Памер шрыфта:

Аб сустрэчы Міністра замежных спраў Беларусі У.Макея са Старшынёй Міжпарламенцкага саюза

03 верасня 2019 г.

03-09-2019

3 верасня 2019 г. адбылася сустрэча Міністра замежных спраў Рэспублікі Беларусь Уладзіміра Макея са Старшынёй Міжпарламенцкага саюза (МПС), сенатарам Кангрэса Мексікі Габрыэлай Куэвас Баррон, якая прыбыла ў Беларусь для ўдзелу ў Міжнароднай канферэнцыі высокага ўзроўню «Барацьба з тэрарызмам пры дапамозе інавацыйных падыходаў і выкарыстання новых і ўзнікаючых тэхналогій».

Кіраўнік беларускага знешнепалітычнага ведамства падзякаваў старшыні МПС за яе візіт і ўдзел у антытэрарыстычнай канферэнцыі, адзначыў, што ў Беларусі зацікаўлены ў далейшай актывізацыі адносін з гэтай найстарэйшай і найбольш аўтарытэтнай у свеце міжпарламенцкай арганізацыяй, якая адзначае ў гэтым годзе свой 130-гадовы юбілей.

«Нам блізкая філасофія МПС, яе імкненне да ўмацавання міру і бяспекі, фарміравання дэмакратычных міжнародных адносін. Мы лічым важным больш актыўна прыцягваць глабальнае парламенцкае вымярэнне ў асобе МПС да пошуку рашэнняў і адказаў на глабальныя выклікі і пагрозы», – падкрэсліў У.Макей.

Міністр праінфармаваў суразмоўніцу аб ініцыятыве Прэзідэнта Беларусі аб аднаўленні шырокага міжнароднага дыялогу па пытаннях міжнароднай бяспекі, накіраванага на ўмацаванне даверу і пераадоленне існуючых супярэчнасцяў ва ўзаемаадносінах паміж дзяржавамі.

Суразмоўцы абмеркавалі пытанні супрацоўніцтва па дасягненні Мэтаў ўстойлівага развіцця (МУР) ў кантэксце ўнікальнага беларускага досведу ў гэтай сферы. У.Макей падкрэсліў, што адным з самых актыўных удзелькаў працэсу па дасягненні МУР ў краіне з’яўляецца беларускі парламент. Выказаў упэўненасць, што беларускі вопыт па МУР будзе запатрабаваны і на пляцоўцы МПС.

Даведачна. Міжпарламенцкі саюз (МПС) – найстарэйшая і найбольш аўтарытэтная ў свеце міжпарламенцкая арганізацыя – у гэтым годзе адзначае свой 130-гадовы юбілей. Членамі МПС з’яўляюцца парламенты 179 дзяржаў. У ліку прыярытэтных пытанняў на парадку дня МПС – умацаванне міру і стабільнасці, роля парламентаў у супрацьдзеянні такім пагрозам, як тэрарызм і распаўсюджванне зброі масавага знішчэння, а таксама гендэрная роўнасць, правы чалавека, міжпарламенцкі дыялог і супрацоўніцтва, устойлівае развіццё і інш. Парламент Беларусі быў прыняты ў МПС у 1995 годзе. У склад беларускай дэлегацыі ў МПС ўваходзяць дэпутаты абедзвюх палат парламента. Чарговая, 141-я Асамблея МПС пройдзе з 13 па 17 кастрычніка 2019 г. у Бялградзе (Сербія).

версія для друку

Відэа МЗС

Aрхіў

Афіцыйныя інтэрнэт-рэсурсы