Аб сустрэчы Міністра замежных спраў Беларусі У.Макея з вучнямі віленскай і рыжскай беларускіх школ
28 снежня 2017 г.28-12-2017
28 снежня 2017 г. напярэдадні святкавання Новага года Міністр замежных спраў Рэспублікі Беларусь Уладзімір Макей сустрэўся з вучнямі і выкладчыкамі Віленскай беларускай гімназіі імя Ф.Скарыны і Рыжскай беларускай школы імя Я.Купалы, якія прыбылі ў Беларусь для ўдзелу ў «Галоўнай Ёлцы краіны».
Падчас мерапрыемства Міністр уручыў медаль Францыска Скарыны дырэктару рыжскай беларускай школы Ганне Іване, а таксама Грамату Міністэрства замежных спраў дырэктару віленскай беларускай гімназіі Дзіяне Стахновіч. Кіраўнікі школ атрымалі гэтыя высокія ўзнагароды за значны ўнёсак у прапаганду і развіццё адукацыі на беларускай мове, захаванне нацыянальнай культурнай спадчыны.
У рамках сустрэчы У.Макей расказаў вучням аб Беларусі, яе знешняй палітыцы, падтрымцы беларускай дыяспары, а таксама адказаў на шэраг пытанняў.
На памяць аб сустрэчы Міністр замежных спраў Беларусі ўручыў віленскай гімназіі і рыжскай школе пано «Слуцкія паясы».
Для школьнікаў таксама была арганізавана экскурсія па музеі гісторыі МЗС.