Памер шрыфта:

Аб трэцім дні візіту Міністра замежных спраў Беларусі У.Макея ў Нью-Ёрк

04 кастрычніка 2018 г.

04-10-2018

3 кастрычніка 2018 г. у штаб-кватэры ААН у Нью-Ёрку Міністр замежных спраў Рэспублікі Беларусь прыняў удзел у якасці аднаго з асноўных дакладчыкаў у мерапрыемстве на тэму “Парадак дня ў галіне ўстойлівага развіцця да 2030 года як каталізатар змяненняў праз партнёрства”.

Пасяджэнне ў фармаце круглага стала было ініцыявана беларускім бокам па выніках рэгіянальнага форуму «Пабудова партнёрства ў падтрымку нацыянальных намаганняў у галіне ўстойлівага развіцця”, які прайшоў у Мінску 21-22 лютага 2018 г.. Мэтай дадзенага мерапрыемства з'яўляецца прасоўванне ідэі аб стварэнні сеткі нацыянальных каардынатараў для абмену ведамі і вопытам работы па дасягненню Мэт устойлівага развіцця (МУР). Мерапрыемства арганізавана беларускім бокам сумесна з пастаяннымі прадстаўніцтвамі Азербайджана і Расійскай Федэрацыі пры ААН.

У сваім выступленні У.Макей азнаёміў удзельнікаў пасяджэння з крокамі, распачатымі Беларуссю для ажыццяўлення новага парадку дня ў галіне развіцця. Міністр адзначыў, у прыватнасці, стварэнне нацыянальнай архітэктуры для дасягнення МУР, ключавую ролю ў якой адыгрывае Савет па ўстойліваму развіццю пад кіраўніцтвам Нацыянальнага каардынатара.

Міністр замежных спраў прадставіў асноўныя вынікі рэгіянальнага форуму ў Мінску, падкрэсліўшы падтрымку краінамі рэгіёну ініцыятывы Беларусі аб стварэнні сеткі нацыянальных каардынатараў па МУР для абмену ведамі і досведам.

Падчас пасяджэння кіраўнік знешнепалітычнага ведамства анансаваў ідэю стварэння базы дадзеных ААН аб нацыянальных каардынатарах па МУР і наступнага яе запуску падчас Палітычнага форуму высокага ўзроўню па ўстойліваму развіццю пад эгідай Генасамблеі ААН, які пройдзе ў Нью-Ёрку ў верасні 2019 года.

Перад удзельнікамі пасяджэння выступілі высокія прадстаўнікі ААН: першы намеснік Генеральнага сакратара ААН Аміна Махамед, Адміністратар Праграмы развіцця ААН Акім Штайнер, намеснік Генеральнага сакратара ААН па эканамічных і сацыяльных пытаннях Лю Чжэньмінь, а таксама вядомы амерыканскі эканаміст і спецыяльны прадстаўнік Генеральнага сакратара ААН па пытаннях устойлівага развіцця Джэфры Сакс.

Падчас мерапрыемства выступілі таксама прадстаўнікі Азербайджана і Расіі.

Удзельнікі дыскусіі падкрэслілі важнасць пашырэння партнёрства і пошуку новых крыніц фінансавання для выканання Парадку дня да 2030 года. Акцэнт быў зроблены на неабходнасці ўключэння прыватнага сектара ў сумесную работу па дасягненню Мэт устойлівага развіцця. Дж.Сакс звярнуў увагу на праблемы бедных краін, насельніцтва якіх мае патрэбу ў задавальненні базавых патрэбнасцей, і заклікаў да пошуку інавацыйных падыходаў і больш актыўнага прыцягнення прыватных інвестыцый. Удзельнікі сустрэчы падтрымалі ініцыятыву Беларусі аб стварэнні сеткі нацыянальных каардынатараў як платформы для тых, хто мае дачыненне да практычнай работы па выкананні Парадку дня да 2030 года.

У.Макей правёў кароткую размову з першым намеснікам Генеральнага сакратара ААН А.Мохаммед, падчас якой бакі абмеркавалі рэалізацыю дамоўленасцей, дасягнутых па выніках рэгіянальнага форуму ў Мінску.

У гэты ж дзень Міністр замежных спраў Беларусі адкрыў у штаб-кватэры ААН фотавыставу „Быць чэмпіёнам: гісторыя вялікіх перамог”.

Выстава арганізавана па ініцыятыве Беларусі і прысвечана спартовым дасягненням і ўкладу нашай краіны ў сусветны спартыўны рух, а таксама другім Еўрапейскім гульням, якія маюць адбыцца ў Беларусі ў 2019 годзе.

На цырымоніі адкрыцця фотавыставы выступілі намеснік Генеральнага сакратара ААН па эканамічных і сацыяльных пытаннях Лю Чжэньмінь, кіраўнік апарата старшыні 73-й сесіі Генеральнай Асамблеі ААН Квабена Асеі-Данкаха.  Кіраўніцтва пастаянных прадстаўніцтваў дзяржаў-членаў ААН, шматлікія дыпламаты і іншыя госці прынялі ўдзел у адкрыцці фотавыставы.

У сваім выступленні кіраўнік знешнепалітычнага ведамства Беларусі падкрэсліў ролю спорту і алімпійскага руху ў садзейнічанні ўстойліваму развіццю, міру і салідарнасці паміж народамі, а таксама выступіў за неабходнасць захавання ў спорце справядлівага судзейства і сумленнай гульні.

Міністр замежных спраў Беларусі запрасіў кіраўніцтва Арганізацыі Аб'яднаных Нацый і дзяржавы-члены ААН наведаць другія Еўрапейскія гульні, якія пройдуць у Мінску з 21 па 30 чэрвеня 2019 года.

Правядзенне ў штаб-кватэры ААН фотавыставы, прысвечанай беларускаму спорту, унёску Беларусi ў мiжнародны спартыўны рух, стане пачаткам маштабнай міжнароднай прэзентацыі найбуйнейшага спартыўнага мерапрыемства Еўрапейскага кантынента будучага года — другіх Еўрапейскіх гульняў у Беларусі.

русская версия   English version

версія для друку

Відэа МЗС

Aрхіў

Афіцыйныя інтэрнэт-рэсурсы