Памер шрыфта:

Аб візіце Міністра замежных спраў Беларусі У.Макея ў Жэневу

08 красавіка 2019 г.

08-04-2019

7-9 красавіка 2019 г. праходзіць візіт Міністра замежных спраў Рэспублікі Беларусь Уладзіміра Макея ў Жэневу (Швейцарыя) для ўдзелу ў 68-й сесіі Еўрапейскай эканамічнай камісіі ААН, беларуска-швейцарскім бізнес-форуме, дыскусіі высокага ўзроўню па пытаннях бяспекі.

8 красавіка У.Макей выступіў у рамках дыскусіі высокага ўзроўню Арганізацыі Аб'яднаных Нацый у Жэневе па тэматыцы глабальнай бяспекі.

У якасці сістэмнай праблемы сучаснага этапу глабальных адносін кіраўнік МЗС Беларусі вызначыў няздольнасць міжнароднай супольнасці сфармуляваць новыя правілы мірнага ўзаемадзеяння. Старая сістэма канцэнтраванай улады і ўплыву невялікай групы найбольш моцных дзяржаў усё больш дэградуе, тады як новая сістэма ўсё яшчэ фармуецца пад уплывам незваротнага росту палітычнай і эканамічнай моцы рэгіянальных дзяржаў і іх саюзаў.

У.Макей заклікаў міжнародную супольнасць да неадкладнага пачатку новых маштабных шматбаковых перагавораў  па пераадоленні ўсяго спектру рознагалоссяў і выбудоўвання новага, больш эфектыўнага, справядлівага і працаздольнага сусветнага парадку, адзначыўшы, што Мінск гатовы стаць пляцоўкай для яго правядзення.

У.Макей заклікаў таксама да ўмацавання ролі шматбаковых устаноў і сістэмы ААН у цэлым. Як лічыць беларускі бок, размешчаныя ў Жэневе шматбаковыя тэматычныя арганізацыі ўжо ўносяць вызначальны ўклад у фарміраванне будучыні больш гарманізаванага і ўзаемазалежнага свету, у якім не будзе месца выкарыстання сілы для вырашэння магчымых канфліктаў. Менавіта галіновыя міжурадавыя арганізацыі, арыентаваныя на рэалізацыю мэт устойлівага развіцця, закліканы стаць асновай глабальных тэматычных партнёрстваў, якія аб'ядноўваюць дзяржавы, міжнародныя арганізацыі, грамадзянскую супольнасць, прыватны сектар, навукова-даследчую супольнасць. Беларусь падтрымлівае канцэпцыю, што менавіта сістэма такіх глабальных партнёрстваў з'яўляецца лепшым інструментам для кіравання пачатковым шматпалярным сусветным парадкам.

У якасці дакладчыкаў у дыскусіі, арганізаванай Пастаянным прадстаўніцтвам Беларусі, прынялі ўдзел Генеральны дырэктар Аддзялення ААН у Жэневе Міхаэль Мелер, Дырэктар Інстытута ААН па даследаванні праблем раззбраення Рэната Дван і Кіраўнік дэлегацыі Еўрапейскага Саюза пры міжнародных арганізацыях у Жэневе Волтар Стывенс.

У гэты ж дзень адбылася сустрэча кіраўніка беларускага знешнепалітычнага ведамства з Выканаўчым дырэктарам Аб'яднанай праграмы ААН па барацьбе з ВІЧ/СНІД (ЮНЭЙДС) Мішэлем Сідзібе.

У.Макей падкрэсліў важны ўклад ЮНЭЙДС у намаганні па супрацьдзеянні эпідэміі ВІЧ/СНІД у Беларусі, у тым ліку праз работу з Глабальным Фондам для барацьбы са СНІДам, туберкулёзам і малярыяй, які працягвае ўдзел у суфінансаванні дзяржаўных праграм. Міністр выказаў надзею на захаванне канструктыўнага супрацоўніцтва, што дазволіць нашай краіне яшчэ больш эфектыўна супрацьстаяць праблеме ў будучыні.

Прыгадаўшы свой візіт у Мінск у 2017 годзе, Выканаўчы дырэктар ЮНЭЙДС вітаў поспехі Беларусі ў галіне грамадскай аховы здароўя, адзначыўшы яе ўсеагульную даступнасць для насельніцтва і высокую якасць, канкуруючыя ў многіх галінах з лепшымі паказчыкамі развітых дзяржаў.

М.Сідзібе таксама падкрэсліў, што Беларусь з'яўляецца рэгіянальным лідэрам у барацьбе з ВІЧ/СНІД. У сувязі з гэтым ён акцэнтаваў цікавасць ЮНЭЙДС да захавання актыўнай падтрымкі МЗС Беларусі развіцця міжнароднага супрацоўніцтва ў мэтах барацьбы са СНІДам, уключаючы выкарыстанне і распаўсюджванне міжнародных практык, перадавога вопыту і экспертызы, якія вядуць да пашырэння даступнасці медыкаментаў, скарачэнні шляхоў перадачы віруса.



У.Макей і М.Сідзібе дамовіліся прадоўжыць актыўнае ўзаемадзеянне, галоўным вынікам якога павінна стаць умацаванне магчымасцей  сістэмы аховы здароўя Беларусі ў фармуляванні дзейснага бар'ера ВІЧ/СНІД і ахопу неабходным наборам паслуг усіх носьбітаў ВІЧ і хворых на СНІД, уключаючы процідзеянне стыгмы і дыскрымінацыі.

У рамках выступлення на адкрыцці ў г.Жанто Беларуска-Швейцарскага бізнес-форуму Міністр замежных спраў Беларусі заклікаў швейцарскі і французскі бізнес да інвесціравання ў нашу краіну.



У.Макей падкрэсліў, што Швейцарыя з'яўляецца важным гандлёва-эканамічным партнёрам Беларусі ў Еўропе. Швейцарскае прадпрыемства Штадлер Мінск па вытворчасці рухомага чыгуначнага саставу з'яўляецца адным з яркіх прыкладаў паспяховых заходніх інвестыцый у беларускую эканоміку. Яго поспех таксама, у прыватнасці, служыць пацвярджэннем стабільнасці і надзейнасці ўмоў, створаных у Беларусі для замежных кампаній.



Міністр падкрэсліў, што ў рабоце з інвестарамі Беларусь не мае геаграфічных ці палітычных пераваг. Наша краіна зацікаўлена ў стварэнні адзінай еўразійскай эканамічнай прасторы з гарантыяй свабод перамяшчэння тавараў, паслуг, людзей і капіталаў ад Лісабона да Уладзівастока ці нават далей.

У.Макей заклікаў прадстаўнікоў еўрапейскіх кампаній стаць драйверам рэалізацыі ініцыятывы “інтэграцыі інтэграцый”, прапанаванай Прэзідэнтам Беларусі, і пачаць з падтрымкі ўстанаўлення прамых і прагматычных кантактаў паміж наднацыянальнымі органамі Еўразійскага эканамічнага саюза і Еўрапейскага саюза.

русская версия   English version

версія для друку

Відэа МЗС

Aрхіў

Афіцыйныя інтэрнэт-рэсурсы