Памер шрыфта:

Аб візіце Міністра замежных спраў Беларусі У.Макея ў Федэратыўную Рэспубліку Германія

21 кастрычніка 2019 г.

21-10-2019

21-22 кастрычніка 2019 г. праходзіць працоўны візіт Міністра замежных спраў Рэспублікі Беларусь Уладзіміра Макея ў Федэратыўную Рэспубліку Германія.

21 кастрычніка адбыліся перагаворы кіраўніка беларускага знешнепалітычнага ведамства з яго калегам, Федэральным міністрам замежных спраў ФРГ Хайка Маасам.

Падчас сустрэчы міністры дзвюх краін падрабязна абмеркавалі шырокі спектр пытанняў беларуска-германскіх адносін, уключаючы развіццё палітычнага дыялогу, а таксама гандлёва-эканамічнага і інвестыцыйнага супрацоўніцтва. Абодва бакі, у прыватнасці, дамовіліся прапрацаваць магчымасць стварэння спецыяльнага кансультацыйнага фармату для выпрацоўкі стратэгічнага бачання і “дарожнай карты” перспектыўнага двухбаковага ўзаемадзеяння ў розных галінах. Асаблівая ўвага была нададзена праблематыцы гістарычнага дыялогу і прымірэння ў кантэксце рэалізацыі адпаведных дамоўленасцей прэзідэнтаў Беларусі і Германіі. У сувязі з гэтым бакі з задавальненнем адзначылі паспяховае фарміраванне сумеснай камісіі гісторыкаў, якая павінна прыступіць да сваёй працы ў пачатку 2020 года.



Акрамя таго, У.Макей і Х.Маас абмяняліся думкамі па пытаннях адносін Рэспублікі Беларусь і Еўрапейскага саюза, рэгіянальнай сітуацыі, уключаючы працэс мірнага ўрэгулявання ўкраінскага крызісу, а таксама ўзаемадзеяння ў рамках міжнародных арганізацый. У гэтым плане Міністр замежных спраў Беларусі выказаў надзею на актыўную падтрымку Германіяй пашырэння супрацоўніцтва Рэспублікі Беларусь з Еўрасаюзам, у тым ліку ў дачыненні да распрацоўкі і заключэння базавага пагаднення, запэўніў у гатоўнасці беларускага боку аказваць усялякае садзейнічанне правядзенню ў г.Мінску перагавораў па Украіне ў “нармандскім фармаце” і  па лініі Трохбаковай кантактнай групы пад эгідай АБСЕ, падтрымаў ініцыятыву ФРГ аб фарміраванні “Альянсу за мультылатэралізм” у падтрымку шматбаковай дыпламатыі.

У Бундэстагу ФРГ адбылася сустрэча У.Макея са старшынёй Камітэта па міжнародных справах Норбертам Рётгенам, у фокусе якой знаходзіліся пытанні міжнароднай і рэгіянальнай бяспекі, трансатлантычных адносін і еўрапейскага супрацоўніцтва, агульных выклікаў для Беларусі і Германіі, а таксама варыянтаў магчымых сумесных дзеянней.

У Германскім парламенцкім грамадстве кіраўнік знешнепалітычнага ведамства Беларусі таксама сустрэўся з членамі Германска-Беларускай парламенцкай групы Бундэстага, у якую ўваходзяць прадстаўнікі ўсіх партыйных фракцый. Адбыўся адкрыты і зацікаўлены абмен думкамі адносна стану беларуска-германскіх і беларуска-еўрапейскіх адносін. Усімі ўдзельнікамі падкрэслена важная роля парламенцкага вымярэння двухбаковага дыялогу і супрацоўніцтва ў іх развіцці.

У межах сустрэчы з выканаўчым дырэктарам Усходняга камітэта — Асацыяцыі германскай эканомікі па супрацоўніцтве з краінамі Усходняй Еўропы Уце Кахлоўскі-Каджая і прадстаўнікамі дзелавых колаў ФРГ дэталёва абмеркаваны пытанні двухбаковага гандлёва-эканамічнага і інвестыцыйнага супрацоўніцтва, шляхі актывізацыі ўзаемадзеяння беларускага і нямецкага бізнесу. У.Макей, у прыватнасці, падкрэсліў неабходнасць сумесных намаганняў па далейшаму павелічэнню тавараабароту паміж дзвюма краінамі, а таксама акцэнтаваў параўнальныя перавагі Беларусі і магчымасці для германскіх інвестараў, у прыватнасці, у індустрыяльным парку “Вялікі камень” і Парку высокіх тэхналогій.

русская версия   English version

версія для друку

Відэа МЗС

Aрхіў

Афіцыйныя інтэрнэт-рэсурсы