашай мэтай з'яўляецца далейшае развіццё беларуска-брытанскага ўзаемадзеяння ў галіне высокіх тэхналогій, супрацоўніцтва паміж універсітэтамі і навуковымі ўстановамі Беларусі і Вялікабрытаніі. Гэта, безумоўна, будзе спрыяць пашырэнню нашай пазнавальнасці ў Злучаным Каралеўстве і за яго межамі, росту экспарту паслуг з Беларусі, замацаванню сувязяў паміж беларускімі і брытанскімі кампаніямі і арганізацыямі.