Iнтэрв'ю Надзвычайнага i Паўнамоцнага Пасла Рэспублiкi Беларусь ва Украiне Валянцiна Вялiчкi часопiсу «Беларусь», чэрвень 2013 г.
Валянцін Вялічка: “Мы — браты навекі”
У нашым журналісцкім аўтапрабегу па Украіне першым прыпынкам быў Кіеў. Там, на вуліцы Міхаіла Кацюбінскага, 3, у будынку пасольства Рэспублікі Беларусь ва Украіне, і адбылася сустрэча з Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Беларусі ва Украіне Валянцінам Вялічкам
Ужо з самага пачатку гутаркі з Валянцінам Уладзіміравічам нас не пакідала адчуванне, што гэты чалавек — на сваім месцы. Разумны і тонкі суразмоўца, ён у курсе дзясяткаў розных пытанняў, лёгка падхоплівае любую тэму і па-майстэрску яе развівае. Але як бы да нейкай, аднаму яму вядомай рысы даходзіць — і кропка, далей — нельга. І вострыя вуглы, а без іх жа ніяк, згладжвае.
Нам зразумелая такая асцярожнасць і дыпламатычнасць. У свой час, гутарачы з адным разумным філоса-фам, для якога пошук сэнсу жыцця не пусты гук, мы зразумелі цікавую заканамернасць. Навуковец гаварыў: “Калі грамадства не выспела, каб пераварыць нейкую інфармацыю, не варта яе дачасна выдаваць”. Каб не нашкодзіць працэсу эвалюцыі… Вось і Вялічка ў гутарцы праяўляў сябе не толькі як знаток справы, але і як вопытны дыпламат. Дзе і жартаваў, але ў цэлым быў гранічна сабраны, бо гаварылі мы пра сур’ёзныя рэчы: пра даўнюю дружбу народаў і сённяшняе супрацоўніцтва краін-суседак. Незабыўны і такі “рабочы” момант. Сядзім пасля гутаркі з Паслом у фае пасольства з трыма землякамі, якія жывуць у Кіеве, працягваем працаваць. Ідзе Вялічка, з якім ужо развіталіся: час абедзенны. Ён да нас з пытаннямі: чаму тут? чаму без чаю і кавы сядзяць беларусы? Мы аднекваемся, маўляў, папілі ў вас у кабінеце. І суайчыннікі трымаюць паўзу. А Валянцін Уладзіміравіч з напускной строгасцю: “Хоць вы тут і на беларускай тэрыторыі, здаецца як дома, але кірую я, так што трэба слухацца!”. Мы больш не пратэставалі і з задавальненнем пілі чай з цукеркамі і пячэннем нашай “Камунаркі”. А праз пару гадзін Валянцін Уладзіміравіч зноў выйшаў, каб разам сфатаграфавацца ля помніка Уладзіміру Караткевічу. Ды яшчэ расказаў, як, аказваецца, было няпроста завезці нашага “класіка ў бронзе” на тэрыторыю Украіны…
Мы назіралі гэтага патрыярха беларускай дыпламатыі не толькі ў стасунках з намі, але і супрацоўнікамі пасольства — Юрыем Слукой, Аляксеем Жукаўцом, а таксама з першым сакратаром Марынай Есінай. Ёй, дарэчы, мы вельмі ўдзячныя за дапамогу ў арганізацыі нашай сустрэчы з Паслом. І, падводзячы вынікі падзей дня ў Кіеве, з задаваль-неннем адзначылі тое, што асноўнай нотай у музыцы зносінаў у сценах пасольства гучала — добразычлівасць.
“З цябе толк будзе!”
Цяпер я адзіны другі па ліку Пасол з часу адкрыцця дыпламатычнай місіі. Служу тут амаль ужо 12 гадоў. Да мяне быў Віталь Уладзіміравіч Курашык — беларус, ураджэнец мястэчка Дзівін Кобрынскага раёна. Але ён працаваў і рос як кіраўнік на тэрыторыі Украіны: спачатку на Данеччыне, потым быў мэрам Еўпаторыі, дарос да старшыні Савета міністраў Крыма. Як народны дэпутат Украіны склаў паўнамоцтвы і стаў Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Беларусі ва Украіне. Вось такая рэдкая практыка: нашым паслом стаў грамадзянін іншай дзяржавы. Ён шмат чаго для мяне добрага зрабіў.
Родам я з вёскі Сідараўцы Валожынскага раёна з ваеннага 1944 года. Жылі мы з сям’ёй у Ракаве, там і скончыў школу. Бацька мой не вярнуўся з вайны. Маці другі раз выйшла замуж і нарадзіла яшчэ траіх дзяцей — усяго нас пяцёра, двое пайшлі з жыцця, астатнія, дзякуй Богу, жывыя. Скончыў я Ленінградскі тэхналагічны інстытут. Пачынаў на вытворчасці, потым пайшоў на вызваленую камсамольскую работу. Быў кіраўніком раённага, абласнога ўзроўню на савецкай і партыйнай рабоце ў Гомелі. І ўжо тады, па сутнасці, з Украінай мы актыўна кантактавалі. Усё маё свядомае жыццё прайшло на Гомельшчыне. Там спадабаўся я аднаму кіраўніку вобласці. І ён мяне па-добраму падкручваў, цяпер бы сказалі: патраніраваў. Дзе толькі можна было ўбачыць маю памылку — тут жа звяртаў на яе ўвагу! Але я не крыўдзіўся. А з гадамі зразумеў: жыццё прад’яўляла да мяне павышаныя патрабаванні. Ведаеце, я і сам, калі бачу чалавека здольнага, таксама да яго стаўлюся больш патрабавальна, чым да таго, хто на большае няздольны. З часам стаў я ўжо сакратаром абкама партыі, прайшоўшы камсамол, скончыўшы аспірантуру Акадэміі грамадскіх навук у Маскве, папрацаваўшы ў райкаме, аблвыканкаме… І вось гэты мудры чалавек мяне неяк сустрэў і спытаў: ці не задумваўся я, чаму ён так мяне напружваў? І сам жа, не чакаючы маіх слоў, адказаў: “Таму што бачыў, што з цябе будзе толк…”.
Пра дружбу
Што датычыцца нашай моцнай дружбы з украінцамі, то быў, памятаю, такі анекдот у савецкі час. У Чарнігаўскую вобласць тэлефануюць з Кіева: “Чаму не сееце?” — “Дык мы ж на поўначы!” — адказваюць кіруючыя таварышы. “А чаму гамяльчане сеюць”. — “Дык яны ж на поўдні!” Так, мы з чарнігаўцамі сябравалі, добра ведалі адзін аднаго…
На мяжы трох краін: Беларусі, Украіны і Расіі, абласцей Гомельскай, Чарнігаўскай і Бранскай, ёсць манумент Дружбы. Ён быў пабудаваны па ініцыятыве моладзі прыгранічных раёнаў. І сад Дружбы яшчэ да ўсталявання манумента на ўзлессі з боку вёскі Сянькоўка залажылі: расіяне пасадзілі бярозы, украінцы — каштаны і клёны, беларусы — вярбу і рабіну. І па гэты дзень там захаваўся прыгожы гай
А фестываль дружбы пачынаўся ў 1967 годзе, калі мясцовая моладзь вырашыла святкаваць Дзень савецкай моладзі і звярнулася, як цяпер у інтэрнэце пішуць, да “вялікіх дзядзяў”. І яны не засталіся безуважнымі. Праз год, у чэрвені 68-га, камсамольцы і моладзь Клімаўскага раёна Бранскай вобласці РСФСР, Гараднянскага раёна Чарнігаўскай вобласці УССР і Добрушскага раёна Гомельскай вобласці БССР вырашылі сабрацца ў другі раз…
І цяпер там праходзяць сустрэчы, шмат народу прыязджае — у мінулым годзе было каля 70 тысяч. Афармляюцца розныя падворкі, выстаўляюць свае работы народныя майстры, мастакі. Адзін да аднаго людзі ходзяць у госці. Гэтае яркае свята праводзіцца ў асноўным пад патранатам губернатараў — па чарзе, ад кожнай з абласцей. У дні фестывалю сувеніры і ўсё астатняе можна купіць і за беларускія, і за расійскія рублі, а таксама за ўкраінскія грыўні. Усё, як і ў савецкі час, праходзіць душэўна, бесканфліктна. Добрая традыцыя… Вёска Сянькоўка — на тэрыторыі Украіны, і ёсць ідэя: 1025-годдзе праваслаўя адзначыць пачаткам будаўніцтва храма.
Пра дыяспару
Па статусе мне трэба бываць у розных прыгранічных абласцях. Чарнігаўская вобласць — паўночныя вароты Украіны, у гэтага рэгіёна цесныя сувязі з Гомельшчынай. А Валынь, да прыкладу, з Брэстчынай сябруе. Паміж абласцямі праходзяць кірмашы, эканамічныя форумы. І Дні культуры Беларусі праводзім. Вось, напрыклад, як нядаўна ў Харкаве. Знялі мы оперны тэатр пад такую ўрачыстасць. Харкаў — буйны індустрыяльны і навуковы цэнтр, былая сталіца Украіны. У зале ў асноўным былі нашы суайчыннікі, прычым больш як сярэдняга ўзросту. І калі мы з імі гаварылі на беларускай мове, яны так радаваліся, хоць і смуткавалі, што самі гаварыць не могуць. Цяга да роднай мовы ёсць у людзей, якія жывуць па-за Айчынай, як і да яе гісторыі. Ведаю, усё ўкраінскае прыгранічча глядзіць беларускае тэлебачанне, слухае беларускае радыё. Чарнігаў, Жытомір, Роўна, Валынь… Шмат сваякоў і знаёмых па абодва бакі мяжы. Лета па-чынаецца — па дзве з паловай тысячы аўто штосутачна перасякаюць мяжу на пагранпераходах. Едуць на адпачынак, у госці, наведаць родных і знаёмых.
Многія беларусы тут пытаюць у мяне: ці будзе прыняты закон аб беларусах замежжа. Але я не магу на гэты конт нічога сказаць. Ёсць Венская канвенцыя, і незалежна ад таго, якую краіну пасол прадстаўляе, у даверчай грамаце пішацца прыкладна так: прашу верыць усяму таму, што пасол будзе гаварыць ад майго імя. І падпісвае яе кіраўнік дзяржавы. Так што пакуль я ў чымсьці няўпэўнены, не выказваю сваіх меркаванняў. Пасада ў мяне такая…
Разляцеліся беларусы, суайчыннікі нашы, па розных краінах. У кожнага — свой лёс. І розныя шляхі туды іх вялі. Там яны ўжо стварылі сем’і, там сябры, справа жыцця… Але кожны, з кім мне даводзіцца сустракацца, памятае Бацькаўшчыну, свае карані радавыя. У Харкаве ў асноўным нашы суайчыннікі — гэта ваенныя і інжынерна-тэхнічныя работнікі. Туды яны размяркоўваліся пасля ВНУ — адна ж краіна была, бралі шлюбы, нараджаліся дзеці…. На Львоў-шчыне стаялі буйныя ваенныя гарнізоны, узяць хоць бы Прыкарпацкую ваенную акругу. Гэта была моц СССР на заходніх рубяжах. Многія афіцэры-беларусы там так і засталіся. І яны вельмі нам удзячныя за тое, што мы не пакідаем іх без увагі, падтрымліваем кантакты. Дзясяткі тысяч нашых суайчыннікаў жывуць ва Украіне, у асноўным гэта людзі пажылыя. Моладзі менш: сёння хлопцы і дзяўчаты ведаюць, куды і навошта едуць. Іх ужо не лёс на чужыну закідвае — яны самі яе выбіраюць.
Практычна ў кожнай вобласці Украіны ёсць беларускія суполкі, з розным узроўнем грамадскай актыўнасці. Вельмі многае залежыць ад лідараў дыяспары. Сяргей Уладзіміравіч Кулікоў, генерал, паважаны чалавек, узначальвае суполку беларусаў у Львове. Шмат чаго добрага там робіцца дзякуючы і яму, і ганароваму консулу Ігару Іванавічу Драцяку, які на энтузіязме, што называецца, усяляк падтрымлівае беларускую дыяспару. Выпускаецца газета, працуе нядзельная школа, аказваецца і практычная дапамога суайчыннікам. Ёсць і выдатны хор, дзе спяваюць беларускія песні. Для дзяцей, якія выязджаюць на адпачынак у нашае “Зубраня” і іншыя беларускія лагеры, суполка арганізоўвае аўтобусы. Летась, да прыкладу, хор з Львоўшчыны запрасілі з канцэртам у Слуцк, а ў Баранавічах артысты з людзь-мі сустракаліся, начавалі, выступалі.
Суполкі, абшчыны, таварыствы беларускія тут ствараюць людзі, каб не перарывалася іх духоўная сувязь з Айчынай. Дарэчы, для тых, хто жадае далучыцца да беларускай культуры, ёсць такая магчымасць і ў Кіеўскім дзяржаўным універсітэце імя Т.Р.Шаўчэнкі. Там у Інстытуце філалогіі студэнты нараўне з англійскай і ўкраінскай мовамі паглыблена вывучаюць і беларускую мову, створаны Цэнтр беларускай мовы і культуры, якому ў гэтым годзе прысвоена імя У.С.Караткевіча. Памяшканне, аўдыторыю мы поўнасцю самі адрамантавалі. Мэблю і кнігі купілі, паставілі камп’ютары і іншае абсталяванне. Цэнтр абменьваецца з БДУ і выкладчыкамі. Гэта трывалы падмурак для развіцця далейшых навуковых, культурных стасункаў паміж нашымі краінамі.
Гэтай вясной мы разам з саветнікам Юрыем Парфіяновічам былі ў Данецку, там праходзіла прэзентацыя кнігі “Памяць просіць словы”. І, зразумела, сустракаліся там з суайчыннікамі. У Вінніцы падобную кнігу суайчыннікі таксама рабілі. І мы ім дапамагалі. Там, дарэчы, паставілі і помнік удзельніку Вялікай Айчыннай вайны Н.Е.Нікіціну — гэта бацька кіраўніка Вінніцкай беларускай суполкі.
Украіна сёння — краіна неадназначная, у рэгіёнах розная ментальнасць у людзей. Раней як гаварылі? У нас няма нацый і народнасцяў — ёсць супольнасць: вялікі савецкі народ. Хоць у кожнага з нас былі традыцыі дзядоў і бацькоў, свая гісторыя… Сёння да этнічных каранёў людзі вяртаюцца, даследуюць сваё радавое мінулае, пішуць радаводы, і гэта добра, правільна. На Данеччыне вельмі шмат беларусаў, у тым ліку і людзей вядомых. Генадзь Чыжыкаў стаў прэзідэнтам Гандлёва-прамысловай палаты краіны, Віталь Маскаленка, рэктар медуніверсітэта, — беларус. І на іншых кіруючых пасадах нашы людзі ёсць. Ірына Аржахоўская ў Кіеве — яркая асоба, уваходзіць у Савет нацыянальных меншасцяў Украіны. Можна называць дзясяткі імёнаў іншых беларусаў: артыстаў, медыкаў, педагогаў.
Але больш за ўсё, безумоўна, ваенных. Пётр Уладзіміравіч Лайшаў, напрыклад, тут усё жыццё пражыў, а родам ён з Кармянскага раёна Гомельшчыны, быў саветнікам пасольства Украіны ў нашай краіне, паважаны чалавек, ён цяпер актыўна ўдзельнічае ў справах дыяспары. Летась мы праводзілі агульны збор кіраўнікоў суполак з усіх абласцей. Думаю, і ў гэтым правядзём. Знойдзем і сродкі, каб аплаціць праезд. Запрашаем і на Дзень Незалежнасці, дапамогу суполкам аказваем розную. Беларусы — людзі законапаслухмяныя і, як правіла, непалітызаваныя. У асноўным, паўтаруся, гэта людзі сацыяльна сталыя.
Усюды нашы суайчыннікі карыстаюцца аўтарытэтам, паважаючы законы краіны знаходжання. Таму і праблем не ствараюць.
Як правіла, мы атрымліваем з месцаў інфармацыю аб патрэбнасцях арганізацый суайчыннікаў. Ва Украіне нямала творчых калектываў, якія дзейнічаюць пры грамадскіх рэгіянальных аб’яднаннях беларусаў. У пасольстве вядзецца картатэка, на ўліку іх больш за два дзясяткі. Практычна ў кожнай суполцы ёсць свой творчы калектыў. Найбольш буйныя на Чарнігаўшчыне, Данеччыне, Харкаўшчыне. Існуюць арганізацыі і ў Кіеве, Адэсе. Вельмі добра, актыўна працуюць беларусы Крыма, Вінніцы, Кіраваграда, Чарнігаўшчыны. На добрым рахунку ў нас і Ровеншчына, і Жытоміршчына. Для работы, да прыкладу, калектывам патрэбныя нацыянальныя касцюмы, музычныя інструменты, ноты, іншая літаратура. І мы глядзім на іх заслугі і, як гаворыцца, па заслугах і ушаноўваем. Едзем у суполкі і прывозім усё неабходнае ў якасці падарункаў. А свае пажаданні яны фармулююць цераз нас да беларускіх дзяржорганаў, а мы ім дапамагаем. Актыўна працуем і з апаратам упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцяў.
Важна яшчэ ведаць: беларуская дыяспара ў розных краінах мае свае рысы. У гэтым і я пераканаўся, працуючы ў Латвіі, Фінляндыі. З украінцамі ў нас — даўняя агульная гісторыя, славянская духоўнасць, тысяча восемдзесят кіламетраў агульнай мяжы. Мы вельмі лёгка, як браты, адаптуемся адзін да аднаго. Прывяду цікавы прыклад. Ёсць такая вёска Глушкавічы ў Ельскім раёне, там у савецкі час быў беларуска-ўкраінскі хор, у адпаведных сцэнічных касцюмах артысты выступалі. Нават у Маскве. І дагэтуль людзі ў гэтых месцах ходзяць адзін да аднаго ў госці. Неяк украінец прыйшоў у вёску ды і затрымаўся там на чатыры гады ў адной сяльчанкі. Хлопчык у іх нарадзіўся. Потым пасварыліся — ён вярнуўся дадому. А жонка праз некаторы час — за ім і паўтара года жыла ў суседнім Ракітнаўскім раёне. Ды здарыўся ў яе канфлікт з братам жаніха. Той патэлефанаваў пагранічнікам і паведаміў: такая вось грамадзянка Беларусі незаконна перайшла мяжу. Пагранічнікі прыехалі: рэгістрацыі няма, адзнакі няма. Затрымалі яе. Мне тэлефануюць. Я і гавару жартам: пакарайце самым строгім чынам, бо гэтая грамадзянка магла падарваць вам эканамічную моц! Ды не, гавораць, мы проста не ведаем, што з ёй рабіць…
Пра гісторыю пасольства
Будынак пасольства мы набылі ў 2000 годзе. Я, дарэчы, тады быў першым намеснікам міністра замежных спраў Беларусі і яшчэ не ведаў, што буду тут паслом. Ад імя нашага Урада быў упаўнаважаны падпісваць дагавор. Гэта, памятаю, адбылося за тыдзень да перавыбараў Леаніда Кучмы. Самалётам прыляцеў сюды, прывезлі пячатку, плацёжку — карацей, будынак купілі. Але паколькі не было цэлага ўчастка той жа плошчы ў 48 сотак у Кіеве, як мы прадаставілі ўкраінцам у Мінску, то тут у нас ва ўладанні два ўчасткі: адзін тут, на Кацюбінскага, другі — на Саломенскай, 17 — мы там будзем будаваць жылы дом для супрацоўнікаў пасольства.
Гэты будынак — 1903 года пабудовы. Тут спачатку жыў земскі ўрач, потым размяшчаўся генерал Васіль Мжавана-дзэ, начальнік палітупраўлення Кіеўскай ваеннай акругі. У савецкі час тут было генконсульства Югаславіі, затым — пасольства Манголіі. Калі будынак набывалі, нам сказалі: будынак гістарычны. І мы далі слова, што захаваем яго гістарычнае аблічча. Я таксама тут жыву. 8 кватэр у нас тут для супрацоўнікаў пасольства.
Пра эканоміку
Як бы мы, добрыя сябры і суседзі з Беларусі і Украіны, адзін аднаго ні любілі і ні паважалі, якія б душэўныя ні мелі зносіны, але калі не будзе ў аснове адносінаў эканомікі — і перспектыў не будзе. Украіна — наш стратэгічны партнёр. Мы сталі чацвёртай краінай па аб’ёмах гандлю для Украіны, наперадзе толькі Расія, Кітай і Германія. Па мінулым годзе наш тавараабарот — 7,9 мільярда долараў. Пры дадатным сальда 3,2 мільярда. Для параўнання: гэта амаль на мільярд больш, чым тавараабарот Беларусі з усімі краінамі СНД, акрамя Расіі. І 75 працэнтаў тавараў, якія пастаўляюцца намі ў краіны СНД, акрамя Расіі, ідуць ва Украіну.
Вось я гаварыў, што мы правялі Дні культуры ў Харкаве, а ні ў кога ні капейкі на гэтую справу не папрасілі. Так і ў эканоміцы. Трэба знаходзіць узаемавыгадныя праекты, выбудоўваць такія ж гандлёва-эканамічныя адносіны. Бо па дарозе з аднабаковым рухам можна праехаць адзін раз. Таму ёсць паток традыцыйных беларускіх тавараў ва Украіну і наадварот, плюс развіваецца рэгіянальнае супрацоўніцтва. Ёсць ужо, да прыкладу, сумесныя беларуска-ўкраінскія вытворчасці трактароў у Кіеве і Нікалаеве. Зборка, продаж, сэрвіс — усё робім комплексна. Вы ж ведаеце: ні адна краіна не адкрывае свае рынкі для сяброў або суседзяў — іх трэба заваёўваць. Вось тры гады “заходзіў” ва Украіну са сваёй прадукцыяй “Магілёўліфтмаш”. Сёння збіраем па 800 ліфтаў, дзве мадэлі сертыфікаваныя. А гэта дае права ўдзельнічаць у тэндары. Сумеснае прадпрыемства створана ў Вышгарадзе, на плошчах былога ваеннага прадпрыемства “Карат”. Добра працуюць. Магілёў дае 85 працэнтаў камплектацыі, Севастопаль таксама падключаецца.
Калі трактары нашы пайшлі, то да іх патрэбна прычапное, навясное абсталяванне: сеялкі, плугі, культыватары… Для фермера падыдзе МТЗ-82, а для кааператыва гэта — учарашні дзень: патрэбныя энерганасычаныя трактары, скажам, 350-сільныя, здольныя ў 9 плугоў араць. І мы ўжо не проста іх выстаўляем, а правялі выпрабаванні ў Васількаўскім раёне, пад Белай Царквой — там ёсць НДІ, доследныя палі. Паказалі там і тэхніку “Лідмаша”, бабруйскага “Аграмаша”. Так што рух ёсць.
Шлях Украіны — гэта шлях да супрацоўніцтва з намі. Чаму я ў гэтым упэўнены? Паглядзіце: у металургіі ідзе скарачэнне аб’ектаў вытворчасці: крызіс. А прадукты харчавання, значыць, і сельская гаспадарка тут будзе развівацца. Дарэчы, сюды згушчонка ідзе Рагачоўская, Глыбоцкая, Лідская…. Ва Украіне — урадлівыя землі, чацвёртая частка чарназёмаў свету. І наогул гэта краіна багатая: у дзясятцы сусветнай па вытворчасці збожжа, у дзясятцы — па метале, першае месца ў свеце па сланечнікавым алеі. І ўся, як гавораць, табліца Мендзялеева ў нетрах: золата, нафта, газ, уран… Так вось аграрны сектар запатрабуе сельгастэхніку. У “Гомсельмаша” ёсць задзел, ён супрацоўнічае з камбайнавым заводам у Херсоне, праўда, цяжка справа рухаецца. Наш МАЗ мае сёння 18 дылераў ва Украіне. Ёсць кантракт на гэты год на 1200 зернявозаў, у асноўным ідуць трохвосевыя 20-тоннікі. Ідуць і БелАЗы. У кожнай прадукцыі — свая ніша. На беларускую прадукцыю па Украіне ўсяго больш за 80 дылераў.
Возьмем яшчэ статыстыку. Ва Украіне сёння 70 працэнтаў вытворчасці як бы “закансервавалася” на ўзроўні 1990 года. Буйной рагатай жывёлы было каля 25 мільёнаў, засталося — чатыры з паловай, кароў каля двух з паловай мільёнаў, і іх цяпер 80 працэнтаў у прыватным сектары. Калектыўнай жывёлагадоўлі практычна няма. Таму, гавораць эксперты, украінцы будуць набываць тэхніку для апрацоўкі зямлі, кааператыўныя формы ствараць, машынна-трактарныя станцыі. Думаю, і наша тэхніка будзе вельмі нават запатрабаваная.
Яшчэ адно маё назіранне. Вытворчасці мінеральных угнаенняў ва Украіне прыватызаваныя. І наогул 96 працэнтаў прамысловых тавараў вырабляецца ў прыватным або ў арэндным сектары. А прыватныя інтарэсы часта з дзяржаўнымі не супадаюць! Прыватніка нават не цікавіць уздым узроўню вытворчасці. Ва Украіне і цяпер падае ВУП, ён на 1, 2 працэнты ніжэйшы па першым квартале, чым у мінулым годзе. Прыватнік шукае і знаходзіць сваю нішу рэнтабельнасці, а што трэба краіне — няхай думаюць чыноўнікі. Вы ведаеце, чаму Беларусь у свой час цукар сюды пастаўляла, амаль сто тысяч тон? Ды таму што свой прадалі. Прыватнік абарот грошай мае, а рэзерв трымаць — яму нявыгадна, маўляў, гэта ваша праблема, вы і закупляйце.
Выбудоўваючы стратэгію супрацоўніцтва з Украінай, нашым топ-менеджарам трэба ведаць: сёння некаторыя прадпрымальнікі тут маюць па сотні тысяч гектараў зямлі, якая фактычна прыватызаваная. Чакаюць закона, каб гэтую ўласнасць узаконіць…
Яшчэ праблема. Сёння, каб нарошчваць сельгасвытворчасць, Украіне трэба закупляць тэхніку, а для гэтага —унесці змяненні ў бюджэт. Грошы з’явіліся ва ўрада, але парламентарыі не могуць кворум сабраць для галасавання: гэтыя байкатуюць, тыя не прыходзяць на пасяджэнні… Думаю, гэта цяжкасці часовыя, і наша сельгастэхніка будзе запатрабавана на землях суседзяў.
Пра гандлёва-эканамічнае супрацоўніцтва
Сёння ўкладваць інвестыцыі ў эканоміку іншай краіны проста так ніхто не будзе, таму лепш ствараць сумесныя вытворчасці, да нас не прыйдзе “добры дзядзя” ні з Украіны, ні з Расіі, ні з іншых краін. Мы з украінцамі так і робім. Да прыкладу, Гомельскі вагонабудаўнічы завод стварыў СП з Крукаўскім вагонабудаўнічым заводам Палтаўскай вобласці. Унесена каля мільёна долараў — партнёры будуць вагоны выпускаць. Прывабна для інвестараў тое, што мы ў Мытным саюзе. Цяпер электрычкі пастаўляюцца ў Казахстан. Нас у праекце ў першую чаргу цікавяць колавыя пары і ліццё, метал, а гэта, па сутнасці, сорак працэнтаў вагона. Яшчэ адзін буйны праект: “Матор Січ” (сусветна вядомая фірма, якая вырабляе маторы для самалётаў, верталётаў. — Аўт.) купіла Аршанскі авіязавод. Думаеце, і там будуць рабіць рухавікі? Не, гэта лагістыка. Нашы партнёры разумеюць: Беларусь — гэта цэнтр Еўропы, тэрыторыя Мытнага саюза. Ім гэта выгадна, і яны ўкладваюць інвестыцыі, плацяць падаткі, даюць рабочыя месцы беларускім грамадзянам, і гэтага не трэба баяцца. Глядзіце: газавую трубу прадалі “Газпраму” — яна загружана, хутка пойдзе другая нітка Ямал — Еўропа. А яшчэ будзе Паўночны паток — і ўкраінская труба, прагназуюць эксперты, нікому не будзе патрэбная. А чаму, спытаеце, Расія не можа стварыць тут кансорцыум? Трэба адмяніць закон, у якім прапісана: ва Украіне не прыватызуецца народная маёмасць. Закон адмяніць — 300 галасоў у парламенце трэба, а іх не сабраць… Вось і куляюцца, па 426 долараў пла-цяць за 1000 кубаметраў газу ва Украі-не, а спажыўцы — і за 500. Гэта нават больш, чым у Заходняй Еўропе!
Жыццё ўносіць карэктывы і ў формы міждзяржаўных кантактаў, беларускага супрацоўніцтва з Украінай. Новыя акалічнасці патрабуюць новых падыходаў. Для гэтага ў нас ёсць міжурадавая камісія па беларуска-ўкраінскім супрацоўніцтве. Першыя віцэ-прэм’еры яе ўзначальваюць: Уладзімір Сямашка — з нашага боку і Сяргей Арбузаў — з украінскага. Але праекты напрацоўваюць эксперты ад усіх міністэрстваў і ведамстваў. Па выніках пасяджэння камісіі робіцца пратакол, узгадняецца. Падпісалі — у нас сіла закона, у іх пралангавана Кабінетам міністраў. Будуць разглядацца ў канцы мая (гутарка адбылася ў пачатку мая. — Аўт.) дзясяткі розных праектаў: па транспарце, па энергетыцы… Напрыклад, мы купляем ва Украіны больш за 2 мільярды кілават электраэнергіі, у іх гэта як лішкі, ператок. Або ўзяць макуху, адходы ад вытворчасці сланечнікавага алею. Таксама шмат іх купляем.У нас развіта жывёлагадоўля — гэта добрыя дабаўкі ў камбікармы. А ў іх — адходы: жывёлы няма, каб скормліваць.
І апошняе. Ведаеце, чаму ў нас вышэйшая якасць? Таму што ў нас ГОСТы засталіся, а ў іх цяпер тэхумовы. Так што не ўсё старое — дрэннае…
Пра культурны дыялог
Мяне неяк спыталі журналісты: ці задавольвае Пасла Беларусі ўзровень супрацоўніцтва нашых краін у культурнай сферы. Адказаў: не, і ў іншых сферах таксама! І зрабіў паўзу… Вашы калегі ажывіліся. Я прадоўжыў: таму што хочацца большага, для гэтага я і мае калегі тут працуем. А калі сёння грамадзяне, дэлегацыі прыгранічных раёнаў ездзяць адзін да аднаго — ім не патрэбны Валянцін Уладзіміравіч. Яны адзін аднаго ведаюць, канцэртамі і творчымі калектывамі абменьваюцца. Гэта рэгулярна адбываецца ў сферы адукацыі, кіравання і ў іншых. Калі адзначалася 65-годдзе абласцей, брастаўчане паехалі на Валынь, а чарнігаўцы прыехалі ў Гомель. Прывезлі вельмі добрыя калектывы. Можна толькі радавацца, што сувязі ёсць. Летась Беларусь праводзіла ва Украіне Дні культуры на дзвюх пляцоўках, усё было прыгожа: праходзілі канцэрты ў Кіеве і ў Львове. Але гэта мерапрыемствы, хоць і добрыя, але разавыя. Так, яны паказваюць узроўні развіцця класічных відаў мастацтваў. Вось нядаўна ў Кіеў казахі прыязджалі: быў аркестр з дзясяткам лепшых сольных нумароў, балет. Але гэта ж не ўся культура Казахстана! Так, мне хочацца большага, але я разумею: культура, калі мець на ўвазе так званую культурную сферу, залежыць ад эканомікі. Будзе эканоміка — паднімецца і культура, яе будзе за што паднімаць. Можна тады праводзіць любыя мерапрыемствы. Скажам, у Харкаве, калі мы праводзілі мерапрыемства, то выступаў там ад Мазырскага нафтаперапрацоўчага завода ансамбль “Жывіца”. Завод калектыў накіраваў, аўтобус даў… А мы са свайго боку вызначыліся, дзе артыстам жыць, сталавацца. І ўсё гэта на ўзроўні асабістых сувязяў часта робіцца: вы да мяне паважліва ставіцеся, а я да вас. На ўзроўні нашых музычных акадэмій ёсць супрацоўніцтва. І нашы ўніверсітэты культуры і мастацтва абменьваюцца і педагогамі, і маладымі талентамі. Калі тут праходзяць конкурсы піяністаў, вакалістаў, скрыпачоў, маладых танцораў бальных танцаў, то і беларусаў запрашаюць. І гэта выдатна: каб талент убачылі і ацанілі — яму трэба дзесьці паказацца.
Плённая форма кантактаў — “Славянскі базар у Віцебску”, у якім удзельнічаюць вялікія творчыя сілы Беларусі, Украіны і Расіі. Усё гэта ёсць. Але пагадзіцеся: не паедзе сёння беларускі ансамбль, напрыклад, з Крыма выступаць у Беларусь, гэта нятанна ім абыдзецца, няма за што ехаць… Праўда, я ведаю, што кіраўнік суполкі беларусаў з Севастопаля Ала Гарэлікава хоча ў Мінску вялікі канцэрт даць са сваім ансамблем “Белая Русь”. Яна — малайчына, добры арганізатар. Але як такі праект рэалізаваць? Ад Кіева да Крыма 1100, а да Мінска ўсе 1800 кіламетраў. За раз не праедзеш — дзесьці трэба начаваць… Так што і на культурныя стасункі сродкі патрэбныя немалыя.
Паверце, нам вельмі хочацца, каб украінцы і беларусы мелі больш частыя зносіны, больш ведалі адзін пра аднаго. Вось нядаўна першы сакратар пасольства Марына Есіна вазіла ў Беларусь журналістаў украінскіх, 32 чалавекі з усіх рэгіёнаў. Тыдзень ездзілі па Гомельскай, Мінскай, Магілёўскай абласцях. А гэта ж расходы: і аўтобус заправіць, і накарміць людзей, і на начлег размясціць. Але мы гэта зрабілі! Уявіце: у трох губернатараў інтэрв’ю ўзяць! Былі ўкраінскія журналісты ў Нясвіжы, Александрыі, на “Гомсельмашы”, “Спартаку”. Чатыры сельгаспрадпрыемствы наведалі. Вельмі шырокая была праграма. Затое колькі ўражанняў, цікавых публікацый!
Пра ветэранаў
— Напярэдадні Дня Перамогі сустракаўся я з удзельнікамі Вялікай Айчыннай вайны ў Доме ветэранаў Украіны. Выступіў, расказаў ім пра нашу Беларусь. Ведаеце, якое душэўнае было ўспрыманне! Гэтая памяць аб цяжкім ваенным мінулым, агульнай Перамозе нашы народы таксама збліжае. Усе ведаюць, якія незаменныя страты панесла Беларусь. Памятаюць аб нашых спаленых гітлераўцамі вёсках, у тым ліку і з жыхарамі. Прах больш як двух з паловай мільёнаў людзей розных нацый і народнасцяў пахаваны ў Беларусі — яны аддалі жыцці за Савецкі Саюз, за Айчыну. На жаль, сёння нават ва Украіне ёсць такія меркаванні: маўляў, Украіна не ўдзельнічала ў той страшнай вайне — на тэрыторыі Украіны праходзілі баі, а ваявалі Расія і Германія… Вядома, гэта справа ўкраінскай дзяржавы і ўкраінцаў, як да такіх заяў ставіцца. Але мы памятаем, што і тысячы нашых землякоў-беларусаў тут ваявалі, загінулі, вызваляючы Украіну ад “карычневай чумы”. Прычым яны ўжо дакладна ведалі, дзе свае, а дзе — ворагі… Праз два гады мы будзем адзначаць 70-годдзе Вялікай Перамогі. Лёгка палічыць, што ўдзельнікаў вайны адзінкі засталіся. Падыходзіць да мяне жанчына на сустрэчы, падпявае, а ёй ужо 86. Яны, ветэраны, ужо, як гаворыцца, госці на гэтай зямлі. Да іх трэба прыходзіць, паспець сказаць ім цёплыя словы. Бо не ва ўсіх іх пасля вайны жыццё склалася… І да Дня вызвалення Беларусі ў пасольстве ветэранаў збіраем.
Калі мы збіраліся ўручаць медалі юбілейныя да 65-годдзя вызвалення Беларусі, то было заяўлена: ва Украіне прыкладна тры з паловай тысячы ўдзельнікаў тых баёў. А калі ўручылі ўжо шэсць тысяч узнагарод, то спісы павялічыліся да дзевяці тысяч! А як сёння ўсіх правяраць, як чалавеку адмаўляць у такім медалі? Кандыдатуры нам даюць ваенкаматы, саветы ветэранаў, зямляцтвы. Нават калі хтосьці праязджаў падчас вайны, праходзіў праз Беларусь або ўдзельнічаў у іншым эшалоне наступлення, ішоў з тылавымі часцямі, то ён ужо мае да нашай зямлі дачыненне. З вялікай падзякай наш клопат пра ветэранаў і ўвага да іх ўспрымаецца.
І суполкі беларускія, дзякуй землякам, не проста падключаліся да гэтага — яны ж і арганізатарамі сходаў былі, на якіх узнагароды ветэранам уручаліся. Мы звычайна іх па 4-5 запрашаем на сцэну, хто больш моцны, і раздаём медалі і пасведчанні — кожнаму. А ў зале яшчэ — чалавек 40-50. Падыходзіш, падзякуеш, словы добрыя скажаш. Чалавек бачыць, адчувае — яго уважылі…
Ведаеце, я падумаў неяк: вось так, ад сэрца да сэрца, а не з высокіх трыбун і перадаецца гэта святое пачуццё: мы, беларусы і ўкраінцы, браты навекі. Многія, як гаварыў, тысячы нашых супляменнікаў, перажаніўшыся, даўно і па крыві парадніліся, дзеці і ўнукі ў нас агульныя. І неба адно, мірнае, сіняе… Так што жыць нам у міры і згодзе, як гаворыцца, сам Бог наказаў…
Официальные интернет-ресурсы
Президент Республики Беларусь
www.president.gov.byСовет Министров Республики Беларусь
www.government.gov.byСовет Республики
www.sovrep.gov.byПалата представителей
www.house.gov.byОфициальный сайт Республики Беларусь
www.belarus.byМеждународный ИКТ-Форум ТИБО-2022
www.tibo.byНациональный центр законодательства и правовой информации Республики Беларусь
www.center.gov.byПортал информационной поддержки экспорта Export.by
www.export.byБелорусская торгово-промышленная палата
www.cci.byЭлектронная торговая площадка ТОРГИБЕЛ
www.торги.белПравовой форум Беларуси
www.forumpravo.byНациональное агентство инвестиций и приватизации
www.investinbelarus.byНациональное агентство по туризму
www.belarustourism.byБелорусская универсальная товарная биржа
www.butb.byИнформационно-аналитический портал Союзного государства
www.soyuz.byТелеканал «Беларусь-24»
www.belarus24.byРадиостанция «Беларусь»
www.radiobelarus.byДипсервис
www.dipservice.byГлавное хозяйственное управление
www.bc.byЭлектронная торговая площадка TradeBel
www.tradebel.comНациональная академия наук Беларуси
www.nasb.gov.byМинистерство образования Республики Беларусь
www.edu.gov.byМинистерство природных ресурсов Республики Беларусь
www.minpriroda.gov.byМинистерство здравоохранения Республики Беларусь
www.minzdrav.gov.byМинистерство экономики Республики Беларусь
www.economy.gov.by