Памер шрыфта:

Аб пасяджэнні Нацыянальнай камісіі Рэспублікі Беларусь па справах ЮНЕСКА

06 сакавіка 2019 г.

06-03-2019

6 сакавіка 2019 г. у Міністэрстве замежных спраў адбылося пасяджэнне Нацыянальнай камісіі па справах ЮНЕСКА пад кіраўніцтвам Міністра замежных спраў Рэспублікі Беларусь, Старшыні Нацыянальнай камісіі Уладзіміра Макея.

Члены камісіі разгледзелі справаздачы аб дзейнасці пяці тэматычных камітэтаў — па пытаннях культуры, адукацыі, навукі і адукацыі ў галіне прыродазнаўства, інфармацыі, па справах моладзі і клубаў ЮНЕСКА.

Падводзячы вынікі 2018 года, У.Макей зазначыў канкрэтныя вынікі працы. У прыватнасці, беларускі элемент нематэрыяльнай спадчыны «Будслаўскі фэст» уключаны ў Спіс нематэрыяльнай спадчыны ЮНЕСКА, г. Віцебск далучыўся да Глабальнай сеткі гарадоў ЮНЕСКА, якія навучаюцца. Паспяхова прайшла маніторынгавая місія Цэнтра сусветнай спадчыны ЮНЕСКА і Міжнароднага саюза аховы прыроды на трансгранічным аб'екце Сусветнай спадчыны «Белавежская пушча». ЮНЕСКА адобрыла ў рамках праграмы ўдзелу пяць беларускіх праектаў у галінах культуры, навукі і па тэматыцы Мэтаў устойлівага развіцця.

Кіраўнік знешнепалітычнага ведамства падкрэсліў, што сёння ЮНЕСКА – гэта важны партнёр Беларусі ў вырашэнні задач у сацыяльна-культурнай сферы, а таксама ўнікальная платформа для прапаганды нацыянальных дасягненняў у галінах культуры, навукі, адукацыі, інфармацыйных тэхналогій.

Падчас пасяджэння ўдзельнікі таксама абмеркавалі прыярытэтныя напрамкі дзейнасці камісіі на 2019 год, у тым ліку разгледзелі пытанні падрыхтоўкі і прасоўвання нацыянальных намінацый у спісы Сусветнай спадчыны і нематэрыяльнай спадчыны ЮНЕСКА. У гэтым кірунку будзе працягнута праца па намінацыях «Лясное бортніцтва» і «Пасляваенныя цэнтральныя магістралі Цэнтральнай і Усходняй Еўропы».

У краіне таксама адбудуцца мерапрыемствы, прымеркаваныя да 200-годдзя Станіслава Манюшкі (уключаны ў Спіс памятных дат ЮНЕСКА) і 30-годдзя Беларускай Асацыяцыі клубаў ЮНЕСКА, будуць арганізаваны семінары па тэматыцы падключэння Беларусі да сеткі творчых гарадоў ЮНЕСКА, здаровага ладу жыцця, адукацыі ў мэтах устойлівага развіцця, шэраг іншых тэматычных мерапрыемстваў у галінах адукацыі, навукі, культуры і інфармацыі.

Асаблівую ўвагу члены камісіі надалі абмеркаванню пытання аб святкаванні 65-годдзя ўдзелу Беларусі ў ЮНЕСКА ў бягучым годзе.

Як зазначыў У.Макей, юбілей удзелу Беларусі ў ЮНЕСКА — гэта знакавая падзея і добрая нагода, каб прадэманстраваць плён нашага супрацоўніцтва з Арганізацыяй.

У рамках святкавання знакавай даты ў краіне пройдзе шэраг мерапрыемстваў, у тым ліку круглыя сталы, выстаўкі, навуковыя дыскусіі, конкурсы для моладзі. У маі 2019 года адбудзецца адкрытае ўрачыстае пасяджэнне, у якім плануецца ўдзел высокіх прадстаўнікоў ЮНЕСКА, нацыянальных камісій краін-суседзяў, іншых ганаровых гасцей.

Падчас пасяджэння Міністр уручыў прадстаўнікам сферы адукацыі, культуры, моладзёвага руху дыпломы Нацыянальнай камісіі за значны ўклад у развіццё супрацоўніцтва з ЮНЕСКА.

версія для друку

Відэа МЗС

Aрхіў

Афіцыйныя інтэрнэт-рэсурсы