12-06-2019
12 чэрвеня 2019 г. намеснік Міністра замежных спраў Рэспублікі Беларусь Алег Краўчанка прыняў удзел у штогадовай сустрэчы міністраў замежных спраў (СМЗС) краін Цэнтральна-Еўрапейскай Ініцыятывы (ЦЕІ) у г.Трыесце (Італія), якая была прысвечана сучасным выклікам і перспектывам развіцця рэгіянальнага супрацоўніцтва ў рамках ЦЕІ.
Да даведкі: Цэнтральна-Еўрапейская Ініцыятыва — найбуйнейшае еўрапейскае субрэгіянальнае аб'яднанне, створанае ў 1989 годзе Італіяй, Аўстрыяй, Венгрыяй і Югаславіяй. У цяперашні час у ЦЕІ ўваходзяць 17 краін (Албанія, Беларусь, Боснія і Герцагавіна, Балгарыя, Венгрыя, Італія, Малдова, Паўночная Македонія, Польшча, Румынія, Сербія, Славакія, Славенія, Харватыя, Чэхія, Чарнагорыя і Украіна). Рэспубліка Беларусь з'яўляецца ўдзельніцай ЦЕІ з 1996 года, у 2017 годзе была старшынёй. У 2019 годзе ў ЦЕІ старшынствуе Італія.
У сваім выступленні А.Краўчанка вітаў ролю Цэнтральна-Еўрапейскай Ініцыятывы як паспяховага інструмента падтрымкі супрацоўніцтва ў рэгіёне і прадставіў беларускае бачанне прыярытэтных напрамкаў далейшага развіцця ЦЕІ ў кантэксце яе 30-гадовага юбілею.
Намеснік Міністра замежных спраў Беларусі А.Краўчанка з Міністрам замежных спраў і міжнароднага супрацоўніцтва Італіі
Э.Маавера-Міланезі
Намеснік Міністра зрабіў асаблівы акцэнт на неабходнасці ўмацавання эканамічнага вымярэння ЦЕІ і выступіў за ўзмацненне падтрымкі па лініі ЦЕІ малога і сярэдняга бізнесу, маладзёжнага прадпрымальніцтва, стартапаў у перспектыўных галінах.
“ЦЕІ магла б каардынаваць абмены шматбаковымі дзелавымі місіямі паміж краінамі ЕС і дзяржавамі, якія не з'яўляюцца членамі Еўрасаюза. Чаму б не разгледзець магчымасць стварэння рэгіянальнай фінансавай установы ЦЕІ для падтрымкі інвестыцый?”- прапанаваў А.Краўчанка.
Кіраўнік беларускай дэлегацыі таксама падкрэсліў патэнцыйную ролю ЦЕІ як пляцоўкі для навядзення мастоў паміж ЕС і Еўразійскім эканамічным саюзам. Выступіў за прыцягненне кампаній з Кітая і іншых зацікаўленых трэціх краін да рэалізацыі праектаў на прасторы ЦЕІ.
У рамках СМЗС А.Краўчанка правёў шэраг сустрэч з прадстаўнікамі замежных дзяржаў, падчас якіх былі абмеркаваны актуальныя пытанні двухбаковага і шматбаковага парадку дня.