Áåëàðóñü . Ôàêòû

Аб удзеле намесніка Міністра замежных спраў Беларусі А.Дапкюнаса ў сесіі закрыцця міжнароднай контртэрарыстычнай канферэнцыі высокага ўзроўню ў Мінску

04-09-2019

4 верасня 2019 г. намеснік Міністра замежных спраў Рэспублікі Беларусь Андрэй Дапкюнас узяў удзел у сесіі закрыцця міжнароднай канферэнцыі высокага ўзроўню ”Барацьба з тэрарызмам пры дапамозе інавацыйных падыходаў і выкарыстання новых тэхналогій“ (Мінск, 3-4 верасня 2019 г.).

На сесіі закрыцця таксама выступілі намеснік Генеральнага сакратара ААН Уладзімір Варанкоў і Дзяржаўны сакратар Міністэрства замежных і еўрапейскіх спраў Славацкай Рэспублікі, прадстаўнік славацкага старшынства ў АБСЕ Лукаш Парызэк.

Падводзячы вынікі мерапрыемства, намеснік кіраўніка беларускага знешнепалітычнага ведамства адзначыў змястоўны і прафесійны характар адбыўшайся дыскусіі па актуальных пытаннях процідзеяння тэрарызму ў новых тэхналагічных рэаліях. А.Дапкюнас падкрэсліў унікальны ахоп удзельнікаў канферэнцыі, які дазволіў як дзяржавам-удзельніцам АБСЕ, так і АСЕАН упершыню сабрацца разам па гэтай тэме ў такім фармаце. Беларускі дыпламат у чарговы раз акцэнтаваў неабходнасць цеснай каардынацыі намаганняў пад эгідай ААН усіх краін, міжнародных і рэгіянальных арганізацый, аналітычных колаў, грамадзянскай супольнасці і прыватнага сектара з мэтай фарміравання адзінага антытэрарыстычнага фронту.

У межах падыходу да прэсы Андрэй Дапкюнас звярнуў увагу на ініцыятыву Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па фарміраванні ”пояса лічбавага добрасуседства“ і запуску з Мінска ”«хвалі лічбавай бяспекі», якая заклікана ўмацаваць сувязі паміж краінамі, павысіць эфектыўнасць сумеснага процідзеяння тэрарыстычным пагрозам у кіберпрасторы“.