09-04-2019
9 красавіка 2019 г. у рамках свайго візіту ў Жэневу Міністр замежных спраў Рэспублікі Беларусь Уладзімір Макей прыняў удзел у сегменце высокага ўзроўню 68-й сесіі Еўрапейскай эканамічнай камісіі (ЕЭК) ААН у г.Жэневе.
У сваім выступленні У.Макей заявіў аб неабходнасці ўмацавання эканамічнай інтэграцыі і гандлёвых сувязей на пан'еўрапейскай прасторы. У гэтым кантэксце Міністр падкрэсліў унікальную ролю ЕЭК ААН як адзінай у Еўропе дзеючай і эфектыўнай пляцоўкі па пытаннях эканомікі і сацыяльнага развіцця, у якую ўваходзяць усе краіны рэгіёна на раўнапраўнай аснове. Міністр заявіў таксама аб падтрымцы Беларуссю лідэрскіх намаганняў Сакратарыята ЕЭК ААН па актывізацыі работы дзяржаў-членаў Камісіі па міжсектаральных тэмах, якія маюць аб'яднаўчы патэнцыял і ўяўляюць практычную цікавасць як для палітыкаў, так і для экспертаў.
Беларускі прадстаўнік заклікаў экспертаў усіх краін еўрапейскага рэгіёну працягнуць мэтанакіраваную работу па далейшай гарманізацыі эканамічных правілаў, стандартаў і практык, па фарміраванні большай узаемазалежнасці дзяржаў з выхадам у доўгатэрміновай перспектыве на адзіную эканамічную пан'еўрапейскую прастору. Стварэнне такой прасторы стала б гарантыяй міру, стабільнасці і росквіту не толькі для беларусаў, але і для ўсіх жыхароў кантынента. У якасці стратэгічнага пытання ў вырашэнні гэтай задачы Міністр вылучыў асаблівую важнасць хутчэйшага наладжвання прамых кантактаў паміж наднацыянальнымі органамі Еўразійскага эканамічнага саюза і Еўрапейскага саюза.
У гэты ж дзень У.Макей правёў сустрэчу з намеснікам Генеральнага сакратара ААН, Генеральным дырэктарам Аддзялення ААН у Жэневе, асабістым прадстаўніком Генеральнага сакратара ААН пры Канферэнцыі па раззбраенні Міхаэлем Мёлерам.
У.Макей і М.Мёлер канстатавалі рост міжнароднай напружанасці і дэградацыю традыцыйнай сістэмы забеспячэння міжнароднага міру і бяспекі.
З абодвух бакоў была пацверджана ўпэўненасць у неабходнасці процідзеяння такім тэндэнцыям праз умацаванне шматбаковых міжнародных інстытутаў.
У.Макей праінфармаваў суразмоўцы аб ініцыятыве Беларусі па ўсебаковым дыялогу па пытаннях глабальнай бяспекі, а таксама аб серыі адпаведных экспертных мерапрыемстваў у Мінску на гэтую тэму ў 2018-2019 гадах.
Генеральны дырэктар Аддзялення ААН у Жэневе вітаў уклад Беларусі ў рэгіянальную і глабальную бяспеку, у тым ліку актыўную пазіцыю па ажыўленні дзейнасці Канферэнцыі па раззбраенні ў Жэневе. М.Мёлер прыцягнуў увагу да новых выклікаў і пагрозаў у галіне раззбраення, звязаным, на яго думку, з навуковым прагрэсам і ростам магчымасцей недзяржаўнага сектара. Ён таксама падтрымаў ініцыятыўную гатоўнасць Беларусі да работы па гэтых пытаннях як у Канферэнцыі па раззбраенні ў Жэневе, так і ў Генеральнай Асамблеі ААН у Нью-Ёрку.
Удзельнікі сустрэчы абмеркавалі магчымасці пашырэння супрацоўніцтва Беларусі і Сакратарыята ААН у Жэневе па прасоўванні канцэпцыі ўстойлівага развіцця ў нашай краіне.
У рамках візіту У.Макей таксама сустрэўся з Выканаўчым сакратаром Еўрапейскай эканамічнай камісіі (ЕЭК) ААН Вольгай Алгаеравай.
Міністр выказаў задавальненне ўзроўнем супрацоўніцтва ўрада і Сакратарыята ЕЭК ААН. У.Макей падкрэсліў запатрабаванасць праектаў тэхнічнага садзейнічання, якія рэалізуюцца экспертамі ЕЭК ААН для беларускіх галіновых органаў у сферах экалогіі, энергазберажэння, жыллёва-камунальнай палітыкі, па пытаннях старэння насельніцтва, аптымізацыі рэгулявання сферы інавацый, развіцця інстытута дзяржаўна-прыватнага партнёрства і ў цэлым шэрагу іншых напрамкаў . Дадзеная работа ўносіць прамы ўклад ва ўдасканаленне сацыяльна-эканамічных адносін у Беларусі.
Міністр пацвердзіў стратэгічную прыхільнасць мандату ЕЭК ААН, створанай з мэтай садзейнічаць эканамічнай інтэграцыі еўрапейскіх краін і пашырэнню іх эканамічнага супрацоўніцтва з іншымі рэгіёнамі. У гэтай сувязі У.Макей заявіў аб цікавасці Беларусі да ўмацавання Камісіі і намеры садзейнічаць гэтаму, у тым ліку праз удзел у кіруючых органах ЕЭК ААН.
Выканаўчы сакратар ЕЭК ААН высока ацаніла работу ўрада Беларусі па рэалізацыі канцэпцыі ўстойлівага развіцця, эфектыўныя меры дзяржавы па імплементацыі мэт устойлівага развіцця ААН і іх індыкатараў у нацыянальныя праграмы.
В.Алгаерава вітала лідэрства Беларусі ў прасоўванні канцэпцыі інтэграцыі інтэграцый, стратэгічнай задачай якой з'яўляецца не дапусціць з'яўлення ў Еўропе новых раздзяляльных ліній паміж асноўнымі рэгіянальнымі эканамічнымі саюзамі.
Выканаўчы сакратар таксама падтрымала актыўны ўдзел беларускіх экспертаў у рабоце галіновых камітэтаў і груп, буйных міжнародных мерапрыемствах, якія праводзяцца пад эгідай Камісіі.
Акрамя таго, Міністр замежных спраў Беларусі адкрыў выставу беларускіх мастацкіх работ у Палацы Нацый (штаб-кватэры ААН) у Жэневе.
Мерапрыемства праводзіцца ў партнёрстве і з выкарыстаннем работ з фондаў Беларускай акадэміі мастацтваў у азнаменаванне 50-годдзя функцыянавання беларускага дыпламатычнага прадстаўніцтва ў Жэневе. Палітра палотнаў, скульптур, плакатаў і інсталяцый сімвалічна ахоплівае перыяд з сярэдзіны 60-х гадоў 20 стагоддзя да нашых дзён.
У адкрыцці выставы таксама прынялі ўдзел кіраўнік Аддзялення ААН у Жэневе Міхаэль Мёлер і рэктар Беларускай акадэміі мастацтваў Міхаіл Баразна.