Памер шрыфта:

Аб удзеле Міністра замежных спраў Беларусі У.Макея ў 74-й сесіі Генеральнай Асамблеі ААН (пяты дзень)

28 верасня 2019 г.

28-09-2019

27 верасня 2019 г. Мiнiстр замежных спраў Рэспублікі Беларусь Уладзімір Макей прыняў удзел у рабочай сустрэчы кіраўнікоў знешнепалітычных ведамстваў дзяржаў-членаў Арганізацыі Дагавора аб калектыўнай бяспецы (АДКБ) пад старшынствам Кыргызстана.



Міністр замежных спраў Беларусі У.Макей прымае ўдзел у рабочай сустрэчы кіраўнікоў знешнепалітычных ведамстваў дзяржаў-членаў АДКБ

Да даведкі: АДКБ — рэгіянальная міжнародная арганізацыя, якая была створана ў 2002 годзе і цяпер уключае Арменію, Беларусь, Казахстан, Кыргызстан, Расію і Таджыкістан. Асноўная мэта арганізацыі — нарошчваць цесныя і ўсебаковыя саюзніцкія адносіны ў знешнепалітычнай, ваеннай, ваенна-тэхнічнай галінах, забяспечваць каардынацыю і аб'яднанне намаганняў у барацьбе з міжнародным тэрарызмам і іншымі сучаснымі пагрозамі бяспекі.

Удзельнікі сустрэчы абмеркавалі пытанні каардынацыі ўзаемадзеяння ў рамках работы 74-й сесіі Генасамблеі ААН і падрыхтоўкі да маючых адбыцца сустрэч статутных органаў АДКБ на вышэйшым і высокім узроўнях. Міністр заклікаў партнёраў па Арганізацыі да супрацоўніцтва па такіх пытаннях шматбаковага парадку дня, як падтрыманне міжнароднага міру і бяспекі, дасягненне Мэт устойлівага развіцця (МУР), барацьба з гандлем людзьмі, прасоўванне інтарэсаў краін з сярэднім узроўнем даходу, садзейнічанне міжнародным намаганням па барацьбе з тэрарызмам. Па выніках сустрэчы міністры замежных спраў краін-удзельніц АДКБ падпісалі сумесную заяву, прымеркаванаю да 80-годдзя пачатку Другой сусветнай вайны.

Сумесна з Міністрам замежных спраў Расіі Сяргеем Лаўровым кіраўнік беларускага знешнепалітычнага ведамства адкрыў у штаб-кватэры ААН фотавыставу, прысвечаную 110-годдзю вядомага савецкага дыпламата і дзяржаўнага дзеяча, ураджэнца Беларусі А.Грамыкі. У мерапрыемстве прыняў удзел Генеральны сакратар ААН Антоніу Гутэрыш.

Міністр замежных спраў Беларусі У.Макей адкрывае фотавыставу, прысвечаную 110-годдзю А.А.Грамыка

Да даведкі: Андрэй Андрэевіч Грамыка — Міністр замежных спраў СССР (1957-1985 гг.), Старшыня Прэзідыўма Вярхоўнага Савета СССР (1985-1988 гг.). З імем А.Грамыкі асацыюецца перыяд гісторыі Савецкага Саюза, звязаны з міжнароднымі перагаворамі аб рашэнні пытанняў пасляваеннага ўладкавання свету і заснаванні Арганізацыі Аб'яднаных Нацый. З канца 1940-х гадоў Грамыка ў інтарэсах СССР больш за 20 разоў выкарыстаў права вета ў Савеце Бяспекі ААН, з прычыны чаго атрымаў спачатку ў дыпламатычнай асяроддзі, а затым і ў прэсе імя “Містар Не”.

Міністр замежных спраў Беларусі У.Макей з Генеральным сакратаром ААН А.Гутэрышам на адкрыцці фотавыставы, прысвечанай 110-годдзю А.А.Грамыка

Падчас свайго выступлення У. Макей назваў А.Грамыку архітэктарам сістэмы міжнародных адносін, якія ўнеслі значны ўклад у стварэнне ААН. Падкрэсліў вядучую ролю, якую А.Грамыка адыграваў у перагаворным працэсе па ядзерным раззбраенні, адзначыўшы, што ён і сёння ўяўляе ўзор прафесійных якасцей для маладога пакалення дыпламатаў. А.Гутэрыш назваў А.Грамыку чалавекам “вялікіх дасягненняў” і прызнаў яго выключныя якасці як перагаворшчыка, панаракаўшы, што галоўнаму яго лозунгу – “лепш дзесяць гадоў перагавораў, чым адзін дзень вайны” — у сучасным свеце некаторыя краіны аддаюць перавагу вайне.

Міністр замежных спраў Беларусі У.Макей з Міністрам замежных спраў Расіі С.Лаўровым на адкрыцці фотавыставы, прысвечанай 110-годдзю А.А.Грамыка

Падчас сустрэчы са Старшынёй 74-й сесіі ГА ААН Ціджані Мухамадам-Банде Міністр падтрымаў прыярытэты яго дзейнасці на гэтай пасадзе. Суразмоўцы абмеркавалі падрыхтоўку да святкавання 75-годдзя стварэння ААН у 2020 годзе. Мухамад-Банде пагадзіўся з У.Макеем, што юбілейны саміт не павінен стаць чарговым пратакольным мерапрыемствам, а абавязаны быць накіраваны на пошук канкрэтных рашэнняў сучасных праблем.

Сустрэча Міністра замежных спраў Беларусі У.Макея са Старшынёй 74-й сесіі ГА ААН Ціджані Мухамадам-Банде

Кіраўнік беларускага знешнепалітычнага ведамства праінфармаваў аб выніках міжнароднай канферэнцыі па барацьбе з тэрарызмам з выкарыстаннем інфармацыйных тэхналогій, якая прайшла ў верасні 2019 года ў Мінску, а таксама аб ходзе прасоўвання знешнепалітычнай ініцыятывы Беларусі па барацьбе з гандлем людзьмі. Старшыня ГА ААН адзначыў важнасць прыярытэтаў, якія Беларусь заявіла на цяперашняй сесіі Генасамблеі, і запэўніў ў гатоўнасці да цеснага ўзаемадзеяння па іх рэалізацыі.

Сустрэча Міністра замежных спраў Беларусі У.Макея са Старшынёй 74-й сесіі ГА ААН Ціджані Мухамадам-Банде

Кіраўнік беларускай дэлегацыі сустрэўся з намеснікам Прэм'ер-міністра — Міністрам замежных спраў і па справах эмігрантаў Сірыйскай Арабскай Рэспублікі Валідам аль-Муалемам. Міністр замежных спраў Сірыі цёпла адазваўся аб сваім візіце ў Мінск у ліпені 2019 года, адзначыў актывізацыю ў апошні час гандлёва-эканамічнага ўзаемадзеяння. У.Макей запэўніў, што Беларусь мае намер і надалей аказваць усебаковае гуманітарнае садзейнічанне Сірыі для хутчэйшага аднаўлення краіны, праінфармаваў аб гатоўнасці прыняць сірыйскіх дзяцей на аздараўленне і ў наступным годзе.



Сустрэча Міністра замежных спраў Беларусі У.Макея з намеснікам Прэм'ер-міністра — Міністрам замежных спраў і па справах эмігрантаў Сірыі Валідам аль-Муалемам

Падчас сустрэчы з Міністрам замежных спраў Швецыі Ан Ліндзе была пацверджана ўзаемная зацікаўленасць у пашырэнні гандлёва-эканамічнага і інвестыцыйнага супрацоўніцтва. У.Макей адзначыў важнасць прамога ўзаемадзеяння па лініі бізнес-колаў і гандлёва-прамысловых палат дзвюх краін. Пацверджана таксама мэтазгоднасць актывізацыі палітычных кантактаў рознага ўзроўню паміж дзвюма краінамі.


Сустрэча Міністра замежных спраў Беларусі У.Макея з Міністрам замежных спраў Швецыі А.Ліндзе

Адбылася таксама сустрэча з Міністрам замежных спраў Фінляндыі Пекам Хаавіста, падчас якой фінскі дыпламат пацвердзіў свой удзел у сустрэчы Усходняга партнёрства высокага ўзроўню, якая пройдзе 4-5 кастрычніка 2019 года ў Мінску. Адзначыў важнасць дадзенага мерапрыемства для далейшага дыялогу паміж ЕС і Беларуссю. Суразмоўцы абмеркавалі перспектывы двухбаковага гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва, а таксама шэраг пытанняў рэгіянальнага і міжнароднага парадку дня.



Сустрэча Міністра замежных спраў Беларусі У.Макея з Міністрам замежных спраў Фінляндыі П.Хаавіста

На сустрэчы з дэлегацыяй Канады, якую ўзначальвае Чарльз Джозэф Кларк, былы Прэм'ер-міністр, дэталёва абмеркавана тэматыка, накіраваная на актывізацыю двухбаковага супрацоўніцтва ў шэрагу абласцей: сельскай гаспадарцы, інфармацыйных тэхналогіях, адукацыі, турызме, развіцці малога і сярэдняга прадпрымальніцтва і інш. Дасягнута дамоўленасць аб падрыхтоўцы беларускім бокам канкрэтнага пераліку прапаноў па гандлёва-эканамічнаму ўзаемадзеянню, які затым будзе прапрацаваны бізнес-коламі абедзвюх краін.


Сустрэча Міністра замежных спраў Беларусі У.Макея з былым Прэм'ер-міністрам Канады Чарльзам Джозэфам Кларкам

Падчас сустрэчы з Міністрам замежных і еўрапейскіх спраў Славацкай Рэспублікі Міраславам Лайчакам бакі выказалі задавальненне пазітыўнай дынамікай двухбаковых гандлёва-эканамічных адносін. Абмеркавалі ход падрыхтоўкі чарговага пасяджэння сумеснай міжурадавай камісіі па гандлёва-эканамічным супрацоўніцтве, якое пройдзе 23-24 кастрычніка 2019 года ў Мінску. Міністры абмяняліся таксама меркаваннямі па пытаннях субстантыўнага напаўнення пасяджэння Савета міністраў замежных спраў АБСЕ, якое адбудзецца ў Браціславе 5-6 снежня 2019 года.



Сустрэча Міністра замежных спраў Беларусі У.Макея з Міністрам замежных і еўрапейскіх спраў Славакіі М.Лайчакам

На сустрэчы з Міністрам замежных спраў Нарвегіі Іне Эрыксен Сарэйдзе адзначана ўзаемная зацікаўленасць краін у пашырэнні гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва. Абмеркаваны яго магчымыя перспектыўныя напрамкі. Асаблівая ўвага нададзена пытанням актывізацыі дыялогу па лініі Беларусь-ЕС, а таксама ўзаемадзеяння ў рамках міжнародных арганізацый.



Сустрэча Міністра замежных спраў Беларусі У.Макея з Міністрам замежных спраў Нарвегіі І.Э.Сарэйде

русская версия   English version

версія для друку

Відэа МЗС

Aрхіў

Афіцыйныя інтэрнэт-рэсурсы