Памер шрыфта:

Аб літаратурным вечары з нагоды Міжнароднага дня роднай мовы

16 лютага 2024 г.

 

16 лютага 2024 г. у Мінскай гарадской ратушы адбылася традыцыйная літаратурная вечарына з нагоды Міжнароднага дня роднай мовы.

Мерапрыемства арганізавана Міністэрствам замежных спраў пры падтрымцы Міжнароднага тэлеканала "Беларусь 24", радыё "Культура", Музея гісторыі горада Мінска, творчага праекта "Роднае. Моднае”.

У літаратурным свяце прынялі ўдзел больш за 30 кіраўнікоў замежных дыпмісій, консульскіх устаноў і прадстаўніцтваў міжнародных арганізацый, акрэдытаваных у нашай краіне, члены Нацыянальнай камісіі па справах ЮНЕСКА, прадстаўнікі культурнай грамадскасці, акадэмічнай супольнасці.

Кіраўнікі дыпмісій Арменіі, Кітая, Ізраіля, Манголіі, Пакістана, Палестыны, а таксама юны талент Дзіцячага Фонду ААН зачыталі ўрыўкі з твораў выдатных беларускіх паэтаў і пісьменнікаў. Сярод іх Аркадзь Куляшоў, Еўдакія Лось, Уладзімір Мазго, Адам Русак, Артур Вольскі, Алесь Ставер, Васіль Быкаў і многія іншыя. Усіх гэтых майстроў беларускага слова аб'ядноўваюць юбілейныя даты ў 2024 годзе.

Удзельнікі мерапрыемства змаглі таксама пачуць галасы саміх аўтараў і арыгінальнае выкананне музычных твораў, напісаных на словы іх вершаў.

У сваім выступленні Міністр замежных спраў, старшыня Нацыянальнай камісіі па справах ЮНЕСКА Сяргей Алейнік адзначыў аб'яднаўчую ролю і сілу мовы. «У разнастайнасці моў і ёсць наша адзінства. Яно ўвасабляе культурную разнастайнасць, заахвочвае абмен думкамі, стварае аснову для ўзаемапаважлівага дыялогу, прыняцця і супрацоўніцтва паміж народамі», - падкрэсліў Міністр.

У Беларусі ніколі не дзялілі сваіх людзей ні па моўным, ні па этнічным прынцыпе. «Цяпер у нас дзве дзяржаўныя мовы, а быў перыяд у гісторыі, калі іх было чатыры», – звярнуў увагу С.Алейнік.

Пры гэтым Міністр акцэнтаваў асаблівую ролю і месца беларускай мовы ў жыцці беларускага грамадства і дзяржавы. «Мова дае нам сілу і стойкасць, у яе мілагучнасці нязломная воля беларусаў, самабытнасць і каларыт нашай багатай культуры».

Увазе ўдзельнікаў былі прадстаўлены нацыянальныя і гістарычныя касцюмы з калекцыі Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя М.Танка, дэфіле моднай калекцыі праекта "Роднае.Моднае", нацыянальныя стравы беларускай кухні.

Вечарына прайшла ў музычным суправаджэнні музыкантаў аркестра Белтэлерадыёкампаніі і артыстаў ансамбля народнай музыкі "Бяседа". Перад гасцямі таксама выступіла Заслужаная артыстка Беларусі Алена Ланская.

Усім удзельнікам мерапрыемства былі ўручаны сувеніры, падрыхтаваныя стваральнікамі і дызайнерамі праекта "Роднае.Моднае" і Мінскім дзяржаўным каледжам імя Глебава.

версія для друку

Відэа МЗС

Aрхіў

Афіцыйныя інтэрнэт-рэсурсы