05-11-2019
5 лістапада 2019 г. у Мінску адбыўся чацвёрты раўнд палітычных кансультацый паміж знешнепалітычнымі ведамствамі Беларусі і Катара.
Беларускую дэлегацыю ўзначаліў намеснік Міністра замежных спраў Андрэй Дапкюнас, катарскую – Генеральны сакратар Міністэрства замежных спраў доктар Ахмад Хасан аль-Хамадзі.
Падчас кансультацый суразмоўцы абмеркавалі актуальныя пытанні двухбаковага парадку дня, далі ацэнку сучаснаму стану і перспектывам развіцця беларуска-катарскага дыялогу, у тым ліку на вышэйшым і высокім узроўнях.
Асаблівая ўвага на кансультацыях была нададзена пытанням адкрыцця Пасольства Катара ў Мінску, якое пачне сваю работу ў хуткім часе. У Беларусь ужо прыбылі два катарскіх дыпламата для адкрыцця пасольства.
Беларускі і катарскі дыпламаты абмеркавалі пытанні пашырэння двухбаковых гандлёвых сувязей, інвестыцыйнага супрацоўніцтва, абмена візітамі дэлегацый дзелавых колаў.
Намеснікі міністраў замежных спраў пагадзіліся з тым, што больш дэталёва гэтыя і іншыя пытанні трэба абмеркаваць падчас наступнага пасяджэння сумеснага міжурадавага камітэта па супрацоўніцтве, якое запланавана на наступны год.
Акрамя гэтага, кіраўнікі беларускай і катарскай дэлегацый абмяняліся думкамі па пытаннях развіцця сітуацыі на Блізкім Усходзе і ў еўрапейскім рэгіёне, а таксама абмеркавалі ўзаемадзеянне дзвюх дзяржаў у рамках ААН і іншых шматбаковых міжнародных арганізацый.