В Беларусь без визы

Выступленне начальніка аддзела каардынацыі і планавання Дэпартамента знешнеэканамічнай дзейнасці МЗС Беларусі Яраслава Міцкевіча «Асноўныя напрамкі экспартнай палітыкі Рэспублікі Беларусь» на пленарным пасяджэнні VI Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі студэнтаў «Нацыянальная эканоміка Рэспублікі Беларусь: праблемы і перспектывы развіцця», 17 красавіка 2013 г., г.Мінск

Паважаныя калегі!

Дазвольце ад імя Міністэрства замежных спраў Рэспублікі Беларусь вітаць удзельнікаў сённяшней канферэнцыі і пажадаць усім плённай працы. У сваім выступлэнні хацеў бы закрануць некаторыя аспекты знешнеэканамічнай здейнасці Беларусі.  
 
I. Вынікі рэалізацыі Нацыянальнай праграмы развіцця экспарту за 2011-2012 гг., задачы на 2013 год і перспектыву  
 
Асноўныя арыенціры ў знешнеэканамічнай дзейнасці на бягучае пяцігоддзе вызначаны Нацыянальнай праграмай развіцця экспарту Рэспублікі Беларусь, якая ўяўляе сабою свайго роду «дарожную карту» дасягнення галоўнай мэты – станоўчага сальда знешняга гандлю таварамі і паслугамі.
 
Гэты дакумент вызначае індыкатыўныя параметры экспарту і сальда, як у цэлым па краіне, так і ў кожнай галіне і рэгіёну. Прадугледжаны механізм штогадовай распрацоўкі і зацвярджэння Урадам ўдакладненых паказчыкаў прагнозу, а таксама галіновых і рэгіянальных мерапрыемстваў па іх дасягненні.
 
Якія ж першыя вынікі рэалізацыі гэтай праграмы?
 
За два гады экспарт тавараў і паслуг узрос амаль у 1,8 раза пры прагнозе на пяцігоддзе – у 2,2 раза і дасягнуў рэкорднага аб'ёму – 52 млрд. даляраў, сальда знешняга гандлю таварамі і паслугамі па выніках мінулага года сфармавалася станоўчым у памеры 2,9 млрд. долараў пры прагнозе 0,5 млрд. даляраў да 2016 года. Такі рывок наперад абумоўлены, перш за ўсё, зменамі на якасным узроўні.
 
Па-першае, у адрозненне ад папярэдняга пяцігоддзя нарошчванне экспарту забяспечваецца пераважна за кошт павелічэння фізічных аб'ёмаў продажаў прамысловай і сельскагаспадарчай прадукцыі, а не цэнавага фактару. Такім чынам, Рэспубліка Беларусь аб'ектыўна пашырае «фізічную» прысутнасць на знешніх рынках.
 
Па-другое, пазітыўная дынаміка ў гандлі паслугамі ўносіць усе большы ўклад у кампенсацыю адмоўнага сальда гандлёвага балансу.
 
У мэтах забеспячэння збалансаванага сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь Кіраўніком дзяржавы і Урадам пастаўлена задача ў бягучым годзе замацаваць і развіць пазітыўныя тэндэнцыі ў знешнеэканамічнай дзейнасці, забяспечыўшы прырост экспарту тавараў і паслуг не менш чым на 15,2 адсотка для захавання станоўчага знешнегандлёвага балансу. Гэта задача максімальна напружаная, я б нават сказаў амбітная, і яе даводзіцца вырашаць ва ўмовах нестабільнасці сусветнай эканомікі, паступовага пагаршэння кан'юнктуры на знешніх рынках, у тым ліку падзення цэн на шэраг найважнейшых артыкулаў беларускага экспарту, а таксама спынення вытворчасці некаторых экспартных тавараў. 
 
Безумоўна, выкананне прагнозу, у першую чаргу, залежыць ад адпаведнай аддачы рэальнага сектара эканомікі, уключаючы як таварнае напаўненне экспарту, так і развіццё сферы паслуг. Нажаль у нас толькі Мінітэрства эканомікі лічыць, што экспарт паслуг можна павялічыць асобна, не развіваючы гэты сектар. Але гэта не вытрымлівае ніякай крытыкі. 
 
II. Структура экспарту тавараў і паслуг
 
Вытворчы патэнцыял Беларусі мае ярка выяўленую сыравінную накіраванасць, бо яго аснову складаюць мінеральныя прадукты, на экспарт якіх у значнай ступені аказваюць уплыў ваганні сусветнай кан'юнктуры, у той час як доля машын, абсталявання і транспартных сродкаў у беларускім экспарце не перавышае 18,5 адсотка.
 
Дзеля прыкладу, у структуры экспарту Чэхіі, сувымернай з Беларуссю па колькасці насельніцтва і не маючай нафтагазавых запасаў, інвестыцыйныя тавары займаюць каля 60 адсоткаў. Аб'ёмы ж чэшскага экспарту машынабудаўнічай прадукцыі перавышаюць беларускі экспарт – у 16 разоў, дрэваапрацоўчай прамысловасці (пры аднолькавых аб'ёмах высечкі лесу) – у 8 разоў, металургічнай – у 7,4 раза, лёгкай – у 4 разы, харчовай – у 1,7 раза. Хаця Чэхія і не мае такога рэсурсу, як калійныя ўгнаенні і не перапрацоўвае значных аб'ёмаў нафты, яе экспартны патэнцыял нават у хімічнай прамысловасці ў 2,9 раза вышэйшы за патэнцыял Беларусі.
 
Неразвітасць сферы паслуг вызначае моцную залежнасць структуры беларускага экспарту ад пераважнай долі транспартнага сектара (больш за 60 адсоткаў). Нягледзячы на тое, што Чэхія таксама з'яўляецца транзітнай дзяржавай, у чэшскім экспарце транспартныя паслугі займаюць толькі 23,5 адсотка, гэта значыць, што структура экспарту паслуг Чэхіі больш дыверсіфікавана. Пры гэтым Чэхія, маючы тэрыторыю ў 2,6 раза меншую па плошчы, па аб'ёмах экспарту транспартных паслуг перавышае Беларусь у 1,7 раза, бо там ўжо працуюць больш за 50 лагістычных цэнтраў. Аб'ёмы экспарту страхавых паслуг вышэй у 137 разоў, дзелавых – у 14 разоў, будаўнічых – у 8 разоў, кампутарных і інфармацыйных – у 6 разоў.
 
Дзякуючы такой структуры Чэхія дамаглася выхаду на станоўчае сальда ў знешнім гандлі таварамі і паслугамі яшчэ ў 2004 годзе, а з 2005 года мае станоўчае сальда і ў гандлі таварамі. Пры гэтым Чэхія па аб'ёме валавага ўнутранага прадукту перавышае Беларусь у 3,5 раза, а па аб'ёме экспарту тавараў і паслуг – у 4,6 раза.
 
Гэты параўнальны аналіз яшчэ раз пацвярджае, што рашэнне такіх стратэгічных задач, як стварэнне новых высокатэхналагічных экспартаарыентаваных вытворчасцей з высокай доляй дададзенай вартасці, змяненне структуры эканомікі на карысць пашырэння сектара паслуг, будуць адыгрываць вызначальную ролю ў павышэнні экспартнага патэнцыялу Беларусі.
 
Значныя рэзервы для нарошчвання аб'ёмаў экспарту існуюць і цяпер, і яны схаваныя не толькі ў складскіх запасах гатовай прадукцыі. Гэта таксама аптымізацыя тавараправоднай сеткі, у тым ліку шляхам стварэння кожным холдынгам карпаратыўных суб'ектаў ТПС з беларускім капіталам, максімальная лакалізацыя і загрузка ўжо дзеючых магутнасцей зборачных вытворчасцей беларускай тэхнікі за мяжой, павышэнне эфектыўнасці схем экспартных паставак, выкарыстанне сістэмы фінансавай падтрымкі экспарту, дыверсіфікацыя паставак .
 
III. Геаграфічная дыверсіфікацыя экспарту 
 
Ва ўмовах спаду эканамічнай актыўнасці ў большасці краін Еўропы, крызісных з'яў у еўразоне неабходна максімальна сканцэнтраваць намаганні па захаванні пазіцый Беларусі на еўрапейскім рынку, прапрацоўцы перспектыўных гандлёвых праектаў. Захаванне большасцю краін ЕС стабільна высокіх міжнародных крэдытных рэйтынгаў дазваляе таксама актывізаваць супрацоўніцтва ў крэдытна-інвестыцыйнай сферы ў мэтах правядзення паскоранай мадэрнізацыі беларускай эканомікі.
 
У параўнанні з еўрапейскім вектарам шырокія магчымасці для збыту беларускай прадукцыі захоўваюцца на традыцыйных рынках прасторы Садружнасці Незалежных Дзяржаў і, перш за ўсё, на агульным рынку Мытнага саюзу і Адзінай эканамічнай прасторы.
 
Дзякуючы фармаванню АЭП істотна палепшыліся ўмовы доступу на расійскі і казахстанскі рынкі. Толькі за мінулы год беларускія прадпрыемствы на 1,8 млрд. даляраў нарасцілі экспарт інвестыцыйнай прадукцыі і харчавання ў Расію, на 130 млн. даляраў –  у Казахстан.
 
АЭП – гэта магутны эканамічны блок з ёмістым 170-мільённым рынкам, а таксама значнымі сыравіннымі і фінансавымі рэсурсамі. Неабходна максімальна выкарыстоўваць гэтыя магчымасці для вытворчасці і задавальнення патрэбаў ў беларускай прадукцыі не толькі ўнутранага рынку, але і агульнага рынку Беларусі, Расіі і Казахстана. Пры гэтым трэба ўлічваць, што нашым экспарцёрам на рынку АЭП неабходна працаваць практычна на роўных умовах з замежнымі канкурэнтамі з трэціх краін, перш за ўсё, Кітая і ЕС у сувязі з абавязкамі Расіі перад Сусветнай гандлёвай арганізацыяй. Інакш беларускія тавары могуць быць выцеснены як з расійскага, так і ў некаторай ступені з унутранага рынку Беларусі.
 
Не варта «зацыклівацца» толькі на краінах, якія традыцыйна з'яўляюцца найбуйнейшымі гандлёва-эканамічнымі партнёрамі Беларусі. Геапалітычная напружанасць у значнай ступені ўплывае на нафтавы рынак, уяўляе пэўную рызыку для сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі, улічваючы залежнасць знешняга гандлю ад нафтаперапрацоўкі. У гэтай сітуацыі вельмі важна працягнуць мэтанакіраваную і наступальную работу дзеля засваення і замацавання на новых хуткарастучых рынках.
 
У апошнія гады ролю рухавіка ў сусветным развіцці ўсё больш пачынаюць адыгрываць краіны, якія развіваюцца. У 2012 годзе сукупны валавы ўнутраны прадукт гэтай групы краін вырас на 5,1 адсотка, у 2013 годзе чакаецца рост яшчэ на 5,5 адсотка, у 2014 годзе – на 5,7 адсотка.
 
Аналітыкі Міжнароднага валютнага фонду і Сусветнага банку згодныя ў ацэнках чаканага росту аб'ёмаў знешняга гандлю краін з рынкамі, якія фармауюцца і развіваюцца. Прагназуецца павелічэнне імпарту тавараў і паслуг на гэтых рынках на 6,5 адсотка ў 2013 годзе і на 7,8 адсотка ў 2014 годзе. Актывізацыя работы па прасоўванні беларускага экспарту ў гэтыя краіны можа кампенсаваць звужэнне магчымасцяў дзеля нарошчвання паставак на традыцыйныя рынкі краін з развітай эканомікай. Досыць высокія тэмпы эканамічнага росту чакаюцца ў краінах – ключавых партнёрах Беларусі па «далёкай дузе» – Кітаі (8,4 адсоткі), Індыі (5,8 адсотка), Інданезіі (6,3 адсоткі), В'етнаме (5,5 адсоткі).
 
Сёння на 50 краін, у якіх размешчаны замежныя ўстановы Беларусі, прыпадае больш за 95 адсоткаў агульнага аб'ёму экспарту тавараў. Адкрытыя нядаўна амбасады ў Бразіліі, Інданезіі, Нігерыі і Таджыкістане таксама накіраваны, у першую чаргу, на спрыянне беларускім вытворцам па выхаду на рынкі гэтых краін. Плануецца адкрыццё пасольства ў Эфіопіі, якое будзе працаваць з групай дзяржаў Усходняй Афрыкі.
 
Наша гандлёва-эканамічная «экспансія» у ключавых рэгіёнах свету таксама ажыццяўляецца шляхам акрэдытацыі кіраўнікоў замежных устаноў па сумяшчальніцтве і прызначэння ганаровых консулаў у суседніх дзяржавах, якія прадстаўляюць для нас патэнцыйную цікавасць. Толькі ў рэгіёнах Азіі, Афрыкі, Амерыкі ўжо ахоплена, такім чынам, больш за тры дзясяткі дзяржаў.
 
Па даручэнню Урада МЗС распачата прадметнае абмеркаванне з ключавымі экспарцёрамі краіны пытанняў паставак прадукцыі на экспарт, у тым ліку на новыя рынкі. Першая такая нарада на аснове прапаноў замежных устаноў праведзена ў МЗС 5 красавіка  з удзелам кіраўніцтва Міністэрства прамысловасці, канцэрна «Белнафтахім», холдынгаў «БелаўтаМАЗ» і «БелАЗ-Холдынг», «МТЗ», «Белшыны».
 
IV. Недахопы ў працы
 
Ва ўмовах жорсткай канкурэнцыі беларускія экспарцёры павінны дакладна выконваць узятыя на сябе знешнегандлёвыя абавязкі, паколькі любыя збоі, асабліва ў далёкіх краінах, могуць прывесці не толькі да выцяснення нас з рынкаў больш спрытнымі замежнымі канкурэнтамі, але і да пагаршэння іміджу нашай дзяржавы.
 
Маніторынг якасці экспартнай прадукцыі і яе сэрвіснага абслугоўвання, які праводзіцца замежнымі ўстановамі, паказвае, што нашы прадпрыемствы не дапрацоўваюць у гэтым кірунку. Сярод асноўных прэтэнзій да беларускіх экспарцёраў замежныя контрагенты выказваюць:
 
  • неадпаведнасць прадукцыі яе якасці, тэхнічным характарыстыкам, патрабаванням рынку;
  • адсутнасць альбо запозненае афармленне неабходных сертыфікатаў і тэхнічнай дакументацыі на мове краіны прызначэння;
  • нягнуткая цэнавая палітыка і недастаткова актыўнае выкарыстанне сучасных формаў разлікаў;
  • адсутнасць сэрвісных цэнтраў;
  • невыкананне прынцыпаў дзелавой этыкі (адсутнасць рэакцыі на камерцыйныя запыты, недастатковая аператыўнасць пры прапрацоўцы прапаноў замежных партнёраў).
 
Акрамя таго, канструктарскім і дызайнерскім службам важна надаваць больш увагі такім складнікам, як зручнасць эксплуатацыі, сучасная ўпакоўка, эрганоміка і іншыя характарыстыкі, якія надаюць тавару дадатковую і індывідуальную спажывецкую прывабнасць.
 
У цэнтры ўвагі МЗС пастаянна знаходзіцца пытанне павышэння эфектыўнасці працы знешнеэканамічных і маркетынгавых службаў прадпрыемстваў-экспарцёраў.
 
У рамках прынятага ў 2010 годзе Урадам адпаведнага рашэння праводзяцца пазачарговыя атэстацыі гэтых службаў, аптымізуецца іх структура. Адзначаецца рост долі спецыялістаў, якія маюць вышэйшую адукацыю, у тым ліку профільную, а таксама якія валодаюць замежнымі мовамі, аднак гэтых пазітыўных зрухаў відавочна не дастаткова.
 
Па-ранейшаму, асноўная частка выпускнікоў знешнеэканамічных спецыяльнасцей не трапляе на прадпрыемствы-экспарцёры. На большасці беларускіх прадпрыемстваў колькасць маркетолагаў значна ніжэй, чым у замежных канкурэнтаў, і не перавышае некалькіх адсоткаў ад агульнай колькасці працуючых.
Сёння няма аб'ектыўных перашкодаў для стварэння на кожным прадпрыемстве эфектыўна працуючых службаў. Патрабуецца паляпшэнне сітуацыі шляхам павышэння кваліфікацыі спецыялістаў кожныя 2-3 гады, укаранення адэкватных мер матэрыяльнага і маральнага стымулявання. Паказчык экспартных продажаў мусіць мець прыярытэт над вытворчымі заданнямі.
 
V. Сістэма фінансавай падтрымкі экспарту
 
Першачарговую задачу мы бачым ва ўдасканаленні механізмаў і інструментаў дзяржаўнай падтрымкі экспарту, узмацненні адпаведных нацыянальных інстытутаў, пашырэнні знешнегандлёвай інфраструктуры. Падтрымка павінна быць універсальнай, ёй павінна карыстацца максімальная вялікая колькасць экспарцёраў − як дзяржаўных, так і прыватных. 
 
У Беларусі ў поўным аб’еме сфармавана сістэма стымулявання экспарту, прынятая ў большасці краін свету, якія арыентуюцца на прасоўванне сваёй прадукцыі і паслуг на знешнія рынкі. Працуюць аналагі замежных інтстытутаў (Беларуская гандлёва-прамысловая палата, Нацянальны центр маркетынгу і кан’юнктуры цэн, Белэксімгарант, Прамагралізінг), праз камерцыйныя банкі ажыцяўляецца ільготнае крэдытаванне. Да гэтага напрамку дзейнасці зараз далучаецца і створаны дзеля фінансавання дзяржаўных праграм Банк развіцця Рэспублікі Беларусь.
 
Разам з тым маніторынг і аналіз МЗС мер фінансавай падтрымкі экспарту, якія ўжываюцца за мяжой, паказвае наяўнасць значнага патэнцыялу для пашырэння інструментарыя, які выкарыстоўваецца ў Беларусі.
 
За мінулы год зроблена два важныя крокі. Па-першае, былі спрошчаны працэдуры для атрымання экспартных крэдытаў, перш за ўсё па праектах, якія носяць аператыўны характар. Гаворка ідзе аб невялікіх сумах, калі кампенсацыя страт банкам з боку Ўраду па здзелках не перавышае 500 тыс. даляраў. Максімальна спрошчаны адміністрацыйны ланцужок узгадненняў. І гэта ўжо дало вынік, аперацыі па экспартным крэдытаванні менавіта з выкарыстаннем гэтага інструмента прыкметна актывізаваліся.
 
Другі момант – гэта прадастаўленне экспартных крэдытаў у беларускіх рублях. Такое змяненне было ўнесена ва Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 534 «Аб садзейнічанні развіццю экспарту тавараў і паслуг». Таксама былі палегчаны працэдуры афармлення дазволу Нацыянальнага банка на падаўжэнне тэрміну завяршэння знешнегандлёвай аперацыі і выкарыстанне страхавання экспартных рызык.
 
Указ № 466 Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь «Аб некаторых мерах па рэалізацыі тавараў, вырабленых у Рэспубліцы Беларусь» дазваляе сумясціць дзяржаўную падтрымку экспарту і крэдытныя рэсурсы краін-імпарцёраў. Толькі за мінулы год па гэтай схеме Ашчадным банкам Расіі выдадзена крэдытаў на закупку беларускіх тавараў на суму каля 500 млн. даляраў. Прынята рашэнне аб працы па такой самай праграме са Знешнегандлёвым банкам. На такіх самых ўмовах гатовыя працаваць і іншыя расійскія банкі. Вядзецца праца па распаўсюджванні схемы Указу № 466 на Казахстан, Украіну, Малдову, Паўночна-Афрыканскую Рэспубліку, Інданэзію ды іншыя перспектыўныя рынкі.
 
Фінансавым планам Прамагралізінга на 2013 год прадугледжаны пастаўкі беларускай тэхнікі на рынкі Расіі, Украіны, Казахстана, Кыргызстана, Арменіі, Чэхіі, Мазамбіка, Паўднёва-Афрыканскай Рэспублікі, Венесуэлы, Чылі, Бахрэйна.
 
Сёння фінансавая падтрымка можа аказвацца дзеля ўдзелу ў тэндэрах за мяжой, выставачных мерапрыемствах, правядзення рэкламных кампаній, якія неабходны для выхаду на замежныя рынкі, а таксама дзеля стварэння за мяжой прадпрыемстваў з беларускімі інвестыцыямі.
 
Праблема ў тым, што існуючы інструментарый, за выключэннем падатковых і мытных ільгот, не ў поўнай меры выкарыстоўваецца беларускімі экспарцёрамі.
 
Так, напрыклад, арганізацыі будаўнічага комплексу Беларусі ў якасці фактару, што перашкаджае экспарту, называюць недахоп абаротных сродкаў, неабходных для ўнясення закладу пры ўдзеле ў таргах за мяжой і стварэння на тэрыторыі замежных дзяржаў сваіх дачынных кампаній. Замест таго, каб скарыстацца дзяржаўнай фінансавай падтрымкай, Мінскі трактарны завод пры наяўнасці гатовай матэрыяльнай базы ў Нігерыі чакае пакуль замежны партнёр знойдзе сродкі для запуску буйнай зборачнай вытворчасці беларускіх трактараў. Дык каму патрэбны экспарт у першую чаргу? Праўда будзе заўсёды на баку Міністэрства фінансоў, якое кажыць навошта штогод павялічваць срокі дзяржаўнай падтрымкі, калі яна не выкарыстоўваюцца ў поўным аб’ёме?
 
VI. Экспарт паслуг
 
Неабходна ўдасканальваць нашы алгарытмы дзеянняў, надаючы сур'ёзную ўвагу павышэнню даходнасці экспарту. 
 
Каля паловы беларускіх экспартных тавараў адпраўляецца замежным пакупнікам праз парты Балтыйскага і Чорнага мораў. Паводле ацэнкі МЗС, штогод на дастаўку і абслугоўванне беларускіх экспартных грузаў выдаткуецца больш за 700 млн. даляраў, з якіх каля 300 млн. даляраў дастаецца іншаземным удзельнікам транспартна-лагістычнага ланцужка (перавозчыкам, экспедытарам, стывідорным, страхавым і банкаўскім кампаніям).
 
На сістэмнай аснове пытаннямі лагістыкі займаюцца толькі найбуйнейшыя экспарцёры нафтахімічнага комплексу Беларусі, у асобных выпадках – прадпрыемствы машынабудавання.
 
Экспарцёры іншых галін нясуць абавязкі толькі па адгрузцы са склада на ўмовах ФCA і ДАФ, пакідаючы выбар экспедытара і маршруту руху грузу за замежным заказчыкам. У рамках пастаўленай задачы па асваенні новых рынкаў краін Азіі, Афрыкі і Лацінскай Амерыкі беларускім экспарцёрам варта праводзіць узважаную лагістычную палітыку, накіраваную на аптымізацыю выдаткаў і павышэнне кошту беларускага экспарту, шляхам заключэння кантрактаў з замежнымі контрагентамі на ўмовах СФР альбо СІФ.
 
Забеспячэнне нацыянальных інтарэсаў Рэспублікі Беларусь у лагістычнай сферы, арганізацыя аптымальных і ўстойлівых каналаў транзіту беларускіх грузаў прымушае нас самастойна альбо сумесна з зацікаўленымі замежнымі партнёрамі шукаць магчымасці набыцця альбо арэнды аб'ектаў партовай інфраструктуры, стварэння арганізацый, якія будуць ажыццяўляюць дзейнасць па аказанню паслуг у портах. Гэта, у сваю чаргу, дасць магчымасць рэалізоўваць беларускія тавары не ля варот вытворцы, а на больш выгадных умовах.
 
Такім чынам, асноўную перспектыву далейшага развіцця экспарту мы бачым у стварэнні за мяжой не асобных суб'ектаў тавараправоднай сеткі, а ў фармаванні ўзаемаўвязаных ланцужкоў прасоўвання беларускай прадукцыі на знешнія рынкі з удзелам у гэтым працэсе не толькі вытворцаў тавараў, але і пастаўшчыкоў паслуг. Хачу акцэнтаваць увагу на неабходнасці пераходу на пакетны прынцып рэалізацыі тавар «плюс» паслугі.
 
Прыкладам комплекснага падыходу ў нарошчванні экспарту можа служыць рэалізацыя сумеснага з Туркменістанам праекта па будаўніцтве беларускімі спецыялістамі «пад ключ» горна-узбагачальнага комплексу па выпуску калійных угнаенняў, што дазваляе нарасціць пастаўкі не толькі тэхнічнай прадукцыі, тэхналогій, але і адукацыйных паслуг. Так, колькасць туркменскіх студэнтаў у беларускіх ВНУ вырасла ў 43 разы ў параўнанні з 2007 годам і дасягнула амаль 5 тысяч чалавек.
 
У большасці развітых краін экспарт паслуг складае як мiнiмум чвэрць паступленняў валютнай выручкі ад экспарту. Нягледзячы на значны патэнцыял Беларусі ў сферы паслуг, пакуль не адбываецца істотнай змены структуры экспарту, як гэта вызначана Нацыянальнай праграмай развіцця экспарту. Па выніках 2012 года доля паслуг у агульным аб'ёме беларускага экспарту склала 12,8 адсотка пры прагнозе на пяцігоддзе 20 адсоткаў.
 
Ёсць значныя рэзервы для істотнага нарошчвання экспарту пакуль нетрадыцыйных для нас відаў паслуг. Напрыклад, у сферы страхавання сярод сваіх асноўных гандлёвых партнёраў Беларусі займае апошняе месца па аб'ёме экспарту. Як я ўжо адзначаў, у супастаўнай з Беларуссю Чэхіі гэты паказчык вышэй у 137 разоў. Як сведчыць міжнародная практыка, дзеля забеспячэння росту рынку страхавання ў Беларусі перш за ўсё неабходны меры па павышэнню ўзроўню капіталізацыі страхавых кампаній.
 
Паслугі варта даносіць да спажыўца, у прыватнасці паслугі ў галіне будаўніцтва. У гэтай сферы неабходна максімальна выкарыстоўваць нашы напрацоўкі і вопыт у Расіі і Венесуэле. Трэба працаваць паводле прынцыпу прасунутых замежных інжынірынгавых кампаній, калі галоўную сутнасць будаўнічай паслугі складае дарагі інжынірынг.
 
Яшчэ адзін перспектыўны напрамак – медыцынскія паслугі. У прыватнасці, у выніку актыўнага ўзаемадзеяння ўстаноў аховы здароўя і пасольстваў беларускі экспарт медыцынскіх паслуг толькі за мінулы год узрос у чатыры разы.
 
Вельмі складаныя задачы, якія стаяць у бягучым пяцігоддзі немагчыма вырашыць без рэалізацыі сапраўды прарыўных эканамічных праектаў, агрэсіўнай маркетынгавай працы на канкрэтных рынках, дыверсіфікацыі паставак, актыўнага выкарыстання механізмаў стымулявання экспарту. Гэта патрабуе больш прафесійнага падыходу да працы і кансалідацыі намаганняў усіх без выключэння сектараў – знешнепалітычнага, эканамічнага, фінансавага і навукова-тэхнічнага.
 
Са свайго боку, Міністэрствам замежных спраў і дыпламатычнымі прадстауніцтвамі будзе забяспечана неабходная падтрымка ў працы з замежнымі партнёрамі, а таксама абарона і прасоўванне беларускай прадукцыі і паслуг на знешнія рынкі.

Дзякую за ўвагу.